Пасля Чарнобыля. Пытаннi i адказы
Мікалай ЛІТВІНАЎ
На пытаннi чытачоў «Звязды» адказвае старшыня Камiтэта па праблемах наступстваў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС пры Савеце Мiнiстраў Рэспублiкi Беларусь Уладзiмiр Рыгоравiч Цалко
(Працяг. Пачатак у нумары за 21 лютага.) Рыгор Пiлiпавiч Бондараў, г. Ветка: — Чаму ў забруджаных раёнах забаронена прыватызацыя жылля? Цi плануецца ўносiць якiя-небудзь змены ў гэты парадак? — Сапраўды, у адпаведнасцi з п. 5 Палажэння аб прыватызацыi жылых памяшканняў у дамах дзяржаўнага жыллёвага фонду, iх эксплуатацыi i рамонце (зацверджана пастановай Савета Мiнiстраў Рэспублiкi Беларусь ад 21 верасня 2001 года) жылыя памяшканнi, якiя знаходзяцца ў зоне эвакуацыi (адчужэння), першачарговага i наступнага адсялення, не падлягаюць прыватызацыi. Такiм чынам, грамадзяне, што жывуць у зоне з правам на адсяленне падчас пераезду на пастаяннае жыхарства ў iншыя населеныя пункты не маюць права на прыватызацыю жылля, якое яны займаюць. Такi парадак зараз устаноўлены, уносiць у яго карэктывы пакуль не плануецца. Разам з тым, заканадаўствам прадугледжаны важкiя сацыяльныя гарантыi для жыхароў забруджаных тэрыторый. Гэта абумоўлена палiтыкай сацыяльнай абароны насельнiцтва, пацярпеўшага ад аварыi на Чарнобыльскай АЭС, якую праводзiць дзяржава. Яна скiравана на стымуляванне перасялення жыхароў з забруджаных тэрыторый у больш спрыяльныя i бяспечныя па ўзроўню радыяцыi рэгiёны. Грамадзянам, якiя пагадзiлiся на пераезд, прадстаўляюцца льготы i гарантыi, у лiку якiх атрыманне грашовай кампенсацыi i раўнацэннага жылля. Павел Сяргеевiч Руткевiч, г. Салiгорск: — Цi плануецца ўнесцi якiя-небудзь змяненнi ў сiстэму «чарнобыльскiх» iльгот? Калi гэта плануецца зрабiць? — У адпаведнасцi з даручэннем кiраўнiка дзяржавы зараз праводзiцца работа па ўдасканальванню заканадаўства аб сацыяльнай абароне грамадзян, якiя пацярпелi ад катастрофы на Чарнобыльскай атамнай электрастанцыi. Канкрэтныя прапановы на гэты конт павiнны быць прадастаўлены на разгляд да 1 студзеня 2007 года. Валянцiна Дзмiтрыеўна Галубенка, г. Лiда: — Я i мой муж — удзельнiкi лiквiдацыi наступстваў аварыi на ЧАЭС (19-ы артыкул). Звярнулiся ў раённы цэнтр па аздараўленню за пуцёўкамi. Там адказалi, што сёлета няма адпаведнага фiнансавання. Дык чаму нам не выдзелiлi пуцёўкi для аздараўлення? — Праблема, Валянцiна Дзмiтрыеўна, сапраўды iснуе i яна абумоўлена тым, што зараз канчаткова не вырашана пытанне наконт аб’ёмаў сродкаў, што выдзяляюцца на гэтыя мэты. Адпаведна, застаецца вострым пытанне аздараўлення i санаторна-курортнага лячэння дзяцей, iнвалiдаў i выплаты кампенсацый за пуцёўкi, якiя не былi выкарыстаны ў мiнулым годзе. Спадзяёмся, што ў блiжэйшы час гэта праблема будзе вырашана. Васiль Канстанцiнавiч Фёдараў, г. Мiнск: — Чуў, што была прынята чарговая «чарнобыльская» праграма. Якiя яе асноўныя прыярытэты, што намячаецца зрабiць? — Галоўныя прыярытэты чарговай (дарэчы, чацвёртай па лiку) Дзяржаўнай праграмы па пераадоленню наступстваў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС, якая разлiчана на 2006—2010 гады, — паляпшэнне якасцi жыцця, аднаўленне здароўя, экалагiчная i сацыяльна-эканамiчная рэабiлiтацыя забруджаных радыенуклiдамi тэрыторый. Зыходзячы з гэтага, у ёй абгрунтаваны комплекс першачарговых мераў. У першую чаргу яны скiраваны на ўдасканальванне заканадаўчай i нарматыўнай прававой базы па мiнiмiзацыi наступстваў аварыi на ЧАЭС, абустройства забруджаных тэрыторый, будаўнiцтва жылля, школ, бальнiц, дашкольных устаноў. Плануецца працягваць далейшую пераспецыялiзацыю сельскагаспадарчых прадпрыемстваў, газiфiкацыю ўсiх населеных пунктаў