СтудняПростыя рэчы Як наталялi смагу нашы старажытныя продкi? Ну, зразумела, пiлi тую ваду, якая траплялася iм — з возера, рэчкi, балацiны. Без вады чалавек iснаваць не можа. Таму ўсе старыя паселiшчы размяшчаюцца або над возерам, або над рэчкай, цi ў непасрэднай блiзкасцi ад iх. Але, беручы ваду з возера, балацiны цi рэчкi, чалавек не мог не знайсцi мясцiн, дзе вада гэта была больш празрыстай, смачнай. А яна ж у Беларусi толькi ў крынiцах, натуральных выхадах падземных вод на паверхню. У краiне шмат паселiшчаў, назвы якiх паходзяць ад слова «крынiца». Спакон веку такiя мясцiны шанавалiся i аберагалiся, многiм надавалася цудадзейная сiла, а з прыходам хрысцiянства i святасць.Але ж каб упарадкаваць такую крынiцу, трэба нейкая прылада. I першапачаткова нашы продкi прыдумалi каладзень — пустую калоду, пераважна з дуба, якую ўстаўлялi ў крынiцу замест зруба. Тут ужо свабодна можна чэрпаць яе празрыстую ваду. Яшчэ ў пачатку ХХ стагоддзя словы «каладзец» i «крынiца» мелi адно значэнне. Ды i паходжанне слова «калодзеж» адсюль. Ды ўсё-такi найбольш распаўсюджаная — студня, са сцюдзёнай глыбiннай вадзiцай. Селячыся далёка ад рэк i азёраў, чалавек вымушаны быў шукаць грунтовыя воды, выкопваць збудаваннi накшталт шахтаў. Глыбiня тут залежала ад блiзкасцi гэтых самых грунтовых вод, жыл, як кажуць у народзе. I зноў жа для замацавання сцен такiх шахтаў служыў матэрыял, якi заўсёды ў беларуса пад рукой — дрэва. Найлепш дуб, якi выстойваў доўга, з яго i вырабляўся своеасаблiвы зруб, апускаўся ў шахту. Ну i, канешне, журавель цi асвер, з дапамогай якога выцягвалася на паверхню вада. Журавель — больш вобразная i дакладная назва — доўгая жэрдка-рычаг таксама на доўгай рагацiне. Сёння такога журава вельмi цяжка знайсцi, прынамсi ў нашым Паазер’i. Толькi калi на якiм хутары, дзе даслужвае ён сваю рыпучую службу. Дзякаваць Богу, што захоўваецца папуляцыя сапраўдных журавоў. Больш сучасная i прыдатная для выкарыстання прылада для выцягвання вады — калаўрот: падобная на ручку, якой раней заводзiлi аўтамабiлi, толькi аблямаваная дрэвам, на што i намотваецца цэп з прывязаным да яго вядром. Проста, але i зручна ў эксплуатацыi. Уласна кажучы, студнi такога кшталту i служаць людзям у вёсках, невялiкiх гарадах да цяперашняга часу. Праўда, драўляных зрубаў ужо няма, замест iх бетонныя трубы, што называюць людзi цымбравiнамi. I калi, скажам, сабралiся госцi ў хаце, выйшлi на панадворак перакурыць мужчыны — абавязкова падыдуць яны да студнi. Нехта цiкаўны адкрые вечка, зазiрне ўнутр. — А на колькi цымбравiн глыбiня? I гаспадар адкажа: — Ды няшмат, вада тут блiзка, нiзiна. Цi: — А каб яго, аж на пятнаццаць. На ўзгорку будавалiся, пакуль тую жылiну адшукалi. У вёсках нашага краю студнi аднолькавыя ў прынцыпе, яны не вызначаюцца асаблiвай аздобай. Дзе шчыльнейшы i навейшы дашак, у дбайнага гаспадара пафарбаваны. Але прынцып адзiн. А вось вада ў студнях — не. Заўважаю за адным з маiх знаёмых мiнчукоў, што ў сумесных вандроўках па вёсках, калi заходзiм у якi панадворак — ён найперш да студнi. Пакаштаваць вады. Вялiкi знаўца. Сёння гараджанiн п’е ваду з водаправода, больш далiкатны купляе ў краме розныя «воды». Але гэта не тое, такая вада праходзiць праз нейкiя трубы, ачышчаецца, праз нейкiя прылады разлiваецца. А тут натуральная, з-пад зямлi. Хоць... У многiх мясцiнах людзi скардзяцца, што вада год ад году становiцца не той, як была раней. Мноства на гэта аб’ектыўных i