Шанц для «аўтсайдара»
Сяргей ГРЫБ
У Беларусi плануецца «падцягуць» заробкi на малых i сярэднiх прадпрыемствах
Урад, прафсаюзы i аб’яднаннi наймальнiкаў падпiсалi Генеральнае пагадненне на 2006—2008 гады. Пры гэтым, як адзначыў падчас Нацыянальнага савета па працоўных i сацыяльных пытаннях першы вiцэ-прэм’ер урада Уладзiмiр Сямашка, новае пагадненне прадугледжвае больш высокую планку сацыяльных гарантый. Паводле слоў першага намеснiка мiнiстра працы i сацыяльнай абароны Алены Колас, летась ураду ўдалося забяспечыць эканамiчны рост, стабiльнасць у фiнансавай сферы i на валютным рынку. У праватнасцi, ВУП Беларусi павялiчыўся на 9,2 працэнта, а рэнтабельнасць рэалiзаванай прадукцыi i паслуг у цэлым па народнай гаспадарцы склала 13,5 працэнта. Гэта дазволiла выканаць усе пункты ранейшага Генеральнага пагаднення з прафсаюзамi i аб’яднаннямi наймальнiкаў, i перш-наперш — забяспечыць рост зарплаты. У снежнi мiнулага года, нагадала Алена Колас, яе сярэднi паказчык па краiне выйшаў на адзнаку 261, а па бюджэтнай сферы — на 249 долараў. Прычым намiнальная зарплата ў краiне ўзрасла на 34 працэнты, што аказалася вышэй тэмпаў павелiчэння выдаткаў па такiх традыцыйна «важкiх» артыкулах сямейнага бюджэту, як аплата жыллёва-камунальных паслуг (за мiнулы год павелiчэнне тарыфаў тут склала 10,3 працэнта) i паслуг грамадскага транспарту (30,1 працэнта). У цэлым за мiнулы год рэальная, з улiкам змянення цэн на тавары i паслугi, зарплата ўзрасла на 21,5 працэнта. Не менш цiкавы i такi факт. Паводле слоў першага намеснiка мiнiстра працы i сацыяльнай абароны, летась на сярэднi заробак грамадзянiн Беларусi мог набыць 2,3 набору тавараў i паслуг, што ўваходзяць у мiнiмальны спажывецкi бюджэт. Пяць гадоў таму, зазначыла Алена Колас, агульны паказчык пакупнiцкай здольнасцi заробкаў быў амаль удвая меншым. Адначасова Беларусь застаецца адным з лiдараў у СНД па ўзроўню мiнiмальнай зарплаты, пенсiй (сярэдняя працоўная пенсiя на канец мiнулага года адпавядала 103 доларам), стыпендый. Нарэшце, летась практычна на чвэрць павялiчылася колькасць атрымальнiкаў адраснай сацыяльнай дапамогi. Такiм чынам, адзначаў падчас Нацыянальнага Савета намеснiк старшынi Федэрацыi прафсаюзаў Эдвард Матулiс, за апошнiя пяць гадоў колькасць грамадзян краiны, якiя маюць даход нiжэй бюджэту пражытачнага мiнiмуму, скарацiлася больш чым удвая — з 29 да 13 працэнтаў. Мiж тым, паводле новага Генеральнага пагаднення на 2006—2008 гады, тэмп росту рэальнай зарплаты не павiнен быць нiжэй тэмпу росту ВУП краiны. Ужо сёлета сярэднiя заробкi дасягнуць адзнакi 300, а да канца 2010 года — 500 долараў ЗША. Паралельна павялiчыцца вага «мiнiмалкi». Па дамоўленасцi памiж урадам, прафсаюзамi i наймальнiкамi, яна паступова выйдзе на больш высокi паказчык — мiнiмальны спажывецкi бюджэт. Як i дагэтуль, урад возьме на сябе абавязкi рэгуляваць цэны на камунальныя паслугi. А любое iх павышэнне будзе рабiцца толькi пасля папярэдняга павелiчэння заробкаў, пенсiй i дапамог. Таксама адметны пункт