Жаночы вобраз беларускай армii,
Дзмiтрый АЛЬФЕР
або Хто з вайскоўцаў святкуе i «мужчынскае», i «жаночае» свята
Большасць чытачоў, напэўна, пагодзяцца з наступным: прафесii падзяляюцца на мужчынскiя i жаночыя. Так склалася, што «мужчынская» работа абавязкова звязана з рызыкай, фiзiчнымi нагрузкамi i больш вялiкай адказнасцю. Але не ўсе катэгарычна прымаюць такое меркаванне. Напярэдаднi веснавога свята 8 сакавiка мы наведалi alma mater усiх мужчынскiх прафесiй — Ваенную акадэмiю Рэспублiкi Беларусь, дзе сустрэлiся....не не з хлопцамi-курсантамi. Сённяшнiя госцi «Звязды» — дзяўчаты, курсанты самай прэстыжнай ваеннай навучальнай установы краiны. Для даведкi: Некалькi гадоў таму было прынята рашэнне аб наборы ў Акадэмiю дзяўчат-курсантаў. Яно i вядома — напрыклад, у армiях Заходняй Еўропы колькасць жанчын-ваеннаслужачых складае да 10 працэнтаў. У Беларусi, у параўнаннi з 1997 годам, жанчын-афiцэраў стала служыць у тры разы больш. Усяго ж у вайсковых часцях i падраздзяленнях нашай краiны праходзяць службу 4000 жанчын. Больш за 200 з iх носяць афiцэрскiя пагоны, 309 з’яўляюцца прапаршчыкамi, 3349 працуюць па кантракту на пасадах салдат i сяржантаў. Нарэшце, знаёмцеся з курсантамi: Наталля Наумчанка, 4-ы курс факультэта аўтаматызаваных сiстэм кiравання; Майя Сiдарава, праходзiць навучанне на гэтым жа факультэце трэцi год. — Чаму выбралi кар’еру ваеннага чалавека? Вядома ж, нялёгкая справа, асаблiва для «слабага полу». Ды i бацькi, напэўна, не вельмi задаволеныя былi — такiя прыгожыя дзяўчаты, а ўсё жыццё ў ваеннай форме хадзiць будуць. МАЙЯ: Не, не згодная. Я лiчу, што ваенная адукацыя зараз — гэта вельмi прэстыжна. А для жанчыны ў гэтым ёсць яшчэ i нешта незвычайнае, цiкавае. А родныя i ўсе знаёмыя з радасцю ўспрынялi маё жаданне, i па сённяшні дзень падтрымлiваюць мае планы. НАТАША: Служба ў армii заўсёды лiчылася перспектыўнай прафесiяй. Тым больш, што якраз форма мяне i прываблiвае. Яшчэ адзiн плюс — я ведаю аб тым, што пасля заканчэння Акадэмii мяне чакае стабiльная будучыня. Дарэчы, для жанчын-курсантаў не iснуе нiякiх паслабленняў. Падрыхтоўку яны праходзяць разам з хлопцамi, расклад навучальнага дня ў дзяўчат нi ў чым не саступае звычайным правiлам. Пад’ём а палове сёмай, фiзiчная зарадка, нават у час зiмовага надвор’я — на вулiцы. З 9.00 ранiцы да 14.00 яны займаюцца ў аўдыторыях, потым да 20.00 — час самастойнай падрыхтоўкi да заняткаў, спартыўныя мерапрыемствы, iнфармаванне. — Цяжка было прызвычаiцца да новых умоў? МАЙЯ: На «грамадзянцы» было лягчэй. Гэта асаблiва адчувалася на першым курсе, таму што трэба падпарадкоўвацца ўсiм правiлам. Першыя два гады навучання мы знаходзiлiся на тэрыторыi Ваеннай акадэмii. Звальненнi, адпачынак дазваляюцца толькi на старэйшых курсах. НАТАША: Так, Акадэмiя дысцыплiнуе, мы павiнны выконваць абавязкi. Напрыклад, у 8.00 трэба iсцi на сняданак, хочацца або не — усё роўна. Мы ж ваенныя (смяецца)... Але мы звыклiся, усё ў норме. Напрыклад, ў мяне на тры днi адпачынак, паеду на свята да родных, у