Тыя, што нас берагуць
Аксана Катовiч, Янка Крук
Абярэгi ў традыцыйнай культуры беларусаў
(Працяг. Пачатак у нумары за 18 студзеня.) Першай стыхiяй свету была вада Вялiкая колькасць старажытных беларускiх легенд i паданняў па-свойму асэнсоўвае радкi Першай кнiгi Маiсея аб пачатку стварэння свету. У кнiзе «Быццё» Старога Запавета гаворыцца: «В начале сотворил Бог небо и землю. И сказал Бог: да будет твердь посреди воды, и да отделяет она воду от воды. И создал Бог твердь, и отделил воду, которая под твердью, от воды, которая над твердью. И стало так». (Быт. 1:1-7). Беларуская легенда iдзе следам за бiблейным казаннем i падае акт першатварэння наступным чынам: «Даўней тут была чыстая вада, усё лялела да блiшчэла на сонейку, бы шкло. Бог ездзiў па вадзе ў чоўне да аглядаў, дзе зрабiць зямлю... Пасеяў Бог зямлю, — сыпануў жменю зямлi, а тут разам расступiлася вада, i высунулася сухая зямля, з лесам, з полем да з сенажацямi»... У другой легендзе гэты матыў асэнсоўваецца крыху iнакш: «Як стварыў гасподзь Бог наш свет, дык уся вада была ў вадном месцы. Вот i сабраў Гасподзь усiх птушак i сказаў iм: «Птушачкi мае, работнiчкi мае! Сабярыцеся вы ўсе на ўсе i разнясiце вы ваду гэту дый па ўсяму свету, разалiце вы яе ў рэчкi бягучыя, у азёры стаячыя, у крынiцы халодныя». I сабралiся ўсе птушкi i сталi насiць ваду. Насiлi-насiлi, пакуль усю разнасiлi». Працытаваныя ўрыўкi фактычна не падзяляюць дзве першыя касмiчныя стыхii — ваду i зямлю, якiя праз нейкi час дадуць пачатак жыццю на зямлi. У адным выпадку пальму першынства народная свядомасць аддае вадзе, сярод якой затым узнiкала суша (зямля), а ў другiм — народны фiлосаф разважае як вопытны спрактыкаваны i ўдзячны земляроб: «Няма нiкога i нiчога багачэй за зямлю: сколькi яна родзiць хлеба, сколькi дае жаляза, да ўсяго iншага. З яе капаць усякую глiну на печы, на гаршкi да на пабелку, а мала ж то ўсюды закопана грошай? Хто ж, урэшце, дае чыстую здаровую ваду? Дае святая мацi зямля...» З тых далёкiх часоў першатварэння свету вада была i застаецца адной з самых магутных, загадкавых i нават таямнiчых касмiчных стыхiй, якая можа лёгка пераўвасабляцца, ператвараючыся то ў лёд, то ў снег, то ў цёплы доўгачаканы летнi дождж, а то i ў туманную казку-мрою, гаючую юраўскую расу. Ключавымi момантамi ў фармiраваннi адносiнаў чалавека да вады былi два аспекты. З аднаго боку, яе таямнiчая здольнасць пластычнага пераўвасаблення (на вачах у чалавека лужына высыхала, а праз нейкi час вада вярталася, прынесеная дажджом), а з другога, яна давала жыццё (спрыяла, падтрымлiвала, жывiла) усяму навакольнаму свету — чалавеку, жывёле, птушкам, раслiнам. Разам з тым вада, як i астатнiя касмiчныя стыхii ўтрымлiвала ў сабе разбуральную энергiю: веснавая паводка залiвала ўсё наваколле i магла пашкодзiць жытнёвыя палеткi; бясконцы летнi дождж мог пакiнуць чалавека без ураджаю; нарэшце, вада магла пазбавiць дзiця або дарослага жыцця — забраць у сваё чэрава. Вось гэта фундаментальнае процiстаянне «жыццядайнасць — смяротнасць» i было той галоўнай генерыруючай iдэяй, вакол якой фармiравалася складаная сiстэма поглядаў i ўяўленняў пра ваду. «Не плюй у калодзеж — напiцца давядзецца», або Рэгламентаванне паводзiнаў ў дачыненнi да вады Водныя «артэрыi» зямлi — рэкi, азёры, крынiцы — у народзе параўноўвалi з крывяноснымi сасудамi чалавека (у замове, якая павiнна дапамагчы суняць кроў, гаворыцца: «Несла баба ваду, зачапiлася за калоду. Вада разлiлася — каб кроў запяклася»). Пры гэтым лiчылi, што зямная i нябесная водныя стыхii ўзаемазвязаны, а не рэгламентаваныя дзеяннi чалавека (парушэнне агульнапрынятых забаронаў) разбураюць гэтую «непарушную» сувязь. Як след, наступiць пакаранне — засуха, градабой, маланка, пярун, таму што ў гэты момант вада «гневаецца» i «карае» вiнаватых. Лiчылася, напрыклад, што доўгiя, так званыя «гнiлыя» дажджы, iдуць таму, што недзе «сапсавалi ваду»: утапiўся чалавек, i пакуль яго цела не дастануць з вады, дождж не спынiцца. Чалавек разумеў, што ён не можа пражыць без вады нi аднаго дня, таму стаўленне да яе вызначалася асаблiвай пачцiвасцю, прыязнасцю i нават святасцю. Перад тым, як скарыстаць ваду, трэба было выканаць шэраг адпаведных сiтуацыi рытуальных дзеянняў: з ёю вiталiся, як з жывой iстотай, шапталi пра сябе малiтву або замову: «Вадзiца-царыца, бегла ты з мора сы вастока, будзе табе слава да века...», прыносiлi ёй розныя падарункi. (Працяг будзе.)
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Абярэгi ў традыцыйнай культуры беларусаў
|
|