21.by - Новости Беларуси. Последние новости Беларуси из разных источников. Последние новости мира.

Цераз Нёман: на драбiнах з двайным дном i на каньках у кiмано

25.08.2009 21:34 — |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Барыс ПРАКОПЧЫК

З ЖЫЦЦЯ КАНТРАБАНДЫСТАЎ

Намеснiк начальнiка Гродзенскай мытнi Вiктар Саяпiн нарадзiўся ў 1950 годзе на вышынi 3000 метраў над узроўнем мора, у невялiкiм кiргiзскiм пасёлку Iркештам на мяжы з Кiтаем, прычым у памяшканнi ...мытнi. Пэўна, гэта быў нейкi знак лёсу ў дачыненнi да, як аказалася ў будучыні, патомнага мытнiка. Яшчэ ў ХIХ стагоддзi некалькi пакаленняў з бацькоўскiх галiн яго роду абаранялi далёкаўсходнiя рубяжы дзяржавы Расiйскай у складзе Амурскага казачага войска, дзесяткi гадоў аддалi мытнай службе дзед Павел Васiльевiч i бацька Юрый Паўлавiч.

Зрэшты, у двухтомнiку «Мытная служба», якi нядаўна быў выдадзены гродзенскай друкарняй, Вiктар Саяпiн не абмежаваўся фактамi з сямейнага «летапiсу». Дзякуючы карпатлiвай працы ў архiвах i бiблiятэках Гродна, Мiнска, Масквы, Вiльнюса, Кракава аўтару кнiгi ўдалося выявiць шматлiкiя дакументы i матэрыялы аб багатай, цiкавай i павучальнай гiсторыi мытнай справы на беларускiх землях. У першым томе («Мыта i мытнiкi») прадстаўлена мытная гiсторыя з даўнейшых часоў i да канца ХVIII стагоддзя. А другi том («Барацьба з кантрабандай») расказвае аб падзеях, якiя адбывалiся ў беларускiх мытнях на працягу XIX—XX стагоддзяў, i заканчваецца фактамi з дзейнасцi мытнай службы незалежнай дзяржавы — Рэспублiкi Беларусь.

Чытаючы гэту кнiгу, мiжволi праводзiш паралелi памiж нашай мiнуўшчынай i сённяшнiм днём, хоць, здавалася б, тады i цяпер на мытнях зусiм розныя «правiлы гульнi», а каня нiяк не параўнаеш з «Мерседэсам».

Стратэгiчныя тавары — спiртное i тытунь

Лiтоўскiя пагранiчнiкi, як паведамляюць СМI, нядаўна затрымалi двух правапарушальнiкаў. «Левым» таварам былi цыгарэты з Калiнiнградскай вобласцi, а ў якасцi транспартнага сродку выкарыстоўвалiся ...санкi i канькi, на якiх кантрабандысты паспрабавалi нелегальна перасячы пакрыты лёдам Нёман. Для маскiроўкi адзiн з iх паверх курткi апрануў ...кiмано.

Таксама зiмой i зноў жа на Нёмане, але ў 1822 годзе, арудавалi i яшчэ два дзялкi. Вельмi iм хацелася па лёдзе цераз раку пераправiць з Царства Польскага ў Расiйскую iмперыю 120 бутэлек арыка, якiя былi змешчаны ў тры бочачкi. За цёмную справу, натуральна, узялiся ноччу, i ўсё iшло як па маслу, пакуль на шляху кантрабандыстаў не паўсталi Ярмоленка i Шапалаў, пiльныя аб’ездчыкi мытнага паста Вялiкая Баля.

Вось так ва ўсе часы было i будзе: абавязак адных — стаяць на варце iнтарэсаў дзяржавы, а задача iншых — iх перахiтрыць. Некаторыя «тытунёвыя» аферысты, да прыкладу, цяпер даволi арыгiнальна дастаўляюць з Расii нелегальныя цыгарэты. Разумеючы, што на вакзале груз можа прыцягнуць увагу праваахоўнiкаў, яго ў вызначаным месцы, на салiднай адлегласцi ад Гродна скiдваюць з цягнiка, дзе чакае яшчэ адзiн «спец» ценявога бiзнэсу.

Не менш вынаходлiвымi былi i нашы землякi — кантрабандысты ХIХ стагоддзя. Для незаконнага перамяшчэння тавараў на iх узбраеннi былi драбiны, кашы i чамаданы з двайным дном. Спiртное перамяшчалася ў спецыяльна вырабленых паясах i гарсэтах, ва ўкладзеных у збаны з малаком валовых пузырах. Кантрабанду запякалi ў боханы хлеба, рабiлiся тайнiкi ў бярвёнах i гарбузах.

