Сайт колеру хакi. Аб армii i для армii
Сяргей РАСОЛЬКА
Афiцыйны сайт Мiнiстэрства абароны Рэспублiкi Беларусь быў створаны ў 2001 годзе ў адпаведнасцi з распараджэннем кiраўнiка дзяржавы адносна таго, што кожны дзяржаўны орган павiнен мець сваю старонку ў Iнтэрнэце. Пiлотны праект, якi напачатку быў прадстаўлены толькi рускамоўнай версiяй, з’явiўся ў лютым 2002 года i суправаджаўся ваенна-навуковым упраўленнем Узброеных Сiл. Калi колькасць наведвальнiкаў пачала прыкметна павялiчвацца, з’явiлiся англамоўная i беларускамоўная версii, а недзе праз паўгода была створана рэдакцыя сайта Мiнiстэрства абароны з зацверджаным пастаянным штатам. Новаствораная структура дазволiла актывiзаваць работу як у колькасным, так i ў якасным сэнсе: удасканальвалiся ўжо iснуючыя праекты, з’яўлялiся новыя. Калi напачатку колькасць наведвальнiкаў сайта складала 1,5 тысячы ў месяц, дык праз год яна павялiчылася да 5 тысяч, яшчэ праз год — да 10 тысяч. На сённяшнi дзень на сайце рэгiструецца да 20 тысяч унiкальных наведвальнiкаў штомесяц (прычым, лiчбы айчынных i замежных карыстальнiкаў складаюць 50 на 50). За прайшоўшы час калектыў рэдакцыi сайта быў неаднаразова адзначаны на розных конкурсах. Што стаiць за ўсiм гэтым? Наша сённяшняя гутарка — з галоўным рэдактарам сайта Мiнiстэрства абароны Рэспублiкi Беларусь падпалкоўнiкам Андрэем ШУБАДЗЁРАВЫМ.
«Пра негатыў павiнен дакладваць асабiста мiнiстру» Памыляецца той, хто думае, што сайт Мiнiстэрства абароны разлiчаны выключна на ваеннаслужачых. Гэткай жа памылкай будзе i меркаванне пра яго як своеасаблiвую пляцоўку для рэкруцiравання ў рады Узброеных Сiл цывiльнай моладзi. Насамрэч яго асноўнае, першаснае прызначэнне — нейтральнае iнфармаванне аб такiм iнстытуце грамадства, як армiя. Адпаведна, ён разлiчаны абсалютна на ўсе катэгорыi насельнiцтва, якiя могуць праявiць iнтарэс да тых цi iншых праблем i пытанняў, што звязаны з Узброенымi Сiламi. — Калi гаварыць, напрыклад, пра будучых прызыўнiкоў i iх бацькоў, дык усiх iх, безумоўна, зацiкавiць наш «Вiртуальны ваенкамат». Як паказалi праведзеныя намi даследаваннi, маладыя людзi, якiх чакае прызыў на тэрмiновую службу, на жаль, вельмi мала ведаюць пра армiю. У большасцi iх агульныя ўяўленнi аб Узброеных Сiлах сфармiраваны на падставе аповядаў старэйшых па ўзросту таварышаў, якiя служылi яшчэ ў савецкiя часы. А чым харчуецца салдат, якi ў яго рэжым дня, як уладкаваны побыт? I будучыя прызыўнiкi, i iх бацькi могуць з дапамогай «Вiртуальнага ваенкамата» або знайсцi ўжо выкладзеныя адказы на магчымыя пытаннi, што iх цiкавяць, або задаць уласныя. Зрабiць гэта можна любым даступным спосабам — па тэлефоне, пiсьмова або праз электронную паштовую скрыню mod@mod.mil.by цi акно кантакту афiцыйнага сайта mod.mil.by. Як правiла, на працягу дня адпаведныя спецыялiсты даюць на iх падрабязныя адказы. Прычым скарыстаць такую магчымасць могуць не толькi цывiльныя асобы, але i ваеннаслужачыя — салдаты, прапаршчыкi, афiцэры. Яны могуць