Правасуддзе па-беларуску
Мiкола ДЗЯБЁЛА
Летась беларускiя суды вынеслi 2 смяротныя прыгаворы, 8 злачынцаў атрымалi пажыццёвае зняволенне.
Злачыннасць наступае i год ад году ў айчынных слуг Фемiды становiцца ўсё больш працы. Як адзначыў падчас сустрэчы з журналiстамi старшыня Вярхоўнага суда Валянцiн Сукала, летась iстотна павялiчыўся «агульны аб’ём правасуддзя». Так, за мiнулы год судамi краiны былi разгледжаны амаль 74 тысячы крымiнальных спраў (на 8,5 працэнта больш, чым у 2004 годзе), па якiх абвiнавачвалiся больш за 77 тысяч чалавек. Апроч таго, слугамi Фемiды прымалiся рашэннi па 206 тысячах грамадзянскiх справах, з якiх 177 тысяч былi задаволены ў iнтарэсах iстцоў. Нагрузка на аднаго суддзю склала ў сярэднiм 38,4 справы ў месяц, пры навукова абгрунтаванай норме 35 спраў. Тым не менш, паводле слоў Валянцiна Сукалы, у такiх даволi складаных умовах удалося забяспечыць эфектыўнасць i якасць правасуддзя. Пераважная большасць слуг Фемiды працавала бездакорна. Аднак не абышлося i без «браку». У мiнулым годзе было неабгрунтавана асуджана 10 чалавек, вышэйстаячыя судовыя iнстанцыi адмянiлi прыгаворы ў адносiнах да 581 грамадзянiна, яшчэ ў 1155 прыгавораў давялося ўносiць карэктывы. Таксама былi прызнаны не адпавядаючымi закону 1206 рашэнняў па грамадзянскiх справах. Улiчваючы «вал» крымiнальных i грамадзянскiх спраў, здавалася б, не так ужо i шмат памылак дапусцiлi суддзi. Але ж за кожным фактам судзейскага «браку» -— зламаныя лёсы людзей, боль i пакуты. Валянцiн Сукала паведамiў, што суды яшчэ даволi часта прызначаюць больш суровыя пакараннi, чым таго заслугоўваюць злачынцы. Хоць агульная колькасць прыгавораў, звязаных з пазбаўленнем волi, скарацiлася. Летась толькi кожны чацвёрты злачынец трапiў за краты i кожны дзесяты быў аштрафаваны. Для параўнання ў 2002 годзе былi пазбаўлены волi 37 працэнтаў усiх асуджаных, у 2003 годзе — 31 працэнт, у 2004 годзе — 27 працэнтаў. Усяго, паводле iнфармацыi Валянцiна Сукалы, зараз у месцах пазбаўлення волi, разлiчаных на 33.485 чалавек, адбывае пакаранне 31 тысяча 469 асуджаных. Праўда, яшчэ больш за 8 тысяч чалавек утрымлiваецца ў следчых iзалятарах i больш за 2 тысячы ў лячэбна-працоўных прафiлакторыях. Валянцiн Сукала падкрэслiў, што суды павiнны часцей прымяняць альтэрнатыўныя пазбаўленню волi меры пакарання. Вядома ж, на «мяккiя» прыгаворы не могуць разлiчваць асобы, якiя здзейснiлi цяжкiя злачынствы. Летась беларускiя суды вынеслi 2 смяротныя прыгаворы серыйным забойцам. У гэтым годзе выключная мера пакарання, магчыма, будзе прымяняцца часцей. Паводле слоў Валянцiна Сукалы, ужо зараз у судовых установах знаходзiцца 4 «расстрэльныя» справы. Восем «крывавых» злачынцаў атрымалi летась пажыццёвае зняволенне. Зараз у Беларусi налiчваецца больш за 100 такiх «зэкаў».
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Летась беларускiя суды вынеслi 2 смяротныя прыгаворы, 8 злачынцаў атрымалi пажыццёвае зняволенне
|
|