Хто застанецца ў Начы?
Наталля КАРПЕНКА
Са старшынёй Начскага сельскага Савета дэпутатаў (што ў Крупскiм раёне) Галiнай Акульчык iдзём па цэнтральнай вулiцы вёскi, размаўляем «за жыццё». Пятнiца, абедзенны час... Людзей на дарозе многа — пад’ехала машына з Мiнска, прывезлi хлеб.
— Няўжо «напружанне» з хлебам? — пытаюся ў Галiны Аляксандраўны. — Ды не, ёсць у магазiне... Але ж сталiчны смачнейшы... — Аляксандраўна! — спыняе «мясцовую ўладу», а разам з ёю i ўсю нашу «працэсiю» бабулька з палачкай, апранутая занадта лёгка для не па-сакавiцку марознага надвор’я. — Калi ж, нарэшце, нам адрамантуюць калонку? Надакучыла на суседнюю вулiцу па ваду цягацца... — Пачакайце, бабуля, яшчэ крышачку. Зямля прамерзла — не «ўгрызцi». Пацяплее — адразу адрамантуем вашу калонку. З вадой у сельсавеце шмат пытанняў. — Калi ў 73-м тут пачалi праводзiць водаправод, людзi адмовiлiся ад калодзежаў. Цяпер жа ўся водаправодная сiстэма састарэла, асаблiвая праблема — у пасёлку Лянок. Вада там ёсць, у дамы праведзена — ды толькi брудная, непрыгодная для ўжывання. Хiба што для мыцця бялiзны, — тлумачыць сiтуацыю Галiна Аляксандраўна. — Зараз вырашаецца пытанне з бурэннем новай свiдравiны. А пакуль людзi бяруць ваду ў калодзежах, хоць гэта i далекавата ад пасёлка. Але i калодзежная вада ўжо не тая, што была раней, не такая чыстая. Яе трэба кiпяцiць. У прынцыпе, на ўсёй астатняй тэрыторыi сельсавета вада нармальная. Затое з-за перападаў тэмпературы i цiску «ляцяць» самi калонкi, якiм таксама нямала гадоў. — Асаблiва намучалiся з iмi, калi ўдарылi моцныя маразы. Адрамантаваць было немагчыма — зямля прамерзла метры на два ў глыбiню. Вось i чакаем пацяплення... Дарэчы, рамантуюць калонкi, як i ўсю сiстэму водазабеспячэння сельсавета, раённыя жыллёва-камунальныя службы. I, зразумела, не за дзякуй. А паколькi на рахунку сельсавета далёка не заўсёды маецца неабходная сума, даводзiцца перыядычна звяртацца па дапамогу ў Крупскi райвыканкам. Нам, журналiстам, людзям «з боку», не зусiм зразумела гэта сiстэма разлiкаў. На пачатку года сельскаму Савету выдзяляецца з раённага бюджэту на добраўпарадкаванне, скажам, 2 мiльёны рублёў. Але на колькi можа хапiць гэтай сумы, калi замена адной помпы, якая пампуе ваду, каштуе больш за 1 млн рублёў? Акрамя гэтага, грошы патрэбны на рамонт калодзежаў i падсыпку дарог, на ўстаноўку новай агароджы i абрэзку дрэў (адзiн дзень работы брыгады па абрэзцы каштуе сельскаму Савету 600 тысяч рублёў, на працягу дня спiлоўваецца 5—6 дрэў; усяго на тэрыторыi сельсавета налiчваецца каля 100 дрэў, якiя могуць рухнуць падчас першай жа моцнай навальнiцы). А штомесячныя разлiкi за электраэнергiю? А падтрыманне парадку на могiлках?.. Зразумела, што нават пры самым эканомным гаспадараннi выдзеленыя з бюджэту грошы могуць скончыцца (што i адбываецца) вельмi хутка. Тады, падчас узнiкнення новых праблем, неабходна зноў i зноў звяртацца па грашовую дапамогу ў райвыканкам. — Мы так i робiм. I звычайна нам не адмаўляюць, iдуць насустрач. — А нельга адразу, у пачатку года, выдзелiць сельсавету столькi грошай, колькi (зыходзячы з трат мiнулага года) можа спатрэбiцца? Каб па дзесяць разоў не прасiць i не пiсаць адпаведныя паперкi? — цiкаўлюся ў Галiны Аляксандраўны, цудоўна разумеючы, што пытанне гэта трэба задаваць не ёй. — Нельга, — адказвае Акульчык. — У раёна ж таксама