21.by - Новости Беларуси. Последние новости Беларуси из разных источников. Последние новости мира.

Горацкая майстрыца запрашае да творчай дуэлi

25.08.2009 21:35 — |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Iлона IВАНОВА

Кiраўнiк народнага аматарскага аб’яднання «Лазiнка» Горацкага раённага Дома рамёстваў Тамара БАГДАНОВIЧ атрымала прэмiю «За духоўнае адраджэнне» ў намiнацыi «Аўтарская аматарская дзейнасць».

Тры жанчыны сядзяць за сталом, нетаропка размаўляюць i з задавальненнем паглядаюць на ванначку, дзе мокнуць у вадзе пруты. Гэта лаза, а жанчыны — Тамара Багдановiч i яе сяброўкi па аб’яднанню «Лазiнка».

Праз паўгадзiны чакання яны нарэшце вырашаюць, што лаза стала гнуткай, падатлiвай i эластычнай — тое, што трэба для працы.

Творчы працэс пачынаецца з крыжа, асновы любога пляцення. Далей лаза аплятае крыж i набывае форму паводле задумы майстра, з дапамогай разца i шыла. Адны плятуць на стале, iншыя — прыцiскаючы да жывата, як каму зручна.

Лiтаральна за дзесяць хвiлiн Тамара Багдановiч спляла прыгожы круг з праменьчыкамi — нiбыта сонейка, якое можна прыстасаваць, напрыклад, як падстаўку на кухнi. Вось гэта майстрыца!

Ад безграшоўя стала рукадзельнiцай

Адукацыя Тамары Аляксандраўны з лазой i цяперашнiм заняткам нiяк не звязана. Яна — заатэхнiк, птушкавод. Амаль 20 гадоў пасля заканчэння Беларускай дзяржаўнай сельскагаспадарчай акадэмii ў Горках адпрацавала ў Гомелi на птушкафабрыцы ды мясакамбiнаце, а потым вярнулася на радзiму i ўладкавалася на доследнай станцыi ў акадэмii.

Штуршком для таго, каб заняцца рукадзеллем, стаў калiсьцi для Тамары Багдановiч празаiчны недахоп сямейнага бюджэту.

— Калi ты — асоба творчая, хочацца iндывiдуальнасцi ў адзеннi. А калi мы былi маладыя, то набыць нешта эксклюзiўнае было немагчыма, — усмiхаецца Тамара Аляксандраўна. — Значыць, трэба было рабiць самой. Таму пачала з пашыву адзення, вязання. I сваiм дзецям першае гатовае верхняе адзенне ў краме набыла, калi яны вучылiся ў 10-м класе, а да гэтага сама вязала i шыла, апранала ўсю сям’ю.

Багдановiч брала ўдзел у выставах, яна прадстаўляла работы з саломкi i макрамэ. I ўрэшце яе працу заўважылi майстры з Дома рамёстваў i запрасiлi прафесiйна заняцца гэтай справай. Такiм чынам у 1991 годзе хобi Тамары Аляксандраўны стала яе прафесiяй.

У Доме рамёстваў майстрыха вырашыла, што няправiльна займацца ўсiм, а трэба абраць свой iндывiдуальны творчы шлях. Таму, памеркаваўшы i вывучыўшы лiтаратуру, яна вырашыла аднаўляць лозапляценне — рамяство, якое, паводле слоў Багдановiч, незаслужана забыта ў Беларусi. Вучыцца гэтаму не было дзе, таму яна абапiралася на свой досвед у рукадзеллi, вывучала гатовыя работы i адолела майстэрства лозапляцення.

— Калi чалавек шчаслiвы ў сям’i — гэта палова чалавечага шчасця, — разважае Тамара Аляксандраўна. — А другая палова шчасця чалавека — у працы, калi яна любiмая. I ў мяне пытаюцца, а цi шмат вам плацяць? Ну, хапае, плацяць сярэдне. Я працую i атрымлiваю задавальненне ад любiмай працы.

«Бабровыя хаткi» ў кватэрах

Радасць лозапляцення ў тым, што невялiкую работу можна зрабiць за некалькi гадзiн. Напрыклад, запрасiлi ў госцi, а з пустымi рукамi iсцi не хочацца: пакуль накладаеш макiяж — размокне лаза, потым хуценька пляцеш, а пакуль апранаешся — работа высахла, i падарунак гатовы. Такiм чынам распавядаюць пра перавагi свайго хобi жанчыны з «Лазiнкi».

Аднак ёсць i iншы бок медаля. Распаўсюджанне лозапляцення тармозiць вельмi складаная падрыхтоўка матэрыялу. Нарыхтоўка сыравiны вядзецца ў халодны сезон — з кастрычнiка па сакавiк.

