Старшыня Капыльскага раённага Савета дэпутатаў Марыя САНДРОЗД:
«САВЕТЫ ВУЧАЦЦА ЗАРАБЛЯЦЬ ГРОШЫ...»
Гэтыя людзi выконваюць сцiплую i малапрыкметную работу. Адны з iх працуюць на пастаяннай аснове, атрымлiваючы за гэта заработную плату; другiя робяць тую цi iншую справу на так званых грамадскiх пачатках: кажучы па-народнаму, за «дзякуй»... Аднак працай iх зацiкаўлены вельмi i вельмi многiя людзi. Аднаму з iх патрэбен тэлефон, другому — новы плот каля хаты, трэцяму — спiлаваць на сядзiбе дрэва, якое вось-вось павалiцца i можа прынесцi бяду... Iнакш кажучы, колькi людзей, населеных пунктаў, столькi i надзённых задач, праблем i пытанняў, што патрабуюць вырашэння. — Наша праца насамрэч праходзiць на вачах у людзей, — гаворыць Марыя Сандрозд, старшыня Капыльскага раённага Савета дэпутатаў. — Быць з людзьмi, працаваць для людзей! — гэта зусiм нiякi не дэвiз цi нейкае там крэда — гэта наша надзённая патрэбнасць! Чацвёрты год Марыя Леанiдаўна ўзначальвае райсавет. А да таго, як была выбрана на гэту неспакойную клопатную пасаду, шмат гадоў працавала ў педагагiчнай сферы, даслужыўшыся, як любiць гаварыць яна сама, да паста загадчыцы раённага аддзела народнай адукацыi. Таксама, трэба зазначыць, хлеб не з салодкiх. Аднак i вышэйстаячае кiраўнiцтва — найперш раённае i абласное, а, галоўнае — жыхары Капыльшчыны, паступова, але даволi ўпэўнена, пераканалiся i засведчылi: чалавек яна камунiкабельны, дзелавы, умее знаходзiць з iншымi кантакты, прыходзiць да паразумення... А гэта i ёсць якраз тыя якасцi, якiя на так званай савецкай рабоце проста неабходныя i абавязковыя. Такiм вось чынам i стала Марыя Сандрозд на чале раённага Савета дэпутатаў. — Ускосна працу гэту я ведала, — працягвае яна. — У невялiкiм гарадку, якiм з’яўляецца наш Капыль, кожны службовец раённага маштабу, што называецца, навiдавоку. I ў працоўных адносiнах, i ў бытавых, i ў маральных... Праўда, нават не магла ўявiць, наколькi абавязкi старшынi райсавета сур’ёзныя, шматгранныя i запатрабаваныя. Правоў у старшынi шмат, абавязкаў — больш, прычым — у некалькi разоў. I што б мы нi гаварылi пра заштампаваны выраз «За кожным пытаннем — чалавек!», яго праўдзiвасць i «жыццяздольнасць» не тое што не пацвярджаецца цi аджывае, а, наадварот, паглыбляецца i пашыраецца, набывае новае напаўненне... Гаспадарка ў Марыi Леанiдаўны больш чым вялiкая: 200 вёсак Капыльшчыны. За гады работы на пасадзе старшынi райсавета яна пабывала ў кожнай з iх, i нават не адзiн раз. Сотнi жыхароў раёна ведае ў твар, дзесяткi — як завуць i па прозвiшчах. I гэта не данiна нейкай там модзе, цi больш дакладна — не панiбрацтва, а адзiн са звычайных метадаў зносiнаў яе з людзьмi. «Не-не, — удакладняе мая суразмоўца, — не з падначаленымi i не з грамадзянамi, а з людзьмi, землякамi...». — Сёння дэпутаты мясцовых Саветаў i нашы шматлiкiя актывiсты працуюць па некалькiх асноўных накiрунках, — гаворыць