ЗАВУШНIЦЫ ДЛЯ МАМЫ
Надзея ПЛЯСКОВА
Лiнii жыцця ...Гэта толькi ў гары з гарой няма нiякiх шанцаў сустрэцца. А ў былога раённага суддзi з некiм з падсудных цi сведкаў — хоць адбаўляй. Тым больш зараз, калi той (дакладней, канешне, тая) пасля выхаду на пенсiю гэтак жа шчыра «працуе» бабуляй — забiрае ўнучку са школы, возiць у басейн, мастацкую студыю, ходзiць з малой па тэатрах-кiно i нават на бацькоўскiя сходы. «Мама, ты ж ведаеш: на iх толькi грошы збiраюць, — сказала дачка. — А ты ў нас — юрыдычна «падкававаная», можаш i адмовiць... На законных падставах».Зрэшты, на чарговым сходзе, дзе вырашалася пытанне навагодняга свята (для чаго, само сабой, зноў патрабуюцца грошы), бабуля ўвесь час прамаўчала. I таму, што новую настаўнiцу (папярэдняя пайшла ў дэкрэтны) проста немагчыма было перапынiць... I таму, канешне, што яны — суддзя i сведка не самай гучнай, але памятнай справы — адна адну адразу ж пазналi. Колькi вучаць на настаўнiцу пачатковых класаў? Чатыры гады? Значыць, справа пачалася гадоў пяць таму, увосень, калi ў iх раённы аддзел унутраных спраў паступiла заява аб знiкненнi трох тысяч долараў, сабраных на машыну. Грошы для сям’i пацярпеўшых былi вельмi вялiкiя, збiралiся цяжка, з зарплаты бацькi — iнжынера аднаго з дзяржаўных прадпрыемстваў, што, апроч iншага, выконвала, заказы расiйскiх ваенных. Доўгiя камандзiроўкi на мецы дыслакацыi i прыносiлi тую самую «капейку», якую можна было адкласцi. Бо мацi працавала медсястрой у самай звычайнай палiклiнiцы — на яе зарплату нават веласiпед набыць было праблематычна... Аднак следства пачалося не з высвятлення «крынiц» даходаў, а з кола знаёмых, у тым лiку сына, вучня адзiнаццатага класа. Працаваць над гэтай версiяй вымушала тое, што дзверы ў кватэру былi акуратненька адчыненыя ключом, апроч грошай, у ёй нiчога не прапала, адпячаткаў чужых пальчыкаў нiдзе не было. Да таго ж лiтаральна ўвечары перад крадзяжом гаспадыня «пазычала» ў запаветнай «заначцы» 20 долараў да зарплаты — грошы былi на месцы. Назаўтра ж, вярнуўшыся з першай змены, яна хацела пакласцi тую дваццатку на ранейшае месца (калега нечакана вярнула доўг) i... Вярнуўся са школы сын, прыйшоў бацька — яны шукалi грошы ўтраiх да позняга вечара. Потым пайшлi ў мiлiцыю. Апытанне знаёмых, аднакласнiкаў нiчога не дало. «Ведаеш, — расказвала мне былая суддзя — бываюць выпадкi, калi не трэба збiраць нiякiх характарыстык, распытваць настаўнiкаў i суседзяў пра асаблiвасцi сямейных адносiнаў цi «хiбы» выхавання. I мацi, i бацька былi спакойнымi, разумнымi, прыгожымi людзьмi. Акурат такiм жа рос iх адзiны сын: выдатна вучыўся, займаўся спортам, хадзiў на падрыхтоўчыя курсы — словам, не быў «заўважаны» нi ў якай кампанii цi шкоднай звычцы, дзе маглi б спатрэбiцца вялiкiя грошы. Сябры таксама былi з добранадзейных...» Справа «завiсла», хоць следчы кожны раз ветлiва гаварыў, што «варианты прорабатываются»... Вынiкаў гэтага, лiчы, не было. А таму, не знайшоўшы напярэдаднi Новага года сваiх маленькiх, яшчэ дзявочых завушнiц, званiць яму гаспадыня не стала. Ну, па-першае, астатнiя, больш дарагiя залатыя ўпрыгажэннi, былi