Закiньце слоўца за мовуНародны сход: погляд Сродкi масавай iнфармацыi шмат увагi ўдзяляюць 3-му Усебеларускаму народнаму сходу. I гэта апраўдана, бо на яго збiраецца вялiкая колькасць людзей з багатым жыццёвым вопытам, моцна прасякнутых любоўю да роднай Бацькаўшчыны. Яны ў стане даць правiльныя адказы на самыя надзённыя пытаннi. А iх нямала... I ўсё ж пра адно з гэтай катэгорыi — мне не ўдалося нi пачуць па радыё цi па тэлебачаннi, нi прачытаць у газеце. Многiя здзiвяцца, калi даведаюцца, што да разраду такiх пытанняў я залiчваю беларускую мову. Няўжо, падумаюць, у краiне няма больш важкiх праблем. Зразумела, мо i ёсць. Але ж да iх прыкута ўвага i ўладных структур, i грамадства, i яны — адны ў большай, другiя ў меншай ступенi — развязваюцца, чаго нельга сказаць пра беларускую мову. Яе далёка не лепшы, чым падчас правядзення 2-га Усебеларускага народнага сходу, стан нi разу, наколькi я ведаю, не быў прадметам абмеркавання на прадстаўнiчых канферэнцыях з удзелам вядучых палiтыкаў, буйных спецыялiстаў у галiне мовазнаўства. Каб такое практыкавалася, несумненна, у нас былi б куды больш рацыянальныя суадносiны ў выкарыстаннi беларускай i рускай моў у службовым справаводстве, народнай адукацыi, культуры i iншых сферах дзейнасцi чалавека...Як гiсторык хацеў бы ў самых агульных рысах нагадаць пра галоўныя кiрункi дзяржаўнай моўнай палiтыкi першых месяцаў i гадоў iснавання БССР. Па-сапраўднаму яна змагла вырашаць пытаннi палiтычнага, эканамiчнага i культурнага развiцця толькi пасля другога абвяшчэння сябе незалежнай Сацыялiстычнай Савецкай Рэспублiкай Беларусь — 31 лiпеня 1920 года. Тагачаснае эканамiчнае становiшча непараўнальнае з сённяшнiм, калi прылаўкi крамаў ломяцца ад прадуктовых i прамысловых тавараў, гарады пераўтварылiся ў аўтапаркi легкавых аўтамашын. Нягледзячы на экстрэмальны характар жыцця, у снежнi 1920 года, г.зн. менш як праз паўгода пасля другога абвяшчэння БССР, дэлегаты другога Ўсебеларускага з’езда Саветаў выказваюцца за неабходнасць арганiзацыi дзейнасцi дзяржаўных i грамадскiх органаў на роднай мове народа, якi даў назву рэспублiцы, г.зн. на беларускай, стварэння «сеткi ўстаноў, якiя ўсебакова абслугоўваюць культурныя патрэбы мас на ўсiх мясцовых мовах». Па-сапраўднаму гiстарычнае значэнне для беларускага народа мелi рашэннi другой сесii Цэнтральнага Выканаўчага Камiтэта (ЦВК) Саветаў Рэспублiкi, што праходзiла ў лютым 1921 года, г.зн. усяго толькi праз паўгода пасля другога абвяшчэння БССР. Спецыяльна разглядаючы пытанне аб мовах, ЦВК Беларусi прадпiсаў «Наркамасветы (тады меў больш шырокiя кампетэнцыi, чым толькi ў галiне народнай адукацыi. — Л.Л.) зрабiць захады для ўзмацнення працы на мове пераважнай большасцi працоўнага сялянства Беларусi — мове беларускай. Наркамасветы павiнен у сваёй працы зыходзiць з няўхiльнай перспектывы планамернага i паступовага пераходу ўстаноў, у якiх навучаюцца i выхоўваюцца дзецi-беларусы, на iх матчыну беларускую мову выкладання. За выкананне гэтага задання павiнны ўзяцца яшчэ ў бягучым годзе», г.зн. у год, калi праходзiла пасяджэнне ЦВК БССР. Лiшнiм было б тлумачыць, у якiм кiрунку iшла б народная адукацыя БССР без дзяржаўнага рэгулявання, улiчваючы, што абсалютная большасць настаўнiкаў зведвала вялiкiя цяжкасцi з выкладаннем сваiх прадметаў па-беларуску. Пасля другога абвяшчэння БССР не было такога года, каб дзяржаўныя ўлады i рэспублiканскiя партыйныя органы не разглядалi моўнага пытання, хоць у iх было мноства iншых першачарговых задач. Сведчыць пра гэта наступная вытрымка з рэзалюцыi ХII Усебеларускай партыйнай канферэнцыi (сакавiк 1923 г.): «Камунiстычная партыя