задаваць пытаннi па юрыдычных, сацыяльных, жыллёвых i iншых аспектах жыцця — усяго па прыкладна 20 тэматычных напрамках. Дарэчы, iснуе i псiхалагiчная прыёмная — як сур’ёзны iндыкатар стану Узброеных Сiл. Дык вось за ўвесь час яе iснавання не было нiводнага паведамлення, пасля якога ў мiнiстэрстве маглi схапiцца за галаву, маўляў, што робiцца ў нейкай вайсковай часцi. — Андрэй Юр’евiч, яшчэ нядаўна на слыху была гiсторыя з «дзедаўшчынай» у расiйскiм Чэлябiнскiм танкавым вучылiшчы... — У нас такiх выпадкаў няма. За ўвесь час iснавання сайта не паступала нiводнай скаргi на «дзедаўшчыну». Паверце, як галоўны рэдактар сайта я маю права адразу пасля паступлення любой негатыўнай iнфармацыi асабiста далажыць пра яе мiнiстру абароны. Гады два таму быў выпадак iншага кшталту. Нам даслаў лiст юнак, якi ўжо быў прызваны. Ён напiсаў, што я, маўляў, служу, а вось мой сябар, умоўна кажучы, Вася Пятроў, купiў сабе медыцынскую даведку i зараз катаецца на крутой «тачцы» з дзяўчатамi. Кiраўнiцтва мiнiстэрства тут жа наклала рэзалюцыю: разабрацца. Праз тыдзень быў падрыхтаваны адказ — Вася Пятроў прызваны ў армiю. Зразумейце правiльна, тут пытанне аб так званым 37-м годзе нават не паўстае. Гэтая канкрэтная сiтуацыя магла закрануць нячыстых на руку ўрача або ваенкама, а праз iх — iмiдж Узброеных Сiл. Як расказаў далей Андрэй Шубадзёраў, на сайце Мiнiстэрства абароны (напэўна, у адзiнага сярод усiх сiлавых мiнiстэрстваў i ведамстваў) ёсць «Форум», дзе, бывае, адначасова вядуць гутарку да трох дзесяткаў наведвальнiкаў (усяго да нядаўняга часу на «Форуме» было зарэгiстравана да 3,5 тысячы пастаянных карыстальнiкаў). У дыскусiях бяруць удзел i афiцыйныя асобы, у тым лiку, часам, — сам мiнiстр абароны. — Многiя не вераць, але гэта сапраўды так: мiнiстр адказвае на пытаннi ў рэжыме рэальнага часу, — гаворыць Андрэй Шубадзёраў. Дзiцячыя гульнi з прыкладным значэннем У сакавiку на сайце павiнен «стартаваць» новы праект, разлiчаны на дзяцей. Першая яго частка будзе скiравана на дзетак да 11 гадоў, другая — на школьнiкаў пасля 11 гадоў. Зыходзячы з гэтай узроставай градацыi, пэўны ўпор на тое, як стаць салдатам цi афiцэрам, будзе рабiцца толькi для старэйшых дзетак. Увесь праект будуць суправаджаць спецыяльна зробленыя лялькi: хлопчык Алесь i сабака Трэзор — для самых маленькiх i дзецi ваенных Свецiк i Лёха — для старэйшых дзетак. Напрыклад, Свецiк i Лёха будуць на працягу ўсёй гульнi спрачацца: цi месца ў сучаснай армii дзяўчатам. — Сайт будзе iнтэрактыўным, г.зн. дзiця, каб гуляць з намi, павiнна будзе зарэгiстравацца, — тлумачыць Андрэй Шубадзёраў. — Гэта трэба для налiчэння балаў, з якiх будуць складацца рэйтынгi. Лепшых маленькiх iгракоў мы плануем узнагароджваць, напрыклад, цацкамi, больш старэйшых — паездкай у вайсковую часць. Увогуле гульня прадстаўлена ў якасцi ваеннага гарадка. Наведаўшы штаб, можна будзе даведацца пра камандзiраў, у музеi — пра ваенную гiсторыю, у кiназале — прагледзець фiльм i г.