21.by - Новости Беларуси. Последние новости Беларуси из разных источников. Последние новости мира.

Дэмбель

25.08.2009 21:34 — |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Генадзь МIШЧУК

На конкурс апавяданняў

Генадзь Мiшчук — пажарны з в. Отчына Маларыцкага раёна — даўнi аўтар i адзiн з лаўрэатаў нашага конкурсу. Пiсьмо яго адметнае веданнем таго, пра што ён вядзе гаворку, сапраўдным гумарам i дакладнасцю дэталяў. Але мяркуйце пра гэта самi.

Вiктар КАЗЬКО

Дэмбель

Маiм саслужыўцам прысвячаецца...

Лёнька Сямёнаў — дэмбель. Ён чакаў гэтага моманту з першага дня сваёй службы. Два гады таму яго разам з другiмi навабранцамi вёў незнаёмай вулачкай паўднёвага гарадка iх першы камандзiр маёр Сцяпанаў. Стаяў майскi ранак, але гарачае туркменскае сонца ўжо даймала спёкай. Лёнька з цiкавасцю аглядаў маленькiя глiняныя дамы з пляскатымi дахамi, што цiснулiся адзiн да аднаго i цягнулiся сцяной з абодвух бакоў вулiцы. Маёру Сцяпанаву дапамагаў прапаршчык Сарокiн. Яго зычны голас можна было пачуць у любым месцы доўгай пешай калоны «Шырэй крок! Прывыкайце да армейскай дысцыплiны, аролiкi!». Прапаршчык Сарокiн — гумарыст. Яшчэ на прызыўным пункце, калi ў яго нехта з каманды запытаў «Куды служыць паедзем?», ён, не выдаючы ваеннай тайны, адказаў: «Куды бiлеты возьмем». Вось i зараз Сарокiн падбадзёрваў змораных трохдзённай дарогай i незвычайнай спякотай юнакоў армейскiмi жартамi накшталт: «Вышэй нос — пагроза блоку НАТО! Ваенныя ястрабы дзядзькi Сэма ўжо плачуць ад вашага выгляду». Маёр Сцяпанаў раз-пораз таксама ўсмiхаўся з «сарокiнскiх» перлаў, але пры гэтым адводзiў позiрк убок так, каб гэтага не заўважылi навабранцы. Маёр Сцяпанаў стараўся быць суровым.

Ваенны гарадок патанаў у буйнай зелянiне дрэў, якiя выраслi на прывазной зямлi пад клапатлiвым доглядам не аднаго пакалення вайскоўцаў. Сарокiн так i сказаў: «Глядзiце, байцы, якую прыгажосць стварылi вам старэйшыя браты-аднапалчане. Праз некаторы час i вы павiнны будзеце перадаць усё гэта багацце наступнаму пакаленню воiнаў, што зменяць вас у салдацкiм страi. Перадаць усё, да апошняга зялёнага лiсточка...».

Пешая калона павольна ўцiснулася ў салдацкую лазню, пасля якой навабранцы апранулiся ў салдацкае адзенне i сталi падобнымi адзiн да аднаго, як блiзняты.

Лёнька Сямёнаў трапiў служыць у чацвёртую роту. I на змену прапаршчыку Сарокiну прыйшоў прапаршчык Ягнёнкаў — гумарыст не горшы за Сарокiна. Лёнька зразумеў гэта адразу, як Ягнёнкаў выклiкаў яго з агульнага строю разам з дзесяткам iншых хлопцаў i павёў у бок цаглянай казармы. «Пашанцавала вам невыказна! — iдучы, гаварыў прапаршык Ягнёнкаў. — Вы трапiлi служыць у чацвёртую роту. Наша прафесiйнае свята — 1 красавiка, а я ваш тата i мама, i мяне хопiць на вас усiх».

Ад бацькоўскай апекi прапаршчыка Ягнёнкава нельга было схавацца. Салдацкую службу ён ведаў. Гадоў дваццаць мiнула з таго часу, як ён быў такiм жа зялёным «салагам». I за два гады рамантыка армейскай службы яго так зацягнула, што сяржант Ягнёнкаў вырашыў не развiтвацца з армiяй. Як напамiн аб салдацкай маладосцi ў яго засталася татуiроўка ў выглядзе эмблемы ваенна-паветраных сiл незвычайна вялiкiх памераў. Стылiзаваныя крылы займалi абсяг ад левай лапаткi яго магутнай фiгуры да правай, а прапелер мiж гэтых крылаў цягнуўся ад чацвёртага шыйнага пазванка да нiзу паяснiцы. Калi ў час наведвання салдацкай лазнi прапаршчык Ягнёнкаў заўважыў, што яго падначаленыя вывучаюць гэты шэдэўр, строга папярэдзiў: калi нехта паспрабуе стварыць нешта падобнае на сваiм целе, то аўтаматычна трапiць служыць на паўднёвае ўзбярэжжа Паўночнага Ледавiтага акiяна. Яго папярэджанне зразумелi...