ў поўнай адпаведнасцi са сваёй праграмай у галiне нацыянальнага пытання павiнна зрабiць усе захады для наладжвання працы на беларускай мове». У наступным годзе, на лiпеньскiм пленуме ЦК КПБ(б), прымаецца рэзалюцыя, у якой адзначаецца, як ненармальная з’ява, што мова пераважнай па колькасцi насельнiцтва беларускай нацыi «да гэтага часу мае вельмi абмежаванае распаўсюджанне ў дзяржаўных, грамадскiх i прафесiйных установах i арганiзацыях», таму «трэба стварыць умовы, якiя найбольш спрыялi б развiццю i выкарыстанню беларускай мовы, з тым каб з фармальна раўнапраўнай зрабiць яе фактычна раўнапраўнай мовай, якая б заняла належнае месца ў Беларускай Рэспублiцы... У мэтах папулярызацыi i ўкаранення беларускай мовы ў зносiнах памiж працоўнымi, усе члены партыi, якiя валодаюць беларускай мовай, павiнны пры сваiх выступленнях ужываць пераважна беларускую мову». Гэтыя слушныя прапановы вышэйшага партыйнага органа рэспублiкi не заставалiся толькi на паперы. ЦК КП(б) разам з урадам рабiлi ўсе захады па пераўтварэннi беларускай мовы з юрыдычна ў фактычна дзяржаўную, усё часцей i часцей выкарыстоўвалi яе ў сваiх публiчных выступленнях, дзякуючы чаму няўхiльна расла яе прэстыжнасць у народзе. У прынятай у лiпенi 1924 года другой сесiяй ЦВК БССР пастанове «Аб практычных мерапрыемствах па правядзеннi нацыянальнай палiтыкi» гаварылася: «З прычыны значнай перавагi ў БССР насельнiцтва беларускай нацыянальнасцi беларуская мова выбiраецца, як мова пераважная для зносiн памiж дзяржаўнымi, прафесiйнымi i грамадскiмi ўстановамi i арганiзацыямi». Ва унiсон пазiцыi дзяржаўных органаў па моўным пытаннi i студзеньскi (1925 г.) пленум ЦК КПБ(б) у прынятай рэзалюцыi запiсаў не ўстарэлае i на сёння палажэнне: «Пры раўнапраўi ўсiх нацыянальнасцей, пры абавязку з боку ўрада i партыi забеспячэння развiцця культуры кожнай з iх, пры прызнаннi дзяржаўнымi мовамi 4-х (беларуская, руская, яўрэйская i польская. — Л.Л.) — пры ўсiм гэтым, аднак, справа развiцця мовы, лiтаратуры, школы, усёй культуры на беларускай мове прызнаецца першай i асноўнай справай». Дзесяцiгадовае дзяржаўна-партыйнае рэгуляванне моўных працэсаў, якое прыпала на цяжкiя гады барацьбы з пасляваеннай разрухай, мiрнага сацыялiстычнага будаўнiцтва, — добры, на маю думку, вопыт. Рэгуляванне моўных працэсаў — адна з найскладанейшых функцый дзяржавы, таму вельмi важна да развязвання гэтай праблемы прыцягнуць i шырокiя колы грамадства, рэгулярна праводзiць з людзьмi растлумачальную працу, бо без глыбокага ўсведамлення лёсавызначальнай ролi роднай мовы ў iх жыццi яны не зоймуць актыўнай пазiцыi ў садзеяннi пераходу яе са стадыi юрыдычна дзяржаўнай у стадыю фактычна дзяржаўнай. Такi пераход вельмi важны, бо без абслугоўвання дзяржаўнай, грамадскай дзейнасцi людзей мова трацiць сваю прэстыжнасць у народзе, адстае ў сваiм развiццi i ўзбагачэннi. Спадзяюся, што мой гiстарычны экскурс у той перыяд, калi дзяржава ў цеснай апоры на прагрэсiўныя сiлы грамадства рашуча выводзiла родную мову з сялянскiх хат i мэтанакiравана ўкараняла яе ва ўсе сферы дзейнасцi чалавека, выклiча ў многiх дэлегатаў 3-га Усебеларускага народнага сходу зацiкаўленасць да сучаснай моўнай праблемы. Пачутыя з трыбуны гэтага аўтарытэтнага форуму словы ў падтрымку беларускай мовы мелi б вельмi важнае значэнне для актывiзацыi пошукаў шляхоў павышэння яе сацыяльнай ролi ў грамадстве. Леанiд ЛЫЧ, доктар гiстарычных навук, прафесар.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Сродкi масавай iнфармацыi шмат увагi ўдзяляюць 3-му Усебеларускаму народнаму сходу. I гэта апраўдана, бо на яго збiраецца вялiкая колькасць людзей з б |
|