21.by - Новости Беларуси. Последние новости Беларуси из разных источников. Последние новости мира.

Новы парадак прыёму яшчэ не зацверджаны

25.08.2009 21:23 — |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Надзея НIКАЛАЕВА

Погляд

(Заканчэнне. Пачатак у нумары за 18 студзеня.)

— У нас не праходзiць лiтаральна нiводнага дня, каб мы не атрымлiвалi тэлефонных званкоў цi лiстоў з дзесяткамi i сотнямi подпiсаў, — прызнаецца старшыня парламенцкай камiсii па адукацыi, культуры навуцы i навукова-тэхнiчнаму прагрэсу Уладзiмiр Здановiч. — Па-першае, людзi выказваюць незадаволенасць адменай платнага цэнтралiзаванага тэсцiравання, якое пацягне за сабой скарачэнне спроб здачы цэнтралiзаванага тэсцiравання i скарачэнне пералiку вучэбных дысцыплiн, па якiх можна будзе прайсцi цэнтралiзаваны тэст-экзамен, да трох дысцыплiн. У абiтурыентаў знiкае таксама магчымасць прайсцi ўступныя iспыты датэрмiнова, павялiчваецца рызыка выпадковага атрымання невысокай адзнакi, якую ўжо нельга будзе палепшыць. Дарэчы, з кожных 100 тысяч удзельнiкаў цэнтралiзаванага тэсцiравання 27 тысячам удавалася з другой спробы палепшыць свой тэставы бал. Да таго ж два тэсцiраваннi дазвалялi абiтурыенту рэальна ацанiць свае шанцы на паступленне i прыняць больш узважанае рашэнне аб выбары ВНУ, цяпер жа гэтага не будзе i, па нашаму меркаванню, ад гэтага прайграе значная колькасць насельнiцтва краiны, у тым лiку i сама дзяржава, якая пазбавiцца 6 мiльярдаў беларускiх рублёў, за кошт якiх у папярэднiя гады праводзiлася бюджэтнае цэнтралiзаванае тэсцiраванне, прычым для ўсiх жадаючых.

Ва ўсiх абiтурыентаў i iх бацькоў выклiкае незадаволенасць аб’яднанне ВНУ ў адным патоку, што аўтаматычна змяншае шанцы абiтурыентаў на паступленне на бюджэтную форму навучання. Раней можна было прэтэндаваць спачатку на бюджэтнае месца прэстыжнай ВНУ, затым на бюджэтнае месца менш прэстыжнай ВНУ, а калi не пашанцавала ў абодвух гэтых выпадках, заставалася магчымасць быць залiчаным на платную форму навучання. Ёсць апасеннi, што на рынку адукацыйных паслуг можа ўтварыцца своеасаблiвы перакос: у перыферыйных ВНУ будзе назiрацца недабор прэтэндэнтаў, а ў сталiчных — перапаўненне за кошт залiчаных на платную форму навучання цi, наадварот, звышконкурс у перыферыйных ВНУ па прычыне страху моладзi ўвогуле не паступiць у вышэйшую навучальную ўстанову. Пасля дзесяцi гадоў эксперыментаў па ўдасканаленню сiстэмы прыёму ў ВНУ мы фактычна вяртаемся да ранейшай савецкай сiстэмы, толькi з новай формай уступных iспытаў у форме цэнтралiзаванага тэсцiравання.

