«Адно акно». І лішняе звяно...
Сяргей ГРЫБ
Ад Мiнска да Асiповiчаў — дзве гадзiны на электрычцы. Прычым якраз падобная акалiчнасць шмат у чым вызначае саму спецыфiку гэтага раёна. З аднаго боку, у выпадку неабходнасцi пераважная большасць мясцовых жыхароў мае магчымасць карыстацца традыцыйна больш развiтай iнфраструктурай сталiцы. Але з iншага — не сакрэт: буйны горад заўсёды прыцягвае моладзь. I, адпаведна, добрыя транспартныя зносiны з iм вядуць да павелiчэння колькасцi тых, хто мае патрэбу ў сацыяльнай падтрымцы.
330 мнагадзетных сем’яў, 410 удзельнiкаў вайны, 3,2 тыс. адзiнокiх цi адзiнока пражываючых грамадзян, 3,8 тыс. iнвалiдаў, а таксама 14,5 тыс. пенсiянераў. Паводле слоў начальнiка раённага ўпраўлення па працы i сацыяльнай абароне Тамары Бурак, значнай частцы гэтых людзей неабходна дапамога. Летась толькi на рамонт печак i замену старой электраправодкi з мясцовага бюджэту было выдаткавана 35 млн рублёў, а сёлета, як чакаецца, сума ўзрасце ўдвая. — Кожны год сумесна з работнiкамi тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельнiцтва, сельсаветаў i прадстаўнiкоў адукацыi мы па чарзе праводзiм абследаваннi ўмоў жыцця ўдзельнiкаў вайны, адзiнокiх пенсiянераў, мнагадзетных i няпоўных сем’яў, — гаворыць Тамара Бурак. — Такiм чынам, збiраецца поўная iнфармацыя — што i каму патрэбна. А потым складаецца план работы. Хоць варта адразу заўважыць, што ў рэшце рэшт дапамога аказваецца не ўсiм — перавага аддаецца грамадзянам цi сем’ям, якiя маюць нiзкi даход. Праўда, казаць, што сацыяльныя службы «знаходзяць» усе праблемы выключна ўласнымi сiламi, усё ж не выпадае. Адначасова людзi прыходзяць самi. I, дарэчы, такiх наведвальнiкаў нямала — больш чым дзве сотнi чалавек у месяц. Вядома, што перш-наперш падобная «папулярнасць» тлумачыцца непасрэдна вялiкiмi памерамi раёна. Але не толькi. Не менш важная прычына — на Асiповiччыне адны з першых у краiне перайшлi на работу па прынцыпу «аднаго акна». — На 90 працэнтаў гэты прынцып працаваў ужо даўно, — працягвае Тамара Бурак. — Аднак варта пагадзiцца, што некаторыя працэдуры атрымання дапамогi былi заблытанымi настолькi, што часам разабрацца ў iх простаму чалавеку аказвалася цяжка. А тым больш цяжка — сабраць неабходныя паперы. Таму было вырашана ўвесцi адно змяненне. Калi раней заява на атрыманне адраснай цi iншай сацыяльнай дапамогi без пэўнага пакета дакументаў проста не прымалася, то зараз мы можам сабраць частку гэтых дакументаў самi. Перш-наперш у раёне падрыхтавалi своеасаблiвыя «даведнiкi» са звесткамi, якiя дакументы патрэбны для той цi iншай падтрымкi, i змясцiлi гэту iнфармацыю ў самых заўважных месцах упраўлення па працы i сацыяльнай абароне, тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельнiцтва, сельсаветах. А потым вырашылi дапоўнiць «стандартную» заяву прэтэндэнта на дзяржаўную падтрымку некалькiмi радкамi. I зараз чалавек, якi пiша такую заяву, абавязаны паведамiць, якiя паперы ён можа прынесці сам, а якiя даручае сабраць сацыяльнай службе. Натуральна, што апошняя паслуга — цалкам бясплатная. I пры гэтым на яе аказанне адводзяцца строгiя тэрмiны. Да прыкладу, пры афармленнi адраснай сацыяльнай дапамогi гаворка iдзе аб пяцi працоўных днях, а пры афармленнi дзiцячых дапамог цi пенсiй — аб дзесяцi. — Вызначана, што