Аляксандр Лукашэнка: «Арыенцiры на будучыню — у рэчышчы рашэнняў сходу»
Сяргей КАРАЛЕВIЧ
Як паведамляла «Звязда», напрыканцы пасяджэння трэцяга Усебеларускага народнага сходу прэзiдэнт Беларусi Аляксандр Лукашэнка адказаў на пытаннi яго ўдзельнiкаў.
«Цэны будзем стрымлiваць у рамках разумнага» Адказваючы на пытанне адносна магчымасцi таго, што рост заробкаў будзе «з’едзены» iнфляцыяй, А. Лукашэнка адзначыў, што гэта «ў прынцыпе немагчыма». Справа ў тым, лiчыць ён, што «цэны сёння дасягнулi таго ўзроўню, вышэй якога яны падняцца не могуць, бо прадукцыя наша тады рэалiзоўвацца на рынку проста не будзе». Таксама, калi не вызначыць дакладныя межы, далейшы рост цэн ва ўмовах жорсткай канкурэнцыi можа пацягнуць за сабой абвал вытворчасцi. Пры гэтым закрывацца ад сваiх канкурэнтаў, якiя пастаўляюць у Беларусь аналагiчныя тавары, мы не маем права, бо да нас будуць ставiцца такiм жа чынам. Паводле слоў кiраўнiка дзяржавы, «па многiх пазiцыях цэны пастаўлены пад жорсткi кантроль». У першую чаргу гэта датычыцца цэнаўтварэння на прадукцыю манапалiстаў. Падобная сiтуацыя была з цэнамi на камунальныя паслугi, калi iх рост абмежавалi на ўзроўнi не больш за 5 долараў у год. Увогуле ж спынiць рост цэн у ЖКГ нельга: абвалiцца эканомiка тых цi iншых прадпрыемстваў, бо «iнфляцыя сёння iснуе не толькi ў Беларусi, але i ва ўсiм свеце». «Такая паўзучая iнфляцыя была заўсёды, — адзначыў А. Лукашэнка. — Калi мы выйдзем на 5 працэнтаў росту цэн у год, то гэта будзе перамога, гэта будзе амаль незаўважна для нашых грамадзян». У той жа час, недапушчальны рост цэн, нават на 3—5 працэнтаў, на тую прадукцыю (у прыватнасцi, плодаагароднiнную), якая ў нас у дастатковай колькасцi вырабляецца i ляжыць на складах. Таму рост цэн будзе «стрымлiвацца ў рамках разумнага, але так, каб не знiшчыць вытворчасць». «Няякасная вытворчасць — прамыя страты для грамадства» А. Лукашэнка звярнуў увагу на якасць беларускiх тавараў, якая, «патрэбна прызнаць, жадае чакаць лепшага». Больш таго, паводле яго слоў, «калi б у нас якасць была сусветнага ўзроўню па асобных таварах, людзi б па цэнах пытанняў не ставiлi. Купляюць жа яны iмпартныя тавары ў два разы даражэйшыя за нашы». У першую чаргу тут размова iдзе аб таварах шырокага спажывання. «Мужчынскi касцюм або палiто вытворчасцi нашых фабрык можна купiць i насiць, яны не горшыя за iмпартныя i пры гэтым нашмат таннейшыя, — адзначыў кiраўнiк дзяржавы. — Аднак жаночае адзенне застаецца пакуль на ўзроўнi савецкага часу: аднастайнае, вырабленае без фантазii i душы. Магазiны забiтыя, а купiць няма чаго». Тое ж датычыцца i жаночага абутку. Пры гэтым праблема якасцi не з’яўляецца невырашальнай. У прыватнасцi, асобныя буйнейшыя прамысловыя прадпрыемствы Беларусi выпускаюць вырабы не горшыя за вядомых сусветных вытворцаў, паспяхова вывучаюць i пераймаюць замежны вопыт. «Хто ж перашкаджае нашым канцэрнам купiць лякалы за мяжой, каб сшыць такое адзенне ў Беларусi? Размова ж не iдзе аб выпуску працэсара Pentium», — лiчыць кiраўнiк