21.by - Новости Беларуси. Последние новости Беларуси из разных источников. Последние новости мира.

Зямля запаведная

25.08.2009 21:35 — |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Анатоль КЛЯШЧУК

20 гадоў таму з паўднёвай часткi карты Беларусi былi сцёртыя адразу некалькi дзесяткаў пасяленняў, сярод якiх i невялiкая памежная вёска Масаны. А дзесяць гадоў таму, у такiя ж сакавiцкiя днi 1996-га, з’явiлася новая кропка з той жа назвай — Масаны. I ў першым, i ў другiм выпадку вiноўнiкам падзей быў — Чарнобыль. Значыць вёска жывая!?. Так. Толькi сёння гэты паўднёвы населены пункт у выглядзе адной сядзiбы-хутара — навукова-даследчая станцыя Палескага дзяржаўнага радыяцыйна-экалагiчнага запаведнiка. Мядзведжы кут — кажуць пра гэткiя здзiчэлыя i глухiя мясцiны. Для жывёл i птушак тут сапраўдны рай: цiшыня, бязлюддзе, багатая раслiннасць. Жыццё для людзей — вялiкая небяспека: наваколле дагэтуль застаецца атручаным радыяцыяй. Для навукi — вялiкае поле дзейнасцi.

З надыходам чарнобыльскай гадавiны, у запаведнiку прыбавiлася турбот. Тут чакаюць гасцей, расце ўвага да зоны з боку айчыннай i замежнай прэсы. Таму абнаўляюцца плакаты, шыльды i знакi, добраўпарадкоўваюцца тэрыторыi КПП, у адну форму апрануўся ўвесь персанал... I нельга не паведамiць, што сёння ў Бабчыне адкрываецца краязнаўчы музей. Акрамя этнаграфiчных матэрыялаў i экспанатаў прыроды, у iм сабрана самая вялiкая калекцыя дазiметраў, якiмi карысталiся ў першыя днi катастрофы 1986-га. Для «Звязды» гэта стала падставай расказаць пра яе — зямлю запаведную.

Толькi адна-адзiная дарога вядзе ў навукова-даследчы гарадок Бабчын, ды i яна раптам перагарожваецца шлагбаумам. Не, зусiм не таму, што зiма сёлета снежная i ўсе падыходы i пад’езды навокал замеценыя. I што iншых дарог ужо не iснуе. Справа ў тым, што цяпер гэты старажытны шлях вядзе ў зону — вельмi небяспечную тэрыторыю, уваход i заезд на якую строга абмежаваныя. Пра гэтую небяспеку лепш за ўсё скажа лiчыльнiк Гейгера. Нават людзi, якiя штодня едуць сюды на працу, павiнны перасякаць КПП i паказваць дазволы дзяжурнай вахце.

— Чужых у зоне быць не павiнна, — строга кажа мужчына ў камуфляжнай форме. Ён пiльна вывучае часовы дазвол i недаверлiва ўглядаецца ў мой твар. — Наш запаведнiк — установа асаблiвага рэжыму.

Але вось шлагбаум падняты i я, пераадолеўшы амаль 400-кiламетровы шлях ад Мiнска, трапляю ў ПДРЭЗ — Палескi дзяржаўны радыяцыйна-экалагiчны запаведнiк. Мой суправаджальнiк — вядучы паляўнiцтвазнаўца запаведнiка Рыгор Сыса кажа, што на гэтым кантроль не скончаны, наперадзе так званая «мёртвая» зона i яшчэ больш строгiя дзяжурныя наступнага КПП. Да таго ж у любы момант i ў любым месцы можа з’явiцца служба аховы i ўважлiва праверыць дакументы. Як iнакш, калi навокал хоць i нябачная, але пагроза?

