Абвяшчаю вас мужам i жонкай. Вiртуальнымi
Настасся ЦЕЛЕШАВА
Жыццё On-Line Прыгожае выказванне «шлюбы спраўляюцца на нябёсах» было спушчана на зямлю ў 1917 годзе, калi на змену вянчанню прыйшла строгая цырымонiя рэгiстрацыi пад зводамi загса. У пачатку ж трэцяга тысячагоддзя, умiг перакрэслiўшы якую-небудзь сувязь з дзяржавай i царквой, на свет з’явiлiся першыя вiртуальныя Палацы шлюбаў. Сёння на адным толькi расiйскiм «шукальнiку» yandex.ru можна знайсцi некалькi соцень сайтаў, прысвечаных гэтай тэматыцы (байнэт пакуль маўчыць).Практычна ўсе электронныя загсы пабудаваны па адной простай схеме. Як i належыць, працэс пачынаецца з прапановы рукi i сэрца, якая дасылаецца, безумоўна, па e-mail. Пасля доўгачаканага «так» жанiх i нявеста падаюць заяву, у якой указваюць свае iмёны, дату i час вянчання. Пры жаданнi на цырымонiю можна запрасiць сведак i гасцей, не забараняецца i «вольны ўваход». У рэшце рэшт пара атрымлiвае пароль. У назначаны час пасведчаныя ўваходзяць на старонку «Зала вянчання», уводзяць код — рэгiстрацыя пачынаецца. Жанiху i нявесце задаюць адвечныя пытаннi накшталт: «Цi жадаеце вы ўзяць вiртуальны шлюб?» Станоўчыя адказы прывядуць пару да заветных гукаў марша Мендэльсона. Для большай важнасцi маладым нават выдадуць электроннае пасведчанне. Цi трэба казаць, што на ўсё пра ўсё ў будучых «мужа» з «жонкай» трацiцца не больш за пяць хвiлiн. Аднак, на развод патрабуецца яшчэ менш. Для гэтага на спецыяльнай старонцы трэба ўказаць пароль i нумар шлюбнага пасведчання. З 12 лiпеня 2002 года на расiйскiм сайце www.wed.ru, якi названы як Палац вiртуальных шлюбаў, свае адносiны ўзаконiлi каля ста тысяч пар. Амаль штохвiлiнна на электроннай дошцы аб’яў з’яўляюцца паведамленнi пра шлюбы, якiя рыхтуюцца. Напрыклад, Аляксей i Дзіяна — 21:55, Кацянё i Рыцар — 22:00, Кос i Валерыя — 22:00. Разважаць на тэму, што рухае людзьмi, якiя бяруць вiртуальны шлюб, занятак досыць бессэнсоўны. Безумоўна, абрад не прадугледжвае нi сумленнасцi, нi выканання якiх бы там нi было абавязкаў: жанiцца i выходзiць замуж можна хоць дзесяткi тысяч разоў, толькi б хапiла сiл запаўняць заявы. Больш за тое, вяселле абыходзiцца максiмальна танна i не патрабуе нi прысутнасцi шматлiкiх сваякоў, нi банкетаў. Узрост патэнцыяльных жанiха i нявесты, iх веравызнанне i «геаграфiчнае знаходжанне» таксама не маюць нiякага значэння. Для некага такое рашэнне — iмгненны парыў, жаданне далучыцца да нязведанага i незвычайнага. — З Максiмам мы пазнаёмiлiся за тыдзень да вянчання на адным з чатаў, — кажа Алена. — У жыццi, на жаль, я такога не сустракала. Мы сышлiся лiтаральна ва ўсiм: поглядах, прыхiльнасцях, марах. I тут ён нечакана прапанаваў руку i сэрца, я, у сваю чаргу, разгубiлася. Высветлiлася, што Максiм меў на ўвазе вiртуальны роспiс, што мы i зрабiлi. Дарэчы, на момант нашага «шлюбу» я не ведала, з якога ён горада. Аказалася, ён жыве ў Калiнiн-градзе (я ж — з Пiцера). Канешне, да ўсяго гэтага я сур’ёзна не стаўлюся, хоць i не выключаю, што калi-небудзь мы пазнаёмiмся па-сапраўднаму. Для iншых вiртуальны шлюб становiцца своеасаблiвай рэпетыцыяй рэальнага абраду. — Мы сустракалiся два гады, i тут я пачуў ад Танi, якi я ненадзейны i ветраны, — дзелiцца Андрэй. — На жаль, да шлюбу на той час я яшчэ не быў падрыхтваны, затое Iнтэрнэт-вянчанне здалося мне выйсцем. Таня, як нi дзiўна, да паўжартоўнай задумкi аднеслася сур’ёзна. Мы разаслалi каля ста запрашэнняў нашым знаёмым, «прыйшлi» толькi чацвёра (прычым, хто былi двое з iх, мы так i не зразумелi). Натуральна, бацькi нiчога не ведалi. Праўда, неяк потым маёй мацi выпадкова трапiла на вочы пасведчанне. Яна пакруцiла пальцам ля скронi, але прамаўчала. Складана сказаць, цi моцна паўздзейнiчала на нас вянчанне, але ўлетку мы вырашылi ажанiцца. Рэальна. ...I, безумоўна, для кагосьцi (хай i малой часткi) вiртуальны шлюб — адзiная магчымасць узаконiць свае адносiны. Напрыклад, для аднаполых пар. — Па вялiкаму рахунку, папулярнасць вiртуальнага шлюбу сведчыць толькi пра адно: чалавек у пачатку трэцяга тысячагоддзя вельмi адзiнокi, — лiчыць псiхолаг Вольга Канавалава. — Часцяком нам больш лёгка знайсцi сабе суразмоўцу цi сябра праз Iнтэрнэт, апрануўшы нейкую маску. Той самы вiртуальны шлюб не нясе нiякай нагрузкi, пазбаўляе ад абавязкаў, фармальнасцяў, непрыемнасцяў, якiя абавязкова суправаджаюць рэальнасць. Хоць не трэба забываць i пра тое, што для некаторых людзей Iнтэрнэт-вянчанне — адзiная магчымасць выйсцi замуж цi ажанiцца, хай i ў вiртуальнасцi. Пераважная колькасць рэгiструючых адносiны адным шчаўчком мышкi ставяцца да «шлюбу» несур’ёзна. Чаму ж, тым не менш, яны пайшлi на гэта? Адказ просты: чалавек, няглядзячы нi на што, iмкнецца быць падобным да iншых i жадае ўпiсацца ў традыцыйную структуру грамадства. У дадзеным выпадку спрабуе прымiрыць Iнтэрнэт i звычаi.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Прыгожае выказванне «шлюбы спраўляюцца на нябёсах» было спушчана на зямлю ў 1917 годзе, калi на змену вянчанню прыйшла строгая цырымонiя рэгiстрацыi п |
|