Алена Луцкевiч, старшыня Боркаўскага сельскага савета Бярозаўскага раёна:
Святлана ЯСКЕВIЧ
Народны сход: напярэдаднi «На першым плане — клопат пра людзей»На трэцiм Усебеларускiм народным сходзе Алена Луцкевiч будзе прадстаўляць Бярозаўскi раён i мясцовую ўладу Брэстчыны. Сельсавет, якi ўзначальвае Алена Станiславаўна, невялiкi. У склад яго ўваходзiць сем вёсак, насельнiцтва складае 882 чалавекi. Крыху менш за палавiну з iх — пенсiянеры. Асноўная частка насельнiцтва жыве ў дзвюх вёсках — Боркi i Лясковiчы. Астатнiя населеныя пункты маленькiя, у Чарнянаве, напрыклад, засталося сем жыхароў, а Малыя Лясковiчы наогул ператварылiся ў «сезонную» вёску. Тры бабулькi, якiя там засталiся, на зiму з’язджаюць у горад да дзяцей. I ажывае вёсачка толькi ўвесну, калi жыхаркi вяртаюцца, а таксама прыязджаюць тыя гараджане, для каго бацькоўскiя сядзiбы засталiся ў якасцi дач. На тэрыторыi сельсавета ёсць дзве школы — сярэдняя i базавая, два фельчарска-акушэрскiя пункты, Дом культуры i сельскi клуб, дзве бiблiятэкi, дзве ўстановы паштовай сувязi. Усе населеныя пункты ўвайшлi ў СПК «Боркаўскi», што старшыня сельсавета лiчыць фактам вельмi станоўчым. Бо ў гаспадаркi з мясцовай уладай склалiся добрыя, трывалыя сувязi. I сельгаспрадпрыемства — першы памочнiк пры вырашэннi пытанняў апрацоўкi прысядзiбных участкаў, аказання транспартных паслуг жыхарам, добраўпарадкавання населеных пунктаў. Так, сельсавет збiрае грошы з насельнiцтва на падкормку пашы для асабiстага статку, а гаспадарка сваёй тэхнiкай бясплатна ўносiць угнаеннi на палеткi. — Пашанцавала нам не толькi з сельгаспрадпрыемствам, — гаворыць Алена Станiславаўна, — але i з геаграфiчным размяшчэннем населеных пунктаў. На першы погляд, сельсавет наш даволi аддалены ад райцэнтра, знаходзiцца на гранiцы з Кобрынскiм i Драгiчынскiм раёнамi. Але ўсе вёскi, нават самыя маленькiя, размясцiлiся пры дарозе. I кожны дзень з любога населенага пункта можна даехаць у райцэнтр i назад. Аўтобусы робяць два рэйсы на дзень, а нядаўна яшчэ дабавiлася i маршрутнае таксi. Раз на тыдзень у кожным з ФАПаў, у Борках i Лясковiчах, прыём хворых вядзе ўрач з Сiгневiцкай участковай бальнiцы. Сем вёсак абслугоўваюць чатыры магазiны, i скаргаў ад людзей на работу сельскiх гандлёвых устаноў апошнiм часам не паступала. Пашанцавала, на думку Алены Луцкевiч, i з асобай тутэйшага ўчастковага iнспектара. Людзi на гэтай пасадзе часта мянялiся, што было не на карысць справе. А з прыходам Андрэя Жука прафiлактыка правапарушэнняў набыла зусiм iншы змест. Адразу стала заў-важана, што пажылыя людзi адчулi сябе больш абароненымi ад мясцовых п’янiц i лайдакоў, якiя не супраць былi паквапiцца на пенсii пажылых людзей, а гандляры самагонкай, наадварот, сталi пабойвацца. На пытанне, якiх рашэнняў яна чакае ад будучага высокага форуму, Алена Луцкевiч адказала так: — На Усебеларускiм народным сходзе перш за ўсё будуць разгледжаны пытаннi развiцця эканомiкi краiны. Думаю, не абыдуць увагай удзельнiкi форуму i работу мясцовых органаў улады. Вядома, хацелася б, каб у бюджэтах нашых паявiлася болей сродкаў. Але не менш важна эфектыўна выкарыстоўваць i той патэнцыял, якi ёсць.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
«На першым плане — клопат пра людзей» |
|