Танец жывата ў выкананні карэспандэнта «Звязды»
Аляксандр ПУКШАНСКI
Выпрабавана на сабе Аглядальнiк «Звязды», верагодна, стаў першым мужчынам, якi, хоць i вельмi далёкi ад свету танцаў, але ж паспрабаваў заняцца вельмi папулярнымi зараз усходнiмi танцамi. А чаму б i не? Займаюцца ж жанчыны цяжкай атлетыкай, боксам i нават барацьбой сумо. Лятаюць на самалётах, ды шмат прыкладаў, калi жанчыны бяруцца за мужчынскiя справы. У свой час гэта не вельмi падабалася мужчынам. Але ж прагрэс зрабiў многае.Навучыце мяне! Я думаў: а цi трэба ажыццяўляць эксперымент? Цi зразумеюць калегi? Сяброўка, якая займаецца ўсходнiмi танцамi, здзiвiлася просьбе пазнаёмiць з iнструктарам. Але ж дапамагла. Так атрымалася, што да пачатку эксперымента медыкi мяне «заганялi». А падчас пастаянных заняткаў, паводле слоў танцоўшчыцы, многiя хваробы праходзяць. Магчыма падлячуся нетрадыцыйным шляхам? Памятаеце амерыканскi фiльм пра тое, як мужчына зразумеў, чаго жадаюць жанчыны, пасля таго, як цудам пачаў «слухаць» думкi жанчын? Псiхолагi гавораць, што памiж паламi вядзецца «вайна», а каб зразумець «ворага», трэба ведаць яго зброю i метады барацьбы. Вось i вырашыў канчаткова, што паспрабую. А было такое, каб мужчыны займалiся ўсходнiмі танцамі? — пацiкавiўся ў прывабнага iнструктара па ўсходнiм танцам клуба спартыўнага танца «Дынама» Вiцебскага цэнтральнага спартыўнага комплексу Таццяны Ярмоленкi — маладога, але вельмi вопытнага майстра. Да мяне нiхто з мужчын не прасiўся павучыцца. Яна лiчыць, што ў мужчын няма ад прыроды той унутранай энергетыкi, якая неабходная для танца. Няма таго, чым танцуе жанчына. Памылковая думка, што ўсходнiя танцы — гэта прыгожыя рухi грудзьмi i клубамi. Галоўнае — энергетыка. Гэта — пачуццi, а не проста танец пэўнымi часткамi цела. Пры выкананнi неабходна значна большае, чым тэхнiка. Таццяна часта нагадвае вучанiцам, што танцам трэба нешта расказаць: аб каханнi, сяброўстве... Павiнны танцаваць i вочы, i кiсцi рук. Можаш недакладна выканаць усе элементы, галоўнае, каб табой зачароўвалiся, каб ты заварожвала, дарыла станоўчую энергiю. Трэба iнтрыгаваць не целам, тэхнiкай, а аурай, каб не маглi вачэй адвесцi. Усход, сапраўды, справа тонкая. Таццяна думае што, калi б мужчыны з дапамогай усходнiх танцаў спрабавалi лепш зразумець жанчын, iм было б цiкава i карысна. Яны былi б больш пяшчотнымi, ласкавымi, ЛЕПШ РАЗУМЕЛI жанчын. Так званых усходнiх танцаў шмат, усе яны непаўторныя. Iх радзiмай лiчыцца Егiпет. У пачатку свайго iснавання танец быў храмавым. Калi Егiпет увайшоў у склад Асманскай iмперыi, танец пачаў распаўсюджвацца i развiвацца. У яго ўвайшлi цыганскi, iндыйскi, кiтайскi, японскi i iншыя танцы. Падчас iндыйскага з удзелам мужчыны i жанчыны, якiя ў танцы — «iнь» i «янь», iх энергетычныя пачаткi яднаюцца. А iранскiя мужчыны наогул з жанчынамi не танцуюць. Турэцкiя, калi жанчыны танцуюць, могуць кiдаць iм пад ногi пялёсткi кветак, «круцiцца» побач, але дакранацца да цела нельга. Што датычыцца славянскiх традыцый, у нас у асноўным танцуюць мужчыны. Жанчыны ў танцы i па жыццi «энергетычна сцiплыя». Тыя ж карагоды, калi танцуюць усе разам. А калi ў парах, дык з падскокамi. Славянкi традыцыйна заняволеныя, ды i мужчыны выхоўваюцца не так, як на ўсходзе, у нас зусiм iншая культура. Мо таму ў нас усходнiя танцы ўспрымаюцца як вiдовiшча i толькi як эратычнае, да iх нейкiя спажывецкiя адносiны. А вось ўсходнiя мужчыны чакаюць ад танца нечага большага. Аднойчы госцi з усходу былi вельмi здзiўленыя, калi