Шумець лiстоўнiцы, дубам i той бярозе...
Вiктар ХУРСIК
ЖОРНАЎСКАЯ эксперыментальная лясная база Iнстытута лесу Нацыянальнай акадэмii навук Беларусi унiкальная не толькi сваiм прызначэннем, але i гiсторыяй. Дакументы сведчаць, што яшчэ задоўга да афiцыйна прызнанай даты яе стварэння ў 1924 годзе тут, у лясным кутку Асiповiччыны, праводзiў свае навуковыя вопыты i закладваў эксперыментальныя пасадкi корпуса ляснiчых надворны саветнiк Роберт Брутан — павераны вядомай беларускай мецэнаткi княгiнi Магдалiны Завiшынай (Радзiвiл).
Лес — багацце, якое ўзнаўляецца. Хоць звычайна той, хто пасадзiў лес, не дажывае, каб пабачыць вынiк сваёй працы. У гэтым ёсць пэўная фiласофiя. Бо калi лес не проста саджаюць, а робяць гэта навукова абгрунтавана, то, значыць, цвёрда вераць у будучыню сваёй краiны, сваiх нашчадкаў. Туды, у будучыню, скiравана i сённяшняя навуковая праца Жорнаўскай лясной базы. Яе намеснiк дырэктара па навуцы Уладзiмiр Фёдаравiч Рашэтнiкаў, аддаўшы базе больш за чвэрць стагоддзя, сцвярджае, што нiдзе навука не працуе на карысць народа так, як у лясной гаспадарцы. Да перабудовы ў Жорнаўскай лясной вопытнай станцыi працавала пяць кандыдатаў навук, штогадовая лiчба ўкладанняў на навуковыя даследаваннi дасягала 35 000 рублёў (па тым курсе, лiчы, столькi ж долараў). Былi дасягнуты выдатныя навуковыя вынiкi, многiя рэкамендацыi жорнаўскiх даследчыкаў да сённяшняга дня выкарыстоўваюцца ў практыцы ляснога гаспадарання. Сёння вучоных-энтузiястаў засталося няшмат, аднак i iх праца таксама дае моцныя парасткi. Гэта бачна з тых тэм, якiя ўдалося жорнаўскiм даследчыкам абаранiць у iнстанцыях i атрымаць пад iх хоць невялiчкае фiнансаванне. Вось некаторыя вытрымкi з iх: «Правесцi селекцыйную iнвентарызацыю i адбор гаспадарча каштоўных фор-маў лiстоўнiцы для арганiзацыi пастаяннай лесанасеннай базы i распрацаваць рэкамендацыi па стварэнню яе культур (iнтрадукцыя лiстоўнiцы)», а таксама «Укаранiць у лесагаспадарчай вытворчасцi метады стварэння лясных культур лiстоўнiцы еўрапейскай з выкарыстаннем самасеву ў якасцi пасадачнага матэрыялу». Намеснiк дырэктара Iнстытута лесу Нацыянальнай акадэмii навук, доктар сельскагаспадарчых навук Уладзiмiр Фелiксавiч Багiнскi сцвярджае, што за гэтымi распрацоўкамi вялiкае будучае. Ён пацвярджае высокi ўзровень даследаванняў па вырошчванню лiстоўнiцы ў Жорнаўках: «Дакладна не ўстаноўлена, цi была лiстоўнiца на землях Беларусi ў даўнiну, аднак збудаваннi з яе адшуканы ў Камянецкiм раёне. Вiдавочна, што бярвеннi туды не везлi з поўначы. Калi прыкласцi намаганнi, то можна адрадзiць лiстоўнiцу. Дзякуючы працы Жорнаўскай базы ў блiжэйшы час яна зойме годнае месца ў лесе, што будзе не штучнай, а зусiм натуральнай з’явай». Праца Брутана не была марнай, пасаджаная iм у 1908 годзе лiстоўнiца дала насенне, якое было прызнана элiтным. Яно выкарыстана для закладкi гадавальнiка саджанцаў айчыннай лiстоўнiцы. Калiсьцi землеўладальнiкаў лаялi, аднак многае з таго, што яны некалi заклалi, напрацавалi, спажывалася дзесяцiгоддзямi i, як бачым, будзе яшчэ служыць на карысць нашай радзiме доўгiя i доўгiя гады. — Дык што, хутка i елкi на Новы год не адшукаем? — жартую я ў гутарцы з дырэктарам базы Уладзiмiрам Вiктаравiчам Барэйшам. — Не, свята заўсёды будзе з елкай, а вось у лесатаварнай вытворчасцi яна i сапраўды можа часткова саступiць месца лiстоўнiцы. Лесаводы ведаюць, што елка ў росце даволi далiкатная. Ёй i глебы адпаведныя трэба, i марозу яна баiцца, i караедам па зубах, чаго не скажаш пра лiстоўнiцу. Яна i больш устойлiвая да хвароб, i ў аб’ёмным росце прыбывае куды хутчэй, чым елка, ды i паводкi не баiцца. — Ну а дубы? Цi займаецеся вы развядзеннем дуба? — На працягу