Цiкава, што калiсьцi менавiта дэпутаты iнiцыiравалi распрацоўку i прыняцце доўгатэрмiновых правiлаў прыёму, таму што былi перакананыя, што валоданне iнфармацыяй — гэта ўжо палова поспеху. I валодаць патрэбнай iнфармацыяй трэба яшчэ за некалькi гадоў да адказнага старту. Цяпер жа атрымалася сiтуацыя з дакладнасцю наадварот. У сярэдзiне трэцяй вучэбнай чвэрцi выпускнiкi не ведаюць, па якiх правiлах iм прыйдзецца паступаць i не маюць часу, каб палепшыць сярэднi бал свайго атэстата. Прыраўнаванне сярэдняга бала атэстата да чацвёртай экзаменацыйнай адзнакi ўвогуле выклiкае ў членаў камiсii, якiя маюць за плячыма шматгадовы педагагiчны вопыт, поўнае непрыманне. Адзiн iх аргумент — гэта мера немiнуча пацягне за сабой карупцыю ў школах. Другi аргумент — такiм чынам мы «пахаваем» профiльную школу. Не сакрэт, што ў гiмназiях, лiцэях i профiльных класах атрымаць высокую адзнаку па прафiлiруючай дысцыплiне куды больш складана, чым у агульнаадукацыйнай школе. Але атрымлiваецца, што адзнакi ў атэстатах выпускнiкоў, атрыманыя ў звычайнай i профiльнай школах, будуць мець абсалютна роўную вагу. Гэта, зразумела, пацягне адток навучэнцаў з профiльных класаў, гiмназiй i лiцэяў, што нельга дазволiць хоць бы таму, што з 2008 года плануецца пераход усёй старшай ступенi школы на прафiлiзацыю навучання.

Безумоўна, у адмены платнага цэнтралiзаванага тэсцiравання ёсць i свае станоўчыя бакi: гэта спакойная чацвёртая вучэбная чвэрць у выпускных класах i больш сцiслыя тэрмiны правядзення прыёмнай кампанii. Аднак, цi варта ставiць эксперыменты над сёлетнiмi выпускнiкамi, якiя рыхтавалiся да зусiм iншых «правiлаў гульнi»? Усё ж такi Праект правiлаў прыёму, што быў у вераснi вынесены на ўсеагульнае абмеркаванне, i той праект, што быў у вынiку ўнесены Мiнiстэрствам адукацыi ва ўрад i Адмiнiстрацыю Прэзiдэнта, не маюць памiж сабой нiчога агульнага. Тым больш нельга прымаць паспяховых i няўзважаных крокаў, калi яны закранаюць iнтарэсы сотняў тысяч маладых людзей. Пры гэтым варта ўлiчваць i тую акалiчнасць, што псiхалогiя школьнiкаў i школьных настаўнiкаў iстотна адрознiваецца ад псiхалогii рэктараў ВНУ, якiя падтрымалi ўнясенне непапулярных змяненняў у парадак прыёму...

Мiж iншым, у намеснiка мiнiстра адукацыi Рэспублiкi Беларусь Казiмiра Фарыно свой погляд на чацвёртую экзаменацыйную адзнаку. Па яго меркаванню, неабходнасць працаваць на сярэднi бал атэстата будзе дысцыплiнаваць усю сiстэму агульнай сярэдняй адукацыi i фармiраваць у школьнiкаў паважлiвыя адносiны да ўсiх вучэбных дысцыплiн, бо агульнавядома, што пераважная большасць старшакласнiкаў канцэнтруюць сваю ўвагу ўсяго на двух-трох прадметах, па якiх iм прыйдзецца здаваць у будучым уступныя iспыты. Аб’яднанне пераважнай большасцi ВНУ ў адзiн паток (нагадаем, што ў першы паток трапiлi толькi ваенныя вышэйшыя навучальныя ўстановы i ВНУ мастацтва), на думку Казiмiра Фарыно, прынясе толькi карысць, паколькi маладыя людзi будуць больш свядома падыходзiць да здзяйснення прафесiйнага выбару. Цалкам згодны з гэтым меркаваннем i начальнiк Галоўнага упраўлення кантролю за работай галiн сацыяльнай сферы Камiтэта дзяржаўнага кантролю Рэспублiкi Беларусь, доктар тэхнiчных навук, прафесар Анатоль Маразевiч. Варта адзначыць, што Анатоль Мiкалаевiч не першы год уваходзiць у склад Дзяржаўнай камiсii па кантролю за ходам падрыхтоўкi i правядзеннем уступных iспытаў, таму мае багаты вопыт i багатую iнфармацыю для аналiзу сiтуацыi:

— Вышэйшая адукацыя ў нашай краiне сёння не з’яўляецца абавязкам, — разважае ён. — Але давайце паглядзiм, колькi спроб даецца маладым людзям для паступлення ў ВНУ. Атрымлiваецца, што мы iх ледзь не сiлком цягнем туды. А гэта, прабачце, ужо не сiстэма адбору будучых спецыялiстаў, а сiстэма размеркавання ўсiх жадаючых атрымаць вышэйшую адукацыю. Таму i кідаюцца маладыя людзi: сёння ён жадае быць географам, заўтра — лiтаратарам, а паслязаўтра — эканамiстам. Я асабiста лiчу, што прадастаўленнем шматлiкiх спроб для паступлення мы моладзь, у нейкiм сэнсе, разбэсцiлi. Цалкам зразумела, што нiхто па добрай волi ад такiх магчымасцяў не адмовiцца. Таму будуць i скаргi ад незадаволеных, будуць i тэлефонныя званкi.