чалавек мусiць прадстаўляць толькi дакументы, якiя знаходзяцца ў яго «на руках», скажам, пашпарт цi пасведчанне аб нараджэннi, — удакладняе Тамара Бурак. — А вось дакументы, па якiя трэба звяртацца ў розныя iнстанцыi (да прыкладу, даведка аб саставе сям’i, даведка аб атрыманнi жыллёвай субсiдыi, дапамогi па беспрацоўю, пенсii), можа стаць ужо клопатам нашай службы. Аднак спрошчаны парадак збору папер — вынаходнiцтва не адзiнае. У Асiповiчах пайшлi далей, i, для зручнасцi, прадоўжылi работу дзяжурных спецыялiстаў упраўлення працы i сацыяльнай абароны да 20 гадзiн. А таксама — работу тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельнiцтва. Зараз у выпадку неабходнасцi скарыстацца паслугамi цэнтра можна i да абеду па суботах. Яшчэ адно новаўвядзенне — стварэнне разлiковага цэнтра па аплаце за камунальныя паслугi. Знiкла неабходнасць плацiць за ацяпленне, ваду цi лiфты адразу па некалькiх квiтках — зараз квiток стаў адзiны. Нарэшце, таксама цiкавы напрамак — работа ў аддаленых вёсках. — Тры гады таму ў вёсках, дзе няма сацыяльнай iнфраструктуры i якiя знаходзяцца на адлегласцi 40—50 кiламетраў ад райцэнтра, былi створаны так званыя дамы сацыяльных паслуг, — распавядае Тамара Бурак. — Варыянты тут выкарыстоўвалiся розныя: такiя дамы адчынялiся або ў памяшканнях, якiя па тых цi iншых прычынах сталi пуставаць, або нават у прыватных хатах. Аднак сэнс быў агульным. Кожны жыхар вёскi мае права зайсцi ў дом сацыяльных паслуг i пакiнуць сваю заяўку ў спецыяльным сшытку. Потым сшытак перадаецца ў сельсавет. У сваю чаргу сельсавет паведамляе ўсю iнфармацыю нам. А мы, з улiкам пажаданняў, фармiруем брыгаду i раз у месяц выязджаем у вёску. Як паказвае практыка, найбольшым попытам вяскоўцаў карыстаюцца работнiкi аптэкi, урачы, натарыусы, бытавiкi, фатографы. Фактычна прынцып «аднаго акна» ў раёне пачаў працаваць яшчэ летась. Прычым амаль усе перакананы: ён прыйшоўся дарэчы. Хоць нельга не заўважыць, што вырашыць усе пытаннi тут пакуль не ўдалося. I цi не самай складанай на сёння падаецца праблема... «нестыкоўкi» нарматыўных актаў розных ведамстваў. Вось сiтуацыя. Перад тым, як аформiць догляд за iнвалiдам I групы, работнiкам упраўлення па працы i сацыяльнай абароне трэба даведка медустановы, што такi догляд на самай справе патрэбны. Але перад тым, як атрымаць медыцынскую даведку, неабходна прынесцi накiраванне... з таго ж упраўлення па працы i сацыяльнай абароне. Атрымлiваецца, што чалавек павiнен прыходзiць ва ўпраўленне двойчы. I чаму яму трэба накiраванне на медагляд — не зусiм зразумела... Дарэчы, падобны прыклад — не адзiны. Аналагiчны лiшнi «паход па iнстанцыях», у прыватнасцi, даводзiцца рабiць i тым, хто хоча стаць апекуном. — Пераканана, што з падобнымi сiтуацыямi ўжо сутыкнулiся не толькi на Асiповiччыне, — зазначае Тамара Бурак. — Таму, вiдаць, ёсць сэнс падумаць аб узгодненай нарматыўнай базе i ўзаемадзеяннi памiж рознымi структурамi на ўзроўнi ўсёй Беларусi. Па сутнасцi, некаторыя «лiшнiя крокi» можна проста ўбраць. I ў вынiку — спрасцiць працэдуру атрымання дапамогi. Мiнск—Асiповiчы. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Ад Мiнска да Асiповiчаў — дзве гадзiны на электрычцы. Прычым якраз падобная акалiчнасць шмат у чым вызначае саму спецыфiку гэтага раёна |
|