Словы майго «сталкера» пацвярджаюць прыдарожныя знакi з абазначэннем радыеактыўнасцi, што ўсё часцей мiльгаюць за вокнамi аўтамабiля. Яны наганяюць сум i трывогу. Наш маршрут — у 30-кiламетровую зону, якая захоўвае мноства таямнiц i небяспекi. Але не толькi. Багатая яна i на прыродныя сюрпрызы. Дарогу нам раз-пораз перабягаюць сямейкi казуль, дзiкоў, з цiкаўнасцю пазiраюць з хвойнiку бязрогiя ў гэты час ласi. I мы, ледзь крануўшыся з месца, зноў спыняемся i «пстрыкаем» фотаапаратамi. А яшчэ зубры. У адной з дубраў, якiмi заўсёды славiлася Прыпяцкае Палессе, створаны прытулак для перасяленцаў з Белавежскай Пушчы. I зараз, паводле слоў паляўнiцтва-знаўцы, там сышлося цi не ўсё пагалоўе рэлiктавых жывёл. Такое адбываецца толькi ў перыяд глыбокага снегу i моцных маразоў. I нам сапраўды пашчасцiла падгледзець «тусоўку» гэтых непасрэдных нашчадкаў прадстаўнiкоў дагiстарычных часоў: якраз быў час штодзённай зiмовай падкормкi. Пакуль Рыгор разносiў па кармушках караняплоды i падсыпаў драблёнае зерне, я з асалодай фатаграфаваў грознае сямейства i слухаў зубразнаўца, вядучага навуковага супрацоўнiка запаведнiка, кандыдата бiялагiчных навук Таццяну Дзярабiну. Ад яе даведаўся, што з завезеных сюды 16 асобiнаў за 10 гадоў статак павялiчыўся да 43. У мiнулым годзе парадаваў прыплод — 6 цялят. Гэта ўжо зрабiлi свой унёсак жывёлы, народжаныя на новай тэрыторыi.

— Хацелася б пачуць думку генетыкаў наконт пражывання зуброў на забруджанай радыенуклiдамi тэрыторыi, — кажа эколаг, — бо тыя плюсы, якiя даюць ахоўны рэжым, i добрая кармавая база не з’яўляюцца гарантам, што з зубрам у далейшым усё будзе добра. Ужо «наступае на пяткi» амерыцый-241 — прадукт распаду iзатопа плутонiя, у параўнаннi з якiм ён з’яўляецца больш высокатаксiчным, рухомым, доўгажывучым альфа-выпраменьвальнiкам. Як-нiяк, зубр тут — аб’ект уздзеяння хранiчнага iанiзуючага выпраменьвання. Праводзiць эксперымент над такiм унiкальным вiдам недапушчальна.

Таццяна Дзярабiна ў навуковым цэнтры запаведнiка працуе ўжо пяць гадоў. Яе, вядомага беларускага бiёлага, прывабiла ў першую чаргу магчымасць вельмi блiзка назiраць бiяразнастайнасць зоны адчужэння. Вядома, столькi чырвонакнiжных прадстаўнiкоў на адной тэрыторыi! У запаведнiку выяўлены каля 22 вiдаў раслiн i амаль 100 вiдаў жывёл, занесеных у Мiжнародную Чырвоную Кнiгу i Чырвоную Кнiгу Беларусi! Напрыклад, ятрышнiк шлеманосны, вадзяны арэх, чорны бусел, вялiкiя белая i рыжая чаплi, залацiстая шчурка, грабеньчаты трытон, балотная чарапаха... Увесь час павялiчваецца колькасць асноўных паляўнiчых вiдаў капытных, расце папуляцыя бабра, цецерука...

— Толькi два фактары вызначаюць у гэтым выпадку прыцягальнасць тутэйшых тэрыторый — добры ахоўны рэжым, якi ў цэлым застаецца больш строгiм, чым у пераважнай большасцi запаведнiкаў, i зняцце ўсiх вiдаў антрапагеннага ўздзеяння, — дзелiцца сваiмi меркаваннямi вучоны. — Унiкальныя магчымасцi склалiся для аднаўлення папуляцый жывёл, якiя ў большай ступенi пакутуюць ад прысутнасцi чалавека i з гэтай прычыны сталi рэдкiмi, знiкаючымi. У першую чаргу гэта датычыцца буйных дзённых драпежных птушак, такiх, як арлан-белахвост.

I ўжо зусiм знянацку застала работнiкаў запаведнiка вестка пра неаднойчы ўбачаныя адбiткi мядзведзевых лап. Пранiкненне мядзведзя, сцвярджаюць навукоўцы, вiдавочнае сведчанне таму, што тут склалiся экалагiчныя ўмовы, цалкам адпаведныя iснаванню гэтага буйнога драпежнiка.