Хачу таксама нагадаць усiм, што платнае цэнтралiзаванае тэсцiраванне ўводзiлася на эксперыментальным этапе, калi ў грамадстве працягвалiся «гарачыя» дыскусii наконт мэтазгоднасцi пераходу да новай формы кантролю ведаў i адбору абiтурыентаў. Абiтурыентам трэба было прызвычаiцца да сiстэмы цэнтралiзаванага тэсцiравання, элементарна навучыцца працаваць з тэстамi, запаўняць правiльна бланкi, усiм неабходна было пераканацца ў тым, што гэта сiстэма цалкам абароненая ад вонкавага ўмяшання, убачыць усе яе перавагi перад ранейшымi формамi ўступных iспытаў. Гэты этап, я лiчу, мы ўжо прайшлi. Да таго ж за кошт правядзення платнага цэнтралiзаванага тэсцiравання мы расцягнулi прыёмную кампанiю амаль на паўгода. I ўсе гэтыя шэсць месяцаў уся краiна вымушана была займацца фактычна вырашэннем адной праблемы. Цi гэта не раскоша?

Дарэчы, месца правядзення выязнога пасяджэння парламенцкай камiсii было абрана невыпадкова. Менавiта Рэспублiканскi iнстытут кантролю ведаў з’яўляецца на сённяшнi дзень i «галавой», i «сэрцам» сiстэмы цэнтралiзаванага тэсцiравання. I ў дэпутатаў была магчымасць на свае вочы ўбачыць i «праверыць» надзейнасць створанай за некалькi апошнiх гадоў у Беларусi сiстэмы.

Хоць староннiм людзям даволi цяжка ўявiць, што ў iнстытуце працуюць усяго 35 штатных супрацоўнiкоў, на якiх кладзецца велiзарнейшая нагрузка. Сёлета, як мяркуецца, на правядзенне бюджэтнага цэнтралiзаванага тэсцiравання па 14 вучэбных дысцыплiнах, апрацоўку бланкаў з адказамi i выдачу сертыфiкатаў арганiзатарам будзе адведзена каля трох тыдняў. Значыць, каб упiсацца ў гэтыя тэрмiны, тэсцiраванне прыйдзецца праводзiць лiтаральна праз дзень, а правяраць i ўвогуле кругласутачна. Для прыкладу, у Польшчы i Лiтве на праверку тэставых работ па масавых дысцыплiнах патрабуецца каля аднаго месяца. Аб гэтым на мiжнароднай канферэнцыi, што праходзiла ў Мiнску напрыканцы мiнулага года, паведамiлi беларускiм спецыялiстам iх замежныя калегi. Прычым на тэсцiраванне там выносяцца адзiн-два варыянты, а не дзесяць, як у нас, бо, па прызнанню замежнiкаў, «вельмi праблематычна забяспечыць дзесяць раўнацэнных варыянтаў тэстаў». «Калi б мы выкарыстоўвалi ў аўдыторыi адзiн-два варыянты, цiкава, на якой адлегласцi адзiн ад аднаго нам прыйшлося б размяшчаць нашых абiтурыентаў», — жартуе дырэктар iнстытута Мiкалай Фяськоў. — Мы такога проста не можам сабе дазволiць».