праблема з грашыма. Па меры таго, як зарабляе ён, дапамагаюць i нам. Галiна Аляксандраўна — чалавек унiкальны. На пасадзе старшынi сельскага Савета — трыццаць гадоў з «хвосцiкам». Аналагаў такой працяглай адданасцi сельсавецкай працы на тэрыторыi Мiнскай вобласцi, напэўна, больш няма. А можа, i на тэрыторыi рэспублiкi няма. Цяперашнiя праблемы, гаворыць яна, вырашаць прасцей: iх не параўнаць з тымi, што ўзнiклi пасля развалу Саюза — тады грошай не было ўвогуле, зачынялiся ФАПы, дзiцячыя садкi... — А мы i садок свой адстаялi, i ФАП, хоць сельсавет наш невялiкi — 11 вёсачак усяго, менш за паўтары тысячы жыхароў. Амаль трэцяя частка з iх — пенсiянеры. «Катэгорыя» грамадзян, аб якой сёння актыўна клапоцiцца дзяржава. Мiж тым, некаторыя прадстаўнiкi «старой гвардыi» без асаблiвых цяжкасцяў дадуць фору многiм маладым. Зайшоўшы ў мясцовы ФАП, разгаварылiся з Зiнаiдай Ануфрыеўнай Арлёнак, якой ужо далёка за семдзесят. Зiнаiда Ануфрыеўна прызналася, што ўчора «ляжала пластом» з-за высокага цiску, нават суседзяў паклiкаць на дапамогу не магла. Лячылася халоднай вадой, «бо таблеткi не дапамагалi». — Напэўна, учора надта доўга галавой унiз стаяла, калi дарожкi ад снегу расчышчала... Дай, думаю, схаджу ў ФАП, з фельчарам параюся. Як высветлiлася пазней, ад дапамогi сацыяльнага работнiка, як i ад шэфства старшакласнiкаў мясцовай сярэдняй школы, бабуля адмовiлася наадрэз. «Пакуль сама хаджу, рухаюся, не хачу бачыць нiякiх чужых людзей на сваёй тэрыторыi», — з гонарам заявiла нам Зiнаiда Ануфрыеўна. Яшчэ больш здзiвiла Надзея Аляксееўна Дрозд, 81-гадовая пенсiянерка, былая настаўнiца. У адказ на пытанне аб жыццi-быццi яна ледзь не расплакалася... Як аказалася, да глыбiнi душы расхвалявалi Надзею Аляксееўну — што б вы думалi? — апошнiя падзеi на Кастрычнiцкай плошчы ў Мiнску. Непакоiлася яна за маладых людзей, за падлеткаў: чаму не працуюць, не вучацца? Маўляў, Беларусь заўсёды на працавiтых людзях трымалася. — Я i ўнучцы сваёй кажу: дзяржава цябе бясплатна вывучыла, дала прафесiю. Ты з мужам жывеш у аднапакаёвай кватэры. Вы маладыя, у вас усё наперадзе. Заробiце i на двухпакаёвую, а я, калi трэба, грашыма дапамагу. Цяперашняе жыццё, лiчыць Надзея Аляксееўна, з ранейшым не параўнаць. — Ды вы хоць бы ў вясковы магазiн зазiрнiце — там усё ёсць, у горад ехаць не трэба. Па гаспадарцы мне сацыяльны работнiк дапамагае. А пра ўсе навiны ад старасты вёскi Марыны Васiльеўны Сазонавай даведваюся. Сталыя людзi на многiя рэчы глядзяць па-фiласофску, iм ёсць што i з чым параўноўваць, яны бачылi многа гора i сёння радуюцца спакою i свежаму мiнскаму хлебу. А вось моладзь ужо глядзiць на жыццё па-iншаму. Яна патрабуе i шукае не столькi спакою, колькi дабрабыту, якаснага забеспячэння ўласных патрэб. Маладых не задавальняюць драўляныя хаты з «халодным» туалетам, адсутнасць гарачай вады i ацяплення (як мiнiмум). Чарга на жыллё ў тым жа СВК «Плавучае», што на тэрыторыi сельсавета, — 18 чалавек. Усе чакаюць, пакуль пабудуюцца «прэзiдэнцкiя» домiкi (апошнiх у блiжэйшыя гады павiнна з’явiцца ажно 30). А вось зямельныя ўчасткi пад будаўнiцтва браць нiхто не хоча, хоць даюць iх тут свабодна. Сказаць па праўдзе, для вяскоўца з сярэдняй зарплатай у 250 тысяч гэта i дорага, i клопатна. — Думаю, сёння з горада ў вёску чалавек паедзе толькi ў крайнiм выпадку, — з сумам канстатуе Галiна