Цi знойдзецца на ўсёй еўрапейскай прасторы куток больш унiкальны, дзе б так моцна пераплялiся прыгажосць i трагедыя? Дваццаць гадоў таму на гэтых землях здарылася велiзарнейшая драма мiнулага стагоддзя, iмя якой — Чарнобыль. З узарванага 26 красавiка 1986 года рэактара 4-га энергаблока Чарнобыльскай атамнай станцыi на гэтыя землi выпала каля 70 працэнтаў радыеактыўных выкiдаў. Гэта i стала прычынай адсялення з забруджанай тэрыторыi людзей, нягледзячы на iх шматвекавы ўклад жыцця i асаблiвую прывязанасць да родных мясцiн. Да аварыi тут жылi 22 тысячы чалавек. Але вялiкая безгаспадарчая тэрыторыя плошчай у 216 тысяч гектараў насуперак прагнозам пуставала нядоўга. Адсутнасць чалавека абудзiла ў прыродзе нябачаныя дагэтуль сiлы i зона адчужэння хутка ператварылася ў буйнейшы рэзервуар жывёльнага i раслiннага свету. Радыяцыя, месцамi неймаверна высокая, не стала гэтаму перашкодай, хутчэй наадварот. 96 населеных пунктаў, з якiх 13 былi пахаваны ў першы пасляаварыйны год, знайшлi новых гаспадароў: дзiкi, ласi, казулi i нават ваўкi сталi ў iх не толькi «заглядваць», але i ўстройваюць лежнi i логавы. Радыяцыйны фактар асяроддзя адкрыў для навукi непачаты край работы. I таму праз два гады пасля трагiчных падзей было прынята рашэнне аб стварэннi радыяцыйнага запаведнiка на тэрыторыi адчужэння, навуковы цэнтр i доследна-эксперыментальная база якога будуць знаходзiцца непасрэдна ў населеным пункце, жыхары якога эвакуiраваны. Такiм месцам быў выбраны Бабчын. Дакладней, частка яго пустых дамоў на цэнтральнай вулiцы.

Невялiкае памяшканне цагельнага дома, горача напаленага дровамi. Калiсьцi гэта была спальня гаспадароў цi дзiцячы пакой. Зараз — лабараторыя ўчастка ўнутранай дазiметрыi. Ля камп’ютара немалады мужчына выводзiць на манiторы графiкi апошнiх вымярэнняў. Знаёмiмся. Уладзiмiр Каралёў, радыёхiмiк, кандыдат хiмiчных навук, у лiку першых прыехаў працаваць у запаведнiк, а ў зоне наогул з 1986-га . Цяпер узначальвае аддзяленне радыяцыйнай бяспекi.

— Манiторынг за ўзроўнем радыяцыйнага выпраменьвання — адна з галоўных задач, якiя ляжаць на плячах тутэйшай навукi, — расказвае Каралёў. — Мы атрымлiваем даныя з 9 рэперных кропак, куды перыядычна выязджаюць нашы дазiметрысты, працягваем «абмацваць» усю тэрыторыю зоны адчужэння, робiм за год да тысячы проб на цэзiй, стронцый i плутонiй. Сочым за бяспекаю нашага персаналу, бо ў запаведнiку працуе амаль 700 чалавек.

Цяпер у арсенале аддзела ёсць сучасны прыбор СВЧ (спектрометр вымярэння чалавека), з дапамогай якога стала значна лягчэй i хутчэй устанаўлiваць узроўнi ўнутранага накаплення радыяцыi. Дапушчальны ўзровень для персаналу — 20 мiлiзiвертаў у год. У выпадку перавышэння гэтага ўзроўню «парушальнiка» абавязваюць даваць тлумачэнне, адпраўляюць на абследаванне.

— На жаль, не ўсе работнiкi з адказнасцю ставяцца да свайго здароўя, спажываюць грыбы, ягады i мяса дзiчыны з забароненых месцаў, — кажа навуковец. — Але ад СВЧ гэтага не схаваеш.