дзяржавы. «Якасць i яшчэ раз якасць, — адзначыў ён. — Вось што сёння з’яўляецца вызначальным ва ўсiм. Любая няякасная вытворчасць — гэта марныя расходы рэсурсаў, прамыя страты для грамадства i дзяржавы». «Праз 5 гадоў 250 долараў будзе мець кожны» Як адзначыў А. Лукашэнка, многiя пытаюцца: заработная плата ў 250 долараў — гэта добра, але дзе гэтыя грошы? Кiраўнiк дзяржавы нагадаў, што не ўсе сёння атрымлiваюць заработную плату ў 250 долараў. «Размова iдзе, — адзначыў ён, — аб сярэднiм паказчыку, каб параўноўваць, што было ўчора, пяць, дзесяць, дванаццаць гадоў таму i як сёння. Методыка параўнання i тады, i сёння была аднолькавая. Па гэтай методыцы ў сярэдзiне 90-х мы мелi сярэднюю зарплату ў 25 долараў. Нехта ўвогуле не атрымлiваў заробкаў, нехта 30, 80, 150, 200, 500 долараў. Таксама i цяпер: у нас засталося зусiм няшмат людзей (лiчу, гэта проста гультаi), якiя сёння не могуць зарабiць хоць бы 70—100 долараў». Сярэднi паказчык заробкаў, паведамiў А. Лукашэнка, дазваляе разабрацца, у якiм накiрунку мы рухаемся, павышаюцца рэальна заробкi цi не. «Падмануць народ па сярэднiм заробку немагчыма, — лiчыць ён. — Бо кожны год, амаль штоквартальна, мiсii мiжнародных арганiзацый далёка не сяброўскiх нам — МВФ, Сусветнага банку i iнш. — акалачваюцца тут, беручы жывыя матэрыялы i разлiчваючы заработную плату па методыках, якiя яны ведаюць. I яны пацвярджаюць нашы разлiкi». Такiм чынам, сёння 250 долараў заробку мае не кожны. Аднак, заявiў пры гэтым кiраўнiк дзяржавы, «я ўпэўнены, што праз 5 гадоў, калi мы выканаем усе параметры, мы зможам сказаць, што кожны 250 долараў мае, а сярэднi заробак будзе каля 500 долараў». I для выканання запланаваных параметраў, лiчыць ён, «у нас ёсць усё». «Наконт iнвестыцый мы не камплексуем» «Падаецца, замежныя iнвестыцыi — гэта вельмi выгадна, — адзначыў А. Лукашэнка. — Аднак разумейце, што яны там добрыя гаспадары, умеюць лiчыць грошы i проста так iх аддаваць не будуць. Там у асноўным грошы прыватныя, недзяржаўныя, i любое ўкладанне павiнна прыносiць тым, хто iх укладвае, добры прыбытак». Зразумела, паведамiў ён, часта iх iнвестыцыi бываюць нам вельмi выгаднымi: без iх у нас нейкая вытворчасць не запрацуе нiколi. Пры такiм раскладзе «iнвестыцыi неабходна зваць». У якасцi прыкладу А. Лукашэнка прывёў праект па адраджэнню адной з вытворчасцяў у пасёлку Ялiзава. У ходзе яго былi прыцягнуты замежныя iнвестыцыi, але пры ўмове рэалiзацыi шэрагу сацыяльных праектаў i павелiчэння колькасцi працоўных месцаў. Тым не менш, калi казаць аб iнвестыцыях, нельга забыць, што «гэта i вялiкiя даўгi, залежнасць». «Сёння мы ўжо, — заявiў А. Лукашэнка, — не камплексуем наконт iнвестыцый. Iнвестыцыi нам патрэбны, калi неабходна нешта будаваць, мадэрнiзаваць, рабочыя рукi i таленавiтыя людзi павiнны гэта зрабiць. У нас сёння будаўнiкоў не хапае, каб асвоiць больш за 7 млрд долараў iнвестыцый. Мы ўжо сёння сутыкнулiся з тым, што некалi развалены будаўнiчы комплекс неабходна, як сельскую гаспадарку, а магчыма i