— За прутом ходзiм пешшу па снегу i цягаем мяхi на спiне, але гэта яшчэ не ўся асалода, — расказвае Тамара Аляксандраўна. — Потым пруты трэба варыць у кiпенi дзве гадзiны. Такiм чынам абпальваецца кара, i потым з дапамогай iнструментаў яе трэба зняць з прутоў. Гэта працэс працаёмкi i брудны. Далей пруты сушацца, i гэта ёсць зыходны матэрыял для лозапляцення. Мы яго захоўваем у сваiх кватэрах. Добрае месца — у шафах i ў спальнi пад ложкам. Нашы мужыкi i дзецi жартуюць, што мы кватэры ператварылi ў нейкiя бабровыя хаткi: куды нi сунься — там тарчыць пучок лазы!

На сярэднюю работу патрабуецца прыкладна 300 прутоў, на год працы — прыкладна 4 тысячы, а гэта каля 20 мяхоў нячышчанай лазы. Таму да працэсу збiрання матэрыялу майстрыхi з аматарскага народнага аб’яднання «Лазiнка» далучаюць усю сям’ю.

Лозапляцене развiваецца ў Горках, можна сказаць, насуперак клiматычным умовам. Тут неспрыяльны клiмат для росту кустоў лазы i плакучай вярбы. Лаза ў Горацкiм раёне вырастае толькi на 30—40 сантыметраў, а не на метр, як хацелася б майстрыхам, таму даводзiцца ехаць на нарыхтоўкi на цягнiках у iншыя рэгiёны.

— Можа, гэта i цяжка, але калi чалавек хоча плесцi з лазы, ён знойдзе час, магчымасцi i сваю ўзбочыну, — упэўнена кiраўнiца «Лазiнкi».

Ад кашолкi для бульбы да карункаў з лазы

Аматарскi калектыў «Лазiнка» iснуе 12 гадоў. Цяпер у iм займаюцца дваццаць чалавек рознага ўзросту, ад студэнтаў да пенсiянерак, ёсць i мужчыны. Першымi пачалi займацца дзецi, i калi яны сталi прыносiць дадому свае работы, зацiкавiлiся iх бацькi. Так была створана «Лазiнка». Жанчыны бралi ўдзел у шматлiкiх выставах, i праз некалькi гадоў калектыву прысвоiлi званне «народны». За гэты час некалькi чалавек сталi прафесiяналамi ў справе лозапляцення i самi вучаць дзяцей i дарослых гэтаму цудоўнаму майстэрству.

— У нас займаюцца студэнты з сельскагаспадарчай акадэмii, — гаворыць Тамара Аляксандраўна. — Калi яны завяршаюць адукацыю, то вязуць сваё майстэрства ў iншыя рэгiёны Беларусi. Мы падлiчылi, што навучылi лозапляценню каля ста чалавек. Значыць, мы не дарма працуем, бо наша творчае аб’яднанне створана дзеля адраджэння рамяства i яго прапаганды.

Лаза да нядаўняга часу была практычна забытая. I «Лазiнка» — ледзь не адзiны калектыў у Беларусi, дзе адраджаюць лозапляценне.

— Росквiт лозапляцення прыпаў на канец 90-х гадоў XIX стагоддзя, — распавядае Багдановiч. — Тады на станцыi Галiцына мецэнат Сава Марозаў стварыў школу лозапляцення. У той час гэта было модна, работы пакрывалiся пазалотай i экспартавалiся ў замежжа. А потым, з прагрэсам, з’явiлiся танныя штучныя матэрыялы, якiя выцеснiлi лазу, i засталася толькi кашолка для бульбы.

Хачу туфлi з лазы!

— Вось сямейка чарапах, — паказвае майстрыха. — Спачатку нарадзiлася вялiкая чарапаха. Але яна стаяла неяк адзiнока, i я вырашыла, што гэта мацi, i трэба для яе зрабiць дзетак. Так з’явiлiся дзецi, мiж iншым, разнаполыя.

Наведвальнiкi выставы заўсёды з цiкавасцю шукаюць палавыя адрозненнi чарапашак. I вось яны: на галаве чарапашкi жаночага полу — банцiк!

А гэта скрыня з пiсталетамi — лаза i чырвоны бархат. Пляцёныя пiсталеты старажытнага ўзору выглядаюць праўдападобна.

— Гэта работа называецца «Запрашэнне да творчай дуэлi», — гаворыць Тамара Багдановiч. — Я запрашаю да спаборнiцтва ўсiх майстроў лозапляцення. Няхай зробяць нешта лепш за нас, i мы з задавальненнем саступiм сваё першынства. Творчыя дуэлi толькi на карысць развiцця нашага майстэрства.

Ёсць тут i калекцыя абутку з лазы. Этапы эвалюцыi — лапцi, валёнкi i туфлiкi на высокiм абцасе, як у Папялушкi. З гэтымi туфлiкамi звязана адна гiсторыя, якая адбылася на фестывалi народнай творчасцi ў Глуску.

— Дзяўчынка гадоў 14 са слязьмi стала прасiць у мацi набыць гэтыя туфлi, — узгадвае Тамара Аляксандраўна. — Я дзiцяцi тлумачу, што iх нельга насiць, бо яны з лазы. А яна не разумее i настойвае: маўляў, няма ў чым шпацыраваць па цэнтру!