дамоўленасцi — паступовы рост дапамог на дзяцей ва ўзросце да 3 гадоў да рысы бюджэту пражытачнага мiнiмуму. Павiнна захавацца ранейшая колькасць бясплатных i льготных пуцёвак на дзiцячае аздараўленне ў загарадных лагерах — прынамсi, для дзяцей, якiя маюць патрэбу ў сацыяльнай падтрымцы. Апроч таго, плануецца, што перавышэнне 3-працэнтнага ўзроўню беспрацоўя ў асобных населеных пунктах стане падставай для распрацоўкi тут спецыяльных праграм па захаванню i стварэнню новых працоўных месцаў. Далей. Генпагадненнем вызначана, што ў блiжэйшыя гады не менш чым 30 працэнтаў усяго жылля павiнна будавацца ў вёсках i невялiкiх гарадах. I яшчэ. Згодна з дамоўленасцю памiж урадам, прафсаюзамi i аб’яднаннямi наймальнiкаў мяркуецца вывучыць пытанне аб адмене падаходнага падатку для грамадзян, якiя маюць даход нiжэй бюджэту пражытачнага мiнiмуму. Прычым канчатковае рашэнне тут можа быць прынята ўжо ў наступным годзе. Варта нагадаць, што Генеральнае пагадненне — аснова для заключэння калектыўных дагавораў на канкрэтных прадпрыемствах. Аднак, зазначыў першы вiцэ-прэм’ер Уладзiмiр Сямашка, якраз у дадзеным выпадку могуць узнiкнуць праблемы. Так, не сакрэт: некаторыя буйныя прадпрыемствы фактычна выйшлi на сярэднi паказчык аплаты працы ў 500 долараў ужо зараз. I разам з тым ёсць нямала невялiкiх арганiзацый, дзе рэальна гэты ўзровень у 3—5 разоў меншы. На працягу апошнiх гадоў, падкрэслiў Уладзiмiр Сямашка, асноўная стаўка ўрада была сапраўды зроблена на мадэрнiзацыю высокатэхналагiчных вытворчасцяў. Гэта стаўка спрацавала — у прыватнасцi, менавiта «лiдары» забяспечылi рост эканомiкi i павышэнне сацыяльных гарантый у цэлым. Прычым, з улiкам намеру Беларусi ўступiць у Сусветную гандлёвую арганiзацыю, абнаўленне асноўных фондаў тут працягнецца i надалей. Да прыкладу, сёння БелАЗ, МАЗ, «Палiмiр», «Нафтан», Мазырскi нафтаперапрацоўчы завод, «Гродна-Азот», iншыя буйныя прадпрыемствы маюць новыя бiзнэс-планы развiцця, што дазволiць iм працаваць ва ўмовах больш жорсткай канкурэнцыi з боку замежных кампанiй. Таму, зазначыў Уладзiмiр Сямашка, урад гатовы падтрымаць гэтыя праекты. Аднак у той жа час не менш увагi плануецца надаваць малым i сярэднiм прадпрыемствам. Як адзначыў Уладзiмiр Сямашка, ужо прынята рашэнне аб рэструктурызацыi ранейшых даўгоў прыкладна 300 прадпрыемстваў. Такi крок па сутнасцi адкрывае шлях «аўтсайдарам» да банкаўскiх крэдытаў для тэхнiчнага пераўзбраення i пачатку вытворчасцi новых вiдаў прадукцыi. Пры гэтым, пры ўмове разлiкаў па бягучых плацяжах, для цяперашнiх «праблемных» прадпрыемстваў не выключаецца верагоднасць частковага цi поўнага спiсання запазычанасцi 1990-х гадоў. Зрэшты, паведамiў першы вiцэ-прэм’ер, сёння вывучаюцца магчымасцi дадатковай падтрымкi некаторых «цяжкiх» галiн эканомiкi — такая падтрымка, да прыкладу, будзе датычыцца прадпрыемстваў мясцовай i абутковай прамысловасцi.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
У Беларусi плануецца «падцягуць» заробкi на малых i сярэднiх прадпрыемствах
|
|