Адпіскай не абыдзешсяПРАВА НА ПАРАДАК У рабоце ўчастковых iнспектараў ёсць многа агульнага. Найперш гэта звязана з тым, што iм даводзiцца мець справу з сельскiм насельнiцтвам, а тут — свая спецыфiка правапарушэнняў. Участковы не можа працаваць iзалявана, ды i аднаму даволi складана справiцца з пастаўленай задачай — ахапiць усю тэрыторыю сельсавета.Участковы Вiталь Канапацкi трымае пад наглядам чатыры вёскi Бастынскага сельсавета Лунiнецкага раёна, дзе пражывае 3440 чалавек. Сiтуацыя ўскладняецца тым, што ўчастковы не мае транспарту, а адлегласць ад Бастынi, скажам, да Навасёлак — звыш дзесяцi кiламетраў. Вось i даводзiцца выкарыстоўваць свой аўтамабiль цi прасiць яго ў сельскiм Савеце. Трымаць сiтуацыю пад кантролем было б цяжка, калi б не памочнiкi з апорнага пункта аховы правапарадку. Iх тут 17 чалавек (спецыялiсты, настаўнiкi, медработнiкi, стараста i г.д.) i яны рэальна дапамагаюць участковаму. — Здараецца, што да мяне звяртаюцца жыхары вёскi, каб я дапамог разабрацца ў нейкiм сямейным канфлiкце, — расказвае стараста вёскi Вялута Уладзiмiр Коўшык. — Калi я бачу, што вырашыць праблему не ўдаецца, звяртаюся да ўчастковага мiлiцыянера Вiталя Канапацкага. Ён часта бывае ў вёсцы i мы разам заходзiм у праблемныя сем’i, высвятляем, у якiх умовах пражываюць дзецi, якi там быт. Разам з участковым праводзiм прафiлактыку п’янства i алкагалiзму. Практыкуем сумеснае дзяжурства падчас правядзення дыскатэк у мясцовым клубе (да гэтага мерапрыемства прыцягваюцца настаўнiкi, бацькi i дружыннiкi). Часта ўчастковы звяртаецца з просьбай аб выдачы характарыстык на грамадзян, якiя парушалi закон. Аналагiчныя кантакты ў Канапацкага i са старастамi iншых вёсак. Участковаму ж прыходзiцца трымаць справаздачу не толькi перад сваiм начальствам у райцэнтры, але i перад выканкамам сельскага Савета. А тут усё навiдавоку i нейкай адпiскай не абыдзешся. З якiмi ж правапарушэннямi даводзiцца сутыкацца на вёсцы? — У асноўным гэта крадзяжы. Веласiпедаў, курэй, сала — усяго таго, што можна лёгка ўхапiць, — паведамiў Вiталь Канапацкi. — Але здараюцца i цяжкiя злачынствы. Напрыклад, муж моцна пабiў жонку. Iдуць на парушэнне закона, як правiла, тыя, хто раней быў асуджаны цi непрацуючыя. На тэрыторыi сельсавета жывуць 10 праблемных сем’яў, i часта ўчастковы разам са старшынёй сельскага Савета Фёдарам Рашэцкiм вырашаюць, якiя тут можна зрабiць захады. Або бацькоў папярэдзiць, або паставiць пытанне перад раённымi структурамi, каб забраць дзяцей i накiраваць iх у сацпрытулак Лунiнца цi ў школу-iнтэрнат гарадскога пасёлка Целяханы. З гандлем самагонкай тут быццам бы спакойна, бо на продаж яе не вырабляюць. Была адна «кропка», i тую лiквiдавалi. Наконт забароны продажу алкаголю непаўналетнiм папярэджаны i мясцовыя прадпрымальнiкi. А ў цэлым на вёсцы любое здарэнне доўга ў сакрэце не ўтрымаеш. Канапацкi ж тут не чужы — ён ведае ўсiх i яго ведаюць таксама, i ў гэтым ёсць свой плюс. *** Кажучы пра Сноўскi сельскi Савет, трэба адзначыць адну асаблiвасць. На яго тэрыторыi знаходзiцца эканамiчна моцная гаспадарка СВК «Агракамбiнат «Сноў», а гэта накладвае свой адбiтак на работу ўчастковых (iх тут два). Калi ў iншых рэгiёнах несумленныя грамадзяне спрабуюць украсцi нешта з падворкаў цi ў людзей, то ў Снове галоўным чынам цягнуць з гаспадаркi. З мясцовага мясакамбiната цесная кампанiя хацела на прычэпе вывезцi прадукты — загадзя схавалi iх пад... касцямi. Цяпер са зладзеямi разбiраюцца. Цi вось з цеплатрасы ўкралi алюмiнiевую бляху. Далей ад цэнтральнай сядзiбы крадуць i ў людзей, але больш па дробязях: курэй, веласiпеды... Парадак у Снове падтрымлiвае i сам сельгаскааператыў. Кожную ноч трое спецыялiстаў выходзяць на дзяжурства. Гаспадарка выдзяляе iм аўтамашыну, i яны сочаць за парадкам. Старшы ўчастковы Валерый Сцяпура запэўнiў, што ахоўнiкi ўсю ноч «на строме» i нават не дрэмлюць. Праўда, за гэта гаспадарка выплачвае iм па 15—18 тысяч рублёў на чалавека за дзяжурства. *** У Начаўскiм сельсавеце Ляхавiцкага раёна сiтуацыя з правапарушэннямi стандартная — сямейныя скандалы, дробнае рабаванне, бытавуха. Кожную ранiцу ўчастковы мiлiцыянер Генадзь Чарняк заходзiць да старшынi сельскага Савета Мiкалая Тарлюка, i яны вырашаюць: да каго пад’ехаць, хто скардзiўся... Калi самi не могуць «закрыць» праблему, звяртаюцца да кiраўнiка сельгаскааператыва. Тут таксама дзейнiчае апорны пункт i ў выпадку нейкай аперацыi падключаюцца дружыннiкi — тыя ж спецыялiсты, стараста... Але праблема ў рабоце ўчастковага ўсё тая ж — адсутнасць транспарту. Прыходзiцца зноў прасiць яго ў сельсавета. Праўда, сiтуацыя з транспартам не ўсюды аднолькавая — ёсць i прыемныя выключэннi. Напрыклад, у Дварцы Лунiнецкага раёна ўчастковыя ездзяць на новенькiм аўтамабiлi, якi iм уручыла мiлiцэйскае начальства за эфектыўную работу. Сымон СВIСТУНОВIЧ.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
У рабоце ўчастковых iнспектараў ёсць многа агульнага |
|