Прыгожым быць не забараняецца
Вiкторыя ШМЯЛЁВА
«Цi я на свеце мiлейшая за ўсiх, прыгажэйшая, румянейшая i бялейшая?» — цiкавiлася пушкiнская гераiня ў казцы «Прыгажуня, якая спiць». Сёння прыкладна такое ж пытанне задае сабе не адна прадстаўнiца слабога полу, разглядаючы ў люстэрку родны твар i сiлуэт. Безумоўна, аб параўнаннi «за ўсiх» няма чаго i гаварыць, а вось «быць проста прыгожай» — iншая справа.
Скажы хоць адзiн мужчына звычайнай, стомленай ад цяжкiх будзённых клопатаў жанчыне, што яна добра выглядае, — тая ўвесь дзень будзе лётаць, як на крылах... А што рабiць, калi нос доўгi цi вялiкiя мяшкi пад вачамi? Або грудзi адвiсаюць (вынiкi цяжарнасцi i кармлення малога)? Згадзiцеся, да Алены Прыгожай як-нiяк далёка... Але хто сказаў, што марыць забараняецца? I гэта пры ўсiм тым, што думка матэрыяльная! Сёння фабрыкай па стварэнню прыгажосцi (а калi быць аб’ектыўнай, то фабрыкай уваскрасення былой красы або надання апошняга штрыха iснуючай) з’яўляецца такая галiна медыцыны, як пластычная хiрургiя. Прадмет яе перажыванняў — эстэтычная прыгажосць: падцягнутая скура, плоскi жывот, прыгожыя грудзi, маленькiя вушкi, прамы вузкi нос... I паколькi цяпер вясна i ва ўсiх абуджаецца жаданне не проста жыць, а квiтнець, у гасцёўнi «Звязды» — Жанна Iванаўна Раманава, загадчык аддзялення пластычнай эстэтычнай хiрургii клiнiчнага Цэнтра пластычнай хiрургii i медыцынскай касметалогii. Жанна Iванаўна РАМАНАВА працуе пластычным хiрургам вось ужо 25 гадоў. За плячыма — багаты мiжнародны вопыт: прафесiйныя вандроўкi ў Маскву, Рыгу, Ноўгарад, Пецярбург... З’яўляецца членам ТПРЭХ (Таварыства пластычных рэканструктыўных хiрургаў Расii). Дарэчы, членамi гэтага таварыства з’яўляюцца i ўсе шэсць пластычных хiрургаў дзяржаўнага клiнiчнага Цэнтра пластычнай хiрургii i медыцынскай касметалогii. Пасля мiнскага медiнстытута Жанна Раманава працавала дзiцячым хiрургам, але па прапанове прафесара Кручынскага вырашыла займацца яшчэ не вядомай тады ў Беларусi галiной — пластычнай хiрургiяй. Мае двух дзяцей (сына i дачку) i двух унукаў. — Што робiць клiнiчны Цэнтр пластычнай хiрургii i медыцынскай касметалогii? — Усе аперацыi па знiшчэнню ўзроставых змяненняў скуры твару, шыi, лба, павекаў, карэкцыю вушных ракавiн, або отапластыка, карэкцыю носа (рына-пластыка), малочнай залозы, адвiсаючай малочнай залозы пасля родаў, карэкцыю пярэдняй сценкi жывата (абдомiнапластыка), лiпаскульптуру (лiквiдацыя тлушчу на твары i падбародку), лiпаасперацыю (адсмоктванне тлушчу ў вобласцi талii, жывата). Таксама лазерная хiрургiя выдаляе ўсемагчымыя новаўтварэннi, карэкцiруе рубцы, робiць розныя шлiфоўкi. — Складаецца ўражанне, што пасля аперацыi станеш суперзоркай... — Мы аперыруем не тады, калi жадае пацыент, а калi для таго ёсць аб’ектыўныя паказальнiкi. Немагчыма зрабiць з жанчыны з пасрэднымi знешнiмi данымi фотамадэль. Яшчэ на пачатку адкрыцця цэнтра да нас часта прыязджалi каўказцы i жадалi мець прамы нос. Мы выпраўлялi. Нос як орган глядзеўся iдэальна. Аднак ён дысгарманiраваў са знешнасцю ў цэлым. Вялiкiя гарбатыя насы — асаблiвасць людзей каўказскай нацыянальнасцi. У дадзеным выпадку лепш пакiнуць так, як ёсць. Многiя людзi робяць акцэнт на якiм-небудзь адным органе. Аднак мы не ўспрымаем чалавека па частках. Бывае, адзiны нос непрыгожы, але ён адпавядае профiлю твара. Гэта рыса iндывiдуальнасцi. А ў некаторых выпадках доўгi нос хавае iншыя недахопы знешнасцi, напрыклад, кароткую верхнюю губу. Калi мы зробiм нос карацейшым, дэфект верхняй кароткай губы стане яшчэ больш прыкметным. Прырода ўвогуле мудра карэкцiруе сама. — Якiя часткi цела найбольш папулярныя ў пацыентаў? — На першым месцы, канешне, твар i шыя: узроставыя змяненнi скуры гэтых частак адразу кiдаюцца ў вочы. На другiм — отапластыка. У Беларусi вельмi шмат лапавухiх. Таксама попытам карыстаюцца аперацыi на грудзях. Сёння многа жадаючых пратэзiраваць малочныя залозы, карэкцiраваць форму грудзей пасля родаў. Не застаецца без увагi i жывот. — Адным словам, жанчыны ўглядаюцца на сябе ў люстэрка i пацiху iдуць да пластычнага хiрурга. — Не зусiм так. Iншым разам мужы прыводзяць сваiх жонак. Апроч таго, аперацыi не такiя ўжо i танныя, што, вядома, адбiваецца