Хатабыч вернецца ў Вiцебск,
Аляксандр ПУКШАНСКI
а вiцябляне змогуць спадзявацца на выкананне ўсiх сваiх жаданняў
У горадзе на Заходняй Дзвiне iнiцыятыўныя людзi вырашылi, што помнiку Старому Хатабычу абавязкова быць! Справа ў тым, што менавiта ў Вiцебску ў 1903 годзе нарадзiўся аўтар гэтай i зараз вельмi папулярнай аповесцi — Лазар Лагiн (сапраўднае прозвiшча Гiнзбург). На жаль, калi ў Вiцебску больш чым сцiпла святкавалi 100-годзе з дня нараджэння Лагiна, iдэя з’яўлення помнiка ў горадзе не была рэалiзаваная. Як у нас часта бывае, не змаглi прафiнансаваць чарговы цiкавы праект. Пры гэтым некаторыя скульптары паабяцалi, што «амаль за дзякуй» зробяць помнiк казачнаму герою. На жаль, у Вiцебску не захаваўся дом, дзе жыла сям’я Гiнзбургаў. На гэтым месцы ў будучым можа з’явiцца так званы «Парк скульптуры», пры гэтым было б вельмi добра, калi б скульптуры мелi нейкiя адносiны да вiцебскай зямлi. Чаму б не з’явiцца Несцерку (аднайменны спектакль i зараз можна ўбачыць у Нацыянальным тэатры iмя Я. Коласа), Дуброўскаму (яго прататып Астроўскi быў панам на Вiцебшчыне), а героям твораў Караткевiча, Быкава i iншым? Менавiта аб такiм парку марыць знакамiты паэт Давiд Сiмановiч, якi ў свой час i прапанаваў зрабiць такое дзiўнае месца ў гiстарычным цэнтры старажытнага горада. Ён узначальвае «Пушкiнскi» i «Шагалаўскi» камiтэты, шмат карыснага зрабiў для горада, па-сапраўднаму адкрыў iмя Шагала i спрыяў вяртанню яго творчай спадчыны ў родны горад. У прынцыпе, адказныя асобы зусiм не супраць з’яўлення помнiка Хатабычу. Энтузiясты ўпэўненыя, што можна правесцi агульнагарадскую акцыю па збору сродкаў на будучы помнiк, як гэта рабiлi да рэвалюцыi 1917 года, а ў савецкiя гады пералiчвалi сродкi на стварэнне розных мемарыяльных комплексаў. Ды i ў наш час такое практыкуецца. Добра, што сярод прадстаўнiкоў вiцебскага бiзнэсу ўжо ёсць жадаючыя дапамагчы грашыма. Цiкава будзе даведацца, што i мiнчане, калi пажадаюць, могуць «прапiсаць» у сталiцы Хатабыча. Справа ў тым, што пасля Вiцебска сям’я Гiнзбургаў у 1908 годзе трапiла ў Мiнск, дзе i прайшлi юнацкiя гады будучага пiсьменнiка. Лазар, дарэчы, быў адным з арганiзатараў беларускага камсамола. Усяго ў сям’i было 5 дзяцей, якiх выхоўвала мацi Хана Лазараўна. Бацька, Iосiф Файвелевiч, быў i плытагонам, працаваў у краме па продажы вырабаў з жалеза... Бацькi шмат чыталi сваiм дзецям. Адна з кнiжак — англiйскага пiсьменнiка Энсцi пра джына — вельмi спадабалася юнаму Лазару. Мо менавiта таму ён зрабiў i свой варыянт пра «старога, якi ўсё можа». Нагадаю, што ўпершыню аповесць «Стары Хатабыч» была надрукавана ў 1938 годзе ў «Пiянерскай праўдзе» i часопiсе «Пiянер», а ў наступным выйшла асобнай кнiжкай. Аўтар цудам пазбегнуў рэпрэсiй, дзякуючы пiсьменнiку Фадзееву, якi спрыяў яго адпраўцы ў камандзiроўку на Шпiцберген. У гады Другой сусветнай вайны Лагiн служыў на флоце, неаднаразова быў узнагароджаны. На жаль, менш вядомыя яго пасляваенныя раманы: «А В», «Патэнт», «Востраў расчаравання» (1951). За апошнi яму нават хацелi ўручыць сталiнскую прэмiю, але гэтага не адбылося. У 1970-я Лагiн быў пад жорсткай цэнзурай: забаранялi мультфiльмы, аўтарамi якiх ён быў i г. д. У родным горадзе ён пабываў толькi аднойчы, калi ў 1974-м святкавалася 1000-годдзе Вiцебска. Думаю, даўно трэба было гэты талент вярнуць на малую Радзiму, тым больш што самы яго вядомы герой можа рабiць цуды, якiх нiколi не будзе хапаць людзям.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
а вiцябляне змогуць спадзявацца на выкананне ўсiх сваiх жаданняў |
|