Марыя Сандрозд. — Гэта найперш — выкананне задач, вызначаных Дзяржаўнай праграмай адраджэння i развiцця вёскi на 2005—2010 гады, рэалiзацыя мерапрыемстваў Рэспублiканскай праграмы навядзення парадку на зямлi i добраўпарадкавання тэрыторыi населеных пунктаў, павышэнне якасцi ўкаранёных дзяржаўных мiнiмальных стандартаў. Па кожнай з гэтых праграм задачы i рубяжы вызначаны канкрэтна i абгрунтавана, так што справа зараз за намi... Ужо летась на карце раёна з’явiўся першы аграгарадок — Семежава. Старадаўняя беларуская вёска i раней вабiла сваёй прыгажосцю i непаўторнасцю. Аднак неставала ёй нейкай унутранай цэласнасцi, закончанасцi ў добраўпарадкаваннi. Кiраўнiцтва тамтэйшага сельскагаспадарчага вытворчага кааператыва «Семежава» з мясцовым сельскiм Саветам пры падтрымцы i фiнансавай дапамозе раённых уладаў скаардынавалi дзейнасць. 2 мiльярды 538,6 мiльёна рублёў склаў аб’ём фiнансавых сродкаў, выдаткаваных на завяршэнне будаўнiцтва аграгарадка. I Семежава не тое што пераўтварылася лiтаральна на вачах, а набыло новы жыццёвы змест. Увачавiдкi, пераканалiся мы падчас паездак па раёну, мяняецца аблiчча i iншых населеных пунктаў. Спланаванае i дакладна кантралюемае жыллёвае будаўнiцтва лiтаральна ва ўсiх гаспадарках толькi ў мiнулым годзе дазволiла справiць адразу 130 наваселляў. «Уяўляеце, колькi шчаслiвых сем’яў з’явiлася ў нашых вёсках! — з гонарам канстатуе Марыя Леанiдаўна. — Не меншы гонар за паляпшэнне жыллёвых умоў адчулi i ўладальнiкi 122 дамоў i кватэр, у якiя падведзена прыроднае блакiтнае палiва. Прывяду i яшчэ некалькi лiчбаў. Агульнымi намаганнямi праведзена рэканструкцыя i будаўнiцтва 480 кiламетраў электрасетак, i сёння ўсе 200 вёсак Капыльшчыны маюць вулiчнае асвятленне. У маланаселеныя пасёлкi Бучацiнскага, Доктаравiцкага, Камсамольскага, Слабада-Кучынскага i Грозаўскага сельсаветаў праведзена тэлефонная лiнiя». Не сакрэт: сапраўдным бiчом вясковага жыцця стала апошнiм часам масавае закрыццё i нават лiквiдацыя мясцовых магазiнаў, лазняў, комплексных прыёмных пунктаў. Раённы Савет дэпутатаў пры актыўным удзеле сельскiх саветаў, дакладна вывучыўшы абстаноўку ў кожным населеным пункце, не марудзячы распачаў працу i па гэтай праблеме. Адчынiлi новы магазiн у вёсцы Страхiнi, 22 гандлёвыя кропкi рэканструявалi, яшчэ 90 — капiтальна адрамантавалi. «I што характэрна, — зазначае старшыня райсавета, — сельскiя жыхары пачалi не толькi актыўна купляць тавары шырокага ўжытку, але i браць крэдыты на iх набыццё. Летась крэдытаў аформлена на суму 640 мiльёнаў рублёў». З лазнямi наогул была ўжо ледзь цi не анекдатычная сiтуацыя: яны, што называецца, знiклi як сацыяльна-камунальныя аб’екты. Дэпутаты мясцовых саветаў i тут праявiлi актыўнасць i разваротлiвасць: ведалi ж, што патрэбу ў лазнях вяскоўцы заўсёды адчувалi i адчуваюць. Закiнутыя ўжо памяшканнi абследавалi, адрамантавалi i, надаўшы iм, такiм