Пра кантракты. I не толькiПрацоўныя адносiны — сфера, якая ў той цi iншай ступенi датычыцца большасцi грамадзян Беларусi. Таму невыпадкова, што цiкавасць да прамой лiнii на гэту тэму стала па-сапраўднаму вялiкай. Прычым адказы на адны званкi ўдалося даць адразу. А вось каб разабрацца з iншымi «праблемнымi» сiтуацыямi, мяркуючы па ўсiм, спатрэбiцца дадатковы час. Але, як кажуць, аб усiм па парадку. Такiм чынам, на пытаннi чытачоў «Звязды» адказвае намеснiк старшынi Федэрацыi прафсаюзаў Беларусi Эдвард Бранiслававiч МАТУЛIС. — Ад нашай вёскi да свiнаводчага комплексу — 7 кiламетраў. Таму, калi ласка, патлумачце: цi павiнен уваходзiць праезд да комплексу ў працоўны час? I цi лiчыцца працоўным час знаходжання ў раздзявальнях i ў душавых непасрэдна на комплексе? Тамара Сабко, Баранавiцкi раён — Рабочым лiчыцца час, на працягу якога работнiк, згодна з працоўным, калектыўным дагаворамi, правiламi ўнутранага працоўнага распарадку, абавязаны знаходзiцца на працоўным месцы i выконваць свае абавязкi. Так, паводле 133 артыкула Працоўнага кодэкса, фактычны працоўны час улiчваецца з моманту з’яўлення работнiка на месцы для выканання сваiх абавязкаў згодна з правiламi ўнутранага працоўнага распарадку, графiку работ (зменнасцi) цi па асаблiваму ўказанню наймальнiка i да моманту фактычнага вызвалення ад работы ў гэты дзень. Пры гэтым як фактычна адпрацаваны павiнен улiчвацца час выканання асноўных i падрыхтоўча-заключных аперацый, напрыклад, маецца на ўвазе атрыманне нараду, матэрыялаў, iнструментаў, азнаямленне з тэхнiкай, дакументацыяй, падрыхтоўка i ўборка працоўнага месца, здача гатовай прадукцыi, перапынкi, прадугледжаныя тэхналогiяй. Разам з тым праезд ад месца жыхарства да месца пастаяннай работы i назад, час, неабходны на дарогу ад прахадной да рабочага месца, на пераапрананне перад пачаткам i пасля заканчэння работы, на рэгiстрацыю пры ўваходзе, згодна з дзевятай часткай згаданага артыкула Працоўнага кодэкса, у фактычны працоўны час не ўваходзiць i не ўлiчваецца. — Завуць мяне Юлiя Савiчна, тэлефаную з Мiнска. А пытанне такое: цi можа адмiнiстрацыя дзiцячага садка не працягнуць кантракт з чалавекам, якi працуе i адначасова — вучыцца завочна ў ВНУ? — На жаль, Юлiя Савiчна, не працягнуць кантракт у такой сiтуацыi наймальнiк можа — прынамсi, паводле заканадаўства, такое права ў яго ёсць. — У сувязi з заканчэннем тэрмiну кантракта звольнiлi 30 снежня 2004 года. А 18 сакавiка сёлета мне спаўняецца 53 гады. Цi меў наймальнiк права скасоўваць кантракт у такой сiтуацыi? Дарэчы, у суд па гэтаму пытанню я ўжо звярталася, але атрымала адмову. Вольга Аркадзьеўна Барысенка, Калiнкавiцкi раён — Наймальнiк не меў бы права скасоўваць кантракт толькi ў тым выпадку, калi на час яго дзеяння жанчыне ўжо споўнiлася б 53, а мужчыне — 58 гадоў. Хоць, заўважу, мы таксама не згодныя з пазiцыяй, якую заняў наймальнiк у вашым выпадку. У прыватнасцi, пазiцыя, якую займае ФПБ па дадзенаму пытанню, адлюстравана ў Генеральным пагадненнi памiж урадам, аб’яднаннямi наймальнiкаў i прафсаюзамi на 2006—2008 гады, дзе ўтрымлiваецца палажэнне аб заключэннi або працягу кантракта да дасягнення агульнаўсталяванага пенсiйнага ўзросту з работнiкам, якому засталося да пенсii тры i менш гадоў. Прычым такое палажэнне зараз рэкамендавана ўключаць у калектыўныя дагаворы. — Як вядома, пры заключэннi кантракта наймальнiк абавязаны прадаставiць своеасаблiвую «кампенсацыю» — павялiчыць аклад i працягласць адпачынку. Аднак на практыцы гэта кампенсацыя атрымлiваецца мiзэрнай, да прыкладу, павелiчэнне акладу робiцца ўсяго на 1 працэнт. Наколькi гэта правiльна? Уладзiмiр Iванавiч Акуленка, Калiнкавiцкi раён — Пры пераводзе на кантракт заканадаўства дакладна вызначае толькi максiмальную «планку»: аклад можа павялiчвацца да 50 працэнтаў, а працягласць адпачынку — да 5 дзён. У той жа час якiх-небудзь мiнiмальных «рамак» тут няма. Таму