Як i цяпер, кантрабандным промыслам займалiся i адзiночкi, i цэлыя групы. Нелегальныя тавары выяўлялiся мытнiкамi на мяжы, а тых, хто лiчыў неабавязковым вяртацца дахаты праз мытню цi заставу, шукалi аб’ездчыкi. Даволi часта кантрабанду затрымлiвала i палiцыя пры вобыску ў дамах, лаўках, карчмах па данясеннях агентуры. Iснавала цэлая сетка аплачваемых агентаў, якiя знаходзiлiся пад аховай дзяржавы.

Што датычыцца пакарання, то калi кантрабандыст добраахвотна прызнаваўся ва ўчыненым, то ў першы раз ён плацiў пеню i пазбаўляўся тавару. У другi раз яго чакала лёгкае цялеснае пакаранне з утрыманнем на ранейшым месцы жыхарства або ва ўцiхамiрвальных i рабочых дамах. А ў наступны раз, акрамя спагнання пенi, выхоўвалi высылкай на пасяленне ў Сiбiр. Больш жорсткiя меры прымянялiся тады, калi кантрабандыст не прызнаваўся. Да прыкладу, у трэцi раз яму пагражала ўжо не пасяленне ў Сiбiры, а катаржная работа.

Аб маштабах i арганiзаваным характары кантрабанднай дзейнасцi сведчыць той факт, што ў прыгранiчных населеных пунктах Беларусi мелiся своеасаблiвыя базы для нелегальна ўвезеных з-за мяжы тавараў, якiя затым перамяшчалiся ўглыб Расii. А вось 37-гадовы гродзенец, наадварот, прасоўваў расiйскую прадукцыю ў шырокiя беларускiя масы. Супрацоўнiкi мiлiцыi i пагранiчнiкi нядаўна сустрэлiся з iм каля гаража ў момант загрузкi ў аўтамашыну пяцiлiтровых ёмiстасцяў з надпiсам «Шклоачышчальнiк бытавы». Увогуле ж было выяўлена 1675 лiтраў гэтай вадкасцi на суму амаль 17 мiльёнаў рублёў. У падобных выпадках пагражае штраф у памеры да ста базавых велiчынь i канфiскацыя прадукцыi, якая, вiдавочна, выкарыстоўвалася зусiм не дзеля навядзення бляску на шкловырабах. Даводзiцца канстатаваць i той факт, што з пачатку года ў абласным цэнтры i Гродзенскiм раёне медыкi зафiксавалi ўжо некалькi дзесяткаў атручэнняў алкагольнымi сурагатамi.

«Залатыя» авечкi i няшчасныя чарапахi

У 1920-я гады на заходняй мяжы СССР з кантрабандыстамi змагалiся так званыя лятучыя групы. Паводле ўспамiнаў члена адной з iх Аляксея Габрыеля, аднойчы затрымалi пастуха з невялiкай атарай авечак. Насцярожыла тое, што iх гналi ў бок мяжы. Пры «асабiстым аглядзе» барана ў яго шэрсцi выявiлi... 17 мяшочкаў з брыльянтамi. Такiмi ж «залатымi» мяшочкамi (увогуле iх аказалася 113 штук) былi «ўзнагароджаны» i ўсе сем авечак. Вось так стала вядома пра фамiльныя каштоўнасцi князя Юсупава, якiя пастух падрадзiўся пераправiць за мяжу.

А праз паўстагоддзя, у 1974 годзе, i зноў жа на «залатой» глебе гродзенскiя мытнiкi пазнаёмiлiся, пэўна, са старэйшай кантрабандысткай у сваёй практыцы. 90-гадовая жанчына, артыстка вар’ятэ ў дарэвалюцыйнай Расii, выязджаючы на пастаяннае месца жыхарства ў Польшчу, узяла з сабой вырабы з золата i плацiны, з брыльянтамi i рубiнамi, а таксама залатыя манеты. Агульны кошт каштоўнасцяў склаў 50 174 рублi, а па пераацэнцы маскоўскiх экспертаў — 100 911 рублёў. Для параўнання: месячная зарплата iнспектара мытнi, якi затрымаў гэту кантрабанду, на той час складала 100 рублёў.

У 70-я гады мiнулага стагоддзя сярод найбольш папулярных прадметаў кантрабанднага ўвозу на тэрыторыю Савецкага Саюза разам з рэлiгiйнай лiтаратурай, медальёнамi i крыжыкамi былi ... жаночыя парыкi. Гродзенскiя мытнiкi знаходзiлi iх унутры коўдры, тэрмаса i нават хлебнага бохана. А аднойчы 9 парыкоў выявiлi ў рабочым сядзеннi памочнiка машынiста польскага цеплавоза, прычым дзiўна, што iх ён увозiў назад у ПНР. Мажлiва, даставiў у СССР, але не сышоўся ў цане з пакупнiком.

