Даваць парады кiнарэжысёрам — справа няўдзячная, але...
Вольга Нячай робiць гэта тактоўна i нястомна
Вядучы Беларускi кiназнаўца, доктар навук, прафесар, аўтар 15 манаграфiй i незлiчоных артыкулаў, яна перадусiм — энергiчная, шчодрая на iдэi, абаяльная жанчына. Узгадваю яе бадзёрую постаць у студэнцкай аўдыторыi падчас лекцый па тэорыi кiно: Вольга Фёдараўна не мела звычкi «хавацца» за кафедру, зазiраць у паперкi (iх наогул нiколi не было). I, вядома, тэмп — дынамiчнае, iмклiвае allegro выкладанне складаных праблем мастацкай мовы кiнаэкрана. Амаль паўстагоддзя (з 1959 г.) Вольга Нячай працуе ў Iнстытуце мастацтвазнаўства, этнаграфii i фальклору Нацыянальнай акадэмii навук Беларусi. Поле яе навуковых iнтарэсаў ахоплiвае гiсторыю i тэорыю экраннага мастацтва, кiнаадукацыю, культурную антрапалогiю. Яе творчая натура адлюстравалася не толькi ў напiсаных кнiгах, не толькi ў эксклюзiўных лекцыях ды навуковых выступленнях, але і ў шчаслiвым таленце адшукваць радасць ва ўсiх баках жыцця. Уменне здзiўляцца фарбам прыроды, галасам птушак, раптам захапiцца дзiцячымi малюнкамi на снезе цi кволымi веснавымi кветачкамi, — такая вытанчаная лiрыка душы знiтоўваецца ў Вольгi Фёдараўны з жорсткiмi «мужчынскiмi» рысамi характару: адказнасцю, упартасцю, мэтанакiраванасцю. Нават у малацiкавых, руцiнных, фармальных «камбiнацыях» яна заўсёды здолее пачуць жывы подых i адказаць арыгiнальнай iдэяй («Глядзiце, вось што я прыдумала»). Пры гэтым анiякай табе экзальтаванасцi, падвышанай эмацыянальнасцi, перападаў настрою, што звычайна ўласцiва творчым асобам. У мiнулым годзе Вольга Нячай адкрыла свой майстар-клас у Беларускай дзяржаўнай акадэмii мастацтваў — яна набрала курс па спецыяльнасцi «кiназнаўства» i, як заўжды, задала iнтэнсiўны тэмп сваiм падапечным. Невыпадкова яна з’яўляецца членам мастацкага савета кiнастудыi «Беларусьфiльм». Нястомнае давядзенне прафесiйных парад рэжысёрам на мастацкiх семiнарах, прэм’ерных паказах фiльмаў, кiнафестывалях — насамрэч вельмi няўдзячная справа. Але Вользе Нячай заўжды хапае такту, далiкатнасцi ды ўмення знайсцi дакладную i паважлiвую танальнасць размовы як з маладымi амбiцыйнымi аўтарамi, так i са сталымi майстрамi. Наталля АГАФОНАВА, кандыдат мастацтвазнаўства.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Вольга Нячай робiць гэта тактоўна i нястомна
|
|