выпадкi, калi павышэнне акладу робiцца на 1, 0,5 цi нават на 0,01 працэнта, сустракаюцца на самай справе. Мы ведаем такую сiтуацыю i таксама вельмi не задаволены ёй. Аднак, Уладзiмiр Iванавiч, давайце прызнаемся шчыра — кожная арганiзацыя мае свае магчымасцi. I скiдваць з рахункаў гэтую акалiчнасць таксама нельга. — Чаму пры заключэннi кантрактаў адмiнiстрацыя прадпрыемства прапануе адным работнiкам павышэнне акладу на 30—50, а iншым — толькi на 10—15 працэнтаў? I яшчэ. Мая дачка развялася з мужам, пры гэтым iх агульную кватэру падзялiлi. Падзялiлi i асабiстыя рахункi. Аднак незразумела, чаму дачка зараз фактычна аплачвае 2/3 камунальных плацяжоў, тады як яе былы муж — толькi 1/3? Нарэшце, хачу выказаць сваё асабiстае меркаванне. На мой погляд, варта прыняць новы закон, якi б вызначаў, што былы муж павiнен плацiць алiменты не да 18-гадовага ўзросту дзiцяцi, а да таго часу, пакуль дзiця не ўладкуецца на працу i не пачне зарабляць самастойна. Алена Iванаўна Iванова, г. Гродна — Па першаму пытанню. Наша заканадаўства дакладна не вызначае, каму i наколькi неабходна павялiчваць аклад пры пераводзе на кантракт. Гэтыя пытаннi вырашаюцца па меркаванню наймальнiка. Разам з тым трэба нагадаць: умовы кантракта павiнны разглядацца з удзелам прадстаўнiка прафсаюза. I падчас такiх разглядаў прафкам прадпрыемства павiнен выказаць свой пункт погляду — хто з работнiкаў заслугоўвае большага, а хто меншага павышэння акладу. Па другому пытанню. Як вядома, аплата некаторых вiдаў камунальных паслуг (вываз смецця, карыстанне лiфтамi, спажыванне вады i г.д.) робiцца прапарцыянальна колькасцi людзей, што пражываюць у кватэры. Таму калi дачка жыве разам з дзiцем, яны плацяць 2/3 ад агульнай сумы, якая налiчваецца па гэтых паслугах на кватэру. А, адпаведна, яе былы муж — 1/3. I наконт апошняй прапановы. Калi ў нас будзе прыняты закон, якi абавяжа выплачваць алiменты да таго часу, пакуль дзiця не ўладкуецца на працу, могуць узнiкнуць пэўныя праблемы. Да прыкладу, не выключана, што некаторыя з дзяцей пажадаюць пайсцi працаваць толькi ў 30 гадоў. I патрабаваць алiментаў у такой сiтуацыi, пагадзiцеся, было б таксама не зусiм правiльна. — Непакоiць Мiхаiл Мiкалаевiч з Мiнска. Як вядома, у заканадаўства было ўнесена змяненне, згодна з якiм наймальнiк не можа скасаваць кантракт з жанчынай, якая мае дзiця ва ўзросце да 3 гадоў. Калi шчыра, я не магу зразумець — у чым сэнс гэтай нормы? Бо, здаецца, жанчына, якая выхоўвае маленькае дзiця, будзе атрымлiваць дапамогу ў любым выпадку, прычым у аднолькавым памеры незалежна ад таго, працуе яна цi не. I такое пытанне. Чаму дырэктар прадпрыемства, якi падпiсвае калектыўны дагавор, таксама можа з’яўляцца членам прафсаюза? — Сэнс ва ўвядзеннi забароны на скасаванне кантракта з жанчынамi, якiя знаходзяцца ў адпачынку па догляду дзіцяці ва ўзросце да 3 гадоў, ёсць. Да прыкладу, гэта норма абараняе iнтарэсы мацi, якiя з тых цi iншых прычын прымаюць рашэнне аб выхадзе на работу раней, чым скончыцца тэрмiн «дэкрэтнага». Хоць, Мiхаiл Мiкалаевiч, з вамi варта пагадзiцца — правы мацi павiнны пашырацца. I адна з галоўных задач Фэдэрацыi прафсаюзаў на блiжэйшы час — дамагчыся, каб забарона на скасаванне кантракта працягнулася да таго часу, калi дзiцяцi не споўнiцца 5 гадоў. Што ж да другога пытання, то трэба адзначыць, што, сапраўды, кiраўнiк прадпрыемства можа з’яўляцца членам прафсаюза. Аднак нiякiх парадоксаў тут няма. У абсалютнай большасцi выпадкаў кiраўнiк — гэта не ўласнiк, а той жа наёмны работнiк. А значыць, у яго таксама могуць узнiкнуць свае праблемы. — Цi могуць пры звальненнi затрымаць разлiк i не выдаць працоўную кнiжку? Васiль Сцяпанавiч Канаплiцкi, Быхаўскi раён — Затрымка з разлiкам i выдачай працоўнай кнiжкi пры звальненнi — гэта прамое парушэнне заканадаўства. Больш таго, пакуль не адбылася выдача той жа працоўнай кнiжкi, чалавек не можа лiчыцца звольненым, i наймальнiк