Па парадку — разлiчылiся!
Вiкторыя ЦЕЛЯШУК
«Еўрабачанне-2006» Учора ў гуказапiсваючай студыi Белтэлерадыёкампанii адбылася жараб’ёўка выканаўцаў — удзельнiкаў адборачнага канцэрта конкурсу «Еўрабачанне-2006». Выбар лёсу дапамагалi рабiць лататрон, шарыкi з нумарамi ад 1 да 15 i падлiковая камiсiя.У чаканнi пачатку жараб’ёўкi артысты даволi мiралюбiва перакiдвалiся жартамi з вядучым — тэлепрадзюсарам i шоуменам Сяргеем Кухто, а за iх спiнамi нервавалiся прадзюсары i сябры. Чакалi спазнiўшыхся — Аляксандру Гайдук i польскую спявачку Малгажату Андржэевiч. Фiласофскi спакой захоўвала хiба адна Палiна Смолава — яна ў алфавiтным спiсе выканаўцаў была апошняй, таму нумар выступлення на канцэрце ёй прысвойваўся аўтаматычна — якi застанецца ў барабане. Скарыстаўшыся паўзай, рэжысёр канцэрта расказаў артыстам, што 26—27 студзеня iх чакае фотасесiя. Па яе вынiках будуць зроблены вiдэавiзiткi, якiя гледачам пакажуць перад выступленнем кожнага канкурсанта. Акрамя таго, мы пачуем вольны (сцiслы) пераказ творчай бiяграфii выканаўцаў, iмi самiмi складзены. Ну, а пасля ўжо ацэнiм уласна нумар... Лато-жараб’ёўка аказалася працэсам даволi доўгiм, затое нясумным. Чаго вартае было хоць бы «шаманства» Дзiмы Калдуна, якi спакойна папрасiў: «Хачу нумар 9» — i менавiта гэты шарык выпаў з лататрону. «Апраўдвае прозвiшча!» — з паважлiвай засцярогай пракаментаваў Сяргей Кухто. Праўда, напрыканцы жараб’ёўкi, калi два шарыкi, нiбы здзекуючыся з прысутных, добрых дзесяць хвiлiн круцiлiся ў барабане i не жадалi выкочвацца, Сяргей ужо не жартаваў, а спрабаваў хоць неяк паскорыць працэс. Агульнымi намаганнямi, схiлiўшы лататрон пад неверагодным вуглом, справу завяршылi. I Палiне Смолавай усё ж дастаўся аблюбаваны ёй прэстыжны 15-ы нумар. Значная частка выканаўцаў сцвярджала, маўляў, мы ведалi загадзя, якi нумар выпадзе. У журналiстаў зусiм лагiчна ўзнiклi нядобрыя падазрэннi. Аказалася, эмацыянальныя артысты збольшага верылi ў нейкую сваю карму. Скажам, у спявачкi Prima-Vera дзень нараджэння першага чысла — чаму б фартуне не аддаць ёй першы нумар? Трэцюю пазiцыю Жанэт яшчэ ранкам прадказаў яе прадзюсар. Дзiма Калдун, паўторымся, «накалдаваў» сабе нумар дзевяць. Цалкам жа спiс удзельнiкаў адборачнага канцэрта «Еўрабачанне-2006», якi мы ўбачым 10 лютага ў прамым эфiры Першага нацыянальнага, выглядае так: 1. Prima-Vera «I Can See The Rising Sun» 2. Гурт «Далi» «Europe’s Heart’s groov» 3. Жанэт «Mysterious Logic» 4. Алена Грышанава (на сцэне яе будзе суправаджаць гурт «Тяни-Толкай», вiдаць, жадаючы трапiць на «Еўрабачанне» хоць тушкай, хоць чучалам?) «You can’t stop this dance» 5. Малгажата Андржэевiч «Dangerous Game» 6. Аляксандра Гайдук «An A-Class Face» 7. Гурт «Лявоны» «Come back» 8. TYANA (маладая спявачка Таццяна Путырская) «You never know» 9. Дзмiтрый Калдун «May By» 10. Гюнеш Абасава «Connect the Hearts» 11. Леся Кодуш «Baby-Sitter» 12. Iрына Дарафеева «Вышита сорочка» 13. Гурт «LITESOUND» «My Faith» 14. Руслан Мусвiдас i Святлана Вежнавец (Света зараз здае дзяржэкзамены ў Маскве, аднак да канцэрта павiнна паспець прыехаць) «Прочь с глаз» 15. Палiна Смолава «Сайт одиночества». Пасля заканчэння жараб’ёўкi выканаўцы, па традыцыi, пажадалi адзiн аднаму ўдачы, а таксама выказалi некаторыя свае ўражаннi i прыватныя меркаваннi. Prima-Vera: «Мне выпала адкрываць канцэрт, i я пастараюся зрабiць гэта годна. Думаю, мы ўсе будзем iмкнуцца зрабiць свае выступленнi цiкавымi i прафесiйнымi». Iрына Дарафеева: «Як вы ведаеце, «разжарабiлася» я ўжо не ў першы раз. Але гэта не значыць, што я не хвалююся. Увогуле, трэба толькi, каб мы не забылiся на галоўную мэту адборачнага канцэрта i добра выступiлi для нашых беларусаў». Дзмiтрый Калдун: «Я вельмi рады, што трапiў у другi этап конкурсу, i для мяне важная нават не перамога, а сам удзел. Канешне, мы не зможам паехаць усе, але нехта адзiн дакладна паедзе i будзе прадстаўляць Беларусь...». Аляксандра Гайдук: «Што датычыцца будучага канцэрта, я хачу толькi аднаго: каб людзям, ад якiх залежыць сёлета выбар прадстаўнiка краiны, Бог даў справядлiвасцi i аб’ектыўнасцi». Малгажата Андржэевiч: «Тут сабралася пятнаццатка лепшых прэтэндэнтаў, i я вельмi шчаслiвая быць у iх лiку. Мы — лепшыя, i кожны варты ўдачы!». На гэтай аптымiстычнай ноце, як кажуць, дазвольце i завяршыць. Размiнайце пальчыкi, каб у час iнтэрактыўнага галасавання не ўпусцiць магчымасць i зрабiць свой выбар — хто прадставiць Беларусь на «Еўрабачаннi-2006» у Афiнах?
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Учора ў гуказапiсваючай студыi Белтэлерадыёкампанii адбылася жараб’ёўка выканаўцаў — удзельнiкаў адборачнага канцэрта конкурсу «Еўрабачанне-2006» |
|