«Жавароначкi прыляцiце, вясну красную прынясiце»
У памесцi беларускага Дзеда Мароза праводзiлi зiму
У мiнулую нядзелю ў Белавежскай пушчы праводзiлi Масленiцу i гукалi вясну. Надвор’е выдалася як па заказу акурат для гэтага свята. З ранку падмарозiла, але сонейка расквецiла, заiскрыла снег i дрэвы, пакрытыя iнеем. I было шкада, што ад Каменюкоў да рэзiдэнцыi Дзеда Мароза па векавым лесе ехаць усяго толькi нейкiя 16 кiламетраў. А ў памесцi ўжо шумела-гуляла адыходзячая Масленiца. Песнi-танцы, духмяныя блiны з гарачым на травах завараным чаем чаргавалiся з гульнямi-забаўлянкамi. Дзед Мароз са Снягуркай у гэты дзень не толькi сустракалi гасцей ля свайго домiка, але разам з iмi хадзiлi вакол кастра, па паляне дванаццацi месяцаў, вадзiлi карагоды. Снягурачка развiтвалася з памесцем, з яго наведвальнiкамi, з казачным Дзедам перад ад’ездам на Паўночны полюс, каб, па традыцыi, вярнуцца сюды ў снежнi. А казачнае царства i яго гаспадара — Дзеда Мароза яна пакiнула на лясную фею, якая дапамагае Дзеду ўсю вясну, лета i восень. Галоўнымi героямi свята, як заўсёды, былi дзецi. Да iх у госцi на праводзiны зiмы завiталi кiраўнiк справамi Прэзiдэнта Рэспублiкi Беларусь Аляксандр Кулiчкоў, мiнiстр культуры краiны Уладзiмiр Матвяйчук, старшыня Брэсцкага аблвыканкама Канстанцiн Сумар. Прыехалi высокiя госцi, каб павiншаваць з надыходам вясны, а таксама раздаць падарункi. Каля самай вялiкай навагодняй ёлкi краiны, саракаметровай пушчанскай жывой прыгажунi працягвалася свята расставання са Снягуркай i зiмой. Тут i зiму пужалi моцнымi крыкамi, i вясну гукалi, i дыскатэку ладзiлi з феерверкам. Разам са сталiчнай спявачкай Вольгай Плотнiкавай гасцей забаўлялi «Палескiя музыкi» з вёскi Дварэц Лунiнецкага раёна, танцоры з ансамбля «Капрыз» з Камянецкага раёна ды iншыя юныя самадзейныя артысты. Зiма не вельмi хацела здаваць свае пазiцыi, снег яшчэ патрэскваў пад нагамi, але песня «Жавароначкi, прыляцiце, вясну красную прынясiце!» у выкананнi пiнскiх «Красачак» стала, можна сказаць, лейтматывам свята, «Красачкам» падпявалi ўсе. Святлана ЯСКЕВIЧ.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
У памесцi беларускага Дзеда Мароза праводзiлi зiму
|
|