на месцы, па другое, гiсторыя з грашыма i так каштавала iм шмат здароўя i нерваў. Сын вунь як высах: вымушаны ж быў сказаць следчаму, што з хлопцамi яны гаварылi пра куплю машыны. Следчы выклiкаў некаторых на допыты — а каму такое прыемна? Па-трэцяе, прапажа — завушнiцы з маленькiмi рубiнчыкамi ў выглядзе паўраскрытых ружовых бутончыкаў — каштоўнасцi асаблiвай не мелi: выглядалi сцiпла (золата — чырвонае, не вельмi блiскучае), i таму, калi яна iх зрэдку надзявала, рэакцыi з боку сябровак не было нiякай. Дарагiмi яны былi толькi для яе, для ўсiх жанчын iх роду. Так здарылася, што гэтыя завушнiцы, зробленыя невядомым майстрам у ХIХ стагоддзi, на працягу некалькiх пакаленняў перадавалiся дзяўчынкам, прычым разам з паданнем, што кожная з iх будзе маладой i прыгожай да самай старасцi. А яшчэ — вельмi каханай i шчаслiвай у сямейным жыццi. Праўда тое было цi не, але ў крымiнальнай справе ролю яны адыгралi. Нават «галоўную». Таму што праз паўгода пасля крадзяжу iх апошняя ўладальнiца (яна ж пацярпеўшая) пайшла ў школу на вечарыну, прысвечаную Мiжнароднаму жаночаму дню, — апошняе свята перад выпускным, на якое дзецi запрасiлi ўсiх мам. I раптам на сваёй суседцы — маладзенькай, сцiплай i нейкай стомленай жанчыне — заўважыла свае паўраскрытыя рубiнавыя бутончыкi... Ледзь «трымаючы» хваляванне, яна пацiкавiлася, дзе ж прадавалася гэта прыгажосць? «Дачка падарыла на саракагоддзе, — ахвотна патлумачыла жанчына. — Купiла, казала, у камiсiйным, не вельмi дорага, хоць золата на iх сапраўднае. А што?..» — нешта хацела спытаць суседка i раптам асеклася, таму што ўсё зразумела: пра крадзеж з кватэры ведалi ж i вучнi школы, i iх бацькi. Значыць, знiклi не толькi грошы? Гiсторыя аказалася адначасова i простай, i складанай. Галоўнымi дзеючымi асобамi былi трое дзяўчынак, прыяцелек сына, якiя выкралi спачатку ключы з курткi юнака, зрабiлi дублiкаты. Потым вывучылi расклад працы бацькоў... I паспяхова «правярнулi» валютную аперацыю на адным з перапынкаў. Першая з тройцы стаяла на варце ля пад’езда, дзве iншыя — адчынялi дзверы i шукалi ў кватэры грошы. Адной з рабаўнiц трапiлiся на вочы маленькiя завушнiчкi, якiя яна ўпотай i паклала ў кiшэню. З боку «тэхнiкi» ўсё выглядала проста i зразумела: бясконцыя крымiнальныя серыялы — выдатны падручнiк для злачынцаў-пачаткоўцаў... Складанасць жа была ў тым, што за кожную з гэтых «злачынак» i класная, i дырэктар школы, i астатнiя настаўнiкi, як кажуць, былi гатовы пакласцi галовы — за дзяўчынкамi нiякiх крымiнальных ухiлаў не назiралася. Наадварот: першая была з мнагадзетнай працавiтай сям’i, дзе акрамя яе, старэйшай, падрасталi сястрычкi-блiзняткi i малодшы брацiк. Другую, праўда, выхоўвала адна мацi — але вельмi прыстойная жанчына, i сама дзяўчынка была цiхай, ветлiвай, працавiтай. А трэцяя, што стаяла на варце, i ўвогуле здавалася не больш чым выпадковай сведкай, а не «падзельнiцай». Таму што была круглая выдатнiца, разумнiца, пераможца ўсiх раённых алiмпiяд, завадатар любой справы, душа кампанii, вясёлы i лёгкi чалавечак, якога аднакласнiкi лiчылi надзейным сябрам... «Не ведаю, якi нячысцiк