Акульчык. — Паедзе той, у каго ў горадзе цяжкасцi з жыллём i няма перспектывы яго атрымання. Вёска — своеасаблiвы лад жыцця. Да яго трэба прывыкнуць, яго трэба любiць... Нашым унукам падабаецца прыязджаць сюды ў госцi. Але каб тут жыць... Каб тут (у вёсцы) жыць i не адчуваць сябе чалавекам «iншага гатунку», неабходна зрабiць яшчэ шмат. Столькi, што хопiць не на адно дзесяцiгоддзе. Аднымi «прэзiдэнцкiмi домiкамi» мяжы памiж умовамi горада i вёскi не сцерцi. Яе i не трэба сцiраць зусiм — жыццё ў суцэльных гарадах можа прывесцi да вар’яцтва. У вёсках жа заўсёды застанецца нешта сапраўднае, першароднае, цiхае i мiлае. Аднак i мiрыцца з тым, што «прыкметамi» вясковага жыцця становяцца абыякавасць i запусценне, нельга. Магчыма таму ў апошнi час мы так многа гаворым пра добраўпарадкаванне — бадай, самае элементарнае з усяго, што яшчэ неабходна зрабiць. У Начы не заасфальтаваны «маленькiя» вулiцы — гэта, паводле слоў Галiны Акульчык, справа блiжэйшага года. Па распараджэнню старшынi Крупскага выканкама за кожным сельскiм Саветам замацаваны арганiзацыi, якiя дапамагаюць з рамонтам i добраўпарадкаваннем могiлак. 9 мiльёнаў рублёў пайшло ў мiнулым годзе на новыя агароджы i замену помпаў у водазаборных свiдравiнах. Дадаткова (па асобнаму артыкулу) сельвыканкаму былi выдзелены грошы на асвятленне... У той жа час раённая жыллёва-камунальная гаспадарка не заўсёды своечасова спраўлялася з рамонтам водаправода i расчысткай дарог, а СВК не заўсёды мог дапамагчы ў вырашэннi гэтых праблем з-за адсутнасцi ў патрэбны момант тэхнiкi цi палiва. Сельсавету неабходны свае грошы. Не «выпрашаныя», не «спушчаныя зверху» пасля чарговага аўралу, а свае. Да такой высновы заўсёды прыходзiш пасля размовы з любым старшынёй сельскага Савета. Грошы можна зарабiць — не многа, мiнiмум, але гэта лепш, чым проста «сядзець на датацыi». — Мне здаецца, раней у нас было для гэтага больш магчымасцяў, — гаворыць Галiна Аляксандраўна. — Напрыклад, мы мелi права браць грошы за афармленне i выдачу грамадзянам усемагчымых даведак — сумы былi смешныя, але нам хапала на пакупку тых жа канцтавараў. Гэта чамусьцi забаранiлi, хоць у многiх гарадскiх «канторах» людзi за прадастаўленне iм той цi iншай даведкi плацяць значна большыя сумы... У мiнулым годзе на сесii раённага выканкама прынялi рашэнне: сельскiм саветам за тое, што збiраюць зямельны падатак, аддаваць 10 працэнтаў ад яго сумы. Рашэнне было добрае, але гэтых грошай мы так i не ўбачылi... Сельскiя саветы маглi б больш актыўна штрафаваць гаспадароў пустуючых дамоў i ўчасткаў за нядбайныя адносiны да зямлi, iнiцыiраваць узбуджэнне супраць iх судовых спраў. Але якi рэзон, калi спагнаныя штрафы зноў жа праходзяць мiма сельсавецкай касы? Гэту сiстэму трэба пераглядаць, мяняць, яна павiнна быць гiбкай, адпавядаць патрабаванням часу. Што сапраўды дазволена сельскаму Савету — гэта арганiзацыя закупу малака ў насельнiцтва. Прыбытак ад здадзенага па Начскаму сельсавету малака склаў за мiнулы год 600 тысяч рублёў. Нармальна. Калi, канешне, не прымаць да ўвагi, што гэта сума практычна раўняецца адной сярэднямесячнай зарплаце работнiка сталiчнага прадпрыемства...
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Са старшынёй Начскага сельскага Савета дэпутатаў (што ў Крупскiм раёне) Галiнай Акульчык iдзём па цэнтральнай вулiцы вёскi, размаўляем «за жыццё»
|
|