У Рагачоўскiм раёне праблем з падпiскай на «Звязду» няма!Рэпартаж з колаў Гэта не проста перакананне начальнiка Рагачоўскага РУПС Святланы Зайцавай, а рэальны стан спраў...Вёска Вуглы, што ў Рагачоўскiм раёне, далёка не мядзвежы кут. Але i не блiзкi свет. I ўсё ж менавiта туды невялiчкi «звяздоўскi дэсант» (на гэты раз у скарочаным складзе) iмкнуўся патрапiць з усiх сiл. Бо нагода выпала надзвычай ужо добрая i прыемная — завезцi да нашай падпiсчыцы Антанiны Мiкалаеўны Ерамеевай выйграны ў «звяздоўскай» латарэi каляровы тэлевiзар «Вiцязь». Падзея для вёскi тым больш значная, што падпiсчыкаў нашай газеты там усяго... двое. Да «звяздоўскай» мiсii далучылiся прадстаўнiкi райвыканкама, раённага вузла сувязi, сельскага Савета, мясцовай пошты i нават мiлiцыi — здаецца, яшчэ нiколi ў вёску не прыязджаў такi вялiкi аўтамабiльны эскорт. Ехалi хутчэй доўга, чым коратка, але затое як нас сустракалi! Зацiкаўлена выглядалi з вокнаў суседзi, дружалюбна круцiлi хвастамi-вентылятарамi дваровыя сабакi, i нават сонца завiтала ў вёску — зусiм веснавое... Дый ва ўтульным доме Ерамеевых як быццам усё i ўсе, ад дзiвосна прыгожых вышываных карцiн на сценах да пушыстых каткоў i засяроджаных гаспадароў, рыхтавалiся да прыёму гасцей. Бо святочныя нагоды тут, на жаль, выпадаюць не часта. Лёс у Антанiны Мiкалаеўны цяжкi i вельмi няпросты. У свой час разумнiца-дзяўчына скончыла з залатым медалём школу, атрымала вышэйшую адукацыю ў Горацкай сельскагаспадарчай акадэмii. Працавала галоўным эканамiстам у калгасе, потым атрымала запрашэнне «павысiцца» ў раён. Усе шляхi-дарогi, усе заманлiвыя перспектывы ляжалi перад нядаўняй выпускнiцай. Калi б не страшная аўтааварыя, пасля якой Антанiна — маладая, прыгожая — апынулася ў iнвалiдным крэсле. Тут i iншы мужчына апусцiў бы рукi. Антанiна Мiкалаеўна — не здавалася. Двойчы выпраўлялася з роднымi ў Германiю, да тамтэйшых спецыялiстаў. Прысуд, аднак, быў жорсткiм. Жанчына фактычна замкнулася ў чатырох сценах — па-першае, саромеецца, па-другое, на калясцы нават з двара не выедзеш, бо асфальт на iхнюю бакавую вулiцу дагэтуль не пракладзены. Давялося закiнуць i любiмае некалi захапленне — вышыванне карцiн. Дый пры вязаннi пальцы дрэнна слухаюцца. «Зараз толькi чытаю многа, захапiлася «лёгкай» лiтаратурай з серыi жаночых дэтэктываў, музыку слухаю», — з горыччу расказвала нам Антанiна Мiкалаеўна. Выбар кнiг у яе абмежаваны — з фондаў Сталпнянскай сельскай бiблiятэкi, ды яшчэ мясцовая школа калi-нiкалi фiльмы на вiдэа запiша ды прывязе паглядзець. Аднак, нiбыта ў якасцi кампенсацыi, апошнiя гады шанцуе жанчыне ў латарэях: гады тры таму выйграла ад «Звязды» прас, зараз — тэлевiзар ад нашай газеты i некалькi прызоў ад iншых выданняў. «Гэта Антанiну Бог падтрымлiвае», — кажуць прыяцелькi i былыя аднакласнiцы. Спадзяёмся i мы, што гэта шанцаванне не скончыцца, што Антанiна Мiкалаеўна i яе бацькi-пенсiянеры на застануцца без падтрымкi