Лепшую моладзь сталiчнай вобласцi «здадуць у банк»
Сёння Мiнскi абласны камiтэт Беларускага рэспублiканскага саюза моладзi збiрае актывiстаў Мiншчыны на III Пленум, дзе будуць падведзены вынiкi работы абласной арганiзацыi за 2005 год i вызначаны новыя задачы на год 2006-ы.
У прыватнасцi, па вынiках мiнулага года за актыўны ўдзел i плённую працу ў «трэцiм працоўным» семестры падзяка ад абласнога камiтэта БРСМ абвешчана Пухавiцкаму раённаму, а таксама Барысаўскаму, Маладзечанскаму, Слуцкаму i Салiгорскаму гарадскiм камiтэтам БРСМ. Абласны штаб студэнцкiх атрадаў тым часам даў старт падрыхтоўцы летняга працоўнага сезону-2006. Што датычыцца планаў, то раённыя i гарадскiя камiтэты БРСМ атрымалi даручэнне больш актыўна асвятляць у рэгiянальных СМI дасягненнi маладых i таленавiтых людзей Мiншчыны. У абласной арганiзацыi фармiруецца банк даных пра лепшых маладых працаўнiкоў ва ўсiх галiнах народнай гаспадаркi, маладых вучоных, адораных студэнтаў i школьнiкаў. Вiктар КУШАЛЬ. У КОЖНАЙ ШКОЛЕ — КАМП’ЮТАРНЫЯ КЛАСЫ Згодна з зацверджанай дэпутатамi Гродзенскага абласнога Савета Праграмай развiцця сiстэмы адукацыi вобласцi на 2005—2010 гады ў рэгiёне завершана камп’ютарызацыя школ i прафесiйна-тэхнiчных навучальных устаноў. Такiм чынам, камп’ютарнымi класамi цяпер забяспечаны на Гродзеншчыне ўсе, нават самыя невялiкiя па колькасцi навучэнцаў базавыя школы. У мiнулым годзе выкананню гэтай праграмы паслужылi 2,5 мiльярда бюджэтных рублёў. Бюджэтам вобласцi на гэты год прадугледжана 468,2 мiльярда рублёў на фiнансаванне ўстаноў i мерапрыемстваў адукацыi, на 27,4 працэнта больш, чым летась. Сродкi будуць накiраваны на ўтрыманне 37 тысяч дзяцей у дашкольных установах, навучанне 147 тысяч школьнiкаў i 13 тысяч навучэнцаў ПТВ. Барыс ПРАКОПЧЫК. МАЛАДЗЁЖНАЕ САМАКIРАВАННЕ Гарадскi маладзёжны савет у хуткiм часе з’явiцца ў Мiнску. Амаль ва ўсiх ВНУ сталiцы, а таксама на буйных прадпрыемствах, такiх, як «МАПIД», «Атлант», трактарны завод i ЦУМ, падобная арганiзацыя ўжо iснуе. Адным з крокаў для iх стварэння стала гарадская канферэнцыя па студэнцкаму самакiраванню. Маладзёжны савет з’явiцца i на рэспублiканскiм узроўнi. Асноўная задача гэтай грамадскай арганiзацыi — прадстаўленне i абарона iнтарэсаў маладых спецыялiстаў. Ганна ЛЕБЕДЗЕВА, «Мiнск-Навiны». САЛДАЦКI КУЦЮР У беларускiх ваеннаслужачых з’явiцца новая форма адзення. У прыватнасцi для спецназу айчынныя прадпрыемствы распрацавалi баваўняныя летнiя касцюмы, зiмнiя — з палепшанай тканiны, «спецыялiзаваныя» касцюмы «Дождж». Снайпераў парадавалi маскiровачнымi касцюмамi з iнтрыгуючай назвай «Лясун», разведчыкаў i дэсантнiкаў — «профiльнымi» рукзакамi i абуткам. Узоры новай спецвопраткi з’явiлiся i ў танкiстаў, а таксама ў спецыялiстаў рамонтных падраздзяленняў. Акрамя таго, распрацаваны новыя мадэлi спальных мяшкоў, у якiх можна спаць на снезе нават пры мiнус 30 градусах. Паводле iнфармацыi Мiнiстэрства абароны, азначаныя навiнкi паступiлi ў «вопытную носку» i праходзяць тэсцiраванне ў мабiльных падраздзяленнях. Iспытамi новых варыянтаў спартыўнай формы займаюцца спартыўныя каманды Ваеннай акадэмii i Мiнскага сувораўскага ваеннага вучылiшча. Iнга МIНДАЛЁВА. ТРЭЦЯКЛАСНІК — ВЫРАТАВАЛЬНІК Трэцякласнiк Красненскай школы-сада Карэлiцкага раёна Саша Лажэчнiк выратаваў пры пажары сваiх стрыечных сясцёр — шасцiгадовую Насцю i чатырохгадовую Кацю. А другакласнiку Максiму Пракопiку, якi правалiўся пад лёд каля вёскi Бязводнiкi Свiслацкага раёна, руку дапамогi працягнуў шасцiгадовы Алег Гарохаў. Юныя выратавальнiкi былi ўзнагароджаны каштоўнымi падарункамi. Мiнiстр па надзвычайных сiтуацыях Энвер Барыеў за мужнасць, якую праявiў Алег Гарохаў пры выратаваннi чалавека, узнагародзiў яго нагрудным знакам «ВЫДАТНIК» МНС Рэспублiкi Беларусь. Барыс ПРАКОПЧЫК.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Сёння Мiнскi абласны камiтэт Беларускага рэспублiканскага саюза моладзi збiрае актывiстаў Мiншчыны на III Пленум, дзе будуць падведзены вынiкi работы |
|