Тата можа ўсё, што трэба... Калi мамы дома няма
Аляксандр АЧАРЭТНI
Cёння нават сур’ёзныя людзi часам сцвярджаюць, што роля бацькi ў выхаваннi дзяцей не такая ўжо i важная. «Дзiця павiнна быць з мацi» ў нашы днi i ў нашай краiне гучыць амаль як аксiёма. Аднак, пакiдаючы гэту праблему юрыстам, пагаворым аб ролi бацькi ў нармальнай, поўнай сям’i.
Псiхолагi, якiя займаюцца праблемамi сям’i, лiчаць, што патрэбнасць у бацьку ў дзiцяцi фармiруецца значна пазней дня яго нараджэння i значна пазней, чым яно ўсведамляе патрэбнасць у мацi. Яно i вiдавочна, што ў параўнаннi са строга абазначанымi мацярынскiмi функцыямi, функцыi бацькi выглядаюць вельмi мутна, туманна i расплыўчата. Таму што менавiта мацi беражлiва выношвала, нараджала ў муках i выкормлiвала маленькага чалавека. Бацька з’яўляецца ў жыццi дзiцяцi даволі позна i, на жаль, асаблiвым аўтарытэтам у першыя гады жыцця дзiцяцi не карыстаецца. У большасцi сучасных беларускiх сем’яў менавiта мацi распараджаецца вольным часам дзiцяцi i часта прымае асабiстыя рашэннi, што так цi iнакш датычацца будучага дзiцяцi. Зараз гэта традыцыя, якая складалася вякамi i бярэ свой пачатак у дамастроi, толькi ўзмацнiлася. Фемiнiзм абвастрыў сiтуацыю, а цяпер, калi беларускiя жанчыны зарабляюць не менш, чым нашы мужчыны, таты, гiстарычная функцыя здабытчыка якiх вiдавочна пахiснулася, i наогул адчуваюць сябе выкiнутымi на фланг сямейнага жыцця. Аднак, як чытач, канешне, ужо здагадваецца, роля бацькi ў сям’i не такая ўжо i малая. Маленькi чалавек успрымае паводзiны ў сям’i як нейкi эталон паводзiнаў. У мацi дзiця заўсёды iнстынктыўна шукае першай дапамогi i абароны. Бацька ж для яго з’яўляецца ўзровень, з якiм ён пачынае звяраць кожнае сваё дзеянне. Асаблiва гэта датычыцца хлопчыкаў. У нас часта выклiкаюць смех i замiлаванне спробы 3—4-гадовых карапузаў па-бацькоўску басiць, калi яны з гонарам носяць прычоску, як у таты, просяць купiць iм адзенне, падобнае да бацькоўскага, а бывае i iмiтуюць куды больш дрэнныя бацькоўскiя звычкi. Напрыклад, курэнне. Нiчога смешнага ў гэтым няма. Дзецi вучацца жыццю, вучацца паводзiць сябе ў соцыуме. Вось таму бацькоўскi прыклад павiнен быць правiльным. Даказана, што хлопчык, якi мае перад сабой мадэль правiльных мужчынскiх паводзiнаў, будзе адчуваць у будучым сацыяльным жыццi значна менш праблем, чым яго равеснiкi, пазбаўленыя такога вопыту. Не ведаючы законаў iснавання ў жорсткiм мужчынскiм свеце, хлопчык будзе адчуваць цяжкасцi ў зносiнах, не зможа пастаяць за сябе нi маральна, нi фiзiчна. Асаблiва такiм, пасталелым ужо хлопчыкам бывае складана выжыць у чыста мужчынскiм калектыве. У армii, напрыклад. Такiя людзi ў мужчынскiх калектывах нярэдка становяцца iзгоямi. Хто вiнаваты ў гэтым? Канешне ж, «няправiльны» бацька. Таму мацi, якiя выхоўваюць сына ў адзiночку, павiнны падумаць аб прадастаўленнi свайму дзiцяцi iншага «эталона», iм можа стаць дзед, брат або iншы блiзкi мацi чалавек. А як жа дзяўчынкi, спытаецеся вы? Для дзяўчынак бацька з’яўляецца нi кiм iншым, як першым вялiкiм жаночым каханнем. Аўтарытэт бацькi бывае такi вялiкi (але гэта