i iндывiдуальных жылых дамоў у зоне забруджвання па цэзiю-137 звыш 5 кюры на квадратны кiламетр i там, дзе доза апраменьвання складае больш за 1 мiлiзiверт у год. Гэта прыблiзна каля 8,5 тысячы дамоў. Мяркуецца ўвесцi ў эксплуатацыю 463 кiламетры газаразмеркавальных сетак. Таксама ў цэнтры ўвагi — забеспячэнне насельнiцтва якаснай пiтной вадой. Плануецца будаўнiцтва новых крынiц водаспажывання, развiццё 150 км водаправодных сетак. Дзяржава бярэ на сябе абавязак гарантаваць атрыманне нарматыўна чыстай прадукцыi на забруджаных тэрыторыях, як у грамадскiм, так i ў прыватных сектарах сельскагаспадарчай вытворчасцi. Дасягнуць гэтага плануецца праз рэалiзацыю мэтавых мерапрыемстваў праграмы па пераадоленню наступстваў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС на 2006—2010 гады. Для выканання пастаўленых задач дзяржава выдзяляе ў прагнозных цэнах 2006 года 3 трлн 174 млрд рублёў з рэспублiканскага i 160,8 млрд рублёў — з мясцовых бюджэтаў. Выдаткi на мiнiмiзацыю наступстваў аварыi на ЧАЭС стабiльна павялiчваюцца: для параўнання нагадаю, што на рэалiзацыю папярэдняй Дзяржпраграмы з рэспублiканскага бюджэту было накiравана больш чым 1,9 трлн рублёў. Расцiслаў Iванавiч Паслед, г. Ваўкавыск: — Я з’яўляюся ўдзельнiкам лiквiдацыi наступстваў Чарнобыльскай катастрофы, iнвалiд другой групы (артыкул 18). У мяне шмат захворванняў — сардэчна-сасудзiстыя, цукровы дыябет, прастатыт. 26 студзеня гэтага года мне выдалiлi нырку. Цэнтр аздараўлення выдзелiў мне на жнiвень пуцёўку ў мясцовы санаторый «Энергетык», праўда, у двухмесным нумары. Улiчваючы стан майго здароўя, хацелася б, каб прадаставiлi аднамесны, аднак у раённым цэнтры аздараўлення, куды я звярнуўся з такой просьбай, мне адмовiлi... — У адпаведнасцi з заканадаўствам, за кошт сродкаў рэспублiканскага бюджэту i дзяржаўнага сацыяльнага страхавання пуцёўкi на санаторна-курортнае лячэнне з пражываннем у нумарах «люкс» i «паўлюкс» не набываюцца. У вашым выпадку пуцёўка набыта менавiта за згаданыя сродкi, таму дзеяннi спецыялiста, якi адмовiў у выдзяленнi аднамеснага нумара, правамоцныя. Вырашыць пытанне магчыма ўжо на месцы, пасля прыезду ў санаторый — па ўзгадненню з яго адмiнiстрацыяй за дадатковую плату вам можа быць прадастаўлены нумар павышанай камфортнасцi. Таццяна Фёдараўна Акулiч, г. Мазыр: — У 1992 годзе я атрымала пасведчанне ўдзельнiка лiквiдацыi наступстваў аварыi на Чарнобыльскай АЭС па артыкуле 19. З 16 студзеня 2002 г. з-за хваробы перайшла на 18-ы артыкул. Тады ж Мiнiстэрства аховы здароўя забрала пасведчанне як сапсаванае (у iм замест Фёдараўна запiсалi Фядотаўна) i ўзамен выдаў часовую даведку. I вось ужо чатыры гады ў розных iнстанцыях, дзе мне прыходзiцца яе прад’яўляць, чую папрокi: маўляў, дакумент несапраўдны, лiквiдатары павiнны мець спецыяльнае пасведчанне. Дзе я магу яго атрымаць? — За атрыманнем дублiката пасведчання або даведкi ўстаноўленага ўзору неабходна звярнуцца ў камiсiю, якой вам, Таццяна Фёдараўна, быў устаноўлены статус удзельнiка лiквiдацыi наступстваў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС. У дадзеным выпадку гэта Мiнiстэрства аховы здароўя. Дарэчы, зараз сапраўдныя i пасведчаннi, i даведкi ўстаноўленага ўзору. Гэта пацвярджаецца тым, што льготы вам прадастаўляюцца ў поўным памеры. У.А. Карпач, г. Нясвiж, В.