i дапамогi — як дзяржаўнай, так i прыватнай. Паспрабуе, што ў сiлах, зрабiць i рэдакцыя... Выехаўшы з вёскi Вуглы, мы накiравалiся ў Сталпнянскi Дом культуры, дзе была прызначана сустрэча з чытачамi — былымi, цяперашнiмi i будучымi. Убачыўшы ў зале мноства дзяцей i падлеткаў, спачатку разгубiлiся — цi цiкавы iм будзе наш расповяд, дый цi зразумелы ўвогуле? Але кантакт, як кажуць, атрымаўся, i iшоў на адной мове: Сталпнянская школа — беларускамоўная. Мабыць таму асаблiвых цяжкасцяў пытаннi нашай вiктарыны ва ўдзельнiкаў сутрэчы не выклiкалi, i мы толькi паспявалi раздаваць пераможцам «звяздоўскiя» сувенiры. Два з iх — мужчынскi i жаночы гадзiннiкi з лагатыпам газеты — былi разыграны непасрэдна сярод тых, хто аформiў падпiску падчас сустрэчы. Цi варта здзiўляцца, што колькасць нашых падпiсчыкаў заўважна павялiчылася? Хоць, вiдаць, справа не ў колькасцi, а ў якасцi — кожны з сяброў-падпiсчыкаў выбiраў «Звязду» не па прымусу, а па свайму жаданню i iнтарэсу. Пасля сустрэчы дырэктар Сталпнянскай сярэдняй школы Валянцiна Пятроўна Мянькова запрасiла нас на мiнi-экскурсiю па сваёй навучальнай установе. Тым больш, паказаць i расказаць было што. Нягледзячы на iстотнае скарачэнне вучняў (зараз iх усяго 85, а раней жа даходзiла да 485 чалавек!), таленты нi ў Столпнi, нi ў Белiцы i iншых навакольных вёсках не перавялiся. Нават дабавiлiся: калiсьцi прыехалi ў вёску некалькi сем’яў малдаўскiх перасяленцаў, ды так i засталiся тут жыць i вывучаць беларускую мову. Дзецi займаюцца ў шэрагу гурткоў i секцый, ад бiсера-пляцення да выцiнанкi, наладжваюць экалагiчныя i спартыўныя акцыi, удзельнiчаюць у рабоце школьнага прэс-цэнтра, дасылаюць вершы i артыкулы ў рагачоўскае самаробнае раённае выданне падлеткаў i моладзi «Раг@лiк»... Вось дзе, магчыма, растуць будучыя калегi? Ва ўсякiм выпадку, «Звязда» займае пачэснае месца сярод iншых выданняў у школьнай бiблiятэцы. А наогул, аб папулярнасцi любога з выданняў нiхто не ведае больш, чым пошта: менавiта яна афармляе падпiску. — Са «Звяздой», як правiла, у нас нiякiх праблем няма, — гаворыць начальнiк Рагачоўскага вузла паштовай сувязi Святлана Мiкалаеўна Зайцава. — Газету атрымлiваюць ва ўсiх школах, бiблiятэках, сельскiх саветах... Не адмаўляюцца ад яе i iндывiдуальныя падпiсчыкi. Прычым, любы з паштальёнаў можа назваць прозвiшчы людзей, да якiх газета прыходзiць не адзiн дзесятак гадоў. Добра i тое, што рэдакцыя ладзiць сустрэчы, стараецца заахвоцiць сваiх падпiсчыкаў. Прынамсi, за Антанiну Мiкалаеўну мы вельмi рады. Рады i мы, што пазнаёмiлiся (ды з прыгожым якiм чалавекам!), што хоць трохi цiкавейшым зрабiлi яго жыццё. Дзеля гэтага, згадзiцеся, варта было ехаць. I варта працаваць. Над кожным нумарам нашай газеты. Валянцiна ДОЎНАР, Вiкторыя ЦЕЛЯШУК.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Гэта не проста перакананне начальнiка Рагачоўскага РУПС Святланы Зайцавай, а рэальны стан спраў
|
|