д. Такiм чынам дзеткам плануецца расказаць, што сабой уяўляюць Узброеныя Сiлы. Гульню будуць суправаджаць тэставыя заданнi: як выжыць у цяжкiх умовах, як правiльна прыцэлiцца з пiсталета i iншыя. Тут ужо гаворка iдзе аб прыкладным значэннi забавы, калi хлопчыкi i дзяўчынкi будуць знаёмiцца з асновамi тапаграфii, ваеннай справы, гiсторыi. Што да апошняй, дык акцэнт будзе зроблены менавiта на беларускую ваенную гiсторыю — ад часоў ВКЛ, Рэчы Паспалiтай да Расiйскай iмперыi, СССР i сучасных Узброеных Сiл Беларусi. — А як быць з меркаваннем, што сучасныя дзецi i без таго празмерна захапляюцца рознымi камп’ютарнымi «стралялкамi»? Паводле слоў галоўнага рэдактара сайта, у дадзеным выпадку гаворка iдзе зусiм пра iншыя рэчы. Больш таго, мiнiстрам абароны дадзена даручэнне па папулярызацыi камп’ютарных гульняў i нават па распрацоўцы беларускай гульнi (напрыклад, пад умоўнай назвай «Баграцiён»). Iстотнае адрозненне такiх гульняў ад ужо набiўшых аскомiну «стралялак» — гэта тое, што яны ствараюцца на падставе рэальных гiстарычных падзей. Каб маленькiя грамадзяне нашай краiны, як кажуць, ужо з дзяцiнства ведалi, што Другую сусветную вайну выйгралi не толькi «амерыканскiя радавыя раяны». Акрамя таго, многiя камп’ютарныя гульнi на ваенную тэматыку — гэта цудоўныя сiмулятары. Дастаткова прыгадаць расiйскi авiясiмулятар «Iл-2. Штурмавiк». Каб гуляць у яго, трэба мець веды па аэрадынамiцы, тапаграфii, узбраенню i ўстройству самалёта, ваеннай гiсторыi. Вось вам i прыкладное значэнне «дзiцячай забавы» (насамрэч гэта гульня палюбiлася не толькi i не столькi школьнiкам, колькi ўжо сталым людзям). — Зараз мы займаемся арганiзацыяй цэнтра падрыхтоўкi вiртуальных ваенных спецыялiстаў. Сiстэма ўжо распрацавана. З дапамогай Мiнiстэрства адукацыi, ДТСААФ, Дзяржкамваенпрама будзем рыхтаваць спецыялiстаў на тых цi iншых ваенных сiмулятарах, якiя пасля здачы квалiфiкацыйных экзаменаў i атрымання пасведчання будуць «залiчвацца» ў вiртуальныя экскадрыллi i палкi i «ваяваць» у iх саставе. Галоўная адметнасць такiх «паветраных баёў», паўтаруся, заключаецца ў тым, што яны будуюцца з улiкам драбнейшых дэталяў гiстарычных падзей часоў, напрыклад, Вялiкай Айчыннай вайны, i без грунтоўных ведаў тут не абысцiся. «Калi пасля ўсяго гэтага хоць бы адзiн чалавек з тысячы, умоўна кажучы, абярэ для сябе кар’еру ваеннага — ужо толькi гэтым акупяцца ўсе нашы сумесныя намаганнi». Як дадаў далей Андрэй Юр’евiч, два падобныя турнiры ў краiне ўжо былi праведзены. Да канца года запланавана правесцi яшчэ адзiн — сярод каманд Узброеных Сiл розных дзяржаў (па сiмулятару «Iл-2. Штурмавiк»). «Рэспект» Мiнiстэрству абароны ад... Бi-Бi-Сi Памятаеце, у Высоцкага ёсць радкi: «А потом про этот случай сообщат по Би-Би-Си...» Нешта падобнае, калi дазволiце такое параўнанне, адбылося i ў дачыненнi сайта Мiнiстэрства абароны. Гiсторыя тут атрымалася наступная. Разважаючы над далейшым развiццём сайта, больш поўным i эфектыўным выкарыстаннем яго