Сапраўды, ад кiлаграма грыбоў, сабраных у тутэйшых лясах, або кiлаграма мяса дзiка можна атрымаць гадавую норму ўнутранага апраменьвання. Загадчыку сектарам дазiметрыi Уладзiмiру Пiскунову i iнжэнеру-радыёметрысту Валерыю Логвiнцу, якiя амаль 15 гадоў адсочваюць радыяцыйную сiтуацыю па зоне, пра забруджанасць прадуктаў харчавання вядома амаль усё. Яны праводзяць iнструктажы персаналу i жыхароў навакольных вёсак, дзе можна хадзiць i што нельга ўжываць. Напрыклад, яблыкi i грушы ў пакiнутых садах, мёд здзiчэлых пчол, рыба ў мясцовых сажалках... у дзесяткi, а то i ў сотнi разоў перевышаюць дапушчальныя ўзроўнi накаплення радыяцыi. Асеннiя грыбы зялёнкi, сабраныя ў наваколлях Бабчына, маюць 101 060 бекерэляў на кiлаграм сырой масы, гэта азначае, што ў iх перавышаецца дазволены ўзровень радыенуклiдаў у 273 разы. У маслятах — у 108 разоў, у белым грыбе — у 40—130 разоў. Але нават гэта не спыняе экстрэмальных аматараў цiхага палявання.

Адзiная «жывая» зiмою дарога працягласцю больш за сорак кiламетраў — у Масаны. Праз пустыя вёскi з разрабаванымi марадзёрамi хатамi, маладыя сасновыя падлескi, узгадаваныя пасля аварыi. У 1996 годдзе на тэрыторыi запаведнiка пачала стала дзейнiчаць навукова-даследчая станцыя, назва да якой перайшла ад колiшняй вёскi. Як частка навуковага аддзела, станцыя здзяйсняе метэаралагiчныя назiраннi, вядзе манiторынг дынамiкi радыенуклiдаў у глебе, вадзе, раслiннасцi. Незвычайнасць яе ў тым, што больш наблiжанай кропкi да Чарнобыльскай атамнай станцыi з боку Беларусi няма. У кiламетры ад Масаноў праходзiць мяжа з Украiнай. У яснае надвор’е, падняўшыся на пажарную вышку, можна без дапамогi бiнокля ўбачыць мёртвы горад Прыпяць i ЧАЭС з саркафагам над 4-м энергаблокам. Стваралi станцыю як пункт кантролю за фонам у выпадку ЧП на электрастанцыi. Але пяць гадоў таму ЧАЭС спынiлi, а «Масаны» працягваюць працаваць. Кожныя 12 дзён тут мяняюцца вахтавыя брыгады, завозячы з сабою чыстую пiтную ваду, прадукты харчавання i медыкаменты. I забiраючы адсюль поўныя пакеты i скрыначкi — з зямлёю, вадою i раслiнамi — пробамi з трансуранавай зоны. Не сакрэт, што доўгажывучыя часцiцы плутонiя з узарванага рэактара асядалi ў радыусе 12—15 кiламетраў. Таму арэол плутонiевых плям прыпадае акурат на наваколлi былых Крукоў, Кулажына, Сянцоў... Апынуўшыся ў страшэнным палоне, многiя паселiшчы былi закапаны. Масанам дасталася асаблiвая мiсiя i яны iснуюць дагэтуль. Нягледзячы, што фон гама-выпраменьвання тут па-ранейшаму трымаецца на ўзроўнi 1500 мiкрарэнтген i вышэй у гадзiну.

— Гэтае месца было выбрана таксама з-за разнастайнасцi ландшафтаў i фiтацэнозаў, — расказвае гiдрабiёлаг Вячаслаў Еўдакiмаў, якi прыехаў на чарговую вахту ў гэты унiкальны кут. — Вакол сухадольныя лугi, балоты, беразнякi, хвойнiк i сасняк, дубравы, рака, азёры.

