Валерый ПIНЧУК: «Асаблiва хутка ў раёне расце колькасць цырульняў...»
Сяргей КУЗНЯЦОЎ
Па вынiках 2004 года Савецкi раён Мiнска быў занесены на Рэспублiканскую дошку гонару. Сёння ж у чытачоў «Звязды» ёсць магчымасць са слоў кiраўнiка адмiнiстрацыi раёна Валерыя ПIНЧУКА даведацца аб эканамiчных вынiках 2005 года, аб тым, як развiваецца ў раёне гандаль, сфера бытавых паслуг, як вядзецца будаўнiцтва.
— Нягледзячы на высокiя тэмпы ў 2004 годзе, летась аб’ёмы прамысловай вытворчасцi ў раёне склалi 124,3 працэнта. Вытворчасць спажывецкiх тавараў склала 107,3 працэнта. У снежнi прадпрыемствам удалося распрадаць прадукцыю, якая знаходзiлася на складах. У сярэднiм па раёну на складах заставалася 79,5 працэнта ад месячнага аб’ёму вытворчасцi. Нармальная лiчба. Пры гэтым амаль ва ўсе астатнiя месяцы летась дадзены паказчык складаў 93—96 працэнтаў. А ў студзенi наогул на складах заставалася больш месячнага аб’ёму з-за таго, што «буксаваў» новы парадак платы ПДВ у гандлi з Расiяй. Аб’ёмы платных паслуг склалi летась 117,8 працэнта. Гэта сур’ёзныя тэмпы росту, калi ўлiчыць, што ў 2004-м мы мелi рост 134 працэнты. Рознiчны тавараабарот склаў летась 116,1 працэнта. Пры гэтым тавараабарот Цэнтральнага унiвермага «Мiнск» (ЦУМ) склаў больш за 97 млрд рублёў. Гэта самы буйны тавараабарот сярод гандлёвых прадпрыемстваў рэспублiкi! I за год ЦУМ мае прырост па дадзенаму паказчыку ў памеры амаль 20 млрд рублёў. Пры гэтым сёння каля 70 працэнтаў прадукцыi, якая рэалiзуецца ва унiвермагу — айчыннай вытворчасцi... У снежнi летась сярэдняя заработная плата ў раёне склала 728 тыс. рублёў. Такiм чынам, ёсць задавальненне ад вынiкаў працы. I не столькi ў мяне, колькi, напэўна, у кiраўнiкоў большасцi нашых прадпрыемстваў. З 15 прамысловых прадпрыемстваў толькi два (Мiнскi прыборабудаўнiчы завод i Мiнскi эксперыментальна-фурнiтурны завод) не дасягнулi ўзроўняў мiнулага года па аб’ёмах вытворчасцi. Аднак цi сведчыць гэта пра тое, што iншыя трынаццаць прадпрыемстваў амаль не маюць праблем? — Ёсць праблемы i на некаторых iншых прадпрыемствах. Але яны не настолькi сур’ёзныя, як на двух згаданых заводах... Напрыклад, ААТ «Алеся» да нядаўняга часу знаходзiлася ў цяжкiм становiшчы. Гэтае прадпрыемства атрымала дзяржаўную падтрымку (па ўказу прэзiдэнта Беларусi, якi быў падпiсаны летась), i сёння вынiкi гэтай падтрымкi ўжо бачныя. Так, у студзенi сёлета прырост аб’ёмаў вытворчасцi быў большы ў два з паловай разы ў параўнаннi са студзенем 2005-га. У цэлым жа летась эканамiчны стан большасцi прадпрыемстваў палепшыўся, яны сталi больш моцнымi. I рэнтабельнасць у прамысловасцi раёна склала 10,5 працэнта. — Раскажыце больш падрабязна пра стан спраў на Мiнскiм прыборабудаўнiчым заводзе... — Сiтуацыя там вельмi складаная. Справа ў тым, што гэтае прадпрыемства раней адносiлася да абароннага комплексу Савецкага Саюза. У тыя часы на iм працавала 14,5 тыс. чалавек. Пасля распаду СССР завод стаў вырабляць прадукцыю для абароннага комплексу Расii, а таксама выпускаць электрабытавыя прыборы (кававаркi, кухонныя машыны «Памочнiца» i iнш.). Цяпер на заводзе працуюць каля 2 тыс. чалавек. Расiйскiя абаронныя заказы памяншаюцца, бо суседняя краiна пераходзiць на новыя вiды ўзбраення. Акрамя таго, расiяне iмкнуцца размяшчаць заказы на сваiх заводах. За кошт вырабу спажывецкiх тавараў прадпрыемству выжываць таксама складана. Попыт на iх памяншаецца. Бо бытавая тэхнiка — гэта тавары працяглага карыстання... Такiм чынам, на заводзе складаная сiтуацыя. Ён мае запазычанасць перад бюджэтам. Але прадпрыемства пакуль працуе. — Якiя асноўныя аб’екты будуюцца сёння ў раёне? Як iдзе будаўнiцтва жылля? — Сёлета павiнна быць уведзена ў эксплуатацыю 13 аб’ектаў сацыяльна-бытавой сферы, 6 спартыўных аб’ектаў. Сярод