Творы не прадаюцца за грошы

Свае шэдэўры з лазы Тамара Багдановiч стварае ўначы.

— Я — мацi, у мяне муж i двое дарослых дзяцей, а кватэра невялiкая i маленькая кухня, — расказвае пра ўмовы для працы i творчасцi Багдановiч. — Я, з аднаго боку, не магу ўшчамляць сям’ю, а з iншага — у творчага чалавека нiчога добрага не атрымаецца, калi яго ўвагу пастаянна адцягваюць на нешта iншае. Таму ўначы, калi поўны спакой, я саджуся за лазу. I здараецца так, што а 5-й гадзiне ранiцы я iду спаць, а муж пытаецца, чаго я так рана паднялася.

— Часта, калi лаза зламалася, тут жа кiдаюць справу, — гаворыць майстрыца. — А я заўсёды кажу ў такiх выпадках, што не чалавек лазу зламаў, а яна яго. Трэба iмкнуцца нараджаць пры кожным павароце прута нешта творчае, прыгожае.

— I ведаеце, вялiкая карысць ад лазы для сямейных зносiнаў! — усмiхаецца Багдановiч. — Нашы жанчыны сталi вельмi паважанымi свекрывямi, таму што дораць нявесткам такiя падарункi, якiя яны набыць нiдзе не могуць.

Мiж тым, на сваiм майстэрстве жанчыны з Горак катэгарычна адмаўляюцца зарабляць грошы.

— I як аддаць гэту работу, якую я рабiла бяссоннымi начамi, за кiлаграм каўбасы, якi я прынясу дадому? — абураецца Тамара Аляксандраўна. — Я лепш яе падару i ўбачу ў вачах чалавека бляск i да мяне вернецца ад яго больш станоўчай энергii, чым ад вячэры з той каўбасой.

Затое работы з лазы майстрыхi часта дораць. Iх творы «паехалi» ў Iндыю, Бельгiю, Бразiлiю, Англiю, Францыю. Горацкiя жанчыны мараць пра тое, што лоза-пляценне пашырыцца i сувенiр з лазы стане прадстаўляць iх родную Беларусь.

Горкi — сталiца лозапляцення

Тамара Багдановiч i жанчыны з «Лазiнкi» добра ўспрынялi прысуджэнне прэмii. «Тое, што нас заўважылi i ацанiлi — гэта прыемна», — гаворыць Тамара Аляксандраўна.

Сяброўкi рады за яе. Iна Уладзiмiраўна Цыцкоўская захапiлася пляценнем шмат гадоў таму. «Бяру лазу ў рукi i адразу адчуваю цяпло,» — так расказвае пра сваё захапленне жанчына.

— Я вельмi рада, што Тамары далi прэмiю, — гаворыць Iна Уладзiмiраўна. — Мне падаецца, што гэта нас усiх адзначылi i ўзнагародзiлi.

А Марыя Сямёнаўна Кабылянец гаворыць, што праслязiлася, калi глядзела ўручэнне прэмiй па тэлебачанню.

Прэмiяльныя грошы, а гэта прыстойная сума, Тамара Аляксандраўна мяркуе аддаць як першы ўзнос у будаўнiчы кааператыў для дачкi. Але матэрыяльнае заахвочванне — не самае галоўнае, упэўнена яна.

Майстрыхi мяркуюць, што ў год, якi прысвечаны Мацi, яны паспрабуюць у лазе выказаць мацярынскi клопат i любоў.

— Я вельмi ўдзячная ўсiм за падтрымку, — шчыра гаворыць Тамара Аляксандраўна. — Мы i далей будзем працаваць. Калi Шклоў вядомы як сталiца агуркоў, то мы з Горак зробiм сталiцу лозапляцення! Мы хочам, каб наша рамяство жыло i квiтнела.

г. Горкi.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Кiраўнiк народнага аматарскага аб’яднання «Лазiнка» Горацкага раённага Дома рамёстваў Тамара БАГДАНОВIЧ атрымала прэмiю «За духоўнае адраджэнне» ў нам
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив

РЕКЛАМА


Все новости Беларуси и мира на портале news.21.by. Последние новости Беларуси, новости России и новости мира стали еще доступнее. Нашим посетителям нет нужды просматривать ежедневно различные ресурсы новостей в поисках последних новостей Беларуси и мира, достаточно лишь постоянно просматривать наш сайт новостей. Здесь присутствуют основные разделы новостей Беларуси и мира, это новости Беларуси, новости политики, последние новости экономики, новости общества, новости мира, последние новости Hi-Tech, новости культуры, новости спорта и последние новости авто. Также вы можете оформить электронную подписку на новости, которые интересны именно вам. Таким способом вы сможете постоянно оставаться в курсе последних новостей Беларуси и мира. Подписку можно сделать по интересующим вас темам новостей. Последние новости Беларуси на портале news.21.by являются действительно последними, так как новости здесь появляются постоянно, более 1000 свежих новостей каждый день.
Яндекс.Метрика