чынам, прыстойны выгляд, зноў запрасiлi ў iх аматараў парылкi! Сёння 15 лазняў аднавiлi сваю працу, i сотнi наведвальнiкаў рэгулярна спяшаюцца ў iх — нават з горада! Тое ж «атрымалася» i з вясковымi комплекснымi прыёмнымi пунктамi... «У 2000 годзе, — расказвае Марыя Сандрозд, — iх дзейнасць на тэрыторыi раёна таксама была лiквiдавана. Сёння яны аднавiлi сваю працу ўжо ў 16 вёсках. Адзiнаццаць вiдаў сацыяльна значных паслуг атрымлiваюць у iх вяскоўцы. Скажу шчыра: за гэта мы штодзённа атрымлiваем ад iх вялiкую падзяку...» Дробязi? Не сказаў бы! Бо гэта — сапраўдная ўвага да чалавека працы, яго штодзённага жыцця. Не вiна наша, а бяда, што пэўны час назад мы — усе разам! — адвярнулiся ад тых, хто нас, у прамым сэнсе слова, кормiць i поiць, хто, не зважаючы на цяжкiя ўмовы працы i жыцця, па-ранейшаму шчыраваў i, дзякуй Богу, шчыруе ў сельскагаспадарчай вытворчасцi. Цяпер жа, рэальна ўбачыўшы i адчуўшы сваю патрэбнасць грамадству, павагу да сваёй працы, вясковец — можна не сумнявацца! — будзе працаваць на сваiм рабочым месцы яшчэ ахвотней! — Так, гэта зусiм не дробязi, — у голасе Марыi Леанiдаўны — заслужаны гонар за сваю працу. — Практычна ў кожную нашу вёску сёння прыемна заехаць цi зайсцi. Толькi летась у кожным з 13 сельсаветаў праведзена вялiкая работа па добраўпарадкаванню населеных пунктаў. Пабудавана 20 кiламетраў агародж, спiлавана каля 1300 аварыйна небяспечных дрэў, знесены 32 старыя будынкi, капiтальна добраўпарадкаваны 66 могiлак, звыш 320 смеццезвалак... Увесь гэты аб’ём работ выкананы сельскiмi дэпутатамi i актывiстамi, як кажуць, уласнымi рукамi. «Людзi, — гаворыць Марыя Сандрозд, — у большасцi вёсак ахвотна пагаджаюцца дапамагаць нам, асаблiва — падчас добраўпарадкавання населеных пунктаў. I тут неацэнную дапамогу аказваюць старэйшыны, якiя выбраны ў 178 вёсках раёна. Добра разумеючы, што сродкаў у саветаў практычна няма, яны мабiлiзоўваюць сваiх землякоў на добраахвотную працу...» Так, фiнансаванне сельскiх саветаў — пытанне вострае. Таму на адным з пасяджэнняў райсавета Марыя Сандрозд прапанавала iдэю стварэння пры сельвыканкамах унiтарных комплексных брыгад. Гэту iнiцыятыву першымi падтрымалi ў Цiмкавiцкiм сельскiм Савеце. Неўзабаве такая ж брыгада пачне працаваць i ў Доктаравiчах. — Ужо летась сельскiя саветы змаглi папоўнiць свае сцiплыя рахункi 100 мiльёнамi рублёў пазабюджэтных сродкаў, — дадае старшыня райсавета. — Так, няшмат, але гэта — першая ластаўка, прыклад таго, як трэба зараз дзейнiчаць... ...Будзеце на Капыльшчыне, завiтайце ў тамтэйшыя вёскi: Ванелевiчы цi Цiмкавiчы, Скабiн цi Руднае, Канюхi цi Кiевiчы... Палюбуйцеся краявiдамi, дагледжанасцю i прывабнасцю гэтых населеных пунктаў. I пераканайцеся: сёння беларуская вёска перажывае сапраўднае адраджэнне! Анатоль МЯСНIКОЎ. Капыльскi раён.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
«САВЕТЫ ВУЧАЦЦА ЗАРАБЛЯЦЬ ГРОШЫ...» |
|