21.by - Новости Беларуси. Последние новости Беларуси из разных источников. Последние новости мира.

Бяда з «Кiрушам»

25.08.2009 21:36 — |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Iлона IВАНОВА

«ЧОРНЫ» БIЗНЭС

У памежных з Расiяй раёнах Магiлёўшчыны падпольны гандаль гарэлкай, якая вырабляецца з прывазных расiйскiх нехарчовых спiртавых вадкасцяў, называюць горам i навалай

ЛЮДЗI пачалi вазiць з Расii тэхнiчныя вадкасцi, зробленыя на спiрце, паводле згадак жыхароў беларуска-расiйскага памежжа, гадоў пяць-шэсць таму. У Расii гэтыя вадкасцi вельмi танныя, прадаюцца ўсюды, звычайна ў 5-лiтровай тары — гэта шклоачышчальнiкi, растваральнiкi i гэтак далей. Зроблены яны на аснове этылавага спiрту — там яго больш за 90 працэнтаў, i людзi дадумалi рабiць з iх... гарэлку. Асаблiва папулярная вадкасць пад красамоўнай назвай «Кiруша», якая стала асновай сучаснай беларускай прымаўкi: «Ходзiць Кiруша з касой...»

Гэта праблема хвалюе старшыню Касцюковiцкага раённага Савета дэпутатаў Мiкалая Трубчыка i яго выбаршчыкаў. Iм не падабаецца, што з прывезенага з Расii тэхнiчнага спiрту робяць гарэлку, прадаюць танна на падпольных «кропках», а народ спiваецца.

— Мы змагаемся з гэтай брыдотай, — гаворыць Мiкалай Трубчык. — Выяўляем прадаўцоў, канфiскуем, знiшчаем. Але гэтага недастаткова, спiрт зноў вязуць цераз мяжу.

Зачынiць на замок беларуска-расiйскую мяжу немагчыма, яна — празрыстая. Па абодва бакi мяжы жывуць сваякi, людзi ездзяць у суседнiя краiны ў госцi i за рознымi таварамi. А вось што датычыцца таннага тэхнiчнага спiрту, то Мiкалай Трубчык прапануе зрабiць больш жорсткiм пакаранне за яго незаконны ўвоз, а таксама за падпольны выраб i распаўсюджванне спiртавых напояў. Старшыню Касцюковiцкага райсавета падтрымлiваюць калегi i з iншых раёнаў на памежжы.

Падпольную гарэлку старшыня Клiмавiцкага райсавета Мiкалай Далгун называе «злой праблемай».

— Столькi бедаў ад гэтага, што я б прапанаваў не толькi павялiчыць штрафы, а яшчэ i ўвесцi крымiнальную адказнасць за атручванне i спойванне людзей, — настойвае старшыня райсавета. — Бо на спiрце нажываюцца, на горы чалавечым нехта багацее.

— Калi казаць шчыра i ненавуковай мовай, то людзi ад гэтага «канькi адкiдваюць», — так сказаў пра наступствы нелегальнага гандлю гарэлкай з расiйскiх спiртаў старшыня Кiсялёва-Будскага сельскага Савета Клiмавiцкага раёна Аляксандр Камiсараў. — Усе пра гэту праблему ведаюць — ад простага чалавека да высокага начальства, але кардынальна яе вырашыць не дазваляе закон.

Аляксандр Камiсараў упэўнены, што трэба дзейнiчаць больш жорстка, бо ў вёсцы 5—6 чалавек гандлююць гарэлкай, а спiваецца ад iх «чорнага бiзнэсу» палова вёскi, ды так, што губяцца цэлыя сем’i.

Не сакрэт, што сёння падпольная гарэлка карыстаецца попытам — вяскоўцы шукаюць, што таннейшае. Звычайна бутэлька каштуе ад 1,5 да 2,5 тысячы рублёў. Гавораць, што апошнiм часам тэхнiчныя спiртавыя вадкасцi пачалi нават настойваць на апельсiнавых i лiмонных скурках — «дзеля задавальнення клiентаў». Аднак задавальненне абарочваецца цяжкай алкагольнай залежнасцю.

Валянцiна Мiкрукова — дэпутат Пралетарскага сельскага Савета, яна працуе фельчарам у вёсцы Шарэйкi i на свае вочы бачыла наступствы ўжывання гарэлкi з тэхнiчных спiртавых вадкасцяў.

