Зубны боль раскажа аб хваробе
Мала знойдзецца шчаслiўчыкаў, якiя не адчулi б на сабе ўсе пакуты ад зубнога болю. Карыес маюць да 95 працэнтаў людзей у свеце. Калi ў вас захварэў зуб, а тэрмiнова звярнуцца да ўрача няма магчымасцi, то стаматолагi прапануюць запомнiць наступныя простыя правiлы.
Нi ў якiм разе нельга грэць хворае месца звонку. Нiколi не хутайце «балячку» ў шалiкi, не прыкладайце хустак, не спiце на хворай шчацэ, бо за ноч падушка наросцiць вам «залiшнюю» трэць твару. Цяпло звонку садзейнiчае толькi з’яўленню непатрэбнага ацёку i ўзмоцнiць запаленчы працэс. Старайцеся грэць хворае месца знутры. Гарачыя паласканнi вельмi карысныя пры абвастрэннях практычна любых стаматалагiчных захворванняў. Пры гэтым амаль усё роўна, чым вы будзеце паласкаць свой зуб. Важна — як. Перш за ўсё паласканне павiнна быць гарачым. Праграваць хворае месца ледзь цёплай вадой бескарысна. Паласканнi павiнны быць частымi, не менш за 5—10 разоў на дзень (чым больш, тым лепш). Зрабіце наступнае: падрыхтуйце лiтровую шклянку з гарачай вадой цi адварамi траў i тазiк, сядзьце больш зручна перад тэлевiзарам, набярыце гарачую ваду за шчаку i глядзiце любiмую праграму. Калi адчуеце, што вада астыла, сплюньце ў тазiк, набярыце новую порцыю i так да поўнага «знiшчэння» слоiка. Праз пару гадзiн паўтарыце ўсю працэдуру. Але памятайце: паласканнi спiртам, каньяком i iншымi «гарачымi» напоямi да гарачых паласканняў не адносяцца. У якасцi асновы для гэтай працэдуры можна выкарыстаць рамонак, шалфей, кару дуба. Заварваць iх трэба з разлiку 1 сталовая лыжка на паўлiтра кiпеню. Настойваць 10 мiнут. Тэмпература адвару павiнна быць 60—70 градусаў. Нават звычайная гарбата i кава таксама падыходзяць. Можна выкарыстаць слабы раствор марганцоўкi цi соды. Аб содзе размова ўвогуле асобая: абеззаражвае яна лепш, але пры гэтым, пры частым ужываннi, можа спалiць слiзiстую абалонку, а пры парадантозе, якi ў той цi iншай ступенi маюць большасць людзей, сода ўвогуле шкодная. Таму паласкаць содай можна нячаста i не моцным растворам. Зубны боль — не проста сiгнал аб запаленнi ў ротавай поласцi. Аказваецца, зубы вельмi адчувальныя да ўнутраных непаладак у арганiзме. Устаноўлена, што кожны захварэўшы зуб напрамую звязаны з нездароўем нейкага з унутраных органаў. Так, пячонка праецыруецца на нiжнiя iклы, аб стане падстраўнiкавай залозы можна меркаваць па малых карэнных зубах, аб захворваннях суставаў ног — па пярэднiх зубах верхняй i нiжняй скiвiцаў. Аб тым, што адбываецца ў страўнiку цi кiшэчнiку, можна меркаваць не толькi па зубах, але i па стану дзёснаў. У тых, хто пакутуе на язву страўнiка цi дванаццацiперснай кiшкi, у большасцi выпадкаў развiваецца парадантоз. Акрамя таго, пры гэтых немачах на зубах абавязкова з’яўляецца вялiкае адкладанне каменю. У залежнасцi ад таго, якi зуб пакутуе на карыес, можна меркаваць, якому ўнутранаму органу патрабуецца дапамога. А калi адзiн i той жа зуб балiць не ў першы раз — гэта сведчыць аб тым, што хвароба, магчыма, зайшла дастаткова далёка, i меры трэба прымаць тэрмiнова, i акрамя стаматолага пайсцi яшчэ да iншага спецыялiста. Калi працэс не спынiць, арганiзм зноў будзе пасылаць у зуб свае сiгналы аб дапамозе. У сваю чаргу, карыес можа стаць прычынай пастаяннай мiгрэнi. Прычым сам зуб, бывае, i не балiць. Галаўны боль у такiх выпадках прыпiсваецца чаму заўгодна — ад грыпу да магнiтнай буры. Асаблiва часта такое здараецца, калi баляць зубы нiжняй скiвiцы i неяк няпэўна балiць уся галава. Пры карыесе на верхняй скiвiцы боль ужо больш канкрэтны: пры болях iклаў аддае ў скронi, а жавальных зубоў — у цеменна-патылiчную вобласць. Стаматолагi сустракаюцца i з такiм зубным болем, пры якiм карыесу ўвогуле няма. А прычына непрыемных адчуванняў крыецца ў рэзкiх скачках цiску, напрыклад, у гiпертанiчных крызах цi прыступах стэнакардыi, або ў запаленнi трайнiчнага нерва. Падрыхтавала Вольга ШАЎКО.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Мала знойдзецца шчаслiўчыкаў, якiя не адчулi б на сабе ўсе пакуты ад зубнога болю
|
|