Старыя Дарогi. Уявiце сабе, паважаныя чатычы, што нават у iнтэрнаце дзяўчаты-курсанты павiнны падпарадкоўвацца армейскiм правiлам. Кожны дзень яны стаяць у нарадзе. Дзяжурныя сочаць за парадкам у пакоях (дзяўчаты жывуць па пяць чалавек), аддаюць загады асабоваму саставу, напрыклад: «На сняданак пастроiцца!». На першы погляд яны — мiлыя прыгажунi, прывабныя i абаяльныя. Мiж тым, не кожны мужчына вытрымае ваенную дысцыплiну, патрабаваннi i нагрузкi. А вось гэтыя дзяўчыны — вытрымлiваюць, без нараканняў i капрызаў. — Можна, задам нясцiплае пытанне? Жанчынам-ваенным складана выйсцi замуж? Адказваюць разам: — Ды не, як i ўсiм астатнiм (смяюцца). Рознiцы анiякай. Нiчога незвычайнага ў статусе жанчыны-ваеннаслужачай для сямейнага жыцця няма. Як i заўжды, усё залежыць ад характару...(зноў смяюцца) — Добра, але ж ёсць у вас нейкiя асабiстыя патрабаваннi да мужчын? — Ммм... (а вось тут крыху задумалiся) Акуратнасць, напэўна. Прычым, гэта павiнна праяўляцца ва ўсiм: у адзеннi, у паводзiнах i нават у прычосцы. — Прайшоў Дзень абаронцаў Айчыны, затым — 8 Сакавiка, жаночы дзень. Якое са святаў «ваша»? — Канешне абодва. 23 лютага наш дзень, таму што мы, як i мужчыны, таксама абаронцы Айчыны, будучыя прафесiйныя ваенныя. Ну, а дзень жанчын — як без яго? Вось так i атрымлiваецца, што ў нас два «прафесiйных» святы (смяюцца). — Шчыра кажучы, да дзяўчын-курсантаў у Ваеннай акадэмii ставяцца больш паблажлiва? МАЙЯ: Не, адносiны тыя ж самыя. Некаторыя выкладчыкi нават прад’яўляюць завышаныя патрабаваннi. НАТАША: Мы разам з хлопцамi вучымся. Адносiмся да iх, як да родных братоў. Гэта ў «цывільнай» ВНУ ёсць рознiца, а ў Акадэмii мы ўсе роўныя для выкладчыкаў, нiякiх паслабленняў для «слабага полу» няма. Акрамя прадметаў па спецыяльнасцi, вывучаюць курсанткi i ваенную тапаграфiю, iнжынерную справу, тактыку. I зброю разбiраюць-сабiраюць, i акопы капалi на першым курсе, i стрэльбiшчы абавязкова наведваюць. Больш таго, са стаметроўкi страляюць дзяўчаты з аўтамата лепш за некаторых хлопцаў. Пасля заканчэння выпускнiцы акадэмii размяркоўваюцца па кантракту на пяць гадоў. Нашы госцi, напрыклад, вывучаюць праграміраванне i асаблiвасцi забеспячэння сувяззю, спецыфiку сiстэм аўтаматызацыi iнфармацыi. Пасля заканчэння ВНУ ўсе 36 дзяўчат-курсантаў, якiя сёння праходзяць навучанне ў Акадэмii, атрымаюць званне лейтэнантаў. Яны не шкадуюць аб выбранай прафесii, а наадварот, ганарацца ёю. Для даведкi: Беларускiя жанчыны ўсё часцей выбiраюць армiю месцам сваёй работы i службы. Пры адборы ўлiчваюцца такiя фактары, як узрост прэтэндэнткi — да 35 гадоў, адукацыя (лепш за ўсё дыплом вышэйшай навучальнай установы, па спецыяльнасцi, наблiжанай да армейскай), маральна-псiхалагiчныя якасцi. Восемдзесят працэнтаў афiцэраў-жанчын прыйшлi ў армiю менавiта такiм чынам. У час праходжання службы жанчыны карыстаюцца такiмi ж правамi i льготамi, як i мужчыны-ваенныя.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
або Хто з вайскоўцаў святкуе i «мужчынскае», i «жаночае» свята |
|