на сямейным бюджэце. Напрыклад, падцягванне твару i шыi каштуе 1 мiльён 200 тысяч рублёў, рынапластыка (карэкцыя носа) — паўтара тысячы, блефарапластыка (карэкцыя павекаў) — больш за восемсот тысяч рублёў. Безумоўна, што ў параўнаннi з камерцыйнымi паслугамi гэта намнога танней. Калi ўзяць, напрыклад, аперацыi маскоўскiх пластычных хiрургаў, адлiк кошту пачынаецца толькi ад тысячы долараў. Звычайна аперацыi ў Расii абыходзяцца ў 15—20 тысяч долараў. — Вядома, што высокаквалiфiкаваны хiрург — гарантыя якасцi. Аднак бываюць жа недарэчнасцi, напрыклад, як з расiйскай тэлевядучай «Жаночых гiсторый» Аксанай Пушкiнай. Ад чаго залежыць поспех аперацыi? — Так, сапраўды першы складальнiк поспеху — прафесiяналiзм хiрурга. А вось другi — здароўе пацыента, стан яго iмуннай сiстэмы. У адных пасля аперацыi не застаецца нiводнага сiняка, ацёка, у другiх — апухлы твар. Аднак у любым выпадку ўсё праходзiць праз два тыднi. Перад кожнай аперацыяй мы прапануем пацыенту азнаёмiцца з ускладненнямi, якiя тэарэтычна могуць узнiкнуць пасля аперацыi. Рызыка ёсць заўсёды. Без эстэтычных аперацый пацыент можа пражыць да ста гадоў i нават больш. У iх няма неадкладнай неабходнасцi. Усё адбываецца свядома. Канешне, не ўсё так бясспрэчна, як здаецца на першы погляд. Напрыклад, просяць хiрурга, каб той зрабiў кончык носа тоненькiм. Аперацыя праходзiць паспяхова. Але праз некаторы час пачынаецца рубцаванне ва ўнутраных слаях скуры. Гэта рэакцыя арганiзма на ўмяшанне ў прыродныя працэсы. I хiрург тут нi пры чым. У такiм выпадку кончык носа можа стаць нават шырэйшым, чым быў. Аднак нашы хiрургi стараюцца зрабiць усё магчымае. У свой час усе яны навучалiся ў Маскве. На жаль, цяпер няма такога iнтэнсiўнага абмену вопытам, якi быў раней. Тым не менш мы ўсё запiсваем на касеты, якiя пасля праглядаем, абмяркоўваем i прымяняем у Беларусi. Мне найбольш iмпануюць метады пластычных хiрургаў у Iталii, Францыi. А пра Аксану Пушкiну мне б хацелася дадаць, што гэта хутчэй за ўсё журналiсцкi трук. Цяжка паверыць, што яна змагла пайсцi да невядомых i неквалiфiкаваных хiрургаў, калi ў Маскве вялiкая колькасць прафесiяналаў. Апроч таго, там вялiкая канкурэнцыя — усе клiнiкi як скарпiёны ў банцы. Наконт гэтага я прытрымлiваюся прынцыпу: не прыбягаць да паклёпу канкурэнтаў. Нават калi трапляецца пацыент з вынiкамi нядобрасумленнай працы, нiчога не скажу, проста выпраўлю памылкi. — Вядома, што джулii робертс i томы крузы з-пад нажа пластычнага хiрурга не выходзяць: генетыка ўсё ж такi не на апошнiм месцы. I поспех аперацыi раз на раз не прыходзiцца, аднак людзi iдуць i iдуць. Чаму? — Чалавек са знешнiм дэфектам вельмi закамплексаваны. Ён баiцца звярнуць на сябе ўвагу, хоць можа быць разумнейшым за iншых. I калi такi чалавек пазбаўляецца дэфекту, ён становiцца разняволеным. Дарэчы, гэта вельмi сур’ёзная сацыяльная праблема. Напрыклад, якiх адносiнаў да сябе можа чакаць аблавухi юнак у армii? Толькi кпiнаў. Калi да мяне мацi прыво-дзяць такiх юнакоў, стараюся iх прыняць у першую чаргу. А як адчувае сябе жанчына з пастарэлай скурай? Душа ў жанчыны старэе намнога пазней, чым скура. Унутры яна яшчэ зусiм маладая. Пасля пластычнай аперацыi зусiм iншае адчуванне жыцця: да ўсяго з’яўляецца цiкавасць, усё набывае сэнс. Пластычная аперацыя — зусiм не капрыз. Для многiх гэта не толькi спосаб працягнуць маладосць, але i не страцiць працоўнае месца. — Калi самы спрыяльны час для «касметычнага рамонту»? — Пажадана рабiць падцягванне скуры твару i шыi ў 40–45 гадоў. Як правiла, пасля аперацыi жанчыны выглядаюць на дзесяць—дваццаць гадоў маладзейшымi. Безумоўна, яшчэ трэба ўлiчваць iндывiдуальныя асаблiвасцi арганiзма. Напрыканцы iнтэрв’ю мне чамусьцi падумалася: «Не можа быць, што Жанна Раманава — шавец без ботаў. Ужо двух унукаў мае i так молада выглядае». Пытанне само зляцела з языка: — А сабе вы рабiлi калi-небудзь пластычную аперацыю? — Хацела некалi, але так i не зрабiла. Няма калi: усё людзi, людзi...
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
«Цi я на свеце мiлейшая за ўсiх, прыгажэйшая, румянейшая i бялейшая?» — цiкавiлася пушкiнская гераiня ў казцы «Прыгажуня, якая спiць». Сёння прыкладна
|
|