Не крыўдзi, не кiдай, не забывай
Вольга МЯДЗВЕДЗЕВА
НАШЫ ДЗЕЦI: КАНФЛIКТ ДАСЛЕДУЕ КАРЭСПАНДЭНТ Гэты мужчына звярнуўся ў газету з праблемай, не адгукнуцца на якую было немагчыма. Суд пазбавiў яго бацькоўскiх правоў на дзiця пасля смерцi былой жонкi. Праз некалькi дзён пасля звароту ў рэдакцыю адбыўся другi суд, гарадскi, на якiм прысутнiчала журналiст «Звязды». На гарадскiм судзе рашэнне аб пазбаўленнi бацькоўскiх правоў было адменена. Заставалася бацьку толькi павiншаваць. Аднак ён працягваў настойваць на напiсаннi артыкула. Ды i ў журналiста падчас судовага пасяджэння i пасля яго з’явiлiся назiраннi, якiмi захацелася падзялiцца з чытачом.Гiсторыя бярэ свой пачатак 13 гадоў таму. Пажанiлiся два чалавекi. Яму было за 40, меў 10-гадовую дачку ад першага шлюбу. Яна... Пра яе iнфармацыi i таго менш, вядома толькi што бацька яе кiраваў буйным прадпрыемствам, што, паводле меркавання зяця, паўплывала на сямейнае жыццё дачкi. У новастворанай сям’i адразу была асобная кватэра, але гэта не дапамагло яе шчасцю. Сумеснае жыццё цягнулася толькi тры месяцы. А дзiця нарадзiлася праз шэсць пасля рэгiстрацыi шлюбу. Жанчына з хлопчыкам вярнулася да бацькоў. Тым не менш, паводле слоў яе мужа, адносiны памiж iмi захоўвалiся добрыя, ён дапамагаў выхоўваць сына, з яе расказаў ведаў пра школьныя поспехi, часта сустракаўся з абодвума. Пазней, кажа мужчына, яны нават падумвалi зноў сысцiся, але перашкаджала гэтаму ўмова, якую ставiла жанчына. Справа ў тым, што яна, яе мацi, сястра i сам хлопчык сталi членамi абшчыны Хрысцiян веры Евангельскай. Уваходжанне бацькi хлопчыка ў гэтую абшчыну i было ўмовай для аднаўлення сям’i, якую той лiчыў непрымальнай. Вясной мiнулага года жонка памерла ад цяжкай хваробы, пакiнуўшы 12-гадовага сына. Меркаваць, як разгортвалiся падзеi далей, можна толькi з дзвюх крынiц. Першая — словы бацькi хлопчыка. Другая — копii дакументаў, якiя ён прынёс у рэдакцыю, i слуханне справы на гарадскiм судзе. На жаль, цётка хлопчыка адмовiлася размаўляць з журналiстам. Адмовай цёткi ад кантакту з журналiстам i тлумачыцца, дарэчы, тое, што на газетнай старонцы адсутнiчаюць iмёны герояў гiсторыi. Паводле расказу бацькi, у дзень пахавання ён не стаў абмяркоўваць са сваякамi жонкi лёс сына i дамовiўся, што прыйдзе дзеля гэтага праз некалькi дзён. Праз дзесяць дзён ён прыйшоў i пачуў ад былой цешчы наступную прапанову: «Ты ад сына адмоўся, а калi той дасягне 18-гадовага ўзросту, то сам вырашыць, з кiм яму быць». На што бацька сказаў: «Нiзавошта гэтага не зраблю!» — «Ну дык пашкадуеш!» — была скончана размова. У той жа дзень, паводле слоў мужчыны, ён амаль паўтары гадзiны гуляў з сынам, якi сказаў яму: «Тата, я хачу быць i з табой, i з бабуляй, i з цёткай». — Сынок, ты будзеш i з бабуляй, i з цёткай, i са мной!— адказаў бацька. Мелася на ўвазе, тлумачыў ён пазней журналiсту, што сын застанецца жыць з бабуляй i цёткай, дзе яму звыкла i дзе яго любяць, але разам з тым будзе ездзiць да яго, на выхадныя i канiкулы, калi пажадае. Бацька, дарэчы, займае высокааплачваемую пасаду, жыве адзiн у кватэры i мае трохузроўневы катэдж за горадам. Аднак пасля апiсанай размовы з цешчай яму далi зразумець, што нiякага ўплыву на сына ён мець не будзе. Паводле слоў цёткi на судзе, «бiялагiчны бацька нi да, нi пасля пахавання былой