ўбачылi, як у Вiцебску дзяўчаты выконваюць усходнiя танцы. Такiя прыгожыя, а душы ў танцах няма. Цела не разняволена.... Таму нашым дзяўчатам трэба параўнальна больш часу, каб зразумець усе нюансы. Усходнiя танцы ў нас даўно не новае хобi жанчын. Проста сёння назiраецца пiк iх папулярнасцi. Колькасць жадаючых займацца павялiчылася ў некалькi разоў, дзякуючы серыялу «Клон». Жанчыны на свае вочы ўбачылi, як гэта прыгожа i як падабаецца тэлегероям — мужчынам. Усходнiя танцы на самай справе вельмi карысныя для здароўя. На працягу першых 2—3 месяцаў заняткаў паляпшаецца агульнае самаадчуванне i настрой становiцца добрым. Падцягваецца скура на целе, гнуткiм становiцца стан, паляпшаецца постаць, з’яўляецца пластыка, выпраўляецца дыханне (нават можа прайсцi бранхiт), знiкаюць усе адклады солi (калi iх няма, тады i не будзе), адыходзяць некаторыя гiнекалагiчныя захворваннi. У жанчын з’яўляецца ТАЛIЯ! А, напэўна, галоўнае — ЖАНОЦКАСЦЬ, пра якую часта гавораць мужчыны, але ж сфармуляваць, што гэта, не могуць. Каб усяго гэтага дабiцца, трэба займацца некалькi разоў на тыдзень, не менш, чым па гадзiне. Таццяна на занятках робiць акцэнт на егiпецкiя традыцыi. Выкладае класiчны «бэллi —данс» (танец жывата), а таксама турэцкi — з больш дынамiчнымi рухамi: рознымi вiдамi трасення, кручэння. Ёсць у яе i 11-гадовыя вучанiцы, i тые, каму за 50. Дрэнны вучань Збiраюцца члены групы. «Вы не будзеце супраць, калi з намi сёння будзе займацца мужчына?», — пытае Таццяна ў тых, хто першымi прыйшлi на заняткi. Паўза. Адказваюць, што не. «Толькi не глядзiце, як мы будзем пераапранацца!», — просяць дзяўчаты. Я схаваўся за кулiсамi на сцэне i пашкадаваў, што не бачыў... Спрабую самастойна павязаць на жывот спецыяльны так званы ўсходнi пояс з манеткамi. Апошнiя — каб задавалi рытм. «Ды не так! Трэба нiжэй, на талiю», — папраўляе пояс Таццяна. Калi дзяўчаты ўбачылi над поясам мой валасаты жывот, не смяяцца не маглi. Замест такога пояса можна ўпрыгожыць сябе i вялiкай хусцiнкай, таксама з манеткамi. А на галаве павiнны быць валасы распушчаны (нават ёсць гальфiйскi танец, якi добра ўзмацняе вестыбулярны апарат). Ногi павiнны быць без абутку. Каб быць на ўсе 100 працэнтаў яшчэ неабходна перад выступленнем прыняць ванну з мёдам, малаком, не перашкодзяць i араматычныя маслы. Ды яшчэ спецыяльны макiяж, не забудзьце пра манiкюр, педыкюр (гэта я ўсё лiчу, колькi мужчыны трацiлi б грошай, калi б каханыя папрасiлi фiнансаваць заняткi). Гм! Так. Чагосьцi ў мяне не было, а другое я зрабiў не так. Дрэнна падрыхтаваўся да першага занятку. Выпраўляць памылкi часу не было. Ды прыходзiлi новыя танцоўшчыцы, якiя, калi ўбачылi мяне на сцэне, адразу нешта не разумелi. Я iм тлумачу, што журналiст. Пад усходнiя мелодыi пад кiраўнiцтвам Таццяны пачаў вывучаць элементы танца. Нават на каленi паставiлi (вось было сапраўднае свята ў прысутных жанчын). А ў час маёй публiчнай ганьбы сяброўка спрабавала знайсцi лепшы ракурс, каб мяне добра сфатаграфаваць. Цяжкiя хвiлiны занятку ўспамiнаць буду доўга. Як гэта гуллiва паглядзець i пры гэтым зрабiць лiсцiкам кiсць, а нагу адцягнуць плаўна? I ўсё гэта пад рытм чароўнай мелодыi? Я зразумеў, што нiколi мужчына не зможа добра выканаць усходнi танец, бо сапраўды мы такiя розныя не толькi целам.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Аглядальнiк «Звязды», верагодна, стаў першым мужчынам, якi, хоць i вельмi далёкi ад свету танцаў, але ж паспрабаваў заняцца вельмi папулярнымi зараз у |
|