суб’ектыўных прычын, але галоўная — наша чалавечая дзейнасць на зямлi, якая ўбiрае ўсё, што за намi застаецца. А даводзiлася вам капаць студню? Мне аднойчы давялося. Не-не, толькi ў якасцi падручнага рабочага, у талацэ. Завёз гаспадар цымбравiны загадзя, абзавёўся неабходным рыштункам. З ранiцы сабралiся на двары суседзi. Гаспадар паказаў выбранае iм для студнi месца. Нiякi знаўца з галiнкамi ў руках не хадзiў, шукаючы тую жылу. Проста гаспадару ў гэтым месцы зручна. Наняты майстар паказаў нам месца, дзе капаць, i мы ўзялiся за рыдлёўкi. Знялi i аднеслi на гарод верхнi слой зямлi. Пачаўся пясок. Яго ўжо грузiлi на тачкi i адвозiлi далей у яр. Калi глыбiня стала метры паўтара — падкацiлi разам i апусцiлi першую цымбравiну. Падкапалi яшчэ — на першую ўстанавiлi другую. I яна пайшла пад зямлю. Тут за справу ўзяўся сам майстар. Ён, залезшы ў цымбравiны, напаўняў зямлёю вёдры i падаваў нам. Тут галоўнае, каб цяжкiя цымбравiны апускалiся роўна, не завальвалiся. Таму падкопваць трэба адначасова з усiх бакоў. Так i пайшлi цымбравiны адна за адной у зямлю, цяпер ужо вёдры майстар нам падаваў на вяроўцы. Паступова жоўтая зямля — а ў нас жа паўсюль марэнны жвiрок, спадчына ледавiкоў — стаў вiльгатнець, пакуль не ператварыўся ў проста плывун, перамяшаную з зямлёю ваду. I там, на глыбiнi дзесяцi цымбравiн, майстар знайшоў-такi жылу. Вада хутка стала прыбываць. Чалавеку ў зямлi падалi дробных каменьчыкаў, каб выслаў дно. Апусцiлi ў студню доўгiя, але вузкiя драбiны. Майстар выбраўся на паверхню. Не хутка будуць гаспадары чэрпаць адсюль ваду, яна павiнна адстояцца. Але студня ў прынцыпе гатовая. Гаспадар накрыў вышэйшую над зямлёй цымбравiну часовай накрыўкай. Потым тут будзе дашак з калаўротам. I — просiм да стала. А сваёй вадой гаспадарка цяпер забяспечана. Да гэтага часу студнi ў летнi час служаць i для захоўвання малака, адстойвання смятаны, туды апускаюць на вяроўцы спецыяльную бляшанку. Помню, што ў летнi час вiсеў у студнi i кошык з кумпяком. Але ж цяпер ёсць халадзiльнiкi. За апошнiя гады выдалася некалькi такiх засушлiвых летаў, ды i зiмою снегу было мала. Так што бывалi выпадкi, калi ў вёсках на высокiх месцах (а ў нас жа Свянцянскiя грады) вады ў студнях не хапала не толькi на палiў агародаў, але на патрэбу людзям, вадапой жывёле. Ратавалiся тым, што завозiлi яе ў цыстэрнах-вадавозках i выкачвалi ў студнi. На некалькi тыдняў хапала. I апошняе яркае ўражанне, звязанае з гэтай тэмай. Едзем па дарозе праз мелiяраванае поле. Кругом, на многiя кiламетры распасцiраецца тая роўнядзь, якая ў нашых мясцiнах можа гаварыць аб адным: тут не абышлося без умяшання чалавека з яго магутнай тэхнiкай. I раптам недалёка ад дарогi бачым — дамок не дамок, але нейкае невялiкае збудаванне, да яго зварочвае накатаная па полi дарожка. Звярнулi i мы, выйшлi з машыны. I тады толькi зразумелi — студня. Толькi студня своеасаблiвая, усяго адна цымбравiна ў ёй. Але i гэтага дастаткова, бо пастаўлена студня на месцы крынiцы, яна i цяпер бруiць унутры, а лiшкi вады сцякаюць у блiжэйшы мелiярацыйны канал. Мелiяратары, праводзячы тут работы, не загубiлi крынiцы. Пакаштавалi ваду — а было гэта летняй спёкай — смачная, празрыстая, халодная. Алесь КАСЦЕНЬ, Вiцебская вобласць.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Як наталялi смагу нашы старажытныя продкi? Ну, зразумела, пiлi тую ваду, якая траплялася iм — з возера, рэчкi, балацiны. Без вады чалавек iснаваць не |
|