жонкi не ўдзельнiчаў у выхаваннi сына, не званiў яму, не iмкнуўся з хлопчыкам сустрэцца i неяк яго падтрымаць. Наадварот, дакучаў сям’i зваротамi ў розныя iнстанцыi, чым пагаршаў стан дзiцяцi». Сапраўды, праз два тыднi пасля пахавання бацька звярнуўся ў адмiнiстрацыю свайго раёна з просьбай дапамагчы ажыццявiць правы на сына, бо мацi i сястра былой жонкi перашкаджаюць яму ў гэтым. У заяве нi слова пра тое, што хлопчык можа жыць там, дзе пажадае, што бацьку важна толькi сустракацца з iм, стаць сыну блiжэй. Наадварот, заяўнiк нагадвае артыкул закона, згодна з якiм дзiця павiнна пражываць з iм. Можна дапусцiць, што такая катэгарычнасць напужала цётку i бабулю. Вы толькi ўявiце сабе: дзiця 12 гадоў жыло ў адной кватэры з мацi, цёткай i бабуляй (калi праўда тое, што з бацькам ён часта сустракаўся i меў добрыя адносiны, то ва ўсякiм разе дома ў яго нi разу не быў, гэта вынiкае i з расказаў самога бацькi), i раптам, пасля смерцi мацi, яшчэ адзiн стрэс — пагроза змены месца жыхарства, школы, ладу жыцця, развiтання з блiзкiмi людзьмi. Цалкам зразумелае ў гэтай сiтуацыi iмкненне цёткi абаранiць хлопчыка ад новага выпрабавання. Толькi замест таго, каб дамовiцца з яго бацькам, яна чамусьцi iдзе на крайнiя меры: узбуджае справу аб пазбаўленнi бацькi правоў на дзiця. Складаецца ўражанне, што дарослым — i з аднаго, i з другога боку — адмовiў цвярозы розум. Я свядома не высвятляла, хто з iх кажа няпраўду. Па-першае, гэта зноў закранула б дзiця, бо толькi яно можа сказаць — наколькi частымi былi сустрэчы з бацькам, i то ў выпадку, што нiякага цiску на яго не аказваецца. Па-другое, праўду, якой бы яна супярэчлiвай нi была, могуць казаць абодва бакi. Бо цётка можа ведаць не пра ўсе сустрэчы бацькi з сынам, можа памыляцца i пра сапраўдныя адносiны сваёй сястры да былога мужа. Але нават калi дапусцiць, што бацька з сынам за 12 гадоў бачыўся толькi 3 разы, як сцвярджае цётка, не цiкавiўся яго здароўем i вучобай, зусiм не ўдзельнiчаў у выхаваннi... Калi нават праўда тое, што ён кiнуў цяжарную жонку, што дзiця прызнаў не адразу, што з-за перажыванняў, звязаных з зыходам мужа, жанчына захварэла i памерла, што, да таго ж, алiменты ён плацiў не акуратна (свядома не паведамляў пра змену месца працы)... Калi нават усё гэта так, тым не менш, бясспрэчна, што вось зараз, праз 12 гадоў, бацька сынам зацiкавiўся. Можа быць так, што цяпер толькi ён адумаўся, апомнiўся, зразумеў, што гэта — плоць ад плоцi яго, ды такi на яго падобны, разумны, прыгожы — сын, якому зараз цяжка. I якi, калi вырасце, можа прыйсцi i спытаць: «Дзе ты быў, калi мне было цяжка?» Як бы нi было раней, але цi мае цётка маральнае права пазбаўляць сына бацькi цяпер? Калi ўжо гэта не стала рабiць тая, якая любiла i ведала хлопчыка больш за ўсiх? Тая, якая яго нарадзiла? Тая, якая лепш за сваiх сваякоў ведала абодвух i абодвух любiла? Цётка кажа: сястра не жадала нервавацца, губляць сiлы, якiх у яе было мала ў сувязi з хваробай, таму i не ставiла пытанне пра пазбаўленне бацькi правоў. Але хто цяпер скажа дакладна, што было на сэрцы ў жанчыны на самай справе? Ды калi нават i крыўдавала на былога мужа, але нельга не задумацца, чаму за 12 гадоў, ды яшчэ ведаючы пра небяспечнасць сваёй хваробы, усё ж такi не пайшла на поўны разрыў бацькi з сынам? I нездарма, магчыма, яны