магчымасцяў, супрацоўнiкi рэдакцыi сумесна са спецыялiстамi ўпраўлення рэалiзацыi матэрыяльнах рэсурсаў стварылi Iнтэрнэт-магазiн. Калi памятаюць чытачы, колькi часу таму ваеннае мiнiстэрства пачало рэалiзацыю быўшай у карыстаннi тэхнiкi i маёмасцi Узброеных Сiл, якiя засталiся нашай краiне ў спадчыну яшчэ з савецкiх часоў — ад тагачаснай 200-тысячнай групiроўкi войскаў. З дапамогай Iнтэрнэта продаж згаданай тэхнiкi i маёмасцi было вырашана аптымiзаваць. I, трэба заўважыць, iдэя гэта аказалася вельмi слушнай. — За год iснавання Iнтэрнэт-магазiна аб’ём продажу павялiчыўся ўдвая. У грашовым вымярэннi гэта склала каля 3 мiльярдаў рублёў, якiя мы дапамаглi зарабiць за гэты год, — расказвае Андрэй Шубадзёраў. — А ў сукупнасцi ўся сума даходаў (па колькасцi «скачаных» прайс-лiстоў, наведвальнiкаў), якая была атрымала з дапамогай Iнтэрнэт-магазiна, складае на сёння каля 7 мiльярдаў рублёў. Дзякуючы створанай у Мiнiстэрстве абароны сiстэме iнфармацыйнага забеспячэння, гэтыя звесткi аб рэалiзацыi ў лiку iншых адначасова размяшчалiся ў многiх крынiцах. З адной з iх яны i трапiлi на Бi-Бi-Сi, якое, у сваю чаргу, апублiкавала iх са спасылкай на сайт Мiнiстэрства абароны пад загалоўкам «Беларуская армiя праводзiць калядныя Iнтэрнэт-распродажы». Дзякуючы такой своеасаблiвай рэкламе ў першы дзень пасля гэтага колькасць наведвальнiкаў сайта склала 65 тысяч зваротаў, у другi — ужо 190 тысяч, у наступныя месяцы iх колькасць не знiжалася менш за 100 тысяч наведвальнiкаў. Прычым, па першым часе ў iх лiку было шмат зваротаў іншаземцаў. Многiя з iх дасылалi заяўкi з дзесяткаў пунктаў: якую тэхнiку i маёмасць i ў якой колькасцi яны хацелi б набыць. Да тых жа фотаапаратаў «ФЭД», вырабленых у мiнулым стагоддзi, стаўленне ў iншаземцаў было як да рарытэтаў (трэба заўважыць, што большасць такой рэалiзуемай маёмасцi была ў спраўна-iдэальным стане). Паралельна з гэтым праектам быў распрацаваны i яшчэ адзiн. Гаворка iдзе аб электроннай выстаўцы прадукцыi прадпрыемстваў ваенна-прамысловага комплексу. «Лепшая рэклама любым вiдам узбраення можа зыходзiць найперш ад Узброеных Сiл, якiя маюць гэта ўзбраенне», — заўважае Андрэй Шубадзёраў. Сапраўды, i тэхнiчна, i эканамiчна значна прасцей «прасоўваць» адзiн сайт, чым 50 сайтаў асобных прадпрыемстваў. Аднак праект, на жаль, «забуксаваў», як лiчыць галоўны рэдактар сайта, з-за так званага чалавечага фактара, прасцей кажучы — неразумення тых перспектыў, што дае прадпрыемствам ваенна-прамысловага комплексу электронная выстаўка. P.S. На жаль, газетная плошча не дазваляе расказаць абсалютна пра ўсе праекты (дзеючыя i толькi задуманыя) рэдакцыi сайта Мiнiстэрства абароны. Паверце на слова, iх шмат. Таму зараз мы проста ставiм кропку. Каб з цягам часу зноў прадоўжыць гэту тэму.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Афiцыйны сайт Мiнiстэрства абароны Рэспублiкi Беларусь быў створаны ў 2001 годзе ў адпаведнасцi з распараджэннем кiраўнiка дзяржавы адносна таго, што
|
|