павiнен будзе выплачваць такому чалавеку яго сярэднi заробак за кожны дзень затрымкi. — 1 красавiка закончыцца тэрмiн кантракта. Цi павiнны мне паведамiць, працягнуць са мной яго цi не? I цi павiнны звольнiць за тое, што работнiк не падпiсаў новую службовую iнструкцыю, якая прадугледжвае дадатковую работу? Васiль Васiльевiч Белавус, Верхнядзвiнскi раён — I наймальнiк, i работнiк павiнны не пазней чым за два тыднi да заканчэння тэрмiну дзеяння кантракта пiсьмова папярэдзiць другi бок аб рашэннi працягнуць цi спынiць працоўныя адносiны. Пры гэтым больш працяглыя тэрмiны папярэджання могуць быць вызначаны ў калектыўным дагаворы вашай арганiзацыi. Далей. Прапанова наймальнiка падпiсаць новую службовую iнструкцыю, якая прадугледжвае дадатковую работу, расцэньваецца як змяненне iстотных умоў працы, аб якiм наймальнiк абавязаны папярэдзiць работнiка пiсьмова не пазней чым за адзiн месяц. У выпадку адмовы ад працягу работы па новай службовай iнструкцыi наймальнiк мае права звольнiць вас згодна з пунктам 5 артыкула 35 Працоўнага кодэкса. Аднак варта адзначыць, што звальненне на гэтай падставе прадугледжвае выплату выхадной дапамогi ў памеры не менш чым двухтыднёвага сярэдняга заробку. — Непакоiць Таццяна Iванаўна з Кiраўскага раёна. Для таго, каб атрымаць дапамогу на дзiця, мне патрэбна даведка аб спагнаннi на карысць дзiцяцi алiментаў. Аднак судовае рашэнне на гэты конт знiкла, таму, каб адшукаць яго, я звярнулася ў абласное ўпраўленне юстыцыi. Што рабiць далей? — Па-першае, зразумела, трэба дачакацца адказу з упраўлення юстыцыi. Калi ж знайсцi судовае рашэнне вам усё ж не змогуць, то можна параiць звярнуцца ў абласное ўпраўленне Фонду сацыяльнай абароны насельнiцтва — там ваша пытанне могуць разгледзець у iндывiдуальным парадку. — Патлумачце, калi ласка, цi з’яўляецца парушэннем адсутнасць на заводзе гарачай вады? I цi iснуюць на гэты конт якiя-небудзь санiтарныя нормы? Леанiд Раманавiч Патапчук, г. Пружаны — Згодна з санiтарнымi правiламi i нормамi ўтрымання i эксплуатацыi вытворчых прадпрыемстваў (СанПiн) № 9-94-РБ 98, усе вытворчыя прадпрыемствы павiнны быць абсталяваны санiтарна-бытавымi памяшканнямi. Прычым, паводле пункта 7.15 Сан- ПiНаў, душавыя павiнны забяспечвацца гарачай вадой у колькасцi, дастатковай для работнiкаў, якiя карыстаюцца душам. — Турбуюць са Смалявiцкага раёна. Адкажыце, на якiх умовах могуць працаваць падчас жнiва памочнiкамi камбайнера школьнiкi? У прыватнасцi, цi можа быць памочнiкам камбайнера хлопец, якому споўнiлася 14 гадоў? — Перш-наперш варта заўважыць, што такiх прафесiй, як «камбайнер» цi «памочнiк камбайнера», зараз у нас няма. Прафесiя асоб, якiя кiруюць трактарамi ў агрэгаце з прычапнымi i навяснымi машынамi, камбайнамi i iншымi самаходнымi машынамi, мае назву «трактарыст-машынiст сельскагаспадарчай вытворчасцi». А зараз непасрэдна па сутнасцi пытання. Пункт 8 Правiлаў бяспекi пры вытворчасцi i пасляўборачнай апрацоўцы прадукцыi раслiнаводства, якiя былi зацверджаны Дзяржаграпрамам СССР 12 снежня 1986 года, забараняе дапускаць да кiравання трактарамi, складанымi сельскагаспадарчымi i спецыялiзаванымi машынамi асоб, якiя не маюць дакументаў на кiраванне машынамi i не прайшлi iнструктаж па ахове працы, а таксама асоб ва ўзросце менш за 17 гадоў. Пры гэтым выпускнiкi сярэднiх агульнаадукацыйных школ, якiя закончылi курс працоўнага навучання па прафесii механiзатар i атрымалi ва ўстаноўленым парадку адпаведнае пасведчанне на права кiравання самаходнымi сельскагаспадарчымi машынамi, могуць дапускацца да работы на такiх машынах i да 17-гадовага ўзросту, аднак толькi пры ўмове нагляду вопытных маханiзатараў-настаўнiкаў. Сяргей ГРЫБ. (Працяг будзе.) Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Працоўныя адносiны — сфера, якая ў той цi iншай ступенi датычыцца большасцi грамадзян Беларусi. Таму невыпадкова, што цiкавасць да прамой лiнii на гэт
|
|