Гэта салодкае слова — «дэмбель»... З асаблiвай вастрынёй яго наблiжэнне Лёнька Сямёнаў адчуў у снежнi. Тады, калi пачалася «стодзёнка» — сто дзён да загада мiнiстра абароны, якi звольнiў iх у запас. I Лёнька Сямёнаў пачаў рыхтавацца. Начамi рабiў дэмбельскi альбом — памяць аб семiстах трыццацi днях, праведзеных удалечынi ад дому, памяць аб армейскiх сябрах — такiх, як Баёнбек Пулатаў з далёкага Андзiжана. Менавiта ён, Баёк, праз нейкiя чатыры месяцы правядзе Лёньку да вакзала, дзе яны развiтаюцца, i, мабыць, нiколi ўжо не сустрэнуцца. Такое вось яно — салдацкае жыццё, а салдацкая дружба — назаўжды.

Пасля дэмбельскага альбома Лёнька ўзяўся за параднае адзенне, падагнаў па сваёй паставе. Белымi канцiкамi аздобiў шыўроны, пятлiцы, пагоны. Напрыканцы крутануўся перад люстэркам — гусар ды й толькi — i застаўся задаволены сваёй працай. Сапраўдны салдат, якi можа i кашу зварыць з сякеры, i з iголкай абыходзiцца, як з аўтаматам Калашнiкава.

А яшчэ Лёнька па старой дэмбельскай традыцыi пачаў аддаваць са сняданка i вячэры свой трыццацiграмовы кавалачак масла маладому воiну-цёзку Лёньку Фiлону, якi толькi спасцiгаў азы вайсковай службы i якому цяжка звыкацца з немудрагелiстай салдацкай кухняй, аснову якой складае «конская радасць» — аўсяная каша. Малы кiрпаты хлапчук заўсёды выклiкае ўсмешку пры сустрэчы. Але самае смешнае не яго прозвiшча i дзiцячы выгляд, смешна тое, што «малады» Лёнька Фiлон на тры гады старэйшы за дэмбеля Лёньку Сямёнава. Проста ў яго была адтэрмiноўка ад прызыву — не хапала росту. I Лёнька Фiлон тры гады запар вiсеў на перакладзiне, каб выцягнуць тыя тры сантыметры. Усе яго родзiчы служылi ў войску. I ён павiнен.

Загад аб звальненнi ў казарму прынёс «сакрэтчык», што сядзеў на сувязi ў штабе палка, ужо недзе пасля адбою. I Лёньку Сямёнаву ад гэтай навiны стала крыху не па сабе. Вось ён — доўгачаканы дэмбель, а на сэрцы — смутак. Хутка сустрэча з радзiмым домам, з сям’ёй, але ж прыйдзецца развiтацца з армейскiмi сябрамi, бацькамi-камандзiрамi i з гэтай казармай, хай i шэрага колеру. Прырос Лёнька да гэтага, параднiўся, таму так i балiць душа. У тую ноч ён амаль не спаў. Варочаўся на скрыпучым ложку i ўжо соладка засоп, калi да пад’ёму заставалiся лiчаныя хвiлiны.

Апошнiя днi яго службы праляцелi надзiва хутка. Аднаго ранку старшына выклiкаў яго ў «капцёрку» i выдаў залiхвацкае параднае адзенне. У каторы раз сум агарнуў Лёнькаву душу. Ад вiншаванняў сяброў-саслужыўцаў яму станавiлася горш, i нават шырокi пляц перад казармай гулкiм рэхам ад пячатнага кроку маршыруючых воiнаў балюча свiдраваў галаву: дэм-бель, дэм-бель, дэм-бель.

Па апошняй дэмбельскай традыцыi Лёнька купiў у салдацкiм кафэ дваццаць чатыры пачкi цыгарэт — па колькасцi праслужаных месяцаў. Выбар быў небагаты, але балгарскiя «БТ» былi лепшымi ў тым тытунёвым радзе. Лёнька прынёс iх у казарму i на сваiм ложку, дзе правёў апошнюю салдацкую ноч, выклаў з тых пачак тры лiтары — ДМБ.

...Хуткi цягнiк вёз яго дамоў, iмклiва аддаляючы ад шэрай казармы, у курылцы якой хлопцы смачна зацягвалiся балгарскiмi цыгарэтамi «БТ» i ўспамiналi дэмбеля Лёньку Сямёнава.

I будуць успамiнаць яго, як i скончацца цыгарэты...



 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Лёнька Сямёнаў — дэмбель. Ён чакаў гэтага моманту з першага дня сваёй службы. Два гады таму яго разам з другiмi навабранцамi вёў незнаёмай вулачкай па
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив

РЕКЛАМА


Все новости Беларуси и мира на портале news.21.by. Последние новости Беларуси, новости России и новости мира стали еще доступнее. Нашим посетителям нет нужды просматривать ежедневно различные ресурсы новостей в поисках последних новостей Беларуси и мира, достаточно лишь постоянно просматривать наш сайт новостей. Здесь присутствуют основные разделы новостей Беларуси и мира, это новости Беларуси, новости политики, последние новости экономики, новости общества, новости мира, последние новости Hi-Tech, новости культуры, новости спорта и последние новости авто. Также вы можете оформить электронную подписку на новости, которые интересны именно вам. Таким способом вы сможете постоянно оставаться в курсе последних новостей Беларуси и мира. Подписку можно сделать по интересующим вас темам новостей. Последние новости Беларуси на портале news.21.by являются действительно последними, так как новости здесь появляются постоянно, более 1000 свежих новостей каждый день.
Яндекс.Метрика