Структура «бытоўкi» адноўлена
Iнга МIНДАЛЁВА
Засталося павысiць якасць
Максiмальнае павышэнне якасцi аказваемых насельнiцтву паслуг бытавога прызначэння стане асноўным накiрункам развiцця азначанай сферы на наступную пяцiгодку. Пра гэта напярэдаднi свайго прафесiйнага свята заявiла генеральны дырэктар дзяржаўнага аб’яднання «Белбыт» Ганна ЛАЎРУКЕВIЧ. У цэлым па краiне адноўлена структура прадпрыемстваў бытавога абслугоўвання. Асаблiва актуальна гэта для вёскi: сёння ў сельскай мясцовасцi працуюць 1702 комплексныя прыёмныя пункты (КПП), кожны з якiх абслугоўвае 1600 жыхароў (пры запланаваным паказчыку 1800—2000). У аграгарадках адрамантаваны 121 КПП, адчынена 47 новых. У цэлым па краiне за мiнулы год на аднаўленне структуры бытавога абслугоўвання было затрачана звыш 14 мiльярдаў рублёў. Тэмп росту бытавых паслуг на сяле ў 2005 годзе склаў 121,4 працэнта ў параўнаннi з 2004 годам. Такi высокi паказчык быў абумоўлены шырокiм распаўсюджваннем паслуг iндывiдуальнага пашыву швейных, футравых i скураных вырабаў, а таксама паслуг рамонтна-аднаўленчага характару, хiмiчнай чысткi i фарбавання адзення, паслуг пракату i цырульных паслуг. Ганна Лаўрукевiч адзначыла, што з году ў год у краiне павялiчваецца доля недзяржаўных прадпрыемстваў бытавога абслугоўвання. Найбольш прывабнымi для прадпрымальнiкаў былi i застаюцца самыя прыбытковыя паслугi: рамонт аўтамабiляў, рамонт i выраб пад заказ мэблi, рамонт тэле- i радыёапаратуры i складанай бытавой тэхнiкi, цырульнiцкiя i фотапаслугi. Калi ў 2000 годзе доля «недзяржаўнага сектара» ў сферы бытавога абслугоўвання складала 61 працэнт, то ў 2005 яна павялiчылася да 78 працэнтаў. У Мiнску i буйных гарадах краiны — найбольшая колькасць прыватных прадпрыемстваў «бытавога профiлю», i ўсе яны, як правiла, прыбытковыя. Паводле слоў гендырэктара «Белбыта», для таго, каб даць спажыўцу гарантыю якасцi аказання паслуг, якiя яму прадастаўляюць прадпрымальнiкi, была ўведзена абавязковая сертыфiкацыя цырульняў i хiмчыстак. У блiжэйшыя два гады плануецца дапасаваць да гэтага спiса паслугi па рамонту i вырабу пад заказ мэблi, па рамонту тэле- i радыёапаратуры, складанай бытавой тэхнiкi i паслугi пральняў. Агульная рэнтабельнасць па прадпрыемствах бытавога абслугоўвання пакуль застаецца «мiнусавай»: на сяле каля 25 працэнтаў КПП — стратныя. Для выпраўлення сiтуацыi плануецца пашырыць спiс прапануемых вяскоўцам паслуг (акрамя 11 сацыяльна значных прадаставiць максiмальна прыбытковыя). «Узровень жыцця нашага насельнiцтва павысiўся, — падкрэслiла Ганна Мiкалаеўна, — людзi сталi больш будаваць жылля, рабiць больш пакупак, у тым лiку аўтамабiляў i тэхнiкi. Далейшы рост аб’ёмаў аказваемых бытавых паслуг мы бачым менавiта па азначаных накiрунках — рамонту аўтамашын, мэблi, складанай бытавой тэхнiкi. Увогуле, да канца блiжэйшага пяцiгоддзя мы плануем павялiчыць аб’ёмы аказваемых насельнiцтву бытавых паслуг у 1,6 раза».
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Засталося павысiць якасць |
|