Дачка святара
Свята-Пакроўскi храм месцiцца на ўскраiне Крычава, у пасёлку цэментнiкаў. Гэта невялiкi драўляны будынак, пафарбаваны ў вясёлы блакiтны колер. Унутранае ўбранне царквы — сцiплае, але зробленае з густам i любоўю. Шмат абразоў — сучасных i старых. Сярод iх — абразы, якiя вышыты рукамi Ларысы Ашуркавай. Гэта жанчына — дачка святара, першага настаяцеля Свята-Пакроўскай царквы айца Iаана Захарчанкi. Гiсторыя яе сям’i i гiсторыя царквы цесна звязаныя.
Царква ў гонар Перамогi Свята-Пакроўская царква была адчынена ў Крычаве па заканчэннi Вялiкай Айчыннай вайны. Пасля вызвалення горада крычаўцы сабралi грошы i набылi ў Бацвiнаўскага сельскага Савета за 9 тысяч савецкiх рублёў драўляны будынак вясковай царквы, якi з часоў рэвалюцыi выкарыстоўваўся як склад i калгасны клуб. Царкву перавезлi ў Крычаў па бярвеннях. Калi ставiлi будынак, уся акруга бегала глядзець, а непадалёк, пад Чавусамi, яшчэ бiлi зенiткi. Гавораць, што людзi пасля вайны адчулi паслабленне ў барацьбе ўлады з верай i смела хадзiлi ў царкву. Яны прыносiлi абразы, старыя i намоленыя, якiя захоўвалi пасля закрыцця храмаў. Так адбылося i са званамi. Звон са светлага металу прывезла ў Крычаў састарэлая жанчына Арына з вёскi Бацвiнаўка. Яна схавала яго ў падполе, калi ў вёсцы зачынiлi храм. Другi звон, цёмнага сплаву, прынеслi з вёскi Варанёва, дзе ён быў прыстасаваны пад умывальнiк у школьным двары. Вялiкi звон даставiў крычавец Гаўрыiл Каласоўскi з чыгункi, дзе яшчэ да вайны яго выкарыстоўвалi для падачы сiгналаў пры адпраўленнi цягнiкоў. Два званы — малы i вялiкi з надпiсам «Звон за умерших» прывёз на фурманцы Адам з вёскi Ануфрыева, iх схавалi сяляне пасля разбурэння царквы. Першым званаром быў Iван Васiн, былы ваеннапалонны. Ён жыў у вартаўнiцкай пры царкве i не хацеў ехаць дадому ў Вятку, таму што баяўся, што яго пасадзяць за краты — за тое, што трапiў у палон. Крычаўскiя вернiкi ганарылiся тым, што прыгожы гук царкоўных званоў разносiцца далёка па ўсёй акрузе. Святар i яго выпрабаваннi Першым настаяцелем храма быў Iаан Захарчанка. Яго дасюль памятаюць у Крычаве як чалавека добрага i сцiплага, да якога звярталiся па параду ў цяжкiх жыццёвых абставiнах. Святар быў перакананы, што чалавек з хрысцiянскiм спакоем павiнен трываць усё, што дасылае яму Гасподзь. Гадоў праз пяць пасля вайны царкоўны звон стаў перашкаджаць уладам. Святара выклiкалi ў райкам партыi i паказалi лiст ад незадаволеных: звон турбуе рабочых цэментнага завода i яны не хочуць яго слухаць. Загадалi званiць як мага радзей i цiшэй. Так i давялося трымаць званы ў «шаптаннi». У 1962 годзе, калi Савецкiм Саюзам кiраваў Мiкiта Хрушчоў, два крычаўцы (iх прозвiшчы памятаюць дасюль, але не называюць, бо тут жывуць iх дзецi i ўнукi) закiдалi райкам i выканкам лiстамi з просьбамi зачынiць храм, бо, маўляў, вернiкаў зусiм няма, i ён нiкому не патрэбен. I хутка Свята-Пакроўскую царкву зачынiлi, з фармальнай прычыны яе аб’яднання з iншым храмам у цэнтры Крычава. Як згадваюць людзi, зачынiлi царкву ў адзiн дзень, зачапiлi ланцугамi званы i купалы i, пацягнуўшы iх трактарам, скiнулi. Жанчыны