Мiкалай Жыгуноў, дэпутат з 40-гадовым «стажам»:
Iлона IВАНОВА
«Быць не кан’юнктуршчыкам, а прыстойным чалавекам»
Мiкалай Фёдаравiч Жыгуноў выбiраецца дэпутатам Магiлёўскага гарадскога савета ўжо 40 гадоў. Ён стаў вядомы ў Магiлёве як галоўны санiтарны ўрач i адпрацаваў на гэтай пасадзе шмат гадоў, а цяпер кiруе аддзелам гiгiены ў санэпiдэмслужбе. Галоўнай мэтай сваёй працы Мiкалай Фёдаравiч лiчыць паляпшэнне навакольнага асяроддзя i, адпаведна, стану здароўя людзей. — Прафiлактычная медыцына, альбо санiтарыя i гiгiена не могуць эфектыўна працаваць без узаемадзеяння з грамадскасцю i ўладай, — тлумачыць Жыгуноў. — Дэпутацтва дапамагае ўплываць на сiтуацыю i ствараць для людзей лепшыя ўмовы пражывання. Мiкалай Фёдаравiч атрымаў адукацыю доктара ў медыцынскiм iнстытуце, працаваў у сельскай бальнiцы ў Бялынiцкiм раёне — паводле ўспамiнаў, без водаправода, каналiзацыi i святла. Там яму даводзiлася быць адразу ўсiмi ўрачамi «ў адной асобе» — i педыятрам, i гiнеколагам, i хiрургам... Пазней, у санiтарнай службе, ён займаўся небяспечнымi iнфекцыямi, i пасля таго, як добра праявiў сябе на лiквiдацыi ў Горках эпiдэмii брушнога тыфу, быў прызначаны галоўным санiтарным урачом горада Магiлёва. Па традыцыi чалавек, якi займаў гэту пасаду, павiнен быў стаць i дэпутатам. Яго таксама вылучылi. Так пачалася дэпутацкая кар’ера Жыгунова. — Тады, у 60-я гады, iшло будаўнiцтва Магiлёва, пачалася iндустрыялiзацыя. Гэта была эпоха вялiкiх будоўляў i новых вытворчасцяў, — расказвае Мiкалай Фёдаравiч. — I нiводная справа не абыходзiлася без санiтарных урачоў. Ад нашых рашэнняў залежаў лёс горада, здароўе i жыццё яго жыхароў. Напрыклад, некаторыя «гарачыя галовы» прапаноўвалi размясцiць вытворчасць хiмiчных валокнаў у межах горада, а мы ўсё ж пераканалi вынесцi «Хiмвалакно» за 5 кiламетраў ад месца пражывання людзей. Гэта была перамога! Санiтарныя ўрачы пры падтрымцы ўлады «вынеслi» за межы горада асфальтавыя заводы, лiцейныя цэхi i вялiзныя сметнiкi, спынiлi выкiд сцёкавых вод у Днепр i каналiзацыi ў Пячэрскае возера. За ўсiм гэтым стаяла вялiкая праца: Жыгуноў i яго паплечнiкi не стамлялiся тлумачыць кiраўнiкам, што трэба рабiць, каб навакольнае асяроддзе Магiлёва стала больш чыстым. Не ўсiм падабалася прынцыповая пазiцыя галоўнага санiтарнага ўрача, колькi разоў Мiкалая Фёдаравiча спрабавалi звольнiць — не пералiчыць. «Аднак, — сцвярджае ён, — я не баяўся казаць праўду ў вочы сакратару абкама i цяпер раблю тое ж самае ў дачыненнi да кiраўнiкоў выканаўчай улады горада». Жыгуноў называе дэпутацтва сваёй другой пасадай, ды яшчэ i вельмi адказнай, бо яе даверылi людзi. — Дэпутат — гэта не проста званне, тут трэба працаваць, — упэўнены Мiкалай Фёдаравiч. — Ва ўсе эпохi сярод маiх калег-дэпутатаў былi i ёсць людзi, якiя нiбыта «ганаровыя члены сходу», не праяўляюць iнiцыятыву i проста адседжваюцца на сесiях. А я — «нязручны» дэпутат. З тых, якiя маюць сваё меркаванне i грамадзянскую пазiцыю. Iмкнуся падтрымлiваць добрыя зносiны з уладай, але калi ёсць пярэчаннi па справе — маўчаць нiколi не буду. Дэпутацкiя праграмы i службовыя справы Жыгунова заўсёды пераклiкалiся. Вось i ў цяперашняй праграме