Давайце памятаць
Вольга МЯДЗВЕДЗЕВА
Учора сусветная грамадскасць упершыню адзначала Мiжнародны дзень памяцi ахвяр Халакосту. З гэтай нагоды ў Мiнскiм яўрэйскiм абшчынным доме яшчэ раз узгадвалi трагедыю яўрэйскага народа, гучалi словы перасцярогi i былi запаленыя сiмвалiчныя свечкi.
27 студзеня выбрана ААН для ўзгадвання 6 мiльёнаў яўрэяў, якiя загiнулi ў гады Другой сусветнай вайны, бо менавiта ў гэты дзень быў вызвалены лагер смерцi Асвенцым. — Адрозненне гэтага дня ад Дня Халакосту, якi больш за 50 гадоў адзначае дзяржава Iзраiль i ўся яўрэйская абшчына свету, i якi прымеркаваны да дня паўстання ў Варшаўскiм гета, у тым, што сённяшнi дзень адзначаецца ва ўсiм свеце, — падкрэслiла дырэктар Музея гiсторыi i культуры яўрэяў Беларусi Iна Герасiмава. — У рэзалюцыi, якая была прынятая 1 лiстапада 2005 года Генеральнай Асамблеяй ААН, сказана, што ўсе члены ААН павiнны адзначаць гэты дзень, бо Халакост, якi прывёў да знiшчэння адной трэцi яўрэйскага народа i незлiчонай колькасцi ахвяр з лiку прадстаўнiкоў iншых меншасцяў, заўсёды будзе служыць усiм народам перасцярогай аб небяспечнасцi, якая тоiць у сабе нянавiсць, фанатызм, расiзм i прадузятасць. У цырымонii запалення свечак у памяць ахвяр Халакосту ўчора ў Мiнскiм яўрэйскiм абшчынным доме ўзялi ўдзел людзi, якiя зведалi жахi гета i канцлагераў. Вера Смiрнова была схоплена ў Мiнску падчас выканання задання як партызанская сувязная. Яна трапiла ў гестапа, а потым была адпраўлена ў Асвенцым. Леанiд Рубiнштэйн (на фота) прайшоў Мiнскае гета i лагер смерцi ў Дахау. Галiна Давыдава, аўтар кнiгi ўспамiнаў, выжыла пасля гестапа i некалькiх канцэнтрацыйных лагераў. Запалiў свечку ў памяць аб загiнуўшых таксама чалавек, якi ў 1945 годзе вызваляў Асвенцым — прафесар Зiновiй Шульман. — Я вельмi спадзяюся, што прызнанне сусветнай супольнасцю Мiжнароднага дня памяцi ахвяр Халакосту дапаможа перамагчы тыя сiлы, якiя нараджаюць спробы новага генацыду сёння i могуць быць у будучым, — сказаў консул пасольства дзяржавы Iзраiль Iгаль Койфман. Цырымонiя запалення свечак была завершана памiнальнай малiтвай.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Учора сусветная грамадскасць упершыню адзначала Мiжнародны дзень памяцi ахвяр Халакосту |
|