толькi тады, калi ў сям’i былi добрыя адносiны памiж мацi i бацькам), што, пасталеўшы, былыя маленькiя дзяўчынкi падсвядома шукаюць мужчыну — спадарожнiка жыцця, падобнага да ўласнага бацькi. Гэта, дарэчы, датычыцца i хлопчыкаў, якiя выбiраюць сяброўку, падобную на сваю мацi. Аднак бацька, якi кожны дзень прыходзiць дадому падшафэ або суткамi ляжыць на канапе з газетай, не можа быць добрым «эталонам». Даказана, што дрэнныя «эталонныя паводзiны» часцей за ўсё з’яўляюцца нi чым iншым, як вынiкам жаночых паводзiнаў. Большая ж частка нашых мужчын выхоўвалася ўладарнай мацi, ласкавай бабуляй i патрабавальнай настаўнiцай. Нярэдка бацьку не застаецца нiчога iншага, якрамя як назiраць за працэсам выхавання збоку. Гэта i зразумела, ён iдзе на работу, калi дзiця яшчэ спiць, а прыходзiць, калi дзiця ўжо спiць. З дзiцем на роўных Большаму зблiжэнню бацькi i дзiцяцi дапамагаюць iх зносiны «на роўных». Толькi адзiн з пяцярых бацькоў адразу ж адчувае любоў да свайго нованароджанага дзiцяцi. Сапраўдная бацькоўская любоў прыходзiць часцей за ўсё к таму часу, калi малы пачынае ўжо рабiць нейкiя асэнсаваныя дзеяннi, г.зн. гадам к двум. Сярэднестатыстычны тата пры нараджэннi дзiцяцi адчувае часцей за ўсё не ўсепаглынальную любоў, як жанчына, а хутчэй пачуццё, падобнае на здзiўленне. Сюсюканняў, цяцешканняў i замiлаваных усхлiпаў вы ад яго не дачакаецеся. Тым не менш нават немаўлятка без цяжкасцi пазнае бацькоўскi голас — ён яго пастаянна чуў, знаходзячыся яшчэ ў лоне мацi. Нованароджаны цудоўна ведае i рукi таты. Дарэчы, нярэдка здараецца так, што малыша, якi стаў капрызнiчаць, прасцей супакоiць менавiту бацьку — ад яго не пахне малаком. Таму ўскокваць да карапуза па начах мае сэнс усё-такi па чарзе, не аддаючы гэту «радасць» на водкуп жонцы. Такiм чынам, бацька з першых дзён успрымаецца дзiцем як блiзкi i любiмы чалавек. Дзiцячы свет загадкавы, i дарослыя не заўсёды могуць разабрацца з тым, што робіцца ў галаве дзiцяцi. Аднак зразумела тое, што дзiцяцi жыццёва неабходна адчуваць сябе абароненым. А хто лепш за бацьку можа абаранiць малыша? Тое, што побач з дзiцем знаходзiцца дужы, у дзiцячым разуменнi амаль цi не ўсемагутны чалавек, садзейнiчае павышэнню самаацэнкi дзiцяцi. Вы толькi паслухайце, як, напрыклад, у дзiцячым садку хлопчыкi хваляцца сваiмi бацькамi, прыпiсваючы iм часам абсалютна фантастычныя якасцi i ўменнi. Мацi ў выхаваннi хлопчыкаў паступова адыходзiць на другi план. Не-не, яна па-ранейшаму застаецца любiмай i вельмi паважанай, аднак з татамi хлопчыкам становiцца больш цiкава. Бо толькi бацька можа правiльна зашнураваць футбольны мяч, расказаць, для чаго патрэбны карбюратар у машыне i (не пры мамах будзе сказана) змайстраваць цудоўную рагатку. Нярэдка жанчынам не падабаецца некаторая грубаватасць у зносiнах бацькi з сынам. Напрыклад, замест таго, каб паспачуваць хлопчыку, якога пакрыўдзiлi равеснiкi на вулiцы i якi плача, ды паспяшацца на «разборкi», бацька раiць: «А ты дай Ваньку ў вуха, прыкладна вось так...». Чаго грашыць, мужчыны нярэдка адступаюць перад напорам жонкi, нягледзячы на тое, што ўменне