плакалi i крычалi, але нiчога зрабiць не маглi. Абразы i царкоўныя прылады пакiдалi ў кузаў грузавога аўтамабiля i нiбыта павезлi ў iншую царкву. Але рабочыя цэмзавода, якiя ўвечары вярталiся з працоўнай змены, знаходзiлi на дарозе раскiданыя абразы. Айцец Iаан быў у шоку, прыгадвае яго дачка Ларыса Iванаўна. Ён зачынiўся ў сваiм хатнiм малельным пакоi i плакаў, але ўвечары, сабраўшы сiлы, пайшоў у храм ратаваць тое, што засталося ад разбурэння. На калясцы ён прывёз i схаваў званы. Таксама святар выратаваў харугвы, Галгофу, плашчанiцу, Царскiя вароты, падсвечнiкi i вялiкiя абразы з iканастаса. Усё гэта дабро захоўвалася 28 гадоў у доме айца Iаана: званы — у пунi, абразы — на гарышчы, абгорнутыя сухiмi анучамi i закрытыя ў шафах. Сваiм дзецям ён перад смерцю наказаў вярнуць усё гэта ў царкву, калi яна адчынiцца. Святар малiўся за гэта i цвёрда верыў, што так аднойчы адбудзецца. Любiла Сталiна, але верыла ў Бога Ларыса Iванаўна Ашуркава цяпер адна з самых актыўных прыхаджанак царквы, дзе быў настаяцелем яе бацька. Яна пенсiянерка, дзецi i ўнукi жывуць у Санкт-Пецярбургу. Пасля смерцi мужа жыве адна, але iмкнецца не быць адзiнокай — яе ратуюць зносiны з сяброўкамi i сваякамi, напiсанне жыццёвых апавяданняў i ўспамiнаў. — Я гадавалася ў атэiстычны час, але ў дзяцiнстве нiякiх супярэчнасцяў памiж жыццём дома i ў школе я не адчувала, — прыгадвае Ларыса Iванаўна. — Я была з сям’i святара, але нiякага фанатызму ў нас не было. У школе мяне не дражнiлi, я была актыўная, гарэза, i ўсе добра да мяне ставiлiся. А бацька казаў мне, каб я памятала, што Гасподзь ёсць над усiмi намi. Хатнiя малiтвы спакойна сумяшчалiся ў жыццi дзяўчынкi з любiмым сном, дзе яна сустракае Сталiна i дорыць яму вялiзны букет вяргiняў. Яна стала камсамолкай. Бацька ўсё ведаў i толькi прасiў, каб дачка не забывала пра Бога. Паводле ўспамiнаў Ашуркавай, святар верыў, што любая ўлада ад Бога i лiчыў, што ў школе яго дзяцей дрэннаму не навучаць. Праўда, сёння Ларыса Ашуркава прызнаецца, што жыццё дачкi святара ўсё ж не было лёгкiм. Пры паступленнi ў вучылiшча iмя Крупскай ў Мiнску дзяўчына пабаялася напiсаць, што яе бацька — святар, але тайну раскрыў яе зямляк, супрацоўнiк Мiнiстэрства асветы, якога Людмiла сустрэла выпадкова i расказала пра свае поспехi ў вучобе. Ён паведамiў кiраўнiцтву вучылiшча, што яны навучаюць дачку святара, i дзяўчыне адкрыта сказалi, што калi б ведалi, замест яе прынялi б на вучобу дзiця рабочага або селянiна. Тым не менш ёй далi магчымасць здаць дзяржаўныя экзамены, вось толькi не пакiнулi працаваць у Мiнску, як раней планавалi, а адправiлi ў аддалены Глускi раён. Адпрацаваўшы там абавязковыя два гады, Ларыса ўладкавалася ў Крычаве. Аднак на працы ў школе яе напаткала новая непрыемнасць: калега-настаўнiк паскардзiўся ў «Настаўнiцкую газету», што малых вучыць дачка святара i можа схiлiць iх да рэлiгii. Журналiст, якi прыехаў у Крычаў разбiрацца з сiтуацыяй, аказаўся разумным чалавекам. Ён не стаў ганьбiць маладую настаўнiцу, а параiў райкаму даць ёй з мужам асобную кватэру, каб яна не жыла з бацькам пад