— Гэта проста жах, — хвалюецца Валянцiна. — Спiваюцца мужчыны i жанчыны. Усё гэта — у запойнай форме, амаль як у наркаманаў. Яны памiраюць ад гэтай гарэлкi, якая ёсць насамрэч атрута.

Валянцiна расказала пра тое, што адбываецца з людзьмi на фоне алкагольных псiхозаў.

— Нядаўна павесiўся малады мужчына, у якога 6 непаўналетнiх дзяцей. Другога хлопца ледзь паспелi дастаць з пятлi. Яшчэ ў аднаго мужчыны на фоне алкагалiзму з’явiлiся эпiлептычныя прыступы, ён падае i потым нiчога не памятае. Людзi, калi п’юць тэхнiчны спiрт, апухаюць так, што iх цяжка пазнаць.

Сельскiя медыкi ратуюць людзей, возяць iх на кропельнiцы ў райбальнiцу. Разам з педагогамi даглядаюць дзяцей у сем’ях, дзе бацькi п’юць, — каб малыя не памерзлi ў халады i мелi прадукты.

Фельчарка ўпэўненая, што праблемай падробнай «гарэлкi» павiнны заняцца органы мiлiцыi, каб да яе прадаўцоў прымалi сапраўды строгiя меры, а не накладалi штрафы, якiя нелегальныя прадаўцы здольныя заплацiць.

За правоз праз мяжу тэхнiчнай спiртавой вадкасцi вышэй нормы, устаноўленай законам, — а гэта 5 лiтраў на чалавека, накладаецца грашовае спагнанне. Напрыклад, у Касцюковiчах за 10 лiтраў заплацiлi каля 100 тысяч рублёў штрафу, за 600 лiтраў — больш за мiльён рублёў. Але гэта сапраўды не спыняе нелегальных камерсантаў.

Выраб гарэлкi каштуе нелегальным прадаўцам капейкi, так гавораць дасведчаныя людзi. Затое прыбыткi такiя, паводле чутак, што дазваляюць i аўтамабiлi прыдбаць, i бытавую тэхнiку, i жыць нядрэнна.

Баронькаўскi сельскi Савет Касцюковiцкага раёна мяжуе з Расiяй, i на яго тэрыторыi няма нават нiякiх пастоў, так што праезд даступны для кожнага. Вось, напрыклад, спынiлi аўтамабiль: у iм 5 пасажыраў, кожны вязе 5-лiтровую канiстру са спiртавой вадкасцю. Усё законна. Але з той колькасцi спiрту, якая ёсць у аўтамабiлi, ужо атрымаецца больш за 100 бутэлек гарэлкi. Таму старшыня сельскага Савета Уладзiмiр Лезнянкоў лiчыць (i з iм многiя згодны), што трэба ўвогуле забаранiць увоз на тэрыторыю Беларусi тэхнiчных спiртаў з Расii. Можа, тады ў мясцовых гаспадарках будзе менш п’янства?

Пакуль жа Уладзiмiр Лезнянкоў разам з мясцовымi ўладамi спрабуе весцi барацьбу з падпольнай гарэлкай даступнымi метадамi. У Бароньках у Доме культуры прайшло выязное пасяджэнне Касцюковiцкага раённага суда: на iм расказалi пра закон, якi датычыцца ўвозу алкагольнай прадукцыi, а таксама пра пакаранне, якое накладаецца за нелегальны выраб i распаўсюджванне гарэлкi i самагону.

— Сем чалавек мы публiчна аштрафавалi за самагонаварэнне на адну базавую велiчыню, — расказаў Уладзiмiр Лезнянкоў. — Калi б без людзей, яны б цiхенька пайшлi i заплацiлi, а пры народзе — iншая справа. Пакуль маральнае пакаранне лепей дзейнiчае. А за п’янства на працы i ў грамадскiх месцах мы аштрафавалi летась 36 чалавек. Цi дапаможа гэта — пакажа час.

— Мы змагаемся ўсiмi сiламi i сродкамi, — запэўнiвае старшыня Клiмавiцкага райсавета Мiкалай Далгун, — i вынiк ёсць, але нам патрэбна падтрымка закона. Перш за ўсё, на мой погляд, трэба даць больш паўнамоцтваў супрацоўнiкам мiлiцыi, участковым. Бо цяпер такая сiтуацыя, што мiлiцыянер i прадстаўнiкi ўлады не могуць увайсцi ў хату, калi iм не дазволiў гаспадар. А вось i паспрабуй у такой сiтуацыi паганяць прадаўцоў гэтай брыдоты!

