Апладысменты!..
Таццяна ПАДАЛЯК
Любiмы акцёр мiльёнаў гледачоў, народны артыст Беларусi Уладзiмiр ГАСЦЮХIН 10 сакавiка адзначае 60-гадовы юбiлей
На яго творчым рахунку — больш як 70 роляў. У фiльме «Узыходжанне» Ларысы Шапiцька (па аповесцi «Сотнiкаў» Васiля Быкава) сыграў адну з галоўных роляў — было гэта 30 гадоў назад. Здымаўся ў карцiнах «Старшыня», «Вазьму твой боль», «Знак бяды», «Наш браняпоезд», «Урга», «Генерал», «Шляхцiч Завальня», многiх-многiх iншых. Сярод апошнiх работ — серыялы «Дальнабойшчыкi», «Каманда»... Паспрабаваў сябе Уладзiмiр Гасцюхiн i як кiнарэжысёр — зняў фiльм «Батанiчны сад». Нарадзiўся Гасцюхiн у Расii, у Екацярынбургу — але дзед i прадзед па матчынай лiнii родам з Вiцебскай губерніi, адтуль перасялiлiся на Урал. А Уладзiмiр Васiльевiч ужо шмат гадоў жыве ў Мiнску, працуе ў Тэатры кiнаакцёра. ...Ад усiх перад’юбiлейных iнтэрв’ю ён катэгарычна адмовiўся. У тэатры параiлi пагутарыць з Алай Пролiч — партнёршай Уладзiмiра Гасцюхiна па спектаклю «Мiленькi ты мой». Згаджаючыся на iнтэрв’ю, Ала Рыгораўна паставiла ўмову: «Нiякiх пытанняў пра асабiстае жыццё!». Паабяцала, што будуць пытаннi толькi пра Гасцюхiна-акцёра i нiякiх — пра Гасцюхiна-мужа... Мы сустрэлiся ў тэатры перад спектаклем. Iнтэрв’ю было, што называецца, «на хаду». Ала Пролiч, таленавiтая актрыса i прыгожая, вельмi абаяльная жанчына, занята ў многiх пастаноўках: «Айседора. Танец кахання», «Вельмi простая гiсторыя», «Пiгмалiён», «Мiлы iлжэц»... — Ала, вы ведзяце статыстыку, колькi разоў быў сыграны спектакль «Мiленькi ты мой»? — У студзенi гэтага года мы адыгралi 200-ы спектакль на сцэне Тэатра кiнаакцёра. Падзея!.. Амаль што 13 гадоў iдзе спектакль з нязменным поспехам. — Наколькi ведаю, вы iгралi гэты спектакль не толькi на «роднай» сцэне, але i на iншых пляцоўках. А ёсць жа яшчэ i тэлевiзiйная версiя... — Так, спектакль «Мiленькi ты мой» па п’есе Мiхаiла Варфаламеева «З Новым годам» раз на год абавязкова паказваюць па тэлевiзары — на Новы год цi на Ражство. — Вы атрымлiваеце задавальненне, iграючы спектакль? — Усяляк бывае, але часцей за ўсё — так. — «Усяляк бывае» — гэта калi проста дрэнны настрой альбо?.. — Зусiм не. Калi шмат работы, калi ты пастаянна занята — тады бывае цяжкавата. Тым не менш з задавальненнем iграю ў «Мiленькiм»... — А ёсць нейкiя традыцыйныя рытуалы, якiя выконваеце-захоўваеце перад тым як выйсцi на сцэну? Скажам, Джулiя з «Тэатра» Моэма раскiдвала рэчы, злавалася... — Нейкiх асаблiвых прыкмет няма, аднак ёсць свае маленькiя сакрэты цi пэўныя «пасы», якiя робяцца перад спектаклем. Яны iснуюць, думаю, у кожнага артыста — своеасаблiвыя рытуалы перад выхадам на сцэну, калi трэба сыграць сур’ёзную ролю. Таму што неабходны нейкiя рэчы, якiя настройваюць, дапамагаюць узняцца да праблемы, аб якой ты распавядаеш у спектаклi. — Гэта, мабыць, у тым лiку з разраду таго «асабiстага», пра што вы прасiлi не пытацца? — Не, гэта яшчэ больш асабiстыя, нашы iнтымныя, акцёрскiя, псiхалагiчныя рэчы, якiя выкарыстоўваеш перад тым, як выйсцi на сцэну. Хтосьцi просiць дапамогi ў Госпада. Хтосьцi просiць падтрымкi ў Сцэны. Хтосьцi заклiкае да сябе нейкую звышэнергiю або разлiчвае на агонь, якi павiнен разгарэцца ўнутры самога сябе... — У адным з iнтэрв’ю Уладзiмiра Гасцюхiна спыталi, цi складана працаваць на сцэне разам з блiзкiм чалавекам, з