адным дахам. — Муж працаваў на цэментным заводзе майстрам, i нам хутка далi ад прадпрыемства кватэру, — прыгадвае Ашуркава. — I потым, калi бачылi таго скаржнiка, дзякавалi яму i называлi яго лепшым сябрам, бо ён фактычна дапамог нам вырашыць жыллёвую праблему! Нягледзячы на выпрабаваннi, вера ў Бога замацавалася ў жыццi дачкi святара назаўсёды. — Людзi тысячагоддзямi шукаюць адказ на пытанне — ёсць Бог або яго няма, — гаворыць Ашуркава. — Чалавек звычайна прыходзiць да Бога, калi яму асаблiва цяжка. Так i я шукала паратунку ў малiтве ў складаных сiтуацыях. Спачатку гэта давала мне супакаенне, надзею, а потым знiкаў страх i ўсё неяк уладкоўвалася. Нешта ёсць вялiкае, што стварыла гэты свет, кiруе iм i да якога варта звяртацца. Званы i абразы Людмiла Iванаўна прызнаецца, што пагаджалася з бацькам, якi паўтараў пра аднаўленне цэркваў, з ветлiвасцi i павагi, а сама зразумець не магла, якiм чынам у савецкiм грамадстве гэта адбудзецца. Будынак былой Свята-Пакроўскай царквы ўжо нiкому не быў патрэбны. Спачатку яго аддалi таварыству садзейнiчання армii i флоту, зацэментавалi падлогу i ганялi матацыклы, а потым зрабiлi гатэль для гасцей цэментнага завода. Хоць мясцовыя жыхары, калi iшлi мiма, усё яшчэ хрысцiлiся. У час перабудовы крычаўцы пачулi, што аднаўляюцца храмы. Людмiла Ашуркава напiсала ў Маскоўскую патрыярхiю пра гiсторыю храма ў Крычаве i пра жаданне народа аднавiць яго. За гэту богаўгодную справу ў пасёлку цэментнiкаў сабралi подпiсы. I нарэшце ў 1990 годзе царква зноў адчынiлася. Першае, што зрабiлi сёстры, спадчыннiцы першага настаяцеля царквы, — вярнулi званы, абразы i ўсе царкоўныя прылады, якiя выратаваў i захаваў iх бацька. Людмiла Iванаўна таксама падаравала царкве абразы, якiя вышыла сваiмi рукамi. Яна вышывае з дзяцiнства. Спачатку малявала: яшчэ ў вайну, 7-гадовая, яна ўбачыла, як немец намаляваў ружу, i захапiлася. Потым усе куты ў хаце ўпрыгожвала намаляванымi ружамi, што было вельмi дарэчы, бо ў той час нiякiх iншых упрыгажэнняў i не было. А потым падглядзела ў адной жанчыны вышытую кветку. Дзяўчынка стала сама вышываць гладдзю, вось толькi мацi лаялася, што ў той час, калi немагчыма было набыць гаспадарчыя прылады, малая губляла каштоўныя iголкi... Пра вышыванне абразоў Ларыса Iванаўна пачула ўжо ў час перабудовы. Паспрабавала сама, спалучыла вышыўку i бiсер i вышыла больш за 20 абразоў. — Я даведалася з адмысловай кнiгi, што да стварэння абразоў трэба рыхтавацца — прытрымлiвацца посту, малiцца, ды i проста быць набожным, — гаворыць Ашуркава. — Твар святога я вышываю з вялiкiм трапятаннем. У абраза — асаблiвы выгляд, гэта не проста павiнна быць прыгожа, а ён павiнен выклiкаць глыбокiя добрыя пачуццi. ...А ў Свята-Пакроўскай царкве ў Крычаве зноў гучаць старажытныя званы. Прыхаджане лiчаць, што звоняць яны мiрна, ласкава i ўзносяць у неба малiтву вернiкаў. Iлона IВАНОВА, г. Крычаў.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Свята-Пакроўскi храм месцiцца на ўскраiне Крычава, у пасёлку цэментнiкаў. Гэта невялiкi драўляны будынак, пафарбаваны ў вясёлы блакiтны колер. Унутран
|
|