сустракалiся i фатаграфавалiся ўсе разам — цётка, хлопчык, бацька, мацi — калi жанчыне ўжо зрабiлi аперацыю, калi яна хутчэй за ўсё здагадвалася пра сур’ёзнасць свайго стану. Праз некалькi месяцаў пасля апошняй сустрэчы з былым мужам, на якой быў i сын, яна пайшла з жыцця. Гарадскому суду не проста было прыняць рашэнне. Тры суддзi выслухоўвалi бацьку i цётку, потым, асобна ад усiх, — хлопчыка. I хлопчык зноў, як i на раённым судзе, выказаў пажаданне застацца з цёткай. Праўда, падчас размовы з iм, усiх, акрамя сацыяльнага педагога, папрасiлi пакiнуць залу пасяджэнняў. Таму не бачыла i не чула, як хлопчык даваў паказаннi. Кажуць, на папярэднiм судзе плакаў. Але бачыла, як бацька з сынам сустрэлiся. Яны не проста не павiталiся — дзiця нават не паглядзела ў бок бацькi. Тое ж самае i пры развiтаннi. Вы можаце сабе ўявiць, што павiнна рабiцца ў душы 12-гадовага падлетка, калi ён, аказаўшыся ў адным пакоi з родным бацькам, а потым ледзь не сутыкнуўшыся з iм у дзвярах — так нiводнага разу i не зiрнуў на яго? Мiж тым суд указаў, што рашэнне аб пазбаўленнi бацькоўскiх правоў з’яўляецца крайнiм, i што папярэднiчаць яму павiнна папярэджанне пра тое, што адносiны да дзiцяцi неабходна змянiць. Менавiта такое папярэджанне i вынес гарадскi суд. Гэта азначае, што калi бацька не здолее зараз наладзiць адносiны з сынам, пытанне аб пазбаўленнi яго бацькоўскiх правоў можа быць зноў пастаўлена. Уражаную ўбачаным, мяне больш за ўсё цiкавiла, якiм чынам бацька здолее гэтыя адносiны нала-дзіць. Таму адразу пасля суда я спынiла сацыяльнага педагога i задала яму гэтае пытанне. Але бацька парады спецыялiста слухаў няўважлiва. Са значна большым энтузiязмам ён стаў расказваць храналогiю сваiх зваротаў у службы апекi i органы ўлады, апавядаць пра каварства цёткi i парушэннi iнспектара па апецы, звальнення якога ён збiраецца дабiвацца. Калi спатрэбiцца, то i праз суд, нават i еўрапейскi. Дарэчы, з гэтай мэтай ён працягваў настойваць на напiсаннi артыкула. Мне было дзiўна. Падумалася, што можа гэты чалавек зусiм i не сына шукаў, а толькi iмкнуўся даказаць швагерцы сваю правату? Ды пакараць iнспектаршу? Дарэчы, ён зараз не плацiць на сына нiякiх алiментаў. Кажа, што прынцыпова плацiць не будзе, бо ён, а не цётка хлопчыка, пасля смерцi мацi з’яўляецца законным апекуном. Але ж хлопчыка год ужо ўтрымлiвае менавiта цётка, прычым тут i пра якiя прынцыпы размова? Зараз бацьку трэба думаць пра тое i рабiць вялiкiя намаганнi, каб дзiця яго пачало з iм вiтацца, захацела размаўляць, перастала баяцца. Гэта вельмi i вельмi няпроста, але магчыма, калi ў сэрцы будзе любоў i жаданне выправiць памылкi i вiну перад сынам. Шмат любовi i вялiкае жаданне. «Што ж мне цяпер, скакаць перад iм?» — спытаў мяне бацька хлопчыка адразу пасля суда, якi вярнуў яму сына. Ну што я магла яму адказаць? Тое, што павiнен ведаць кожны бацька, каб не аказацца на месцы гэтага, няшчаснага. Бо такiх, на жаль, нямала. А адказ такi вiдавочны, такi просты i выпакутаваны, выплаканы дзiцячымi слязьмi, што менавiта з адказу я i пачала артыкул. Вынесла яго ў загаловак.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Гэты мужчына звярнуўся ў газету з праблемай, не адгукнуцца на якую было немагчыма. Суд пазбавiў яго бацькоўскiх правоў на дзiця пасля смерцi былой жон
|
|