Развiтвацца з камянямi ў жоўцевым пузыры трэба своечасова, лiчаць хiрургi-гепатолагi
«Паважаная «Звязда»! Я ваш даўнi падпiсчык i, зразумела, чытач. Звяртаюся да вас з просьбай. Справа ў тым, што нядаўна дактары знайшлi ў мяне хваробу печанi, а дакладней камянi ў жоўцевым пузыры. Прапаноўваюць шпiталiзацыю i нават аперацыю. Раскажыце, калi ласка, аб гэтай хваробе ў рубрыцы 36,6°.
З павагай Пятровiч. г. Ашмяны». Выканаць гэтую просьбу чытача нам дапамагае дацэнт другой кафедры хiрургiчных хвароб Беларускага дзяржаўнага мед-унiверсiтэта Алег Рубахаў. — Жоўцекамянёвая хвароба вядомая з глыбокай старажытнасцi. Вялiкi ўрач далёкiх часоў Гален знаходзiў жоўцевыя камянi пры ўскрыццi трупаў. Аднак ён сур’ёзна рызыкаваў. Справа ў тым, што ў гады сярэднявечча памерлых не ўскрывалi i ўрачы не бачылi, што робiцца ў печанi чалавека. Доктар, якi б толькi заiкнуўся аб камянях у гэтым органе, быў бы абавязкова пакараны смерцю. Нiчога каменнага, згодна з догмамi цёмнай iнквiзiцыi, унутры чалавека быць не магло. I толькi ў перыяд Рэнесансу ў працах урачоў пачалi сустракацца ўпамiнаннi аб жоўцекамянёвай хваробе. У 1341 годзе венецыянскi ўрач Фалiгна пры бальзамiраваннi трупа знатнай жанчыны выявiў у шыйцы жоўцевага пузыра вялiкi зялёны камень. Наступнае развiццё анатомii ў XVI—XVII стагоддзях садзейнiчала вывучэнню хвароб печанi i жоўцевага пузыра. Французскi ўрач Фернель у 1574 годзе апiсаў клiнiчную карцiну жоўцекамянёвай хваробы, устанавiў яе сувязь з жаўтухай i вылучыў яе прычыну — застой жоўцi. У цяперашнi ж час адзiнай тэорыi ўтварэння камянёў у жоўцевых пратоках i жоўцевым пузыры няма. Аднак спецыялiсты сыходзяцца на трох галоўных прычынах: застой, iнфекцыя, парушэнне абменных працэсаў у печанi. Парушэннi халестэрынавага, тлушчавага, пiгментнага, гарманальнага i электралiтнага абменаў, гепатыт, цыроз, запаленне жоўцевых пратокаў ствараюць спрыяльнае асяроддзе для ўтварэння камянёў i парушэнняў нармальнага адтоку жоўцi. Ад камянёў у жоўцевым пузыры i пратоках сёння пакутуе кожны сёмы жыхар планеты. Прычым жоўцекамянёвую хваробу знаходзяць не толькi ў людзей ва ўзросце, але i ў падлеткаў. — Якiя людзi больш схiльныя да гэтай немачы? — Не застрахаваны нiхто. Аднак у жанчын гэта паталогiя сустракаецца часцей, што звязана з пэўнымi гарманальнымi працэсамi. Адзначана таксама, што ад жоўцекамянёвай хваробы амаль не пакутуюць вегетарыянцы, а рызыкуюць набыць яе тыя, хто харчуецца бялковай ежай, якая ўтрымлiвае вялiкую колькасць халестэрыну. — Якiя клiнiчныя праявы хваробы? — З’яўленне тупых боляў у правым падрабрыннi — там, дзе знаходзiцца печань з жоўцевым пузыром, — пасля прыёму вострай, тлустай ежы павiнна насцярожыць чалавека. Гэты сiмптом — прычына для таго, каб звярнуцца да ўрача для абследавання. Бываюць сiтуацыi, калi востры боль узнiкае раптоўна. У такiм выпадку некаторыя людзi прымаюць но-шпу, спазмалiтыкi, што, магчыма, дапаможа зняць боль. Аднак калi балявы сiндром не праходзiць, а гэта азначае, што камень, хутчэй за ўсё, закрыў выхад з жоўцевага пузыра i iдзе запаленчы працэс, даводзiцца выклiкаць «хуткую дапамогу». У такой сiтуацыi мы спачатку праводзiм спробу кансерватыўнага лячэння, даём спазмалiтычныя прэпараты для расслаблення пузырнай пратокі, каб камень, магчыма, адышоў. Калi ж медыкаментозныя спробы не даюць эфекту ў блiжэйшыя 6 гадзiн, трэба прымяняць экстранныя хiрургiчныя метады лячэння. Аднак зазначу, калi пацыенту «пашанцавала» i без хiрургiчнага ўмяшання абышлося, аперацыя ў будучым яму ўсё роўна