С. Алейнiк, Пастаўскi раён: — Цi належаць удзельнiку лiквiдацыi наступстваў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС якiя-небудзь надбаўкi да пенсii? — Законам Рэспублiкi Беларусь «Аб сацыяльнай абароне грамадзян, якiя пацярпелi ад катастрофы на Чарнобыльскай АЭС» грамадзянам, якiя ў 1986—1987 гадах удзельнiчалi ў лiквiдацыi наступстваў аварыi на ЧАЭС i карыстаюцца льготамi ў адпаведнасцi з артыкулам 20 гэтага закона, надбаўка да пенсii не прадугледжана. Мiхаiл Пятровiч Васiлевiч, Вiлейскi раён: — Наколькi мне вядома, рыхтуюцца змены па дапушчальных нормах утрымання радыенуклiдаў у прадуктах харчавання. Якiя абмяркоўваюцца варыянты? — Зараз дакладна магу сказаць адно — плануецца зрабiць больш жорсткiя дапушчальныя ўзроўнi ўтрымання радыенуклiдаў у мясе, у прыватнасцi, гаворка вядзецца пра ялавiчыну. Нормы, якiя дзейнiчаюць зараз, складаюць 600 Бекерэляў на кiлаграм, прапануецца зрабiць iх 370. Iван Паўлавiч Арцюх, г.п. Лельчыцы: — У адпаведнасцi з заканадаўствам, да 1995 года лiквiдатары карысталiся 50-працэнтнай скiдкай пры аплаце за камунальныя паслугi i за праезд у гарадскiм транспарце. Пасля льготы былi прыпынены. Якi далейшы лёс гэтага пытання? — Зараз iльготы i прывiлеi, якiя ўстаноўлены Законам Рэспублiкi Беларусь «Аб сацыяльнай абароне грамадзян, якiя пацярпелi ад катастрофы на Чарнобыльскай АЭС», удзельнiкам лiквiдацыi аварыi на ЧАЭС прадастаўляюцца ў поўным памеры, за выключэннем тых, дзеянне якiх было прыпынена Указам Прэзiдэнта Рэспублiкi Беларусь ад 1 верасня 1995 года № 349 «Аб упарадкаваннi некаторых ільгот для асобных катэгорый грамадзян». У iх лiку — бясплатны праезд i 50-працэнтная скiдка пры аплаце камунальных паслуг. Пасля выдання згаданага ўказа нарматыўных дакументаў, у адпаведнасцi з якiмi былi б адноўлены названыя вышэй льготы, не прымалася. Наталля, Мiнскi раён: — Мы былi пераселены з Хойнiцкага раёна ў Мiнскi. Мой бацька — удзельнiк лiквiдацыi наступстваў аварыi на Чарнобыльскай АЭС (18-ы артыкул), а мацi — пацярпеўшая ад аварыi на ЧАЭС (22-i артыкул). Яны атрымалi жыллё — двухпакаёвую кватэру. Бацька памёр у мiнулым годзе, мацi (ёй 78 гадоў) жыве адна ў гэтай кватэры. Мы з мужам i дзецьмi таксама былi пераселены, аднак правам на атрыманне жылля не скарысталiся. Кватэра, дзе мы жылi ўвесь гэты час, належыць мужу. Дзецi дарослыя, мы з мужам развялiся. Цi магу я прапiсацца да мацi (дзе зараз фактычна i жыву), скарыстаўшыся нерэалiзаваным правам на забеспячэнне жыллём? Наколькi мне магчыма па льготнай чарзе ўступiць у жыллёва-будаўнiчы кааператыў? — Правам на льготнае забеспячэнне жыллём (у тым лiку i спецыяльна пабудаваным для людзей, якiя пераселены з забруджаных раёнаў) вы маглi скарыстацца непасрэдна падчас адсялення або ў тым выпадку, калi не атрымалi грашовай кампенсацыi за пакiнуты дом i з моманту выезду i да цяперашняга часу маеце патрэбу ў паляпшэннi жыллёвых умоў. Наколькi я зразумеў, вы ўжо доўгi час жывяце ў Мiнскiм раёне, у сувязi з чым i пытаннi прапiскi, i пытаннi забеспячэння жылплошчай у адносiнах да вас вырашаюцца ва ўстаноўленым парадку — як i для ўсiх грамадзян, што жывуць на «чыстай» тэрыторыi. Мiкалай Сцяпанавiч Мароз, г. Калiнкавiчы: — Наколькi востра стаiць праблема забеспячэння жыхароў пацярпеўшых раёнаў пiтной вадой нармальнай якасцi? Цi iснуе адпаведная дзяржаўная праграма? — Такая праблема сапраўды iснуе, яе вырашэнню надаецца вялiкая ўвага. 14 лютага на пасяджэннi Прэзiдыума Савета Мiнiстраў Рэспублiкi Беларусь была зацверджана грунтоўная Дзяржаўная праграма па водазабеспячэнню i водаадвядзенню «Чыстая вада». Яна будзе ўвасабляцца на працягу блiжэйшых пяцi гадоў. Пасля неабходнай дапрацоўкi ўказ аб зацвярджэннi праграмы «Чыстая вада» на 2006—2010 гг. будзе падпiсаны кiраўнiком дзяржавы. (Працяг будзе.)
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
На пытаннi чытачоў «Звязды» адказвае старшыня Камiтэта па праблемах наступстваў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС пры Савеце Мiнiстраў Рэспублiкi Бел |
|