21.by - Новости Беларуси. Последние новости Беларуси из разных источников. Последние новости мира.

Тыя, што нас берагуць

25.08.2009 21:32 — |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Аксана КАТОВІЧ, Янка КРУК

Абярэгi ў традыцыйнай культуры беларусаў

(Працяг. Пачатак у нумарах за 18, 20, 24 —26 студзеня.)

Каб збылося пажаданне або знiкла састарэлая хвароба, вадзе прыносiлi ахвяру — манету або iншыя рэчы; у некаторых выпадках на галiнкi дрэва каля крынiцы мацавалi невялiчкi кавалак тканiны або пояс. Да крынiцы прыходзiлi маладыя, каб прамовiць малiтву вернасцi, каб заручыцца падтрымкай святога месца, каб iх сумеснае жыццё было ж такiм жа светлым, чыстым, як крынiчная вада. Да крынiцы прыносiлi немаўлятка, каб далучыць яго да жыццёвай ручаiны роду. Каля крынiцы воiны прыносiлi клятву на вернасць роднаму краю i бралi з сабой «жывую» ваду, якая, верылi, уратуе на полi бою, а калi што, загоiць раны. I хоць часцей за ўсё крынiцы з’яўлялiся ў самых непраходных, аддаленых месцах, але адразу ж яны станавiлiся святыняй мясцовасцi.

Асаблiвай пашанай у народным асяроддзi карысталiся яўленыя iконы, а таксама тыя мясцiны (дрэва, бераг ракi, крынiца, узгорак), дзе яны былi знойдзены. Як правiла, у тых месцах будавалi каплiцы i нават храмы, як напрыклад, у в. Жыровiцы Слонiмскага раёна. Там жа, непадалёку адзiн ад аднаго, б’юць тры ключы, вада ў якiх лiчыцца цудадзейнай. Вобраз Багародзiцы або якiх-небудзь святых, адлюстраваных на яўленых iконах, становiцца апекуном дадзенай мясцовасцi.

Тут хацелася б на хвiлiнку спынiць наш аповяд i звярнуцца да нашых паважаных чытачоў з вялiкай просьбай: калi ласка, напiшыце нам пра звычайныя i незвычайныя (святыя) крынiчкi (а можа быць пра камянi-следавiкi, крыжы, свяшчэнныя дрэвы, пагоркi...), якiя ёсць у вашай мясцовасцi, пра тыя цуды, якiя адбывалiся з iх удзелам i захавалiся ў памяцi мясцовых жыхароў, i разам мы складзём «АТЛАС СВЯТЫХ МЯСЦIН НАШАЙ РАДЗIМЫ». Мы, у сваю чаргу, абяцаем абавязкова прыехаць да вас у госцi, занатаваць расказанае вамi, запiсаць на вiдэакамеру i расказаць пра ваша «святое» месца на старонках перыядычнага друку. Можна пiсаць на адрас рэдакцыi газеты «Звязда», а можна на адрас Беларускага унiверсiтэта культуры i мастацтваў: г. Мiнск, вул. Рабкораўская, 17, Крук I.I., Катовiч А.В., кафедра этналогii i фальклору.

Каб прыйсцi да вады, трэба ведаць «лепшы» час

У стаўленнi чалавека да вады дзiўным чынам сфакусiравалася фiласофская праблема суаднесенасцi прасторы (месца знаходжання) i часу (таго незвычайнага моманту ў каляндарным колазвароце), якiя надзялiлi ваду незвычайнымi якасцямi. На перасячэннi гэтых каардынат, пазначаных статусам сакральнасцi, i «ўзнiкала» тая незвычайная вада, якую ў народзе ахрысцiлi «жывой». Этнографы пачатку 20 ст. пiсалi: «Вясной, пасля першага грому, пачынаюць людзi iсцi да крынiц памыцца i памалiцца, iдуць у вядомыя днi, здаўна ўстаноўленыя: на Юр’я, на Мiколу, на Ушэсце, на Дзевятнiка, на Дзесятнiка, на «русальнай нядзелi» (першая пасля Тройцы)»

Акрамя гэтага, на працягу года было яшчэ некалькi «асаблiвых» дзён, калi бралi ваду з крынiц: ранiцай на Раство Хрыстова, яе называлi «святочнай»; ранiцай у дзень святкавання Стрэчання, або Грамнiц, i вада гэтага дня атрымала назву «сраценьская»; абавязкова клапацiлiся аб вадзе, якая набiрала цудадзейную моц у ноч з серады на чысты чацвер (днi Страснога тыдня) — ваду ў вёдрах цi iншых ёмiстасцях ставiлi пад «адкрытыя» нябёсы на ўсю ноч; незвычайнымi якасцямi валодала «купальская» вада.

