Лячыцца i вучыцца ў новай школе
Святлана ЯСКЕВIЧ
будуць дзецi з забруджаных радыяцыяй раёнаў Брэстчыны
На Брэстчыне ўрачыста адкрылi яшчэ адзiн даўгабуд, якi паспяхова завяршыўся. Новую санаторную школу ў вёсцы Малеч Бярозаўскага раёна пачалi ўзводзiць больш за дзесяцiгоддзе таму. Былi пастаўлены ўжо сцены, а потым будоўля паступова «замарозiлася». Санаторная школа працуе тут з 1978 года. Яе карпусы размяшчалiся ў былой панскай сядзiбе памешчыка Iосiфа Свiда. Памяшканне хоць i перыядычна абнаўлялася, але з часам станавiлася ўсё больш непрыгодным для санаторнай установы. Курс лячэння дзецi з хворымi сэрцам, шчытападобнай залозай, лёгкiмi i бронхамi праходзiлi, мякка кажучы, у даволi сцiплых умовах. Але сiтуацыя рэзка змянiлася, калi ў 2003 годзе праблемы ўзвядзення вясковай школы-санаторыя трапiлi ў поле зроку кiраўнiцтва краiны. Было накiравана больш за восем мiльярдаў рублёў на завяршэнне будаўнiцтва Малецкай санаторнай школы. За два гады быў закончаны, даведзены да ладу, добраўпарадкаваны гмах вучэбна-аздараўленчай установы. Зараз тут адначасова на працягу чвэрцi, гэта значыць два месяцы змогуць вучыцца i праходзiць узмоцнены аздараўленчы i рэлаксацыйны курс 250 школьнiкаў з забруджаных радыяцыяй раёнаў Брэстчыны (у старых карпусах маглi размясцiцца 160 дзяцей). У асноўным тут лечацца вучнi з Лунiнецкага, Столiнскага, Пiнскага раёнаў. Цяпер будзе магчымасць накiраваць на аздараўленне i дзяцей з iншых раёнаў вобласцi. Жылыя пакоi для школьнiкаў разлiчаны на два-тры чалавекi, тут жа — душ i санвузел. Медыцынскае аддзяленне аснашчана самай сучаснай апаратурай: цеплалячэнне, лячэбныя ванны i душы, электрасон, iнгаляцыi, магнiтатэрапiя, фiтабар з кiслароднымi кактэйлямi. Па апошняму слову тэхнiкi абстаўлены стаматалагiчны кабiнет, гатовы да заняткаў дзве залы лячэбнай фiзкультуры... На адкрыццё навасёлаў прыехалi павiншаваць намеснiк старшынi Брэсцкага аблвыканкама Леанiд Цупрык, мiнiстр адукацыi краiны Аляксандр Радзькоў, кiраўнiкi абласных ведамстваў i Бярозаўскага раёна. Леанiд Цупрык адзначыў, што Малецкая школа ўжо названа адным з самых сучасных i добра аснашчаных устаноў падобнага тыпу не толькi ў вобласцi, але i ў краiне. Аляксандр Радзькоў падчас выступлення назваў новую школу канкрэтным прыкладам дзеяння прэзiдэнцкай праграмы «Дзецi Беларусi», якая прадугледжвае клопат не толькi пра адукацыю дзiцяцi, але i пра яго здароўе.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
будуць дзецi з забруджаных радыяцыяй раёнаў Брэстчыны |
|