Два спецыялiсты станцыi праводзяць кругласутачныя замеры фону гама- i бэтавыпраменьванняў, фiксуюць метэапаказаннi i сочаць за пажарным станам лясоў i пустуючых вёсак. Вячаслаў, напрыклад, працуе з воднай стыхiяй, ён даследуе адклады забруджаных бяссцёкавых азёр зоны Пярстка i Смержына. Далейшы шлях узятых адсюль проб — у бабчынскую лабараторыю радыяцыйных вымярэнняў, дзе яны пройдуць дасканалы хiмiчны i спектраскапiчны аналiзы. Толькi лабараторыя здольна «сказаць», як глыбока пранiклi радыенуклiды ў глебу i колькi амерыцыю назапасiлася ўжо ад пачатку паўраспаду плутонiя-241. На жаль, 10-гадовы вопыт-манiторынг «Масаноў» недастатковы для поўнай карцiны працэсаў, i навукоўцы адчуваюць гэты недахоп. Але яны прагназуюць, што максiмум накаплення амерыцыю-241 у глебе адбудзецца да 2058 года, калi распадзецца амаль увесь плутонiй-241, i не без падставы звязваюць з гэтым вялiкiя перасцярогi. «Нованароджаны» трансуранавы элемент яшчэ небяспечней iснуючых дагэтуль стронцыю i цэзiю, асаблiва калi радыенуклiд разам з пылам, вадой цi ежай трапляе ў арганiзм. I працягласць яго «жыцця» павялiчваецца ўжо да пяцi стагоддзяў.

Неаднойчы прыходзiлася чуць розныя меркаваннi наконт таго, што настаў час ужо i ў беларускай зоне адчужэння стварыць сферу экстрэмальнага турызму, як не першы год практыкуецца гэта на ўкраiнскай адселенай тэрыторыi. Маўляў, чаму б запаведнiку такiм чынам не зарабляць грошы. Жадаючых будзе хоць адбаўляй.

— Нi ў якiм разе, — кажа дырэктар запаведнiка Пётр Кудан, — нельга жыццё i здароўе чалавека падвяргаць небяспецы. У запаведнiка i без гэтага вялiкае кола клопатаў. Акрамя манiторынгу за радыяцыйным станам, раслiнным i жывёльным светам, вядуцца пошукi тэхналогiй па пераадольванню другаснага забруджвання прылеглых тэрыторый, па рэабiлiтацыi земляў, забруджаных радыенуклiдамi, iнвентарызацыi прыродных рэсурсаў тэрыторыi.

Першачарговымi задачамi запаведнiка па-ранейшаму застаюцца ўтрыманне гiдралагiчнай раўнавагi, ахова лясоў ад пажараў, шкоднiкаў i хвароб, аблясенне земляў, на якiя ўздзейнiчае ветравая i водная эрозiя, ахова запаведнай тэрыторыi i забеспячэнне натуральнай разнастайнасцi развiцця жывой прыроды, садзейнiчанне павелiчэнню колькасцi рэдкiх вiдаў раслiн i жывёл. Для вырашэння гэтых задач было створана некалькi аддзелаў, адзiн з якiх займаецца непасрэдна вядзеннем лясной гаспадаркi.

— Што датычыцца таго, як зарабiць грошы, — кажа кiраўнiк запаведнiка, — мы для гэтага маем iншыя крынiцы, напрыклад, гадуем элiтных коней-цяжкавозаў, разводзiм свiней, даглядаем буйную рагатую жывёлу, перапрацоўваем дрэва... Па вынiках 2005 года запаведнiк атрымаў 249 мiльёнаў рублёў прыбытку пазабюджэтных грошай.

З брыгадай лесарубаў, зручна ўладкаваўшыся на санях, дабiраемся да месца будучай дзялянкi. Конiк ахвотна бяжыць па ўкатанаму бальшаку. Каля знака радыеактыўнай небяспекi правальваемся ў глыбокi снег лясной прасекi. З намi спецыялiст лабараторыi радыяцыйных вымярэнняў дазiметрыст Андрэй Шацiла. Яго задача — вымяраць фон на месцы плануемых высечак, збiраць пробы розных парод дрэў: бярозы, вольхi, сасны, хвоi. Лесарубы «здабудуць» гэтыя пробы з дапамогай пiлы i сякеры. Пакеты з апiлкамi i карой Андрэй павiнен даставiць у лабараторыю, дзе i будзе вынесены «прысуд» мясцовасцi — быць ёй карыснай для чалавека цi дзесяцiгоддзямi заставацца некранутай. Хутчэй за ўсё лес у гэтым месцы будзе вызначаны прыгодным толькi для будаўнiчых матэрыялаў i нi ў якiм разе ў якасцi драўнiннага палiва. У запаведнiку лiчаць, што добрая драўнiна гiнуць не павiнна.

