Вячаслаў КЕБIЧ: «Беларускi народ не прымае нiякiх рэвалюцый»
Сяргей КУЗНЯЦОЎ
Апошнiя падзеi ў палiтычным жыццi Беларусi каментуе былы прэм’ер-мiнiстр краiны Вячаслаў КЕБIЧ.
— Чым, на ваш погляд, сёлетнiя выбары прынцыпова адрознiвалiся ад выбараў 2001 года? — Падчас мiнулых выбараў у дзеючага прэзiдэнта не было такiх апанентаў, як зараз. Гайдукевiча я не лiчу сур’ёзным апанентам. Гэта чалавек, якi спрабуе зрабiць так, каб пра яго проста памяталi. А вось два другiя апаненты, канешне, iстотна адрознiвалiся ад Гайдукевiча. Другое. За апошнiя пяць гадоў кiравання дзеючага прэзiдэнта адбылiся iстотныя станоўчыя зрухi ў эканомiцы Беларусi. I гэта давала магчымасць прэзiдэнту не так актыўна ўдзельнiчаць у агiтацыi, не так актыўна наведваць прадпрыемствы, заводы... Трэцяе. На гэтых выбарах была большая колькасць назiральнiкаў з iншых краiн. I не толькi з краiн СНД, але i з краiн «далёкага замежжа». — А наколькi сур’ёзным апанентам Аляксандра Лукашэнкi, на вашу думку, быў Уладзiмiр Ганчарык падчас выбараў 2001 года? I чаму зараз апазiцыйныя кандыдаты не змаглi дасягнуць тых працэнтаў галасоў, якiх атрымаў тады Ганчарык? — Я не магу назваць Ганчарыка сур’ёзным апанентам падчас мiнулых выбараў. Бо ён не ўмеў весцi перадвыбарную барацьбу. Ды i такiя асобы, як Ганчарык, успрымаюцца як старая элiта. Адпаведна, да яго не было сур’ёзных адносiнаў... А чаму ён атрымаў тады каля 15 працэнтаў, а сённяшнiя апа- ненты атрымалi нашмат менш? Гэта гаворыць пра тое, што тады ўсе апазiцыйныя сiлы працавалi на аднаго кандыдата. Апазiцыйныя сiлы змаглi прымiрыцца i ў канцы перадвыбарнай кампанii не мелi памiж сабой вялiкiх спрэчак. Што датычыцца сённяшнiх апанентаў беларускай улады... Я лiчу, што Казулiн як рэктар, як член урада павiнен мець этычныя паводзiны. А тое, што ён заяўляў у сваiх выступленнях, тое, што ён рабiў падчас перадвыбарнай кампанii, нават не ўкладаецца ў паняцце «апанент»... Я ведаю меркаваннi не толькi прадстаўнiкоў правячай элiты, але i самых звычайных людзей. I апошнiя гавораць, што так сябе весцi не павiнен нiводзiн чалавек. Тым больш той, якi лiчыць сабе iнтэлiгентам. Мiлiнкевiч вёў сябе больш годна, чым Казулiн. Яго выступленнi былi ўзважаныя. Але ён жа быў вылучаны ад БНФ! Калi я кажу слова «БНФ», мяне ўжо трасе ад гэтых лiтар... I хто сабраўся на плошчы пасля выбараў? Пад якiмi сцягамi? Там былi бел-чырвона-белыя сцягi. Гэта бэнээфаўскi сцяг! I цi можна было выводзiць на плошчы фактычна дзяцей? Калi мiлiцыя саджала iх у аўтобусы, я думаю, што яны былi вельмi рады, што iх «знялi» з гэтай плошчы. Яны вельмi задаволеныя з’язджалi адтуль. Цi можна было юнакоў ад 14 да 16 гадоў трымаць на такiм марозе? Няхай бы лiдары апазiцыi сваiх дзяцей там паставiлi! Гэтыя лiдары самi на плошчы з’яўлялiся на дзве-тры гадзiны i сыходзiлi... — Маленькая рэмарка. У часы, калi вы былi прэм’ер-мiнiстрам, бел-чырвона-белы сцяг быў дзяржаўным... — Я да гэтага сцяга не маю нiякiх адносiнаў... Пад гэтым сцягам увесь час выступаў БНФ. I Шушкевiч, як чалавек, якi спачуваў БНФ, зрабiў усё, каб гэты сцяг стаў дзяржаўным. — Вы сказалi, што адметная рыса сёлетняй перадвыбарнай кампанii — велiзарная колькасць замежных назiральнiкаў. Як вы пракаментуеце вывады назiральнiкаў як ад СНД, так i, напрыклад, ад БДIПЧ АБСЕ? — Назiральнiкi ад СНД адносiлiся да выбараў гэтак жа, як яны адносяцца да Беларусi. Гэта значыць з павагай. Перад iмi не стаяла мэты гаварыць няпраўду пра нашу рэспублiку, пра нашага прэзiдэнта. А тыя назiральнiкi, якiя прыехалi з Захаду, ужо загадзя ведалi, што яны будуць дакладаць сваiм урадам i казаць прэсе. Было адразу зразумела, што яны дакладуць скажоную iнфармацыю. — Старшыня Цэнтрвыбаркама Лiдзiя Ярмошына заявiла ў дзень выбараў, што вельмi высокая яўка выбаршчыкаў на ўчасткi тлумачыцца рэакцыяй беларусаў на цiск з боку Захаду... — Я цалкам згодны з такiм меркаваннем. — Чаму, на ваш погляд, у Беларусi аказалася немагчымай «каляровая» рэвалюцыя? — Бо беларускi народ не прымае нiякiх рэвалюцый. Прыгадайце 1991 год, калi народ выходзiў на плошчу. Тады ў магазiнах былi малако, мяса, хлеб. Аднак у адзiн дзень людзi пабачылi, што цэны ўзраслi ў некалькi разоў. Пры гэтым на прылаўках нiчога новага не з’явiлася (у адрозненне ад Масквы, дзе нiчога ў магазiнах не было, а калi з’явiлася, то ўжо па больш высокiх цэнах). Вось з-за гэтага людзi ў Беларусi выйшлi на плошчу. Але нiхто тады не ставiў пытання пра тое, каб зрынуць iснуючы дзяржаўны лад... А калi i гучалi лозунгi «Урад у адстаўку!» цi «Дземянцея ў адстаўку!», то гэта былi лозунгi БНФ, а не простых людзей... — Як вы ацэньваеце сённяшнiя адносiны Беларусi i Украiны? Як могуць развiвацца адносiны памiж дзвюма краiнамi пасля парламенцкiх выбараў, што адбылiся днямi ва Украiне? — Адносiны Беларусi i Украiны не насiлi ў апошнi час антаганiстычнага характару. Яны былi роўнымi. I гэта толькi дзякуючы кiраўнiцтву Беларусi. Што датычыцца будучынi, то я думаю, што сiтуацыя будзе лепшай. Бо на выбарах лiдарам стала партыя Вiктара Януковiча. А гэты палiтык не мае нейкiх антырасiйскiх поглядаў. I рэгiёны, якiя галасавалi за яго, жадаюць добрых адносiнаў з Расiяй. Адпаведна, i з Беларуссю.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Апошнiя падзеi ў палiтычным жыццi Беларусi каментуе былы прэм’ер-мiнiстр краiны Вячаслаў КЕБIЧ
|
|