пастаяць за сябе фiзiчна — абсалютна неабходны для хлопчыка навык. Дзецi шчыра вераць, што тата можа ўсё, што трэба, i з кожным годам узаемная прывязанасць бацькi i дзiцяцi толькi расце. Калi, канешне, мама, праявiўшы ўсю сваю жаночую мудрасць, створыць для гэтага ўсе ўмовы. Мужчыны ў адрозненне ад жанчын мала адчуваюць «клiч крывi» i па-сапраўднаму могуць любiць толькi тых дзяцей, з якiмi разам жылi, якiх вырасцiлi, якiх выхавалi. На жаль, мужчыны нашага часу ў сваёй масе iнертныя ў параў- наннi са сваiмi жонкамi, падкаванымi асновамi фемiнiзму i загартаванымi ў барацьбе з бытавымi цяжкасцямi. Таму сучасны бацька, сутыкнуўшыся з непрыняццем сваёй выхаваўчай iнiцыятывы, ад граху далей, можа не праявiць яе больш нiколi. Што ж патрабуецца ад жанчыны, калi яе муж не праяўляе пакуль цудаў бацькоўскай любовi? Рэцэпт просты: трэба часцей пакiдаць мужа з дзiцем, незалежна ад яго полу, прычым даглядаць за iмi не абавязкова. Хай яны кантактуюць так, як падабаецца iм, а не так, як жанчына лiчыць правiльным i педагагiчным. Давярайце свайму мужу, ён не «сапсуе» ваша дзiця. Успомнiце, менавiта вы выбралi гэтага мужчыну. Сабе ж вы давяраеце? Дзякуем за дапамогу ў напiсаннi артыкула нейрапсiхолагу Алене Станюце (г. Саратаў).
1. НЯДЗЕЛЬНЫ ТАТА. Звычайная з’ява для няпоўных сем’яў. Бацька, якога дзiця бачыць раз на тыдзень або горш за тое — у месяц, як бы там нi было паступова ад дзiцяцi аддаляецца. Аднак «нядзельны тата» сустракаецца i ў поўных сем’ях. Звычайна гэта вельмi захоплены чалавек. Ён апантаны камп’ютарам, фатаграфiяй, рыбалкай — хоць чым, толькi не дзiцем. На рабоце ён заняты цэлымi днямi, але грошай шмат не зарабляе, у выхадныя — часцей за ўсё сабой i сябрамi. Пры такiм бацьку для дзiцяцi няма нiчога даражэй за мацi. 2. ТАТА-МАМА. Поўнасцю дасведчаны ва ўсiх нюансах па догляду за дзiцем i яго выхаваннем, не мае патрэбы ў кiраўнiцтве жонкi i не можа толькi накармiць малыша грудзямi. Такi бацька клапатлiвы, гаспадарлiвы, iнiцыятыўны. Варыянт вельмi добры, але толькi ў тым выпадку, калi падобнымi якасцямi валодае i жонка. У адваротным выпадку мацi хутка абрастае несямейнымi iнтарэсамi i ператвараецца ў «нядзельную мацi» (гл. «нядзельны тата»). 3. КАНАПНЫ ТАТА. Гэта не тата. Гэта элемент iнтэр’еру. Паступова дзiця пачынае ўсур’ёз думаць, што газета гэта i ёсць твар яго бацькi. Ён глядзiць хакей i пускае дым. Такi тата бясшкодны, ён не перашкаджае сям’i развiвацца па сямейных законах, аднак без яго ўдзелу. 4. БIЗНЭС-ТАТА. Добры тата. Калi б ён не працаваў 25 гадзiн у суткi, то цаны б яму не было. З’яўляючыся дадому позна ноччу або ранiцай, ён практычна не бачыць сваiх дзяцей. За справамi такi тата проста не паспявае адсочваць развiццё дзяцей i не заўжды ўспомнiць, у якi клас яны ходзяць i нават тое, колькi iм гадоў. Зносiны з дзецьмi адбываюцца звычайна ў час адпачынку, паколькi ў выхадныя такi тата адсыпаецца. Галоўная яго перавага — умее зарабляць грошы.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Cёння нават сур’ёзныя людзi часам сцвярджаюць, што роля бацькi ў выхаваннi дзяцей не такая ўжо i важная |
|