мiнулых гадоў наша база займалася даследаваннем умоў вырошчвання гэтай пароды i распрацоўкай адпаведных рэкамендацый. Скажу, што дуб любiць кажух i адкрытую галаву. Для росту лiставой зялёнай масы яму патрэбна прастора, святло. Дуб не вырасце вартым, калi зверху яму нешта замiнае. Патрэбны яму i адпаведныя глебы з вызначанымi ўмовамi водарэгуляцыi землянога слоя. Далёка не кожнае дрэва расце там, дзе кiнулi яго зярнятка. Дуб мы добра ведаем i, скажу вам, за iм у Беларусi вялiкае будучае. Ужо сёння ў Кiтаi яго кубаметр каштуе 2000 долараў. Я ж прадракаю ў блiжэйшым будучым на сусветным рынку далейшы рост цаны на дуб. Звяртаю ўвагу чытачоў i на iншыя пароды дрэў, якiя мы вывучаем, вырошчваем у сваiх гадавальнiках. Для горада гэта перш за ўсё каштан, маньчжурскi арэх i чырвоны дуб — ва ўсiх адносiнах выдатныя азеляняльнiкi i ачышчальнiкi паветра. Песцiм мы i карэльскую бярозу. У пагонi за iмгненным прыбыткам лясныя гаспадаркi краiны не надаюць увагi гэтай пародзе, хоць у мэблевай вытворчасцi попыт на яе нiколi не падаў, на рынку яна прадаецца не кубаметрамi, а на вагу (як золата). Вiдаць, патрэбна адшукаць нейкiя нетрадыцыйныя падыходы, каб забяспечыць пашыранае распаўсюджванне гэтай пароды ў лясгасах — чаму ж не вырошчваць валюту ў лесе? А яшчэ ёсць i паляўнiчая гаспадарка (у штаце егер i знаўца паляўнiчай справы). У мiнулым годзе ў Жорнаўскiм i Лапiцкiм ляснiцтвах паляўнiчымi быў здабыты адзiн еўрапейскi алень, дзесяць дзiкоў, адзiнаццаць казуль. Ёсць ласi, але дазволу на iх адстрэл не было. Бегае па лясах гаспадаркi i пара ваўкоў, якую таксама пакуль не кранаюць. Калi ж зайшла размова пра зуброў, то дырэктар скрывiўся. Статак iх наблiзiўся да сямi дзесяткаў асобiн i яны вельмi дакучаюць лесаводам, iмкнуцца аб’есцi маладыя саджанцы. Адна лiстоўнiца i можа iм процiстаяць. Уладзiмiр Вiктаравiч дасведчаны не толькi ў навуковых аспектах справы, але i ў гаспадарчых. Эксперыментальная база месцiцца не на пятачку, пад яе адведзена 18,6 тысячы гектараў (два ляснiцтвы). На гэтых угоддзях трэба гаспадарыць, сачыць за лесапасадкамi, прарэджваць iх, пiлаваць хворыя дрэвы. Калi не красцi, а ўсё пускаць у справу, то аддача будзе. Пяць гадоў таму Уладзiмiр Барэйша прыняў базу, i кволыя паказчыкi сiганулi ўгару. Штогадовая нарыхтоўка драўнiны склала 15 тысяч кубаметраў. У супаставiмых цэнах калi ў 2000 годзе база вырабiла таварнай прадукцыi на 47 мiльёнаў рублёў, то ў мiнулым — на 777 мiльёнаў! Такiя паказчыкi выдалi лесаводы штатам у сотню чалавек, працуючы ў лясной гаспадарцы плошчай каля дзесяцi тысяч гектараў. У поспеху вялiкая асабiстая заслуга дырэктара базы. Ён здолеў падняцца над рознага роду спрэчкамi i сваркамi, якiя раз’ядноўвалi калектыў, зволiў п’янiц, пабудаваў цэх па апрацоўцы драўнiны. Сёння, каб уладкавацца на некалi непрыцягальную працу ў лесе — чарга. Трактарыст, працуючы на лесараспрацоўцы, атрымлiвае заробак значна большы сярэдняга статыстычнага па краiне. Такi падыход да справы па душы i раённай уладзе. Старшыня Асiповiцкага райвыканкама Пётр Яфiмавiч Шукаловiч адзначыў, што праца калектыву Жорнаўскай лясной эксперыментальнай базы i яе дырэктара заслугоўвае самых добрых слоў. Хоць ладзiць дырэктарства ў глыбiнцы нялёгка. Адносiны памiж людзьмi тут больш цесныя, чым у горадзе, кожны крок дырэктара навiдавоку. Аднак Уладзiмiр Вiктаравiч працуе сумленна i не баiцца праяўляць прынцыповасць, галоўны накiрунак яго дзейнасцi — дабрабыт калектыву, i людзi гэта падтрымлiваюць.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
ЖОРНАЎСКАЯ эксперыментальная лясная база Iнстытута лесу Нацыянальнай акадэмii навук Беларусi унiкальная не толькi сваiм прызначэннем, але i гiсторыяй |
|