Адказ усяго за два тыднi
Аляксандр ПУКШАНСКI
Звароты гараджан Вiцебскай вобласцi лiчацца «лакмусавай паперкай» у ацэнцы эфектыўнасцi работы органаў мясцовага самакiравання.
Апошнiм часам вiцябляне, якiя пiшуць у гарвыканкам, у тым лiку ў падраздзяленнi ЖКГ, у большасцi выпадкаў атрымлiваюць афiцыйныя адказы на працягу 15 дзён. Звяртаюцца грамадзяне са сваiмi праблемамi i ў днi iнфармавання: у мiнулым годзе такiм чынам было зададзена больш за 400 актуальных пытанняў. Своечасовыя адказы i прымаемыя меры па вырашэнню праблем гараджан дазваляюць пазбегнуць непатрэбнай папяровай валакiты i робяць мясцовую ўладу больш даступнай. Паводле слоў начальнiка аддзела Вiцебскага гарвыканкама па рабоце са зваротамi грамадзян Вольгi Радзько, у 2005 годзе ў гарвыканкам паступiла больш як 3,1 тысячы зваротаў, што амаль на 400 менш, чым у пазамiнулым. Прыкладна адна трэць iх датычыць работы сферы ЖКГ i паляпшэння жыллёвых умоў. Кiраўнiкi гэтага органа ўлады прынялi ў гарвыканкаме 431 гараджанiна i 155 — на прадпрыемствах i ў арганiзацыях горада. Як расказала Вольга Радзько, асаблiвая ўвага надаецца разгляду калектыўных i паўторных зваротаў. I ў вынiку ў параўнаннi з пазамiнулым годам iх колькасць зменшылася. Найперш улады стараюцца дапамагчы ветэранам Вялiкай Айчыннай вайны, якiя звярнулiся па дапамогу. Летась 80 ветэранам аказалi матэрыяльную дапамогу на агульную суму больш як 3,3 мiльёна рублёў, пабудавалi для iх 31 кватэру, за кошт мясцовага бюджэту адрамантавалi 33 кватэры. Тое, што адказы з гарвыканкама (у большасцi выпадкаў) не проста адпiска, пацвярджаюць наступныя прыклады. У прыватнасцi, асобная ўвага надаецца вырашэнню праблем жыхароў гарадскiх ускраiн. У пасёлку Васьковiчы, аб iснаваннi якога ведаюць нямногiя жыхары цэнтральных раёнаў Вiцебска, праклалi водаправод i газаправод. А ў гэтым годзе выдзелена яшчэ 240 мiльёнаў рублёў на ўладкаванне дарог. У пасёлках Цiраспаль i Мiшкава дзякуючы сучасным сiстэмам абезжалезвання з’явiцца ў дамах чыстая вада. У пасёлку Тарны будзе завершаны рамонт водаправода i каналiзацыi. У пасёлку Загор’е на вулiцы Рассветнай плануецца заасфальтаваць дарогу, а на Яснай у гэтым годзе будзе ўладкавана новая дарога (жыхары гэтай вулiцы летам былi на прыёме ў старшынi Вiцебскага гарвыканкама). У пасёлку Тулава пракладзены водаправод, выдзелены грошы i на рэканструкцыю мясцовых аўтадарог... На думку работнiкаў Вiцебскага гарвыканкама, у рабоце са зваротамi грамадзян добра зарэкамендавалi сябе «выязныя прыёмныя», калi гараджан выслухоўваюць кiраўнiкi рэспублiканскiх мiнiстэрстваў i камiтэтаў. Не заўсёды ж, як гаворыцца, на месцы можна вырашыць пытанне, якое знаходзiцца ў кампетэнцыi рэспублiканскiх афiцыйных структур. Напрыклад, вiцебскiя вынаходнiкi i рацыяналiзатары падзялiлiся сваiмi iдэямi з кiраўнiцтвам Камiтэта па навуцы i тэхналогiях.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Звароты гараджан Вiцебскай вобласцi лiчацца «лакмусавай паперкай» у ацэнцы эфектыўнасцi работы органаў мясцовага самакiравання
|
|