Па дваццатках разлiчыся!
Марыя ПЛЮШКIНА
Слухай сваё Выйшла ў свет другая (веснавая) частка зборнiка «Залатая дваццатка». Прэзентацыя пласцiнкi па склаўшайся ўжо традыцыi прайшла ў клубе «Изюм». Што дзiўна, далучыцца да падзеi пажадала вельмi невялiкая колькасць народу: простых наведвальнiкаў можна было па пальцах пералiчыць, i нават артысты на гэты раз не хавалiся ў банкетнай зале, а свабодна гулялi па танцпляцоўцы. Дарэчы, склад «зорных» тусоўшчыкаў таксама не вельмi сляпiў вочы. За рэдкiм выключэннем, вечарынку наведалi найменш раскручаныя з прадстаўленых на зборнiку артыстаў — тыя, каму неабходны пiяр. Не з’явiлiся «Ляпiсы», «Merry Poppins», «Тяни-Толкай», а Сярогу i зусiм нiхто не чакаў. Аляксей Хлястоў з’явiўся «пад занавес». Дуэт «Atlantica» прадстаўляў толькi ДыМiтр — на сцэну ён, зразумела, у адзiночку не выйшаў, i сцiпла прызнаваўся, што ўвогуле ўпершыню тусуецца без Алекса на вачах у прэсы i мноства зацiкаўленых асоб жаночага полу. Гэтаксама напрыканцы паказалiся «Чук i Гек». Хлопцы пастаялi крыху ля барнай стойкi, вывучаючы наваколле, параiлiся з прэс-аташэ i дэзерцiравалi — дадому, адпачываць. Паспелi, праўда, сказаць, што новым саставам спрацавалiся i адзiн адным задаволены. Былая мадэль, а цяперашнi Чук Павел Сыраежкiн, ззяючы, прызнаўся, што «музычнае жыццё — проста супер!».Уласны зборнiк азадачыў нават не жоўтымi матылькамi на аранжавай вокладцы (людзi, вы ў акно глядзелi?), але колькасцю малавядомых артыстаў. Адзiным вялiкiм недаўменнем «зiмовай» «Залатой дваццаткi» была песня «Суперлато». Цяперашняя ж кампiляцыя радуе песнямi Анi Шаркуновай (выпускнiца «Зорнага дылiжанса», калi хто не памятае), Натаны, «Pin Code»... Дарэчы, на дыску зноў 21 трэк. Гэта матэматычная памылка па-ранейшаму называецца «клубным бонусам» i, здаецца, будзе пастаяннай. Забаўна яшчэ, што вясновы зборнiк — не ведаю, наўмысна цi выпадкова — аб’яднаў песнi, прысвечаныя iншым сезонам: «Мятнае лета», «У восенi насмарк» i «Так або не (Падае снег)». Ага, менавiта ў такiм парадку...
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Выйшла ў свет другая (веснавая) частка зборнiка «Залатая дваццатка» |
|