У гады таварнага голаду ў нашых польскiх суседзяў адным з «артыкулаў» кантрабанднага вывазу з тэрыторыi Беларусi сталi ... жывёлы. Гэтым промыслам занялiся жыхары ўсходнiх рэспублiк СССР, а найбольш даставалася чарапахам i яшчаркам. Больш за 1200 (!) стэпавых чарапашак супрацоўнiкi Гродзенскай мытнi аднойчы выявiлi, а дакладней вызвалiлi з мiжстолевай прасторы вагона. Няшчасных, як крук хакейнай клюшкi, абкруцiлi iзаляцыйнай стужкай i запiхнулi ў брызентавыя рукавiцы, а тыя — у палатняныя мяшкi. Вытрымалi такi здзек далёка не ўсе. Чарапах, якiм удалося выжыць, разам з некалькiмi дзесяткамi стэпавых яшчарак перадалi ў Гродзенскi заапарк, дзе iх затым прадавалi ўсiм жадаючым. Праўда, i тут не абышлося без дзялкоў. На адну з гэтых чарапашак Вiктар Саяпiн, у той час аператар рэнтгенустаноўкi, неўзабаве натрапiў у багажы аднаго з «турыстаў» — яе купiлi ў заапарку, каб зноў вывезцi за мяжу.

Сёння з нашай тэрыторыi ў Лiтву i Польшчу у вялiзных аб’ёмах вывозяць бензiн i салярку. Некаторыя «салярачнiкi», здараецца, перасякаюць мяжу па пяць i больш разоў за суткi. Не спадае iнтарэс i да залатых вырабаў, а таксама абразоў i iншых прадметаў, якiя ўяўляюць гiсторыка-культурную каштоўнасць. Некалькi месяцаў таму ў пункце мытнага афармлення «Брузгi» ў грузавым адсеку аўтамабiля выявiлi аж 327 прадметаў даўнiны i мастацтва — мэблю, карцiны, кнiгi.

А вось адзiн жыхар Гродна «пагарэў» на... сале. Як вядома, нядаўна пачала дзейнiчаць новая тэхналагiчная сiстэма «зялёнага» i «чырвонага» каналаў перасячэння дзяржаўнай мяжы. Сэнс навацыi ў тым, што кожны чалавек мае права самастойна выбраць працэдуру перамяшчэння цераз мяжу. Для гэтага пры ўездзе ў пункт пропуску ён заяўляе пагранiчнiку, якiм каналам хоча скарыстацца. Атрымаўшы кантрольны талон з паметкай «зялёны калiдор», грамадзяне, як правiла, праходзяць толькi пагранiчны кантроль, а iншыя кантрольныя працэдуры, у тым лiку мытны агляд, не практыкуюцца. Такiм чынам значна паскараецца працэс афармлення пры перасячэннi мяжы.

Вось па такой «зялёнай вулiцы» i вырашыў вярнуцца з Польшчы беспрацоўны гродзенец, маючы ў аўтамашыне 750 кiлаграмаў свiнога сала пры тым, што норма бяспошлiннага ўвозу ў Беларусь дазволеных прадуктаў складае 5 кiлаграмаў. У вынiку — кантрольная праверка, пратакол аб адмiнiстрацыйным правапарушэннi i страты на суму паўтара мiльёна рублёў.

Увогуле летась у зоне дзейнасцi Гродзенскай мытнi было выяўлена 1211 адмiнiстрацыйных мытных правапарушэнняў на суму 15 мiльярдаў рублёў. Каля 9 мiльярдаў рублёў паступiла ў бюджэт ад рэалiзацыi затрыманых рэчаў. Зрэшты, канфiскат пагоды не робiць, асноўная частка фiнансавых паступленняў у дзяржаўную казну — гэта плацяжы добрасумленных удзельнiкаў знешнеэканамiчнай дзейнасцi.


 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Намеснiк начальнiка Гродзенскай мытнi Вiктар Саяпiн нарадзiўся ў 1950 годзе на вышынi 3000 метраў над узроўнем мора, у невялiкiм кiргiзскiм пасёлку Iр
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив

РЕКЛАМА


Все новости Беларуси и мира на портале news.21.by. Последние новости Беларуси, новости России и новости мира стали еще доступнее. Нашим посетителям нет нужды просматривать ежедневно различные ресурсы новостей в поисках последних новостей Беларуси и мира, достаточно лишь постоянно просматривать наш сайт новостей. Здесь присутствуют основные разделы новостей Беларуси и мира, это новости Беларуси, новости политики, последние новости экономики, новости общества, новости мира, последние новости Hi-Tech, новости культуры, новости спорта и последние новости авто. Также вы можете оформить электронную подписку на новости, которые интересны именно вам. Таким способом вы сможете постоянно оставаться в курсе последних новостей Беларуси и мира. Подписку можно сделать по интересующим вас темам новостей. Последние новости Беларуси на портале news.21.by являются действительно последними, так как новости здесь появляются постоянно, более 1000 свежих новостей каждый день.
Яндекс.Метрика