iх падбiў? — казала ўшчэнт разгубленая класная. — На што iм былi тыя грошы?» Грошы, на погляд дарослых, дзяўчынкi сапраўды патрацiлi дзiўна: нiводная з iх не купiла сабе дарагога адзення цi нейкiх «прыбамбасаў». Усе «баксы» яны трацiлi выключна разам: на дыскатэкi, кафэ, рэстараны. А на Новы год знялi шыкоўную кватэру ў цэнтры горада (з тых, што здаюць на суткi) i закацiлi сапраўдны баль з дарагiм шампанскiм i прысмакамi, куды запрасiлi... усiх сваiх аднакласнiкаў. Так што на пачатак сакавiка ў iх засталося ўсяго каля трохсот долараў... Да суда, аднак, справа дайшла ў... iншым выглядзе. У ёй, па сутнасцi, засталося... двое злачынцаў i адна сведка. Чаму дзяўчынкi поўнасцю памянялi свае першапачатковыя паказаннi, сцвярджаючы, што ўсё прыдумалi яны адны, а тая, якая стаяла на варце, нават не здагадвалася, чаго яны пайшлi ў пад’езд?.. Чаму ўпарта настойвалi на тым, што iх трэцяя сяброўка «паняцця не мела», адкуль тыя грошы?.. «Канешне, усё тлумачылася досыць проста, i такi ход мог падказаць любы адвакат, — усмiхнулася мая прыяцелька. — Паколькi ў дзяўчынак не было нiякага крымiнальнага мiнулага, паколькi яны шчыра прызналiся ў тым, што ўтварылi, а бацькi ўсе грошы, да апошняга цэнта, вярнулi пацярпеўшым, паколькi самае большае, што iм «свяцiла» — умоўнае асуджэнне... Навошта ж было, сапраўды, ламаць лёс кожнай з траiх, i асаблiва той, якая адной нагой была ў ВНУ?..» — Мне цiкава было назiраць за дзяўчынкамi падчас судовага працэсу, — працягвала прыяцелька. — Ведаеш, калi так доўга бачыш людзей у драматычных абставiнах, мiжволi зробiшся псiхолагам... Дык вось на першай злачынцы, з мнагадзетнай сям’i, як кажуць, твару не было... Другая, з няпоўнай, увесь час моцна плакала, як, дарэчы, i яе мацi... I мне было зразумела, што гэтыя дзяўчынкi на самай справе перажываюць трагедыю i што яны самi вынеслi сабе куды больш жорсткi прысуд... Трэцяя, выдатнiца... Яна была сапраўды разумным чалавекам: нiякiх неабдуманых паказанняў, нiводнага лiшняга слова цi нервовага жэсту. Iншымi словамi, аб тым, хто ў гэтай «аперацыi» быў мазгавым цэнтрам, можна было здагадацца з першага позiрку... Але суду патрэбны доказы, а не здагадкi. Былыя ж аднакласнiцы цвёрда стаялi на сваiх апошнiх паказаннях... — Аднак, прызнаюся, — працягвала былая суддзя, — самой сабе я не адмовiла ў задавальненнi падыйсцi да гэтай «сведкi» пасля абвяшчэння прысуду: пацiкавiлася, куды ж гэты «гонар школы» збiраецца паступаць? «Ведаеце, — адказала тая, — дакладна — я пакуль не вызначылася: i настаўнiкам не адмовiлася б стаць, i дзiцячым урачом... А што?» «Проста цiкава, куды мне не трэба хадзiць, каб вас не сустрэць больш...» — Можаш назваць гэта жаночай помстай, — усмiхнулася прыяцелька. — Але ж суддзя — таксама чалавек... Яна памаўчала i раптам дадала: «Як ты думаеш, дачка з зяцем зразумеюць мяне, калi я прапаную перавесцi ўнучку ў iншы клас цi нават школу?».
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
...Гэта толькi ў гары з гарой няма нiякiх шанцаў сустрэцца. А ў былога раённага суддзi з некiм з падсудных цi сведкаў — хоць адбаўляй. Тым больш зараз |
|