Асаблiвыя адносiны былi да вады, якую бралi ў днi вялiкiх каляндарных цi царкоўных святаў ранiцай, на ўзыходзе Сонца. Пры гэтым той, хто прыходзiў па ваду першым, станавiўся ўладальнiкам самай цудадзейнай вады — «непачатай».

Выкарыстанне цудадзейнай вады пасля выканання рытуальных дзеянняў

Акрамя таго, што на працягу года было шмат дзён, якiя самым незвычайным чынам надзялялi ваду цудадзейнымi здольнасцямi, нашы продкi заўважылi, што незвычайнай, энергетычна станоўчай, гаючай, «жывой» вада станавiлася пасля некаторых рытуальных дзеянняў.

«Чарадзейнай» лiчылi ваду, якая засталася пасля гатавання яек на Вялiкдзень, ёй даволi паспяхова лiчылi скураныя захворваннi.

Ваду пасля абмывання царкоўнага звана, iконы, хлебнай дзяжы выкарыстоўвалi для лячэння цэлага шэрагу захворванняў энергетычнага кшталту (сурокаў, рожы, спуду i г.д.).

Вадой, у якую клалi дзевяць пупышак асвечанай вярбы, мылi хворых дзяцей.

У народнай медыцыне шырока выкарыстоўваўся прыём пералiвання вады праз розныя адтулiны: клямкi, завесы, у смалiне, праз заручальны пярсцёнак, а таксама праз рэшата. Лiчылася, што пры гэтых умовах вада набывала незвычайныя здольнасцi, яна мяняла сваю структуру i спрыяла лячэнню пярэпалахаў, як дзiцячых, так i дарослых.

Вада, якая «пераначавала пад зоркамi» ў пэўныя днi года, перадавала або падсiлкоўвала чалавека станоўчай энергетыкай космасу на ўвесь год. Ёсць звесткi аб тым, як людзi, скарыстаўшыся такой вадой, станавiлiся больш удачлiвымi, iм пачынала шанцаваць у тых справах, пра якiя яны нават не марылi.

Даволi часта, выконваючы магiчныя дзеяннi, каб пазбавiцца хваробы, знахары прасiлi выканаць наступнае: прынесцi з крынiцы дадому ваду ў роце.

Незвычайнай лiчылi ваду, узятую там, дзе злiваюцца дзве, а яшчэ лепей, тры ручаiны. На Юр’я, калi рыхтавалiся да першага выгану жывёлу на пашу, на самым досвiтку гаспадар браў вядро i спяшаўся да гэтага незвычайнага месца. Па цячэннi ён зачэрпваў вядро вады i кiраваўся дадому. Гэтай вадой гаспадыня абмывала вымя кароўкi, каб яна была «малочная, а не ўрочная». Такую ж ваду выкарыстоўвалi для лячэння жанчын, якiя раптоўна «гублялi» малако, i нованароджанае дзiця магло памерцi з голаду.

Асаблiвай павагай карысталася вада, набраная з трох (сямi, дзевяцi або дванаццацi) калодзежаў цi ручаiн. Добра вядома, што вясельны каравай сiмвалiзаваў родавую паяднанасць, прычым гэта знiтаванасць прасочвалася ў двух планах. З аднаго боку, самыя паважаныя, самыя блiзкiя сваякi зносiлi на адзiн стол (дамашнi «прастол») муку, соль, цукар, яйкi i ваду ў цэнтр тварэння сусвету — у хату, у якой закладваўся падмурак будучынi роду, а жанчыны-каравайнiцы спявалi:

Звязлi, зняслi

Сем бочак мукi на каравай.

Звязлi, зняслi

Сем фасак масла на каравай.

Звязлi, зняслi

Сем пудоў цукру на каравай.

А Божа мой,

Вялiк, высок наш каравай.

* * *

Каб я знала, каб я ведала,

Да што ў тваiм караваi

Да тры вядры крынiчнай вадзiцы,

Да тры пуды пшанiчнай мучыцы,

Да тры фаскi дравiчнага масла,

Да тры капы перапялiных яек,

Да два фунты загранiчнае солi.

