Юрый ПУНТУС: «Калi ты дрэнны псiхолаг, то i адпаведна дрэнны трэнер»
Да новага трэнера нашай нацыянальнай футбольнай зборнай Юрыя Пунтуса паступiў шэраг самых розных пытанняў ад чытачоў «Звязды». Настаўнiк на працягу паўтары гадзiны расказваў аб сваiх планах i стаўленнях. Прапануем вам азнаёмiцца з адказамi Юрыя Iосiфавiча на самыя цiкавыя пытаннi.
— Чым растлумачыце дрэннае выступленне зборнай у мiнулым адборачным цыкле? Па якому прынцыпу будзеце камплектаваць каманду? Iгар Грыгор’еў, г. Лагойск — Самай галоўнай праблемай зборнай мiнулага склiкання стаў стэрэатып, што мы не можам выйсцi ў фiнальную частку чэмпiянатаў свету цi Еўропы. Я лiчу, што сённяшняе пакаленне iгракоў можа зламаць гэты псiхалагiчны бар’ер. Справiцца са славенцамi i шатландцамi дома нашы футбалiсты маглi, але веры не хапiла. Самай няўдалай гульнёй стаў матч у Малдавii. Наконт камплектавання зборнай... Буду аддаваць перавагу мацнейшым, але тым, хто мае гульнявую практыку, нават футбалiстам нашага чэмпiянату, бо iгракi клубаў, якiя змагаюцца за тое, каб стаць прызёрамi, знаходзяцца ў добрым тонусе. — Калi можна, вызначце свой аптымальны састаў зборнай. Юрый Шаўцоў, г. Быхаў — На турнiры на Кiпры я прагледзеў практычна ўсiх iгракоў, акрамя Жаўнова, Рамашчанкi, Кутузава i Кульчага, якiя прапусцiлi яго па розных прычынах. На маю думку, на сёння ў «аснове» былi б Хамутоўскi, Цiгараў, Амельянчук, Штанюк, Юрэвiч, Калачоў, Кульчы, Рамашчанка, Глеб, Кутузаў i Карнiленка — 11 футбалiстаў, якiх бы я выпусцiў на поле менавiта зараз, а што будзе праз некалькi месяцаў, не ведаю. Усё залежыць ад iх выступлення за клубы i формы, у якой iгракi будуць знаходзiцца. — Хто блiжэйшыя спарынг-партнёры нашай галоўнай каманды? Аляксандр Арэхаў, г. Брэст — Мы як зборная для спарынгаў напярэдаднi чэмпiянату свету дастаткова запатрабаваныя. Ужо факт, што 25 мая мы будзем гуляць у Англii з яе галоўнай зборнай. 28 мая нам прапануе памерацца сiламi турэцкая каманда ў Германii. Аднак гэта запрашэнне мы яшчэ толькi разглядаем. Нас таксама запрасiлi на турнiр чатырох (Тунiс, Уругвай, Гандурас i Беларусь), якi пройдзе з 30 мая па 2 чэрвеня ў Тунiсе. Я лiчу, што ўсе гэтыя прапановы трэба прыняць, але тэлефанаваў нашым зборнiкам, каб даведацца, якiя ў iх планы, бо напярэдаднi чэмпiянату свету ў iх настае пара адпускоў. Прамую лiнiю правялi Iрына ПРЫМАК i Уладзiмiр ЗДАНОВIЧ. (Працяг будзе.)
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Да новага трэнера нашай нацыянальнай футбольнай зборнай Юрыя Пунтуса паступiў шэраг самых розных пытанняў ад чытачоў «Звязды»
|
|