А ў выйгрышы — просты чалавекХАЧУ ПАСКАРДЗIЦЦА За мiнулы год у Чачэрскi райвыканкам паступiла 279 пiсьмовых i 418 вусных зваротаў грамадзян. Найбольш часта жыхары раёна звяртаюцца да выканаўчых улад з просьбамi аб аказаннi матэрыяльнай дапамогi, выдзяленнi жылля, з пытаннямi, якiя датычацца камунальнай гаспадаркi, газiфiкацыi жылых дамоў. Акрамя таго, сёлета стала больш скаржнiкаў, якiя ў абыход райвыканкама адрасуюць свае лiсты вышэйстаячым дзяржорганам (у аблвыканкам, у Адмiнiстрацыю Прэзiдэнта, у Камiтэт дзяржкантролю, у рэспублiканскiя СМI).Паводле слоў кiраўнiка справамi Чачэрскага райвыканкама Леанiда Надтачэева, за мiнулы год былi зарэгiстраваны тры паўторныя звароты грамадзян. Сярод iншых — зварот жыхара вёскi Сойкi з просьбай аб перасяленнi яго ў Гомель. —«Грамадзянiну як чарнобыльцу была выдзелена кватэра ў Рагачове згодна з яго эвакуацыйным пасведчаннем, — патлумачыў Леанiд Рыгоравiч. — Аднак ад перасялення ён адмовiўся з-за таго, што кватэру яму прапанавалi аднапакаёвую (яго сям’я складаецца з аднаго чалавека), а не двухпакаёвую, як ён чакаў. З 1 студзеня 2005 года вёска Сойкi Чачэрскага раёна перастала адносiцца да лiку населеных пунктаў, жыхары якiх маюць права на арганiзаванае адсяленне з прадастаўленнем жылля, якое будуецца ў рамках чарнобыльскай праграмы, а значыць, у вышэйазначанага грамадзянiна знiклi прававыя падставы для патрабавання перасялення. Бацькi дзяцей, якiя вучацца ў Буда-Кашалёўскiм аграрна-тэхнiчным каледжы, звярнулiся да чачэрскiх выканаўчых улад з калектыўнай просьбай аб падаўжэннi маршруту аўтобуса «Чачэрск—Буда-Кашалёва» да прыпынку «Каледж» (з-за «недаезду» аўтобуса навучэнцы рэгулярна спазнялiся на заняткi). Дзякуючы сумесным намаганням двух райвыканкамаў (Чачэрскага i Буда-Кашалёўскага) з 8 снежня 2005 года маршрут аўтобуса быў падоўжаны. На прыём да старшынi Чачэрскага райвыканкама за мiнулы год трапiла 116 мясцовых жыхароў. Прычым кожная другая просьба датычылася жыллёвых пытанняў. Задаволена было 32 просьбы. У тым лiку — аб прадастаўленнi жылля ў вёсцы Матневiчы, аб прапiсцы жыхаркi вёскi Сярэднiя Малынiчы да яе сына ў Чачэрск, аб уключэннi ў спiсы на атрыманне жылля настаўнiцы Чачэрскай СШ №1 i iнш. — 21 грамадзянiну ў просьбе мы адмовiлi з-за супярэчнасцяў з iснуючым заканадаўствам, — адзначыў кiраўнiк справамi. — Напрыклад, адмоўным быў адказ райвыканкама на просьбу жыхара вёскi Бабiчы аб набыццi яго прыватнага дома для маладых спецыялiстаў, бо ў дадзеным населеным пункце штогод будуецца камфартабельнае жыллё не толькi для спецыялiстаў, але i для iншых работнiкаў гаспадаркi. Жыхарцы вёскi Атар было адмоўлена ў выдзяленнi газавага абсталявання, бо дванаццаць гадоў таму яе дом ужо газiфiкаваўся за кошт сродкаў, вылучаных з бюджэту на лiквiдацыю наступстваў катастрофы на ЧАЭС. Адхiлiлi i просьбу аб зняццi статусу «службовае» з займаемага грамадзянiнам жыллёвага памяшкання на аснове Указа кiраўнiка краiны «Аб некаторых мерах па рэгуляванню жыллёвых адносiнаў». У снежнi 2005 года ў райвыканкам звярнуўся жыхар пасёлка Вазнясенск са скаргай на тое, што падчас газiфiкацыi жылых дамоў гэтага населенага пункта ў яго дом падвялi газ толькi да газавай плiты, а ён хацеў бы, каб у доме яшчэ быў устаноўлены газавы ацяпляльны кацёл. У ходзе праверкi высветлiлася, што ў 2004 годзе падчас складання праектаў газiфiкацыi жылых дамоў у пасёлку Вазнясенск у доме аўтара скаргi не было зроблена разводкi сiстэмы ацяплення. Улiчыўшы стан здароўя гаспадара, яму прапанавалi зрабiць разводку ацяпляльнай сiстэмы дома. А райвыканкам — у выглядзе выключэння — пагадзіўся дапамагчы з набыццём i ўстаноўкай газавага ацяпляльнага катла. За 2005 год члены райвыканкама сумесна з дэпутатамi раённага Савета правялi 80 выязных прыёмаў грамадзян у 51 населеным пункце i 14 працоўных калектывах. Самымi актуальнымi былi i застаюцца пытаннi матэрыяльна-бытавога становiшча пенсiянераў i iнвалiдаў. — За 2005 год асноўная колькасць заяў, паступiўшых ва ўпраўленне па працы i сацыяльнай абароне райвыканкама ад ветэранаў Вялiкай Айчыннай вайны, была задаволена, — падкрэслiў Надтачэеў. У раёне актыўна працуюць 7 iнфармацыйных i 20 галiновых груп, якiя рэгулярна выязджаюць у працоўныя калектывы i населеныя пункты раёна. Падчас такiх сустрэч за мiнулы год паступiла 216 прапаноў i просьбаў. Напрыклад, аб няякаснай тэлефоннай сувязi ў Нiсiмкавiчах, аб змяненнi графiка працы магазiна ў населеным пункце Крутое, аб iльготным крэдытаваннi студэнтаў-платнiкаў, якiя навучаюцца ў дзяржаўных ВНУ, аб забеспячэннi Чачэрскага рённага тэрытарыяльнага медыцынскага аб’яднання ўрачамi пэўных спецыяльнасцяў i iншыя. Не застаюцца па-за ўвагай жыхары аддаленых i малаколькасных населеных пунктаў. Штомесяц супрацоўнiкi райвыканкама арганiзоўваюць у такiх вёсках выязныя сустрэчы, заадно i мясцовых журналiстаў прыцягваюць. — Кожны чацвер мы праводзiм «прамыя тэлефонныя лiнii» з удзелам кiраўнiкоў структурных падраздзяленняў выканаўчага камiтэта, раённых службаў i арганiзацый, — працягвае Леанід Рыгоравiч. — Акрамя таго, добра зарэкамендавала сябе новая форма працы з насельнiцтвам «тэлефон даверу», на якi паступiла ўжо 23 скаргi жыхароў раёна (напрыклад, аб газiфiкацыi вулiцы Лугавая ў пасёлку Селянiн, аб няўважлiвых адносiнах медыцынскага работнiка, аб рамонце тэлефона i iнш.) Адзначу, што самы актыўны ўдзел у рашэннi сацыяльных пытанняў на месцах прымаюць сельскiя саветы дэпутатаў. Праўда, далёка не ўсё яны могуць вырашыць самастойна. I тут вельмi важна працаваць у цесным кантакце — сельскiм i раённым саветам з выканкамам. Менавiта такое супрацоўнiцтва мясцовых заканадаўчых i выканаўчых уладаў робiць работу са зваротамi грамадзян максiмальна эфектыўнай. Iнга МIНДАЛЁВА.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
За мiнулы год у Чачэрскi райвыканкам паступiла 279 пiсьмовых i 418 вусных зваротаў грамадзян
|
|