адным з галоўных пунктаў запiсана барацьба за здароўе чалавека, здаровае навакольнае асяроддзе i ўмовы жыццядзейнасцi. Мiкалай Фёдаравiч падрыхтаваў i ўнёс на разгляд гарсавета пытанне аб стане i мерах па паляпшэнню экалагiчнай сiтуацыi ў Магiлёве. Яго хвалюе здароўе дзяцей, якое мае тэндэнцыю да пагаршэння. Камiсiя па сацыяльных пытаннях вырашыла, што можна рэальна паўплываць на сiтуацыю з хваробамi зроку i асанкi ў дзяцей, а для гэтага ўзмацнiць кантроль за роставымi партамi ў школах, асветленасцю класаў i гэтак далей. — Аднак не ўсё ўдаецца, — прызнаецца дэпутат. — Iдзе рэформа аховы здароўя, i ў Магiлёве зачынiлi ў цэнтры горада дзiцячую палiклiнiку, перанеслi яе на ўскраiну, а ў памяшканнi адкрылi гандлёвы цэнтр. Я меў на гэты конт цвёрдую пазiцыю: гэта прывядзе да пагаршэння медыцынскага абслугоўвання дзяцей! Але да мяне не прыслухалiся. У сувязi з такiм выпадкам Мiкалай Фёдаравiч узгадавае сваё дэпутацтва ў савецкi час — добрым словам. Тады, паводле Жыгунова, улада заўсёды прыслухоўвалася да дэпутатаў, калi тыя ўздымалi праблемы. (Самае галоўнае — каб у выступленнях з трыбуны не было палiтычных «ляпаў».) I калi ў дэпутата былi моцныя аргументы, гаворыць Жыгуноў, урэшце перамагаў розум. У першыя гады «перабудовачныя», цяжкiя эканамiчна, цiкавасць да праблем экалогii i асяроддзя пражывання ўпала, бо людзi былi занятыя праблемамi ўласнага выжывання. I толькi апошнiя пяць—сем гадоў, лiчыць Жыгуноў, улада пачала праводзiць актыўную палiтыку ў гэтым накiрунку — здаровы лад жыцця, выпраўленне дэмаграфiчнай сiтуацыi, барацьба са СНIДам i iншымi небяспечнымi хваробамi, навядзенне парадку на зямлi — гэта таксама датычыцца санiтарыi. Сваёй дэпутацкай гордасцю Мiкалай Жыгуноў лiчыць тое, што яму ўдалося зрабiць дабро для людзей — прыпынiць забруджванне навакольнага асяроддзя горада. Цяпер людзям лягчэй дыхаецца, яны п’юць больш чыстую ваду i ўвогуле маюць лепшыя ўмовы жыцця. «Значыць, я жыў i працаваў не дарма», — лiчыць дэпутат. Сёння да яго часта звяртаюцца па параду, ён мае аўтарытэт. Але ж, разважаючы пра цяперашнiя ўплыў i ролю дэпутата, Мiкалай Фёдаравiч прама называе iх недастатковымi. Аднак, як бы там нi было, праяўляючы актыўнасць, народныя абраннiкi шмат могуць зрабiць для тых, хто аддаў за iх свае галасы. — Я хачу параiць дэпутатам, маiм маладзейшым калегам, каб яны нiколi не былi кан’юнктуршчыкамi, а заставалiся прыстойнымi людзьмi, жылi ў ладзе са сваiм сумленнем i тымi абавязацельствамi, якiя давалi людзям, гаворыць Мiкалай Фёдаравiч. Жыгунову больш за 70 гадоў, гэта вельмi актыўны чалавек, якi добра адчувае сябе фiзiчна i духоўна. Ён захапляецца вялiкiм тэнiсам i па-ранейшаму едзiць на працу толькi на грамадскiм транспарце — бо лiчыць, што толькi там можна адчуць настрой людзей. Дзверы кабiнета дэпутата заўсёды адчынены для выбаршчыкаў. Ён выслухоўвае ўсiх, i калi бачыць у прапановах чалавека рацыю — абавязкова дапамагае. Запэўнiвае, што лiчыць сваiм дэпутацкiм доўгам абараняць iнтарэсы людзей працы, у прыватнасцi — iх права на медыцынскую дапамогу.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
«Быць не кан’юнктуршчыкам, а прыстойным чалавекам» |
|