апошнiх — стадыённы комплекс (футбольнае поле, тры тэнiсныя корты, пляцоўка для мiнi-футбола, баскетбольная пляцоўка, скачковыя ямы) на вулiцы Гамарнiка. Таксама будзе завершана рэканструкцыя стадыёна БНТУ. На вулiцы Веры Харужай павiнен быць уведзены ў эксплуатацыю вялiкi гандлёва-адмiнiстрацыйны комплекс. Там будзе паркiнг, шэраг адмiнiстрацыйных памяшканняў i гандлёвы цэнтр. Акрамя паркiнга ў згаданым комплексе, сёлета будуем яшчэ тры шматпавярховыя паркiнгi. Хоць у раёне iх ужо чатыры. Справа ў тым, што паркоўка транспарту — праблема нашага раёна. Узровень аўтамабiлiзацыi насельнiцтва ў нас большы, чым у сярэднiм па гораду. Да таго ж у Савецкi раён многiя прыязджаюць на працу. У нас 94 тысячы працоўных месцаў... Сёлета таксама будзе весцiся будаўнiцтва (але не ўводзiцца ў эксплуатацыю) 10 адмiнiстрацыйных будынкаў i аб’ектаў сацыяльна-бытавой сферы, 5 аб’ектаў грамадскага харчавання, 9 жылых дамоў агульнай плошчай 43 тыс. квадратных метраў, а таксама 43 iндывiдуальныя жылыя дамы (катэджы). — На тэрыторыi раёна знаходзiцца шмат iнтэрнатаў, як студэнцкiх, так i тых, што належаць прадпрыемствам. Цi ёсць з iмi праблемы? — У Мiнску 316 iнтэрнатаў, 70 з iх — у Савецкiм раёне. У 2001 годзе прайшла iх комплексная праверка, iнiцыяваная Адмiнiстрацыяй Прэзiдэнта Беларусi. I гэтая праверка паказала, што iнтэрнаты маюць шмат праблем, а прадпрыемствы i ўстановы не вельмi спяшаюцца iх вырашаць. З таго моманту адмiнiстрацыя нашага раёна пачала распрацоўваць праграму працы з моладдзю, у якой закранаюцца i пытаннi функцыянавання iнтэрнатаў. У вынiку сёння ў 38 iнтэрнатах трэнажорныя пакоi. У 2001 годзе яны былi толькi ў 6 iнтэрнатах. Цяпер кожны год праводзяцца спаборнiцтвы на лепшы спартыўны, бытавы пакой, комнату для дзяцей (у маласямейных iнтэрнатах). У больш чым 60 iнтэрнатах зараз ёсць выхавацелi. А ў 2001 годзе на ўсе iнтэрнаты было толькi 8 выхавацеляў! Акрамя таго, у iнтэрнатах (i ў студэнцкiх, i ў iнтэрнатах прадпрыемстваў) з’явiлiся псiхолагi. Канешне, пэўныя праблемы застаюцца. Так, у прадпрыемстваў часта не хапае сродкаў для ўтрымання iнтэрнатаў. I адмiнiстрацыя раёна дапамагае iх рамантаваць з дапамогай сродкаў гарадскога бюджэту. Летась дапамагалi ў рамонце двух iнтэрнатаў. — На тэрыторыi раёна знаходзiцца Камароўскi рынак — напэўна, самы знакамiты рынак краiны... Як вы ацэньваеце сённяшнюю сiтуацыю з развiццём сферы гандлю i грамадскага харчавання ў раёне ў цэлым? — Што датычыцца Камароўскага рынку, то мы добра ведаем, якiм ён быў раней i якiм стаў пасля рэканструкцыi. Сёння гэты аб’ект мае цудоўны выгляд i туды прыязджаюць пераймаць вопыт з Масквы i многiх iншых гарадоў. Гэта рынак, за якi сёння не сорамна нi нашаму раёну, нi сталiцы, нi рэспублiцы. У цэлым жа гандаль у раёне развiваецца дынамiчна. За апошнiя пяць гадоў колькасць аб’ектаў гандлю павялiчылася больш чым на 30 працэнтаў. Сёння, напрыклад, у нас працуюць 10 гандлёвых цэнтраў — «Еўропа», «Паркiнг», «Iмпульс»... Будаўнiцтва яшчэ двух гандлёвых цэнтраў нядаўна завершана, але яны яшчэ не «заселены». Таксама працягваецца ўзвядзенне другой i трэцяй чаргi «Еўропы». Заканчваецца рэканструкцыя унiверсама «Рыга». Да рэканструкцыi ў iм было 5 тыс. квадратных метраў плошчы, а цяпер — больш за 10 тыс. Гэта будзе буйнейшы гандлёвы цэнтр. Адчынiцца ж ён, як плануецца, у сакавiку сёлета. Дарэчы, у «Рызе», акрамя гандлёвай часткi, будуць два вялiкiя рэстараны. Адзiн з iх — хуткага абслугоўвання... Што да аб’ектаў бытавога абслугоўвання, то iх у раёне — 231. I колькасць «бытавых» аб’ектаў хутка расце. Асаблiва цырульняў. Значыць, ёсць попыт.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Па вынiках 2004 года Савецкi раён Мiнска быў занесены на Рэспублiканскую дошку гонару
|
|