паказана. — Якiя сучасныя метады прымяняюцца для лячэння жоўцекамянёвай хваробы? — Хiрургi-гепатолагi на першае месца ставяць хiрургiчнае лячэнне — халецыстэктамiю. Гэта выдаленне жоўцевага пузыра. У вынiку аперацыi выдаляюцца жоўцевыя камянi з пузыром. Аперацыi па выдаленню жоўцевага пузыра праводзяць закрытым і адкрытым метадамi. Першы — лапараскапiчны. З яго дапамогай робiцца 80—90 працэнтаў аперацый. Паказаннi для гэтага метаду — дыягназ, якi ўказвае на наяўнасць камянёў у жоўцевым пузыры i ёсць першыя балявыя праяўленнi, але спаечны працэс вакол жоўцевага пузыра яшчэ не развiўся. Пры лапараскапiчнай халецыстэктамii з дапамогай вiдэалапараскапiчнай тэхнiкi робiцца некалькi праколаў у брушной сценцы, уводзiцца вiдэалапараскапiчная апаратура, выдзяляецца жоўцевы пузыр i выдаляецца спецыяльным iнструментам. Пасля такой аперацыi пацыенты знаходзяцца ў стацыянары чатыры — максiмум шэсць дзён. Аднак калi хворыя доўгi час, ведаючы аб сваёй паталогii, неаднаразова самастойна «змагалiся» з вострымi запаленчымi прыступамi ў гэтай зоне, то выражаны спаечны працэс непазбежны. У такiм выпадку вiдэалапараскапiчная аперацыя малаверагодная. Тады прымяняецца толькi адкрыты метад, пры якiм робiцца разрэз на брушной сценцы. Потым хiрург ацэньвае паталогiю вiзуальна, вызначае тактыку далейшых дзеянняў. Акрамя хiрургiчнага лячэння прымяняецца лiталiтычная тэрапiя — спроба растварэння жоўцевых камянёў прэпаратамi, якiя ўтрымлiваюць жоўцевыя кiслоты. Але такi метад паказаны пры маленькiх памерах камянёў. Акрамя таго, таблеткi прымаюцца вельмi доўгi перыяд: 6, 8, 12 месяцаў, аднак можна i не дабiцца растварэння камянёў, а, больш таго, атрымаць зусiм iншы вынiк. Другi варыянт — ударна-хвалевая лiтатрэпсiя, калi жоўцевыя камянi могуць быць фрагментаваны з дапамогай электрагiдраўлiчных, электрамагнiтных, п’езаэлектрычных генератараў ударных хваляў. Iнакш кажучы, разбурэнне гукамi. Але таксама тут ёсць небяспека. Камянi пачынаюць разбурацца, ператварацца ў дробныя. Аднак яны могуць закупорыць месца ўпадзення жоўцевую пратоку пузыра ў дванаццацiперсную кiшку i тады цалкам верагодна развiццё механiчнай жаўтухi. — Вернемся да пiсьма нашага чытача. Што, на ваш погляд, яму можна параiць? — З камянямi ў жоўцевым пузыры трэба своечасова развiтвацца. На мой погляд, аптымальным варыянтам з’яўляецца выдаленне жоўцевага пузыра. А вось якi хiрургiчны метад лячэння прымянiць — вырашыць урач (лапараскапiчны або адкрыты). Нельга чакаць ускладненняў, бо ў рэшце рэшт доўгае нашэнне камянёў у жоўцевым пузыры выклiкае выражаныя парушэннi функцый падстраўнiкавай залозы, печанi, развiваюцца хранiчны панкрэатыт, гепатыты i г.д. Самае сумнае, калi пацыенты ведаюць аб сваёй паталогii, i мы прапаноўваем iм аператыўнае лячэнне, а яны адмаўляюцца. Праходзiць час, i ўжо жыццё прымушае iх пагадзiцца на аперацыю. Мы выдаляем жоўцевы пузыр з камянямi, а потым пацыент зноў звяртаецца да нас i кажа, што ў яго засталiся тыя ж самыя балявыя адчуваннi. I не разумее, што доўгае «жыццё з камянямi» прывяло да змяненняў жыццёва важных органаў, якiя знаходзяцца побач. Саму прычыну мы лiквiдавалi, а вось тое, што нарабiла гэта паталогiя ў арганiзме, захавалася. Таму своечасовае лячэнне жоўцекамянёвай хваробы з’яўляецца прафiлактыкай далейшых ускладненняў. Гутарыла Вольга ШАЎКО.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
«Паважаная «Звязда»! Я ваш даўнi падпiсчык i, зразумела, чытач. Звяртаюся да вас з просьбай. Справа ў тым, што нядаўна дактары знайшлi ў мяне хваробу
|
|