У дадзеным выпадку ў песнi гаворыцца, што прынеслi «тры вядры крынiчнай вадзiцы», зробiм неабходнае ўдакладненне: тры вядры вады былi ўзяты з трох розных калодзежаў або розных крынiц. З другога боку, уся гэта iдылiчная карцiна малявалася для таго, каб «перадаць спор» (нарадзiць дзетак, паспрыяць ураджайнасцi, плоднасцi статку) новастворанай сям’i i тым самым перадаць родавую эстафету i надалей. Вада i мука, знесеная для прыгатавання каравая, былi нiчым iншым, як першымi стыхiямi, з якiх утварыўся свет.

 Шыкоўны прыклад таго, як вада i цеста ў сумесным спалучэннi станавiлiся прадказальнiкамi долi дзiцяцi, мы знаходзiм у зборнiку беларускiх замоў: «Калi дзiця захварэе на сухоты, трэба расчынiць хлеб, зрабiць пальцамi пасярод дзяжы глыбокую ямку ў цесце, налiўшы ў яе поўна вады, накрыць дзежку векам. Калi ўжо цеста добра падыдзе i прыйдзе пара садзiць яго ў печ, тады, адкрыўшы века, паглядзець, цi ёсць у гэтай ямцы вада, цi няма. Калi вада ўвабралася ў цеста, гэта бясспрэчнае сведчанне таго, што нiякiя чары не дапамогуць, бо дзiцяцi наканавана памерцi. У адваротным выпадку мацi хворага дзiцяцi клiча дзвюх зычлiвых сабе нявестак i робiць такiм чынам: адна выкладае на лапату лiсце, другая трымае дзiця на руцэ, а калi ўсё лiсце пакладзена, садзяць яго на лапату; у гэты час трэцяя зачэрпвае далонню ваду з той ямкi i абмывае дзiця з ног да галавы. У час гэтага абмывання памiж тымi жанчынамi завязваецца наступны дыялог:

— Што ты змываеш? — гаворыць тая, што клала лiсце.

— Сухоты! — адказвала, што змывала.

— Змывай, змывай, каб не было нiколi!

Затым адна бярэ дзiця i нясе яго нiбы на падворак, але як стане з iм у дзвярах, тады першая пытае ў яе:

— Што ты выкiдаеш?

— Сухоты!

— Выкiдай, выкiдай, каб не было нiколi».

Каб карова была малочнай, трэба было ў той дзень, калi яна ацелiцца, выкарыстаць ваду з трох калодзежаў. У кожнага калодзежа, пакуль набiралi ваду, трэба было гаварыць: «Добры дзень, калодзеж Яне i вада Ульяне, i зямля Таццяна. Дай мне вады ад плохае i добрае бяды. А ты, кароўка, не зявай, i малачко мне дай».

Лiчылася, што цудадзейную моц вады павялiчвалi прадметы, апушчаныя ў яе (манеты, зерне, крыж) i словы (малiтвы, замовы), прамоўленыя (шэптам прагавораныя) над посудам з вадой.

Калi побач з пчальніком працякаў ручай або была крынiца цi калодзеж, то вада ў iм таксама лiчылася гаючай. У народзе лiчылi, што там, дзе жыве «Божая памочнiца» — пчала, вада станавiлася няпростай. Над такой крынiцай звычайна ставiлi каплiцу з абразам Салавецкiх святых Зосiма i Савацiя.

(Працяг будзе.)



 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Абярэгi ў традыцыйнай культуры беларусаў
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив

РЕКЛАМА


Все новости Беларуси и мира на портале news.21.by. Последние новости Беларуси, новости России и новости мира стали еще доступнее. Нашим посетителям нет нужды просматривать ежедневно различные ресурсы новостей в поисках последних новостей Беларуси и мира, достаточно лишь постоянно просматривать наш сайт новостей. Здесь присутствуют основные разделы новостей Беларуси и мира, это новости Беларуси, новости политики, последние новости экономики, новости общества, новости мира, последние новости Hi-Tech, новости культуры, новости спорта и последние новости авто. Также вы можете оформить электронную подписку на новости, которые интересны именно вам. Таким способом вы сможете постоянно оставаться в курсе последних новостей Беларуси и мира. Подписку можно сделать по интересующим вас темам новостей. Последние новости Беларуси на портале news.21.by являются действительно последними, так как новости здесь появляются постоянно, более 1000 свежих новостей каждый день.
Яндекс.Метрика