У Рэспублiканскiм iнстытуце кантролю ведаў даволi эмацыянальна рэагуюць на ўсе абвiнавачваннi ў празмернай складанасцi цi некарэктнасцi тэставых заданняў. «Мы заўсёды запрашаем нашых крытыкаў сваё меркаванне аргументаваць i далучыцца ў будучым да аўтарскага калектыву, каб прынесцi сапраўдную карысць, але чамусьцi нашы кантакты на гэтым спыняюцца», — працягвае Мiкалай Фяськоў. Адказваючы на пытанне дэпутатаў, цi не плануюць у Рэспублiканскiм iнстытуце кантролю ведаў пераходзiць да стварэння, так бы мовiць, iндывiдуальных тэстаў, скажам, для факультэта прыкладной матэматыкi, Мiкалай Фяськоў адказаў, што нi ў якiм разе: «Наш тэст — гэта унiверсальны iнструмент i ў гэтым яго перавага. Зразумела, што той абiтурыент, якi паступае на геаграфiчны факультэт, i якому трэба здаваць пры паступленнi матэматыку, атрымае менш балаў, чым будучы матэматык са спецыфiчным складам мыслення. I ў гэтым няма нiякай трагедыi. Юрыстам цi эканамiстам зусiм неабавязкова набiраць на тэсцiраваннi 90 цi 100 тэставых балаў. Але, хачу запэўнiць, што кожны тэст ствараецца са своеасаблiвым запасам i ўключае заданнi рознай складанасцi, што дазваляе ў вынiку ранжыраваць прэтэндэнтаў на навучанне. Невыпадкова лепшыя вынiкi дэманструюць на тэсцiраваннi выпускнiкi навучальных устаноў новага тыпу, дзе вучэбныя дысцыплiны вывучаюцца на павышаным i паглыбленым узроўнях».

Старшыня парламенцкай камiсii Уладзiмiр Здановiч паведамiў, што ў праекце Закона «Аб вышэйшай адукацыi» цэнтралiзаванае тэсцiраванне ўжо занатаванае як адна з формаў правядзення ўступных iспытаў i падкрэслiў, што ўкараненне цэнтралiзаванага тэсцiравання i ўстанаўленне жорсткага кантролю за прыёмнай кампанiяй з боку дзяржаўнай камiсii паспрыялi росту колькасцi сярод беларускага студэнцтва выпускнiкоў сельскiх школ: «Мы ўжо фактычна наблiжалiся да катастрофы. У асобныя гады колькасць вяскоўцаў сярод першакурснiкаў не перавышала 600 чалавек. Па майму асабiстаму перакананню, менавiта на вёсцы сканцэнтраваны магутны iнтэлектуальны патэнцыял. Сельская моладзь, як сведчыць практыка, выгадна вылучаецца сваёй здольнасцю прыстасоўвацца да зменлiвых знешнiх умоў i больш вялiкай сваёй працаздольнасцю».

Напрыканцы Уладзiмiр Здановiч зазначыў, што кожная прыёмная кампанiя закранае iнтарэсы лiтаральна ўсёй краiны i самым непасрэдным чынам адбiваецца на фармiраваннi грамадскай ацэнкi ўзроўню сацыяльнай справядлiвасцi ў нашым грамадстве. I чым больш зразумелым i адкрытым будзе працэс адбору прэтэндэнтаў у ВНУ, тым большым даверам будзе карыстацца гэта сiстэма ў абiтурыентаў.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
— У нас не праходзiць лiтаральна нiводнага дня, каб мы не атрымлiвалi тэлефонных званкоў цi лiстоў з дзесяткамi i сотнямi подпiсаў, — прызнаецца старш
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив

РЕКЛАМА


Все новости Беларуси и мира на портале news.21.by. Последние новости Беларуси, новости России и новости мира стали еще доступнее. Нашим посетителям нет нужды просматривать ежедневно различные ресурсы новостей в поисках последних новостей Беларуси и мира, достаточно лишь постоянно просматривать наш сайт новостей. Здесь присутствуют основные разделы новостей Беларуси и мира, это новости Беларуси, новости политики, последние новости экономики, новости общества, новости мира, последние новости Hi-Tech, новости культуры, новости спорта и последние новости авто. Также вы можете оформить электронную подписку на новости, которые интересны именно вам. Таким способом вы сможете постоянно оставаться в курсе последних новостей Беларуси и мира. Подписку можно сделать по интересующим вас темам новостей. Последние новости Беларуси на портале news.21.by являются действительно последними, так как новости здесь появляются постоянно, более 1000 свежих новостей каждый день.
Яндекс.Метрика