Падзея з падзей апошняга часу ў запаведнiку — адкрыццё новых будынкаў навуковага цэнтра ў Бабчыне. Навуковы корпус з сучаснымi лабараторыямi, гасцiнiца, кацельня, сталовая былi створаны на базе колiшняга дзiцячага садка пры фiнансавай падтрымцы МАГАТЭ. «Умовы працы ў нас цяпер не горшыя, бадай, лепшыя нават, чым у Акадэмii навук», — расказвае намеснiк дырэктара запаведнiка па навуцы, кандыдат хiмiчных навук Юрый Бондар, пад кiраўнiцтвам якога сёння працуе 44 спецыялiсты. Менавiта сюды збiраецца ўвесь доследны матэрыял з зоны адчужэння. I адстрэленыя з улiкам бiярэгулявання ваўкi таксама «прайшлi» тут самы паўнавартасны аналiз i папоўнiлi банк навуковых дадзеных. Не без гонару кiраўнiк цэнтра кажа, што 15 спецыялiстаў падрыхтаваныя i з яго ўдзелам — iнжынеры, лабаранты, дазiметрысты. Разам з Юрыем Iванавiчам мы здзяйсняем невялiкую экскурсiю па бабчынскай «акадэмii навук». Вось аддзел экалогii фауны, якiм загадвае вядомы бiёлаг Сяргей Кучмель. Каля карты запаведнiка група мужчын актыўна абмяркоўвае заўтрашнi маршрут па ўлiку капытных жывёл. Снегавое покрыва сёлета добра гэтаму паспрыяе. Побач у светлым абсталяваным пакоi замерамi i апiсаннем розных вiдаў грызуноў займаецца лабарант Святлана Варапай. Над мiкраскопам засяроджана схiлiўся Уладзiмiр Пянькевiч — кандыдат ветэрынарных навук, член-карэспандэнт мiжнароднай акадэмii экалогii. Большую частку першага паверху займае лабараторыя радыяцыйных вымярэнняў. Яе загадчык Вячаслаў Забродскi разам з лабарантамi вядзе падлiк даных каля гама-спектраметрычнага комплексу з паўправаднiковым дэтэктарам. Даследуецца матэрыял з адной з рэперных кропак. Менавiта тут «высвятляецца» колькасць назапашанага ў тканiнах жывёл цэзiю i стронцыю, бачыцца наскрозь «чысцiня» вады i глебы. Вось каму ўсё вядома пра яе — зямлю запаведную.

А яна, пакiнутая, не стамляецца радаваць i здзiўляць сваёй прыгажосцю: кожнай вясной зноў буйна квiтнеюць старыя сады! I паволi цякуць рэчкi пад чыстым блакiтам неба. I шумяць чаротавыя зараснiкi ўперамежку в вольхавымi гаямi, што расцягнулiся ажно да самага небасхiлу. Усё гэта ўтварае ландшафт «зоны», раўнiнны i з церпкаю чароўнасцю. Толькi бачыць гэта нiкому не дадзена.

— Парадокс, — кажа дырэктар Пётр Кудан. — Запаведнiкi на зямлi ствараюцца для таго, каб абаранiць прыроду ад прысутнасцi чалавека, тут — наадварот, чалавека бароняць ад прыроды, каб яна яму не нашкодзiла.



 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
20 гадоў таму з паўднёвай часткi карты Беларусi былi сцёртыя адразу некалькi дзесяткаў пасяленняў, сярод якiх i невялiкая памежная вёска Масаны
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив

РЕКЛАМА


Все новости Беларуси и мира на портале news.21.by. Последние новости Беларуси, новости России и новости мира стали еще доступнее. Нашим посетителям нет нужды просматривать ежедневно различные ресурсы новостей в поисках последних новостей Беларуси и мира, достаточно лишь постоянно просматривать наш сайт новостей. Здесь присутствуют основные разделы новостей Беларуси и мира, это новости Беларуси, новости политики, последние новости экономики, новости общества, новости мира, последние новости Hi-Tech, новости культуры, новости спорта и последние новости авто. Также вы можете оформить электронную подписку на новости, которые интересны именно вам. Таким способом вы сможете постоянно оставаться в курсе последних новостей Беларуси и мира. Подписку можно сделать по интересующим вас темам новостей. Последние новости Беларуси на портале news.21.by являются действительно последними, так как новости здесь появляются постоянно, более 1000 свежих новостей каждый день.
Яндекс.Метрика