больш iнтэнсiўна, падымаць». Кiраўнiк дзяржавы адзначыў, што «сёння iнвестыцый хапае. Галоўнае, каб было iх каму рэалiзоўваць, асвойваць. Гэта капiтальныя ўкладаннi, грошы, якiя выдзяляюцца дзяржавай, банкамi, прадпрыемствамi». Таксама ён перасцярог ад празмернай залежнасцi ад замежных грашовых улiванняў. «Калi вы жадаеце быць залежнымi ад некага на ўсю катушку, — адзначыў ён, — то вы вазьмiце чужыя грошы. Нават у самыя цяжкiя часы мы не карысталiся чужымi грашыма i практычна не маем дзяржаўнага доўгу. Калi ў нас 1,5 млрд долараў доўгу, то мы за год можам аддаць гэтыя грошы». «Зброю мы не прадаём, бо не вырабляем» «Я нiяк не стаўлюся да апазiцыi», — заявiў А. Лукашэнка. Яна, напрыклад, гаворыць аб буйных даходах ад продажу зброi, хоць «у любой краiне гэта закрытая тэма». Апазiцыя гаворыць аб гэтым, лiчыць А. Лукашэнка, не з-за таго, «што нешта ведае i жадае нешта асабiста пачуць, гэта падача iх гаспадароў з-за межаў». «Мы не вырабляем зброю, каб сёння прадаваць, — заявiў кiраўнiк дзяржавы. — У нас няма адпаведнай вытворчасцi. Аднак без нашых кампанентаў не можа дзейнiчаць нi адна зброя. Напрыклад, БелОМА ў нас вырабляе оптыку, «Агат» вырабляе цэлыя сiстэмы кiравання... Праўда ў тым, што мы прадалi некаторую зброю, якая засталася з савецкiх часоў i якую не паспелi парэзаць да сярэдзiны 90-х гадоў... Мы прадалi лiшнiя самалёты, танкi, БМП, боепрыпасы, аўтаматы, пiсталеты. Але што на гэтым заробiш, калi танк у сярэднiм каштаваў каля 200 тысяч. Якiя мiльярды долараў? Гэта былi грашы... Адразу пасля продажу лiшкаў зброi 50 працэнтаў выручанага накiроўвалася на ўзбраенне, тэхнiку, мадэрнiзацыю, бо тое, што засталося, нам патрэбна было захаваць...» Таксама А. Лукашэнка паведамiў, што другая палова грошай была накiравана ў банкi для таго, каб захаваць уклады насельнiцтва, на фiнансаванне сацыяльных аб’ектаў. «Кантракт павiнен мець цывiлiзаваны характар» «Як бы гэта нi было папулярна або непапулярна, — адзначыў А. Лукашэнка, — кантракт — гэта ўзаемнае пагадненне, якое прынята ва ўсiм цывiлiзаваным свеце, перш за ўсё ў Заходняй Еўропе». Ён паведамiў, што кантрактная сiстэма адмяняцца не будзе, але яна павiнна дзейнiчаць «у цывiлiзаваным рэчышчы». Iстотная роля тут будзе належаць прафсаюзам, якiя павiнны пракантраляваць, каб «кантракт меў цывiлiзаваны характар, каб там былi прадугледжаны правы работадаўца i чалавека, якi прыходзiць на працу». Акрамя таго, кiраўнiк дзяржавы адзначыў, што сапраўднаму працаўнiку кантракта баяцца няма чаго: такi чалавек «толькi выйграе, а вось гультаю i п’янiцы будзе складана». Такiм чынам А. Лукашэнка заявiў: «Нiякай адмены кантрактнай сiстэмы. Але праз кантракты ўдушэнне рабочага класа, сялянства кiраўнiкамi прадпрыемстваў мы не дапусцiм». «Размеркаванне для студэнтаў будзе захавана» У Беларусi будзе захавана абавязковае размеркаванне для студэнтаў, якiя вывучаюцца на бюджэтнай аснове, адзначыў А. Лукашэнка. У адваротным парадку чалавек можа атрымаць адукацыю на платнай аснове. Кiраўнiк