— I выканкам, i мiлiцыя, i дэпутаты вядуць работу i з цягам часу колькасць «кропак», дзе можна набыць танную «барматуху», скарачаецца, — лiчыць старшыня Касцюковiцкага райсавета Мiкалай Трубчык. — Мы пераможам i гэтае зло. А ўвогуле ўсё гэта скончыцца, калi iстотна павысiцца дабрабыт людзей i ўзровень культуры.

Мытнiкi разам з iншымi праваахоўнымi i кантрольнымi органамi змагаюцца з несанкцыянаваным узвозам на тэрыторыю Беларусi гарэлкi i вадкасцяў, якiя ўтрымлiваюць спiрт. На Магiлёўскай мытнi меркавалi, што дэкрэт прэзiдэнта, паводле якога з 16 снежня мiнулага года скарацiлася ўдвая норма ўвозу алкаголю i павялiчылася адказнасць за яе парушэнне, дапаможа выправiць сiтуацыю, асаблiва ў памежжы.

Аднак рэальнасць аказалася iншай: нягледзячы на абмежаванне, па-ранейшаму беларускi рынак навадняецца таннай расiйскай гарэлкай i вадкасцямi, якiя ўтрымлiваюць спiрт.

— За час дзеяння новага дэкрэта мытня выявiла 22 факты незаконнага ўвозу на тэрыторыю Магiлёўскай вобласцi гарэлкi i спiрту, — паведамiў начальнiк аддзела па барацьбе з кантрабандай i адмiнiстрацыйнымi мытнымi правапарушэннямi Магiлёўскай мытнi Уладзiмiр Кузiн. — Канфiскавана каля 2000 бутэлек гарэлкi i больш за 200 лiтраў тэхнiчнай спiртавой вадкасцi.

Уладзiмiр Кузiн расказаў, што якраз на мiнулым тыднi былi затрыманнi спiрту, i непрыемны хiмiчны пах ад узораў «спiртавой кантрабанды» дасюль не выветрыўся з яго кабiнета. Мiж тым, адзiн з гаспадароў паведамiў, што ён вёз груз нехарчовай спiртавой вадкасцi, каб забяспечыць спiртным... вясковае вяселле! «Пакуль усе гэтыя спiрты ў Расii будуць каштаваць танней, чым у нас, людзi будуць вазiць iх i потым труцiцца», — упэўнены мытнiк.

— Гэтыя сурагатныя спiрты — самы вялiкi «бiч» беларуска-расiйскага памежжа, — лiчыць старшыня Касцюковiцкага райвыканкама Мiхаiл Барысоў. — Людзi ходзяць праз мяжу пешшу i едзяць на машынах за гэтымi нехарчовымi спiртавымi вадкасцямi, а потым атручваюць людзей. Гэта негатыўны бок памежнага жыцця, з якiм мы змагаемся.

Старшыня Магiлёўскага аблвыканкама Барыс Батура на сваёй апошняй прэс-канферэнцыi сказаў, што прымаюцца меры супраць падпольнага гандлю гарэлкай i самагонаварэння, i яны даюць вынiк. Губернатар Магiлёўшчыны лiчыць, што трэба больш скрупулёзна адсочваць рух па дарогах у памежжы, каб спынiць незаконны ўвоз алкаголю на нашу тэрыторыю.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
У памежных з Расiяй раёнах Магiлёўшчыны падпольны гандаль гарэлкай, якая вырабляецца з прывазных расiйскiх нехарчовых спiртавых вадкасцяў, называюць г
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив

РЕКЛАМА


Все новости Беларуси и мира на портале news.21.by. Последние новости Беларуси, новости России и новости мира стали еще доступнее. Нашим посетителям нет нужды просматривать ежедневно различные ресурсы новостей в поисках последних новостей Беларуси и мира, достаточно лишь постоянно просматривать наш сайт новостей. Здесь присутствуют основные разделы новостей Беларуси и мира, это новости Беларуси, новости политики, последние новости экономики, новости общества, новости мира, последние новости Hi-Tech, новости культуры, новости спорта и последние новости авто. Также вы можете оформить электронную подписку на новости, которые интересны именно вам. Таким способом вы сможете постоянно оставаться в курсе последних новостей Беларуси и мира. Подписку можно сделать по интересующим вас темам новостей. Последние новости Беларуси на портале news.21.by являются действительно последними, так как новости здесь появляются постоянно, более 1000 свежих новостей каждый день.
Яндекс.Метрика