жонкай. I ён адназначна адказаў: «Не». А калi такое ж пытанне адрасаваць вам? — Я таксама адназначна адкажу: не! — Уладзiмiр Васiльевiч узгадаў: Ала працавала памочнiкам рэжысёра, было мала вопыту, напачатку складана рухалася сумесная работа... — Усё гэта чыстая праўда. Калi я толькi пачынала працаваць, многаму трэба было вучыцца, ад многага даводзiлася вызваляцца i нават «раскрепощаться» — бо я была надта зацiснутай. Нават баялася вялiкай сцэны. Бо да гэтага выходзiла на сцэну толькi ў прыватным тэатры, у маленькiх ролях. Часцей за ўсё ў казках. — Каго вы iгралi? — I Зайца iграла, i Кошку, i Дзяўчынку... Шмат каго iграла! I таму было досыць складана напачатку: усё-такi адказнасць зусiм iншая — калi выходзiш на прызнаную прафесiйную сцэну, тым больш разам з артыстам такога высокага ўзроўню. — У вашага партнёра па спектаклю Уладзiмiра Гасцюхiна складаны характар — як у рэжысёра, як у акцёра, як у чалавека? — Як у рэжысёра i акцёра — сапраўды, характар няпросты, надзвычай патрабавальны. Перш за ўсё, безумоўна, да сябе... — Голас на вас павышае? — Канешне, павышае, калi працуем! — Вы нармальна рэагуеце? — Ну, а што рабiць... Не ведаю, адкуль гэта ўва мне, аднак я заўсёды, з самага пачатку аддзяляю нашы асабiстыя адносiны i акцёрскiя, рабочыя. Гэта дзве розныя плоскасцi, iх няварта блытаць, трэба абавязкова раздзяляць. — Дома вы не размаўляеце пра тэатр, увогуле пра творчасць — забароненая тэма? — Зусiм не, размаўляем! Але нi ў якай ступенi нашы тэатральныя спрэчкi, спрэчкi пра малюнак ролi, нейкiя воклiчы накшталт: «Вось так трэба iграць, i не iнакш!..» — усё гэта не пераносiцца на нашы асабiстыя адносiны. I дзякуй Богу! — Дома вы таксама — актрыса, а Уладзiмiр Васiльевiч — рэжысёр? Або ролi змяняюцца? — Не, дома мы два раўнапраўныя чалавекi — сям’я. — Вы падаеце ранiцай каву ў пасцель або — вам падаюць? — Гэта ўжо як атрымлiваецца... Уладзiмiр Васiльевiч — чалавек непатрабавальны, непераборлiвы ў адносiнах да бытавых нюансаў. Калi я вельмi занята, ён без праблем сам спраўляецца з кухняй — i разагрэе сабе абед, i посуд памые. — Што вы заканчвалi? — Яраслаўскi тэатральны iнстытут. — Адкуль родам? — З вёскi Кашэвiчы Петрыкаўскага раёна Гомельскай вобласцi. З сялянскай сям’i. Хоць, як сказаць, — бацька ў маладосцi вершы пiсаў, нават друкаваўся. Мацi — проста мудрая па жыццi жанчына. — Ала, цiкава, а якой была самая першая сустрэча з вашым будучым партнёрам, а потым i мужам? — Упершыню ён убачыў мяне на спектаклi, гэта была казка па вершах Хармса. «Вельмi страшная казка» — здаецца, акурат так называўся той спектакль. — I дзе гэта было? — У прыватным спектаклi, на камернай сцэне. — У нас, у Беларусi? — Так, у Мiнску. Гэта было ў час так званай мiнскай студыйнай атмасферы, калi працавала шмат студыйных тэатраў. У адным з iх i я шлiфавала свой талент (смяецца). Вось у той казцы Уладзiмiр Гасцюхiн мяне ўпершыню i ўбачыў. I, як потым неаднойчы расказваў, адзначыў для сябе, што на сцэне жывы, эмацыянальны чалавек, — цiкава было б з iм папрацаваць. — Менавiта ён i зрабiў вам прапанову аб сумеснай працы? — Так. — Ну, мабыць, гэта было каханне з першага погляду... — Мабыць, гэта лёс...
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Любiмы акцёр мiльёнаў гледачоў, народны артыст Беларусi Уладзiмiр ГАСЦЮХIН 10 сакавiка адзначае 60-гадовы юбiлей |
|