Даведку змогуць прывезцi дахаты
Барыс ПРАКОПЧЫК
Работа па прынцыпу «аднаго акна» ў Гродне, як i ў цэлым у краiне, рэгламентавана адпаведнымi дзяржаўнымi рашэннямi, аднак у працэсе iх рэалiзацыi ўзнiкаюць праблемы i новыя задачы. Вось што на гэты конт думаюць i як дзейнiчаюць кiраўнiкi шэрагу гарадскiх структур.
Мiкалай ПЯТРОВIЧ, генеральны дырэктар прадпрыемства «Гродзенская жыллёва-камунальная гаспадарка»: — На базе раённых упраўленняў мы стварылi разлiкова-даведачныя цэнтры (РДЦ). Там вырашаюцца такiя пытаннi, як налiчэнне безнаяўных жыллёвых субсiдый, выдача даведак, тэхнiчных умоў, прапiска i выпiска, юрыдычныя кансультацыi аб парадку разлiкаў за жыллёва-камунальныя паслугi. РДЦ абслугоўвае клiентаў трох-чатырох ЖЭСаў, у цэнтры сканцэнтравана неабходная колькасць бухгалтараў, юрыстаў, пашпартыстаў, якiя працуюць штодня, акрамя нядзелi, з васьмi да дваццацi гадзiн. З якiм бы пытаннем нi звярнуўся чалавек, ён заўсёды атрымае дакладны адказ або неабходную даведку. Прычым гэта можа быць любая праблема, звязаная з жыллёва-камунальнай гаспадаркай — па падачы вады, ацяпленню... Усё фiксуецца ў спецыяльным журнале i перадаецца пад жорсткi кантроль у нашу цэнтральную аварыйную дыспетчарскую службу. Будзем развiваць i ўдасканальваць свае паслугi. Ужо сёння, напрыклад, чалавек можа заказаць даведку па тэлефоне, папярэдне ўзгаднiўшы час яе атрымання. Пётр ВАЛАДЗЬКО, дырэктар УЖРЭП Кастрычнiцкага раёна г. Гродна: — Людзi падтрымлiваюць парадак, па якому цяпер дзейнiчаюць разлiкова-даведачныя цэнтры, але мы спыняцца на дасягнутым не збiраемся, бо ёсць што паляпшаць. Узяць, да прыкладу, тыя ж даведкi. У кагосьцi не хапае часу, а можа, i жадання прыйсцi да нас за нейкай паперай. Але чалавек гатовы заплацiць пэўную суму, каб яму гэту даведку прывезлi дамоў. Цяпер мы ўзгадняем цану на такую паслугу i будзем яе аказваць, нават калi клiенту гэта трэба тэрмiнова, на працягу гадзiны. А заробленыя грошы мяркуем выкарыстоўваць не для свайго прадпрыемства, а на абслугоўванне тых людзей, якiм па стану здароўя цяжка прыйсцi за той жа даведкай — iм плануем дастаўляць iх бясплатна. Сярод нашых блiжэйшых задач таксама стварэнне Iнтэрнэт-сайта, каб не толькi прапаноўваць сваю iнфармацыю, але i атрымлiваць прапановы ад клiентаў i на iх падставе паляпшаць i пашыраць жыллёва-камунальныя паслугi. Вiктар ШАРЭЙКА, дырэктар прадпрыемства «Гроднаводаканал»: — Кожнаму жыхару горада, якi прыйшоў да нас, сёння не трэба блукаць па кабiнетах. Усе свае пытаннi можна вырашыць у адным месцы, у любога з пяцi аператараў, для якiх набылi добрую мэблю, аргтэхнiку. Гэта датычыцца не толькi разлiкаў за камунальныя паслугi, але i атрымання тэхнiчных умоў на падключэнне сiстэм водазабеспячэння, рамонту сетак, iншых пытанняў. У нас, дарэчы, арганiзаваны i прыём плацяжоў. Акрамя таго, мы заключылi дагаворы з банкамi, i насельнiцтву цяпер неабавязкова чакаць плацёжную квiтанцыю: можна прыйсцi ў банк, назваць сваё прозвiшча, адрас, асабовы рахунак i яму адразу скажуць, колькi трэба заплацiць. На мой погляд, вельмi важна стварыць адзiны iнфармацыйны цэнтр, каб базай даных, якiя ёсць у нас, маглi карыстацца i iншыя камунальныя службы горада, а мы, у сваю чаргу, мелi доступ да iх базы. У прыватнасцi, нам патрэбна iнфармацыя аб колькасцi жыльцоў у кватэры, хто прапiсаўся, выпiсаўся. А ў разлiкова-даведачным цэнтры жыллёва-камунальнай службы павiнны быць усе неабходныя звесткi па разлiках за тую ж ваду, каб чалавек, прыйшоўшы ў РДЦ, атрымаў там неабходныя яму тлумачэннi i не трацiў час на вiзiт да нас. Уладзiмiр АНIСIМАЎ, галоўны архiтэктар г. Гродна: — Хочам мы таго або не, аднак разбiраючы сiтуацыю канкрэтнага чалавека, напрыклад, па будаўнiцтву, рэканструкцыi дома цi пабудовы, архiтэктурная служба залежыць ад усяго спектра пытанняў, якiя знаходзяцца ў кампетэнцыi iншых арганiзацый — жыллёва-камунальных, зямельнага кадастра, «Гроднаводаканала», нават мiлiцыi. Таму сёння, калi мы хочам скарацiць колькасць пiсьмаў, заяў, паходаў чалавека па iнстанцыях, раённы архiтэктар павiнен аб’ехаць усе гэтыя службы. Вырашэнне праблемы — наладзiць дакладную сiстэму збору iнфармацыi, «цэнтральны камп’ютар», каб адной сеткай былi звязаны базы даных усiх арганiзацый. Запрасiў той цi iншы адрас — i маеш канкрэтную iнфармацыю, што там на зямлi, што пад зямлёй, якая сiтуацыя з суседзямi, цi ёсць саўладальнiкi гэтай нерухомасцi i г.д.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Работа па прынцыпу «аднаго акна» ў Гродне, як i ў цэлым у краiне, рэгламентавана адпаведнымi дзяржаўнымi рашэннямi, аднак у працэсе iх рэалiзацыi ўзнi
|
|