дзяржавы адзначыў, што размеркаванне было ўведзена з-за таго, што дзяржава ў сваiх ВНУ рыхтуе людзей, плацiць за гэта мiльярды рублёў, а таму мае права патрабаваць, каб вытворчасць была «i на поўначы, i на поўднi, i на ўсходзе, i на захадзе». Дзяржава мае права патрабаваць, каб студэнт адпрацаваў некалькi гадоў па размеркаванню. «А як iнакш? — адзначыў А. Лукашэнка. — Як рэгуляваць сёння паток рабочай сiлы? Я тут папулiзмам займацца не намераны. Размеркаванне студэнтаў будзе. Што ў гэтым дрэннага? Магчыма, усе б жадалi працаваць у Мiнску. Але столькi працоўных месцаў проста няма». Больш таго, праз размеркаванне дзяржава гарантуе выпускнiку права першага рабочага месца. Неабходна пераймаць заходнюю формулу: «не работа iдзе за чалавекам, як у нас было прынята ў савецкiя часы, а чалавек бяжыць туды, дзе ёсць рабочае месца». «Бязвiзавы рэжым — на ўзаемнай аснове» А. Лукашэнка адзначыў, што гатовы «хоць заўтра» адмянiць вiзавы рэжым для грамадзян Еўрасаюза. Праўда, падобнае рашэнне будзе прынята толькi пры аналагiчным рашэннi заходнiх дзяржаў. «Настаў час сур’ёзна паставiцца да прадпрымальнiцтва» Як адзначыў А. Лукашэнка, «настаў час сур’ёзна паставiцца да прадпрымальнiцтва i бiзнэсу». У Беларусi ёсць магутная дзяржаўная ўласнасць, якую пакуль не збiраюцца прыватызаваць. Ёсць узровень жыцця, якi дазваляе больш свабодную дзейнасць прадпрымальнiцтва. «Яны нам, — паведамiў кiраўнiк дзяржавы, — нават калi крымiнал падкiнуць, ужо краiну не разбураць, мы з iмi хутка справiмся. Прычым гэта зразумелi i яны. Таму сёння нашы бiзнэсмены i нават дробныя прадпрымальнiкi — не тыя, што былi 10 гадоў таму. Засталiся заможныя, моцныя людзi, якiя маюць уласнасць. Яны не жадаюць парушаць закон. Яны жадаюць з iм сябраваць, бо ведаюць: зробiш крок направа-налева — страцiш уласнасць». Прадпрымальнiкаў цяпер не патрэбна баяцца, яны могуць працаваць больш свабодна, аднак «кантроль усё роўна будзе». «Амбiцыйныя планы будуць выкананы» Мы намецiлi вельмi амбiцыйныя планы, адзначыў напрыканцы А. Лукашэнка. Для iх выканання неабходна «мабiлiзаваць усё: волю, энергiю, iнiцыятыву, iнтэлект, творчасць, усе рэсурсы i рэзервы». Кiраўнiк дзяржавы выказаў упэўненасць, што намечанае будзе не толькi зроблена, але i перавыканана. У сувязi з гэтым, кожнае мiнiстэрства, ведамства, прадпрыемства павiнна вызначыць для сябе арыенцiры, планы работы на будучыню ў рэчышчы задач, прынятых на сходзе. «Кажуць, — адзначыў А. Лукашэнка, — што кiраўнiкi не маюць права на памылку. Кажу вам перад усiм народам — памыляйцеся. Але, памыляючыся, не блытайце дзяржаўную кiшэню з асабiстай, i вы заўсёды будзеце кiраўнiкамi. Памыляючыся, выпраўляйце памылкi i, у вынiку, выходзьце на вырашэнне пастаўленых задач». Пры гэтым кантроль за выкананнем рашэнняў сходу будзе пастаянным.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Як паведамляла «Звязда», напрыканцы пасяджэння трэцяга Усебеларускага народнага сходу прэзiдэнт Беларусi Аляксандр Лукашэнка адказаў на пытаннi яго ўд
|
|